Партыя БНФ » Сойм Партыі БНФ: Выбары прызначаныя з парушэньнем Канстытуцыі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Сойм Партыі БНФ: Выбары прызначаныя з парушэньнем Канстытуцыі

Дададзена 24.08.2019 11:55:32 | 1,779 праглядаў

“Выбары ў Палату прадстаўнікоў VIІ скліканьня прызначаныя з парушэньнем Канстытуцыі”

Заява Сойму Партыі БНФ 24 жніўня 2019 г.

бнф logo5 жніўня Лукашэнкам быў падпісаны ўказ пра прызначэньне выбараў дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў VIІ скліканьня. Выбары прызначаныя на 17 лістапада 2019 года.

Насуперак рэкамэндацыям АБСЭ, якія былі зробленыя пасьля мінулых парлямэнцкіх выбараў,  улады адмовіліся ад рэальнай, сыстэмнай дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Але да звыклых хібаў, якія ёсьць традыцыйнымі для ўсіх выбарчых кампаніяў у Беларусі, дадалася новая заганная праява, зьвязаная з незаконным датэрміновым спыненьнем паўнамоцтваў дэпутатаў дзеючага скліканьня: абраныя ў верасьні 2016 года на чатырхогадовы тэрмін, яны не дапрацуюць да канца сваіх паўнамоцтваў амаль год.

Намер зьдзейсьніць датэрміновы роспуск Парлямэнта дэкляраваны Лукашэнкам нягледзячы на тое, што артыкул 94 Канстытуцыі ўтрымлівае вычарпальны пералік падставаў для датэрміновага роспуску Парлямэнту: гэта адмова ў даверы Ўраду ці вотум недаверу Ўраду, двухразовая адмова ў дачы згоды на прызначэньне прэм’ер-міністра, альбо наяўнасьць заключэньня Канстытуцыйнага суду пра сыстэматычнае альбо грубае парушэньне Канстытуцыі палатамі Парлямэнту. Ніякія іншыя падставы не могуць быць законным абгрунтаваньнем датэрміновага спыненьня паўнамоцтваў Парлямэнта і прызначэньня датэрміновых выбараў.

Такім чынам, прызначэньне датэрміновых выбараў Парлямэнту без законных падставаў ёсьць чарговым дэманстратыўным парушэньнем канстытуцыйных нормаў з боку дыктатуры Лукашэнкі, якая не прымае якіх-кольвек канстытуцыйных абмежаваньняў. Калі паслугачы дыктатара парушаюць сваю ж канстытуцыю – то што можна казаць пра выкананьне любых іншых нормаў закона ці павагу да правоў чалавека. Менавіта гэткія дэманстратыўныя ды цынічныя парушэньні права ўкараняюць у грамадзтве неправавую культуру, традыцыю ігнараваньня прававых нормаў, спрыяюць росквіту карупцыі і злачыннасьці.

Асаблівую небясьпеку падобны падрыў канстытуцыйных прынцыпаў фармаваньня заканадаўчай галіны ўлады нясе ў цяперашняй сытуацыі, калі ў суседняй Расеі ізноўку ўголас на ўрадавым узроўні пачалі казаць пра намер захопу Беларусі. Працягваючы традыцыю грэблівага і зьневажальнага стаўленьня да канстытуцыйных нормаў, цяпершнія ўлады граюць на руку ворагам беларускай незалежнасьці: замест таго каб быць надзейным сродкам абароны дзяржаўнага сувэрэнітэту, Канстытуцыя ў руках неразумных палітыкаў дзеля дробнай палітычнай мэтазгоднасьці пераўтвараецца ў нішто. Разбурэньне канстытуцыйных гарантыяў сувэрэнітэту Беларусі, дэвальвацыя канстытуцыйнай законнасьці і спрыяньне вонкавым ворагам могуць быць дадатковым шкодным наступствам таго спосаба, у які прызначаныя гэтыя выбары.

Партыя БНФ заклікае дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў праявіць прынцыповасьць і стаць на бок канстытуцыйнай законнасьці, ініцыяваць скліканьне пазачарговай сэсіі Палаты прадстаўнікоў дзеля вынясеньня на разгляд Канстытуцыйнага Суда пытаньня пра адпаведнасьць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь указаў прэзыдэнта №293 і №294 аб прызначэньні выбараў у Савет Рэспублікі і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Калі гэткі крок не будзе зроблены Парлямэнтам, гэта будзе сьведчыць пра безадказнае стаўленьне дэпутатаў не толькі да Канстытуцыі, але і да правоў і інтарэсаў сваіх выбаршчыкаў.

Са сваяго боку Партыя БНФ будзе выкарыстоўваць магчмасьці агітацыйнай кампаніі для прапаганды незалежніцкіх прынцыпаў і папулярызацыі сваёй праграмы, якая падугледжвае пабудову прававой дзяржавы, у якой будуць недапушчальныя гэткія дэманстратыўныя  парушэньні канстытуцыйнай законнасьці.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

Чэрвень 2023
M T W T F S S
« May    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.