Партыя БНФ » Назіральнік ад Партыі БНФ прысутнічаў на чарговым пасяджэньні ЦВК
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Назіральнік ад Партыі БНФ прысутнічаў на чарговым пасяджэньні ЦВК

Дададзена 28.08.2019 11:42:48 | 461 праглядаў

28 жніўня адбылося пасяджэньне Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў. Камісія разгледзіла пытаньні выкарыстаньня СМІ ў перадвыбарчай кампаніі, парадак дэкляраваньня даходаў асобамі, якія вылучаюцца кандыдатамі ў дэпутаты, а таксама пытаньні стварэньня кандыдатамі выбарчых фондаў.

ЦВКНа пасяджэньні прысутнічаў назіральнік ад Партыі БНФ Юрый Чавусаў, які пракамэнтаваў рашэньні, што былі прыятыя сёньня Цэнтрвыбаркамам:

- Для будучых кандыдатаў бадай што найбольшае значэньне з прынятых сёньня рашэньняў маюць пастановы датычныя выкарыстаньня СМІ ў перадвыбарчай агітацыі. Ужо вядома, што паменьшылася колькасьць рэспубліканскіх газэтаў, дзе можна будзе публікаваць праграмы: калі падчас мінулых выбараў гэта былі газэты “Зьвязда”, “Рэспубліка” і “Народная газэта”, то цяпер засталіся толькі “Зьвязда” і “Рэспубліка” (умовы выкарыстаньня абласных і раённых дзяржвыданьняў засталіся ранейшыя). Пералік праграмаў кандыдатаў, апублікаваных у газэтах, будзе весьціся на сайце ЦВК.

Цэнтрвыбаркам падкрэсліў, што цяпер тэлевыступы кандыдатаў будуць суправаджацца сурдаперакладам альбо субтытрамі. Таксама спадарыня Ярмошына адзначыла, што ў кандыдатаў будзе магчымасьць карыстацца тэлесуфлёрам, калі кандыдат парупіцца прадставіць зараньнё тэкст свайго выступу. Памер этэру на тэлебачаньні (пяць хвілін) і радыё (пяць хвілін) застаўся бязь зьменаў. Як і раней, кандыдатам будзе дадзеная магчымасьць узяць удзел у тэледэбатах, калі яны заявяць пра такое жаданьне адразу пасьля рэгістрацыі. Падкрэслена, што на запіс выступаў кандыдат можа прыйсьці са сваім памочнікам, а для выступу ў тэледэбатах кандыдат можа накіраваць сваю давераную асобу. 

Цэнтрвыбаркам зацьвердзіў  палажэньне пра Назіральную раду па кантролю за выкананьнем парадку і правіл правядзеньня перадвыбарчай агітацыі ў СМІ і яе склад, куды разам з прадстаўнікамі дзяржаўных СМІ і лаяльнага ўладам Саюзу журналістаў увайшоў старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец. “Паказальна, што прадстаўляючы склад гэтай рады, спадарыня Ярмошына падкрэсліла што ў яе уваходзяць прадстаўнікі дзяржаўнага і недзяржаўнага аб’яднаньняў журналістаў, хоць паводле закону гэтыя дзьве арганізацыі, БСЖ і БАЖ, маюць абсалютна роўны статус рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня” – камэнтуе назіральнік ад БНФ Юрый Чавусаў.

Пастанова пра парадак дэкляраваньня даходаў і маёмасьці асобамі, што вылучаюцца кандыдатамі ў дэпутаты, прынятая ў цэлым ў ранейшым выглядзе: форма дэклярацыі, зацьверджаная саўмінам, застаецца ранейшая, і па ранейшаму выглядае пералік хібаў у дэклярацыі, якія могуць быць прызнаныя істотнымі і стаць падставай для адмовы ў рэгістрацыі кандыдата (дэкляраваньне даходаў ў памеры, меньшым за сапраўдны на 20%, незадэкляраваная нерухомасьць, незадэкляраваныя акцыі). “Падрабязныя раз’ясненьні, дадзеныя ў пастанове пра дэкляраваньне, павінныя быць прадмеам уважлівага вывучэньня будучымі кандыдатамі. Аднак зьдзіўляе тая ўвага, якую ЦВК надаў тэме аховы пэрсанальных дадзеных пры разглядзе гэтай пастановы: спадарыня Ярмошына неаднаразова спасылалася падчас абмеркаваньня на закон “Аб персанальных дадзеных” як пра дзеючы акт, у той час як насамрэч азначаны законапраект яшчэ не прыняты ў другім чытаньні, не падпісаны і праца над ім працягваецца” – кажа Юрый Чавусаў.

Прымаючы пастанову пра парадак фармаваньня выбарчых фондаў кандыдатаў, Цэнтрвыбаркам падкрэсліў, што цяпер пашыраецца магчымасьць выкарыстаньня інтэрнэт-банкінгу ў гэтай сфэры: кандыдаты будуць мець магчымасьць сачыць за папаўненьнем фонду праз інтэрнэт-банкінг “Беларусбанка”, а ахвяраваць сродкі на рахунак выбарчага фонду можна будзе таксама праз інтэрнэт-банкінг.

Апроч прадстаўніка БНФ, на дадзены момант у Цэнтрвыбаркаме акрэдытаваныя назіральнікі ад Беларускага Хельсінкскага Камітэту, ЛДП і РГА “Белая Русь”.

Наступнае пасяджэньне Цэнтральнай камісіі павіннае адбыцца ў другой палове верасьня. На ім, сярод іншага, чакаецца разгляд пытанняў пра стварэньне ўмоваў для ўдзелу ў выбарах асобаў з інваліднасьцю.

 

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Лістапад 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.