Партыя БНФ » У Віцебску абмеркавалі, як трэба супрацьстаяць “русскому миру”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


У Віцебску абмеркавалі, як трэба супрацьстаяць “русскому миру”

Дададзена 09.09.2019 12:03:50 | 292 праглядаў

У “Эўрапейскім клюбе” ў Віцебску адбыўся круглы стол “Грамадзянская супольнасьць Беларусі: фактар нацыянальнай бясьпекі і гібрыдныя пагрозы”. У якасьці экспэрта выступіў менскі журналіст і пісьменьнік Алесь Кіркевіч. У дыскусіі ўзяў удзел намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Удзельнікі імпрэзы – прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці і апазыцыйных палітычных партыяў рэгіёну – разважалі пра тое, што трэба рабіць, каб прадухіліць гібрыдныя пагрозы з усходу і захаваць інфармацыйную бясьпеку краіны.

b1a13794fd0f00d118feac1f61488420_XLЯк адзначыў Алесь Кіркевіч, “інфармацыйная вайна – гэта зброя масавага зьнішчэньня нашага часу”.

Ідэалёгія гэтак званага “русского мира”, распаўсюджваючы свой уплыў на масавую сьвядомасьць расейскамоўнага насельніцтва Беларусі, мае на мэце апраўдваць любыя палітычныя дзеяньні Расеі. Экспэрт назваў тры слупы гэтай ідэалёгіі:

  1. Расейская мова (“дзе расейская мова, там і Расея”).
  2. Расейскае праваслаўе (царква як дапаможны орган дзяржавы з шырокай агентурнай сеткай).
  3. Культ Вялікай Айчыннай вайны (як культ перамогі над калектыўным Захадам).

Паводле экспэрта, за апошнія гады Расея моцна нарасьціла свае інфармацыйныя каналы, і сярэднестатыстычны жыхар Беларусі аддае ім перавагу. І ў гэтым ёсьць вялікая небясьпека, бо сіла СМІ палягае ў тым, што любую інфармацыю можна перакруціць і падаць пад неабходным ідэалягічным ракурсам. Прыкладам, адзін і той жа мітынг можна падаць і як шматлюдны, і як мітынг зь невялікай колькасьцю ўдзельнікаў.

У беларускіх рэгіёнах ствараюцца невялікія лякальныя  рэсурсы, групы ў сацсетках. І расейцы добра навучыліся працаваць з гэтым.

“Фабрыка фэйкаў” – не расейскае вынаходніцтва, але яно шырока выкарыстоўваецца ў расейскамоўнай інфармацыйнай прасторы. Удала створаная эмацыйная інфармацыйная карцінка робіць сваю справу.

“Адзіны ратунак – самаарганізацыя”

Што можна гэтаму супрацьпаставіць? Ствараць свае фэйкі? Разбураць чужыя? Дыскрэдытаваць інфапраціўніка? І ці ў наш час людзям наогул патрэбная праўда?

Падчас дыскусіі ў “Эўрапейскім клюбе”

Абмеркаваньне было гарачым. Мясцовыя актывісты спыніліся на дзейнасьці агентаў “руccкого мира” ў Віцебскім рэгіёне. У выніку дыскусіі прыйшлі да высновы: калі галоўным прыярытэтам ёсьць беларуская дзяржаўнасьць і захаваньне незалежнасьці, то прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці мусяць весьці паміж сабой дыялёг.

“Пратэстант здолее падаць руку праваслаўнаму, а католік – сьведку Іеговы, а зацяты нацыяналіст – чалавеку левых поглядаў толькі пры ўмове, што для ўсіх гэтых людзей прыярытэтам ёсьць незалежнасьць краіны. І тады мы зможам утрымаць Беларусь”, – упэўнены Алесь Кіркевіч.

“Я думаю, што выратаваньне нашай дзяржаўнасьці – у грамадзянскай супольнасьці. Пры нейкай пагрозе адзіным ратункам будзе самаарганізацыя. Досьвед Украіны сьведчыць: агрэсію Расеі спыніла грамадзянская супольнасьць. Салідарнасьць, узаемадапамога, дыялёг і павага адно да аднаго з прызнаньнем агульных прынцыпаў і ёсьць тым унікальным рэцэптам…” –  падсумаваў экспэрт.

 

С. Горкі, рэгіянальны сайт “Віцебская Вясна

Кастрычнік 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.