Партыя БНФ » Паветы і саветы: Ці ёсьць альтэрнатыва цяперашняму адміністратыўнаму падзелу Беларусі?
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Паветы і саветы: Ці ёсьць альтэрнатыва цяперашняму адміністратыўнаму падзелу Беларусі?

Дададзена 30.08.2019 12:05:42 | 394 праглядаў

Сябра Сойму Партыі БНФ Зьміцер Дрыгайла піша на старонках тыднёвіка “Белгазета” пра пэрспэктывы рэформы адміністратыўна-тэрытарыяльнага падзелу Беларусі.

4nb60tIrsME-1Колькі краіна жыве незалежным жыцьцём (а ўжо між іншым 28 гадоў), столькі ж не сьціхаюць размовы пра зьмену яе ўнутранай тапанімікі ды адміністратыўна-тэрытарыяльную рэформу. І правільна не сьціхаюць. Тое, што існуе зараз, – відавочны анахранізм, прыкладна такі ж, як і дзяленьне на раёны ў сталіцы (Навінкі, а таксама рынак «Ждановічы», каб вы ведалі – гэта Цэнтральны раён Менска).

Парлямэнцкая апазыцыя БНФ на пачатку 90-х, навукоўцы з Інстытуту эканомікі Акадэміі навук у 2003-м, кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч у 2010-м, «Вялікая размова з прэзыдэнтам» і Савет Рэспублікі ў 2018-м, міністр эканомікі Дзьмітры Крутой у 2019-м – усе яны пра адно і тое ж: краіне патрэбная адміністратыўна-тэрытарыяльная рэформа, замест сёньняшніх шасьці абласьцей трэба 16-18 акругаў (земляў), а замест 118 раёнаў і 1152 сельсаветаў мусяць быць каля 80 паветаў і блізу 400 грамадаў.

Цалкам падзяляю меркаваньне, што рэформа насьпела. Тое, што ад абласнога цэнтра да некаторых гарадоў вобласьці трэба ехаць больш за 200 км, тое, што цэнтралізацыя вымывае людзей з малых гарадоў і мястэчак, тое, што 30 раёнаў з 118 маюць насельніцтва менш за 20 тыс. чалавек, тое, што падаткі разьмярковаюцца няроўна, перадаюцца ў цэнтр і потым вяртаюцца ладна абсеча-
нымі – гэта вельмі нязручна. Усе гэтыя й безьліч іншых пытаньняў наўпрост залежаць ад эфэктыўнасьці мясцовай улады. А калі яна, улада, не абіраецца, а прызначаецца, ды й да таго ж знаходзіцца немаведама дзе, дык нічога на месцах і не вырашаецца. Гэта засталося нам ў спадчыну ад Савецкага Саюза зь яго калектывізацыяй, і меркавалася, што такі памер абласьцей будзе лепш бачны з Масквы.

Каб вы разумелі, якімі плошчамі апэруюць, прынамсі, сёньня ў Расеі, нагадаю, што адзін Краснаярскі край РФ па тэрыторыі ў восем разоў большы за ўсю Беларусь. Гістарычна ж яна дзялілася па рэгіянальным прынцыпе, у падмурак якога закладаліся прыродныя арэалы пражываньня: Паазер’е, Падняпроў’е, Падзьдзьвіньне, Панямоньне, Палесьсе. А разьвіцьцё гандлю, рамёстваў, адукацыі абумовіла фармаваньне рэгіянальных цэнтраў, раўнамерна разьмешчаных па ўсёй тэрыторыі краіны. Гэтыя тэрыторыі вакол рэгіянальных цэнтраў гэтак і называюцца спрадвеку: Полаччына, Гарадзеншчына, Лідчына, Слонімшчына, Глыбоччына, Аршаншчына, Гомельшчына, Бабруйшчына, Случчына й г.д, аж да Смаленшчыны й Віленшчыны.

Ну, апошнія дзьве вынесем па-за дужкі, а вось што да астатніх, дык дзеля лепшай кіраванасьці, транспартнай даступнасьці, экстэрытарыяльнага разьвіцьця ў краіне патрэба як найменш стварыць:

- дзьве ўнутраныя акругі (вобласьці) – Бабруйскую на паўднёвы ўсход ад Менска, і Баранавіцкую на паўднёвы захад. Гэтыя два гарады – самыя вялікія райцэнтры краіны, у Бабруйску жыве 220 тыс. чалавек, у Баранавічах – 180 тыс. І там, і там – моцныя вытворчасьці, добрыя транспартныя шляхі, установы адукацыі й культуры;

- дзьве палескія акругі – Пінская (Заходне-Палеская) і Мазырская (Усходне-Палеская). Тут добры турыстычны патэнцыял, Прыпяць, чыгунка й аўтадарога М-10, больш за 100 тыс. жыхароў у кожным горадзе;

- паўночная акруга з цэнтрам у Полацку. У горадзе разам з Наваполацкам жыве 200 тыс. чалавек, гэта – калыска беларускай цывілізацыі, рака Дзьвіна, чыгунка, унівэрсытэт і г.д.

Вось ужо дзесяць, разам з Берасьцейскай, Віцебскай, Гомельскай, Гарадзенскай, Магілёўскай акругамі. Працягнем. Яшчэ дзьве ўнутраныя вобласьці на паўночны захад і паўночны ўсход ад сталіцы, адпаведна, Маладзечанская й Барысаўская. У першым горадзе жыве 100 тыс. чалавек, у другім – 150 тыс. Абодва самадастатковыя, мацуюць вакол сябе некалькі паветаў і могуць разьвівацца без фармаваньня штодзённых вымушаных людзкіх плыняў у Менск.

Яшчэ дзьве самадастатковыя акругі з вытворчасьцямі, транспартнымі шляхамі, установамі й вялікай колькасьцю людзей- Лідзкая на захадзе й Аршанская на ўсходзе. У Лідзе жыве 100 тыс. чалавек, у Воршы – 120 тыс. І, нарэшце, паўднёвая унутраная акруга з цэнтрам ў Салігорску (107 тыс.). Можна дадаць яшчэ Глыбоцкую, каб ахапіць усю тэрыторыю краіны.

Кожная з акругаў станецца цэнтрам прамысловасьці, у тым ліку клястэрнай. Новы, сталічны статус гэтых гарадоў дадасьцё паскарэньня трансфармацыйным працэсам: падвышэньню сацыяльных стандартаў, дарог, клінік, установаў адукацыі й культуры. Людзям стане прасьцей дабірацца да галоўнага гораду рэгіёну. Бюджэтныя грошы будуць больш-менш роўна разьмяркоўвацца па краіне.

Плюс, натуральна, сталічная, Менская акруга (агламэрацыя) ў межах МКАД-2 і гарады-спадарожнікі: Заслаўе, Лагойск, Фаніпаль, Койданава, Смалявічы, Рудзенск, Вялікі Камень.

Вось і атрымалася 16-17 тэрыторыяў, якія могуць атрымаць дадатковы імпульс да разьвіцьця за кошт падвышэньня статусу, большай дбайнасьці за меншымі плошчамі ды спаборніцтвамі паміж сабой за рэсурсы (у тым ліку чалавечыя) – новыя магчымасьці падвысіць якасьць жыцьця. Кіраўнікі тэрыторыяў будуць больш адказнымі перад людзьмі. Натуральна, пажадана, каб усе ўзроўні ўлады былі выбарнымі – гэта істотна падвысіць ступень тае адказнасьці. Натуральна, бізнэсоўцы, што ўкладаюць грошы ў разьвіцьцё «новых сталіц» і малых мястэчак, мусяць мець падатковыя льготы.

Рашэньні павінны прымацца на мясцовым узроўні. На ім жа – і кантралявацца. Празрыста. Без кумаўства. Гэта – чыньнік бясьпекі, бо тады не палыхне знутры, і процьма сілавікоў непатрэбная. Калі рэгіёны меншыя, але больш кіраваныя, туды вельмі цяжка штосьці «ўкінуць» звонку – напрыклад, ідэю пра далучэньне да іншай дзяржавы. Гэта – таксама чыньнік бясьпекі. Ну і, нарэшце, эканомія ўласна на чынавенстве. Парадаксальна, але ў выніку адміністратыўнай рэформы чыноўнікаў стане ўдвая менш, а тыя, што застануцца, будуць адказваць наўпрост за тую тэрыторыю, на якой знаходзяцца. То бок стануць у літаральным сэнсе бліжэй да народу. Мабыць, тады й на імя прэзыдэнта меней лістоў пісаць будуць.

Паводле штотыднёвіка “Белгазета

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Кастрычнік 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.