35 прадстаўнікоў БНФ вылучаныя ў абласныя і акруговыя выбаркамы
Дададзена 30.08.2019 11:09:33 | 1,437 праглядаў
30 жніўня завяршыўся этап вылучэньня прадстаўнікоў у абласныя і акруговыя выбарчыя камісіі. Ад Партыі БНФ у склад выбаркамаў вылучана 35 прадстаўнікоў.
Як паведаміў адказны сакратар Управы Партыі БНФ Зьміцер Салошкін, у выбарчыя камісіі абласнога ўзроўню вылучана 3 прадстаўнікі Партыі БНФ, на ўключэньне ў акруговыя камісіі накіраваныя пратаколы пра вылучэньне 22 прадстаўнікоў ад Партыі БНФ і 5 прадстаўнікоў ад Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. Яшчэ пяцёра сябраў Партыі БНФ вылучаныя ў склад акруговых камісіяў шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў.
“Мы вылучаем сваіх прадстаўнікоў у тыя акруговыя камісіі, дзе дакладна будуць вылучацца кандыдаты ад Партыі БНФ альбо будуць працаваць ініцыятыўныя групы кандыдатаў-сябраў БНФ. Менавіта гэтыя акругі для нас прыярытэтныя. Да прыкладу, у акруговую камісію па Гарадзенскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе №51, дзе будзе балятавацца намесьнік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў, вылучаныя адначасова тры прадстаўнікі БНФ – адзін ад Партыі БНФ, другі ад Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” і трэці – шляхам збору подпісаў. Таксама ў гэтую акруговую камісію вылучаныя прадстаўнікі АГП, Руху “За Свабоду”, БСДП (Грамады), іншых арганізацыяў-удзельніц міжпартыйнай кампаніі “Права выбару“. Фармаваньне гэтай выбарчай камісіі, як і ўсіх камісій па Гарадзенскай вобласьці, адбудзецца ужо ў гэтую суботу, 31 жніўня, – супольнае пасяджэньне прэзыдыюма аблсавету і аблвыканкаму пачнецца а 12-й гадзіне. На гэтым пасяджэньні будзе прысутнічаць сам будучы кандыдат Вадзім Саранчукоў – так што неўзабаве мы атрымаем інфармацыю пра вынікі фармаваньня камсіій па Гарадзеншчыне” – сказаў Зьміцер Салошкін.
Палітык падкрэсліў, што адзіным варынянтам, пры якім фармаваньне АВК можа быць прызнана справядлівым, будзе ўключэньне ў склад камісій ўсіх вылучэнцаў ад Партыі БНФ. Падчас мінулых парлямэнцкіх выбараў 2016 года ў акруговыя камісіі ад Партыі БНФ было вылучана 27 прадстаўнікоў, але толькі пяцёра з іх былі ўключаныя ў склад АВК. Такім чынам, у 2016 годзе толькі меньш за 20% ад ліку вылучаных прадстаўнікоў БНФ былі ўключаныя ў склад камісій, і на выбарах 2012 года гэты паказчык адсеву быў аналагічным, у той час як прадстаўнікі лаяльных уладам партыяў і кішэнных грамадзкіх аб’яднаньняў, фінасаваных з дзярбюджэту, уключаюцца ў склад камісіў амаль стопрацэнтова:
Уключэньне ў склад акруговых камісіяў у 2012 і 2016 гадах

Паводле дадзеных кампаніі “Права выбару”
Даты і месцы пасяджэньняў прэзыдыюмаў аблсаветаў і аблвыканкамаў па фармаваньні абласных (мінскай гарадзкой) і акруговых выбаркамаў:
31 жніўня – Гародня, 12:00 – вул. Ажэшкі, 3, каб.208
1 верасьня – Віцебск, 09:00 – вул.Гогаля, 6, каб. 48
2 верасьня – Магілёў, 14:00 – вул.Першамайская, д.71, заля селектарных пасяджэньняў
2 верасьня – Берасьце, 15:00 – вул. Леніна, 11, каб.610
2 верасьня – Гомел, 16:00 – пр-т Леніна, 2, заля пасяджэньняў на другім паверсе
2 верасьня – Менская вобласьць, 12:00 – вул. Энгельса, д. 4, каб. 309
2 верасьня – Менск, 15:00 – пр-т Незалежнасьці, 8, каб. 310