Партыя БНФ » Партыя БНФ абскарджвае праз суд фармаваньне акруговых камісій
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Партыя БНФ абскарджвае праз суд фармаваньне акруговых камісій

Дададзена 05.09.2019 11:03:54 | 373 праглядаў

Партыя БНФ падала пяць скаргаў на фармаваньне абласных і акруговых камісій ў Берасьцейскай, Гарадзенскай, Віцебскай, Менскай абласьцях і ў горадзе Менску. Скаргі разглядаюцца адпаведныі абласнымі і Менскім гарадзкім судамі.

Рашэньні судоў па скаргах публікуюцца ў адмысловым раздзеле на партале судовай сыстэмы Беларусі.

4 верасьня былі разгледжаныя скаргі Партыі БНФ у Гарадзенскім і Віцебскім абласных судах.

Як паведамляе гарадзенскі рэгіянальны сайт “Гарадзенская Вясна”, пры разглядзе скаргі ў гарадзенскім судзе ўсе ўдзельнікі працэсу вялі справу на беларускай мове, апроч прадстаўнікоў аблвыканкама.

Вадзім Саранчукоў 2019

Вадзім Саранчукоў каля суду

Кіраўнік Гарадзенскай структуры БНФ Вадзім Саранчукоў, які прадстаўляў інтарэсы партыі, заявіў, што менавіта партыйныя структуры мусяць быць прадстаўлены ў камісіях, бо гэта лагічна. Выбары ёсць праявай палітычнага жыцця краіны, і няўдзел прадстаўнікоў партый у камісіях выглядае не лагічным. Таму вельмі недарэчным падаецца неўключэнне аніводнага прадстаўніка БНФ у акруговыя выбарчыя камісіі па ўсёй Гарадзенскай вобласці. І гэтае неўключэнне ёсць ігнараванне волі вялікай часткі выбарцаў.

З другога боку, прадстаўнікі аблвыканкаму, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення аблвыканкама Сяргей Хацук і намесніца начальніка Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Алена Голік заявілі, што не згодны з пазіцыяй Саранчукова. Яны прадставілі звычайную фармальную афіцыйную версію пра дзелавыя якасці і іншыя крытэры, па якіх фармаваліся камісіі і настойвалі на тым, што ўсё справядліва і нічога не парушана.

Чакана прытрымлівалася іх версіі і прадстаўніца пракуратуры Сняжана Дворнікава.

Як адзначаюць правабаронцы, суд пайшоў на беспрэцэдэнтны ў Гародні крок – дазволіў Вадзіму Саранчукову весці відэаздымку падчас агалошвання рашэння суда. Па-сутнасці, гэта стала невялічкай сенсацыяй. На гэтым сенсацыі закончыліся. Само рашэнне суда не стала сенсацыйным. Скарга Партыі БНФ была чакана незадаволена.

З тэкстам рашэньня Гарадзенскага абласнога суда па скарзе Партыі БНФ можна азнаёміцца тут.

Кастусь Смолікаў каля суду

Кастусь Смолікаў каля суду

Віцебскі абласны суд 4 верасня разгледзеў скаргу Партыі БНФ на неўключэнне старшыні Віцебскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Канстанціна Смолікава ў склад Віцебскай абласной камісіі і сябраў Партыі Тамары Карызна і Хрыстафора Жаляпава – ў акруговыя.

Працэс вяла суддзя Наталля Лях. Адказчыкамі выступалі два прадстаўніка ад Віцебскага аблвыканкама – Алія Чарыева і Аляксандар Бутараў.

Як паведаміла назіральніца кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Ірына Трацьякова, судовае паседжанне праводзілася на беларускай мове нават без хадайніцтва аб гэтым з боку заяўнікоў, толькі прадстаўнікі аблвыканкама казалі па-руску.

Канстанцін Смолікаў адзначыў, што адказчыкі ўсялякімі шляхамі адмаўлялі перадузятае стаўленне да партыйцаў, спасылаліся на тое, што колькасць членаў камісіі абмежаваная і ўсіх уключыць немагчыма. Паводле Выбарчага кодэксу, калі прэтэндэнтаў больш, чым месцаў у камісіі, то мусяць адбывацца абмеркаванні кожнай кандыдатуры, а пасля – галасаванне. Ніякіх абмеркаванняў кандыдатур на паседжанні 1 верасня, па словах Смолікава, не праводзілася. І гэтым, на думку сябра БНФ, улады груба парушылі выбарчае заканадаўства. Таксама ён падкрэсліў, што ў абласную камісію вылучаўся і быў абраны прадстаўнік Камуністычнай партыі, які адначасова быў і сябрам Прэзідыума, а значыць галасаваў сам за сябе. Аднак суд не надаў увагі гэтаму факту.

Пасля перапынку, у 17.45 было абвешчана судовае рашэнне – у задавальненні скаргі заяўніку адмовіць.

Нагадаем, у Віцебскай вобласці прадстаўнікі Партыі БНФ Уладзімір Малахоўскі і Галіна Магучая, якія былі вылучаныя партыйным вылучэннем, уключаныя ў склад двух з 14 акруговых камісій.

Яшчэ двум вылучэнцам Грамадзкага аб’яднання БНФ “Адраджэнне” і тром з пяці вылучаных прадстаўнікоў Партыі БНФ было адмоўлена ва ўключэнні.

Усяго ў склад 14 акруговых камісій па Віцебскай вобласці ўваходзіць 182 члены.

У параўнанні з папярэднімі парламенцкімі выбарамі павялічылась колькасць жанчын – было 103, а ў гэтым годзе 112 чалавек.

Значна скарацілася колькасць членаў, вылучаных ад працоўных калектываў, з 13 чалавек на папярэдніх выбарах да 3 – на гэтых. Пры гэтым колькасць ад грамадскіх аб’яднанняў павялічылася на 29 чалавек, а колькасць членаў ад прафесійных саюзаў – з 29 да 39 чалавек.

З тэкстам рашэньня Віцебскага абласнога суда па скарзе Партыі БНФ можна азнаёміцца тут.

На 5-6 верасьня прызначаныя тры апошнія судовыя разгляды па скаргах на фармаваньне акруговых і абласных камісіяў, якія падала Партыя БНФ:

5 верасьня а 14.00 – у судзе Берасьцейскай вобласьці (прасп. Машэрава, 8) разглядаецца скарга на фармаваньне берасьцейскіх выбаркамаў (прадстаўнік БНФ – кіраўнік абласной партыйнай арганізацыі Зьміцер Шыманскі).

Таксама 5 верасьня, а 15:00 – у Мінскім абласным судзе (вул Свярдлова, 3) пачнецца разгляд скаргі на фармаваньне акруговых камісіяў у Мінскай вобласьці (прадстаўнік партыі – сябра Сойму Юрый Чавусаў, які быў вылучаны ў акруговую камісію Заслаўскай выбарчай акругі №77).

6 верасьня, а 10.00 – у Мінскім гарадзкім судзе (вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1) будзе разгляд скаргі Партыі БНФ па фармаванні акруговых камісій ў сталіцы.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Лістапад 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.