Партыя БНФ » Суд адмовіўся ўключыць у склад акруговай выбарчай камісіі ў Менску прадстаўніка БНФ Аляксандра Жучкова
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Суд адмовіўся ўключыць у склад акруговай выбарчай камісіі ў Менску прадстаўніка БНФ Аляксандра Жучкова

Дададзена 07.09.2019 9:18:25 | 401 праглядаў

6 верасня ў Мінскім гарадзкім судзе прайшоў разгляд скаргі Партыі БНФ на неўключэнне яе сябраў у склад акруговых выбарчых камісій па Мінску.

Працэс вяла суддзя Іна Яблакава, якая адразу пачала казаць па-беларуску. Партыю БНФ прадстаўляе юрыст Юры Чавусаў. З боку адказчыка – прадстаўніца Мінгарвыканкама Ірына Янушэвіч.

Рэпартаж з залі суду велі назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары“.

chavysau_yury11Юрый Чавусаў хадайнічаў аб тым, каб паглядзець само рашэнне па ўключэнні і неўключэнні грамадзянаў у акруговыя камісіі. Суддзя хадайніцтва задавальняе. Абвяшчаецца перапынак на 30 хвілін, каб прадстаўнік Партыі БНФ змог азнаёміцца з дакументамі.

У справе налічваецца 200 старонак.

Пасля перапынку суддзя зачытвае скаргу заяўніка. Па Купалаўскай акрузе ў Мінску ў склад акруговай камісіі №95 ад Партыі БНФ быў вылучаны Аляксандр Жучкоў, ён меў добрыя характарыстыкі, аднак 2 верасня на пасяджэнні па фармаванні камісіі яму было адмоўлена ва ўключэнні. Партыя БНФ лічыць, што рашэнне незаконнае. У скарзе адзначаецца, што дакументы былі аформленыя бездакорна, рашэнне Прэзідыума Мінскага гарадскога савета – незаконнае і парушаючае правы заяўніка. Партыя БНФ просіць адмяніць гэтае рашэнне і прыняць новае, якое прадугледжвае ўключэнне Аляксандра Жучкова ў склад камісіі.

Юры Чавусаў падтрымлівае скаргу і дадае, што паколькі суды ніколі не задавальняюць падобныя скаргі на неўключэнне, то гэты суд – гэта проста спосаб вывучыць, на якой жа падставе прымаюцца такія рашэнні. Юрыст Партыі БНФ падкрэсліў, што Жучкоў быў раней сябрам Мінскага гарадскога савета дэпутатаў, быў у складзе ўтворанай у Савеце Камісіі па правах чалавека (які зараз не існуе), што сімвалічна. Як вынікае з дакументаў, было вылучана ў гэтую акруговую камісію 19 чалавек, з якіх у камісію мусіла ўвайсці 13. Чавусаў лічыць, што частка асобаў увайшлі туда незаконна і прыводзіць адпаведныя прыклады.

Так, Вадзім Барысюк вылучаўся ад грамадскага аб’яднання БРСМ, пры гэтым ён з’яўляецца членам Камуністычнай партыі Беларусі.

“Ад камуністаў, такім чынам, у камісію трапіла два чалавекі, ад БНФ – ніводнага”, – падкрэсліў у судзе Юры Чавусаў.

Беларускі фонд міру пры вылучэнні свайго прадстаўніка аформіў дакументы з памылкамі і на лісце нават пячаткі не было. Аднак іх прадстаўнік таксама трапіў у камісію. Беларускі саюз ветэранаў прадставіў дакумент, які не быў падпісаны. Юрыст Партыі БНФ зафіксаваў тры віды парушэнняў: адні прадстаўляюць толькі выпіску, а не рашэнне, другія – прадстаўляюць выпіску з подпісам сакратара, а не кіраўніка, а трэція – прадстаўляюць дакументы без пячаткі.

Атрымоўваецца, што як мінімум пяць асобаў сталі сябрамі камісіі з парушэннем закона. Здавалася б, гэтыя абставіны мусяць быць абмеркаваныя і ўлічаныя пры прыняцці рашэнняў, але гэтага не было зроблена.

Далей Юры Чавусаў прыводзіць аргумент па характарыстыках вылучэнцаў, якія таксама выклікаюць пытанні. Зноў прыводзіць прыклад Вадзіма Барысюка, пры абмеркаванні дзелавых і асабістых якасцяў якога замаўчалі факт таго, што ён камуніст.

Скарга, якая сёння разглядаецца, мае вялікае палітычнае рашэнне. Як можна давяраць вынікам выбараў увогуле, калі не могуць законным чынам сфармаваць камісіі?” – запытваецца Юры Чавусаў.

Ён просіць рашэнне Прэзідыума і выканкама адмяніць і прыняць новае рашэнне па ўключэнні сябра БНФ у акруговую камісію.

Прадстаўніца Мінгарвыканкама Ірына Янушэвіч кажа, што сам працэс фарміравання камісіі адпавядаў усім патрабаванням Выбарчага кодэкса, распавядае, што спосаб абрання ў склад камісіі праходзіў па законе і з выкананнем усіх правілаў. Лічыць, што працэдура галасавання па кандыдатурах была выкананая. Яна таксама не бачыць парушэнняў у тым, што былі прадстаўленыя выпіскі замест арыгіналаў пратаколаў і што выпіскі былі падпісаныя сакратарамі, а не старшынямі арганізацый, якія вылучалі сваіх кандыдатаў у камісіі.

Юры Чавусаў задае пытанні Ірыне Янушэвіч:

– На паседжанні абмяркоўваліся не толькі тыя звесткі пра людзей, якія ёсць ў пратаколах вылучэння, але і іншыя звесткі. Адкуль узяліся гэтыя звесткі?

– Пасля таго, як паступалі пратаколы аб кандыдатах, частка зацікаўленых [праўладных - прым. рэд.] прадстаўнікоў партый і грамадскіх аб’яднанняў паведамлялі дадатковую інфармацыю. Некаторыя званілі, некаторыя – у пісьмовай форме. Гэтыя дадатковыя звесткі ўплывалі на прыняццё рашэнняў.

– То бок фактычна можна было патэлефанаваць у выканкам і распавесці, які наш кандыдат добры?

– Так.

– Чаму не ўключаны ні адзін прадстаўнік, рашэнне па вылучэнню якіх прымалася на беларускай мове?

– Не ведаю.

Чавусаў прыводзіць прыклад, што ад Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэнне” вылучаўся Алесь Талстыка, і калі прымалі рашэнне па ім, яго прозвішча на рускую мову пераклалі як “Толстик”, і галасаванне праводзілася менавіта па гэтым прозвішчы. Янушэвіч не бачыць у гэтым ніякіх праблем.

Юры Чавусаў падчас спрэчак бакоў адзначыў, што ацэнкі яго доказаў толькі пацвярджаюцца матэрыяламі справы: у склад камісіі ўключаныя асобы, якія па законе не маюць права там быць. Ён лічыць, што вельмі важна, каб падчас фарміравання камісій там абавязкова прысутнічалі беларускамоўныя людзі, каб пазбегнуць памылак, як з Алесем Талстыкам. Падкрэслівае, што было парушанае права Партыі БНФ на ўдзел у выбарчым працэсе, і просіць суд вынесці прыватнае вызначэнне пра неадпаведнасць практыкі фарміравання выбарчых камісій заканадаўству і недапушчальнасць парушэння арт. 35 ВК на адрас Мінгарвыканкама і Мінскага Савету дэпутатаў.

Ірына Янушэвіч лічыць, што ўсё нормы пры фарміраванні камісіі былі поўнасцю выкананыя.

Пракурор кажа, што скарга заяўніка не падлягае задавальненню, а ўся працэдура была выканана па законе.

Суддзя аб’явіла перапынак для прыняцця рашэння. У выніку скаргу Партыі БНФ суддзя Іна Яблакава не задаволіла, а рашэнне Прэзідыума Мінскага гарадскога савета пакінула без зменаў. З тэкстам рашэньня можна азнаёміцца на сайце суду.

Нагадаем, 5 верасня Мінскі абласны суд разглядаў скаргу партыі Беларускі народны фронт на неўключэнне ў Заслаўскую выбарчую камісію №77 сябра БНФ Юрыя Чавусава. У судовым паседжанні ўдзельнічалі прадстаўнікі Мінаблвыканкама і Мінскай рады дэпутатаў, а таксама пракурор. У задавальненні скаргі было адмоўлена (тэкст рашэньня даступны тут).

У Берасьцейскай вобласьці, дзе ў склад акруговых камісій увайшоў толькі адзін прадстаўнік Партыі БНФ (Пятро Андрыевіч увайшоў у склад акруговай камісіі Белавежскай выбарчай акругі № 8), БНФ таксама абскарджваў неўключэньне прадстаўнікоў партыі ў склад камісій. 5 верасьня Берасьцейскі абласны суд адхіліў скаргу Партыі БНФ на фармаваньне абласной і акруговых выбарчых камісій.

А 6 верасьня то жа суд адхіліў скаргу, пададзеную выбаршчыкамі, што пражываюць на тэрыторыі Пружанскай выбарчай акругі № . Тут у склад акруговай камісіі быў вылучаны шляхам збору подпісаў сябра Сойму Партыі БНФ Анатоль Сахаруша, аднак і скарга выбаршчыкаў на яго неўключэньне ў склад камісіі была не задаволеная судом (тэкст рашэньня даступны тут).

Снежань 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.