Партыя БНФ » А ці не ў адукацыі справа?
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


А ці не ў адукацыі справа?

Дададзена 12.09.2019 12:11:53 | 169 праглядаў

Сябра Сойму Партыі БНФ Зьміцер Дрыгайла піша на старонках тыднёвіка “Белгазета” пра стратэгічныя праблемы беларрускай адукацыі.

1 верасня дзень ведаўПайшоў другі тыдзень новага навучальнага году. Зьмяшаныя пачуцьці. 12 гадоў выкладаў у школе. І ўжо 14 не выкладаю. Але дагэтуль яшчэ сьніцца, што вяду заняткі. Ужо не так часта, як раней, але бывае. І штогод з невытлумачальным хваляваньнем чакаю пачатку навучальнага году. Хоць, чакайце, чаму невытлумачальным? Старэйшая ж дачка ў 10-ю клясу пайшла.

Аднаступнага году ў краіне плянуецца ўвядзеньне абавязковай 11-гадовай адукацыі. Гэта закладзена ў праекце Кодэксу пра адукацыю, які пачнуць разглядаць пасьля парлямэнцкіх выбараў новаабраныя дэпутаты. Цяпер тэарэтычна можна выйсьці «на волю» пасьля дзевяці, атрымаўшы няпоўную сярэднюю адукацыю. А з прыняцьцём новага кодэксу гэта станецца немагчымым. Мая мама сканчала сямігадоўку і паступіла ў тэхнікум, а бальшыня яе клясы – не. Я скончыў восем клясаў і паступіў у каледж, а палова маёй клясы – не. Дачка ў гэтым годзе скончыла дзявятую клясу гімназіі й пайшла ў 10-ты, і… усе працягнулі навучаньне – хто ў 10-й клясе, хто ў каледжах. Хутка гэтую тэндэнцыю замацуюць заканадаўча. Каб ня швэндаліся абы-дзе.

Прынята лічыць, што нашы людзі рознабакова адукаваныя, у адрозненьні ад замежнікаў, што маюць вузкую спэцыялізацыю. Маўляў, можам падтрымаць размову на якую-кольвек тэму, бо ў школе атрымліваем фундамэнтальныя веды. Дык вось, гэта міф. Ня можам. Бо ня тыя веды атрымліваем і ня так, як след. І я не пра колькасьць ведаў. З ёю ўсё ў парадку. У нас праблемы, па-першае, з гуманітарнымі ведамі, а па-другое, з фармаваньнем кантэксту, то бок веды не зьвязаныя паміж сабою, няма сынкрэтызму, як той казаў.

Наша сьвядомасьць – кліпавая. Чым далей – тым болей. Людзі ўсё меней чытаюць кнігі, болей успрымаюць навакольле празь візуальную камунікацыю, не імкнуцца захоўваць канкрэтныя веды пра канкрэтныя рэчы, бо зараз вельмі проста знайсьці патрэбную інфармацыю ў сэтцы. Гэта азначае, што галоўная актуальная задача адукацыі зьмянілася: яна мусіць навучыць чалавека думаць асацыятыўна. Бо на любую зьяву можна зірнуць зь некалькіх ракурсаў, бо кожная зьява знаходзіцца на скрыжаваньні навук, дысцыплінаў. То бок няма асобна геаграфіі, бо геаграфія – гэта месца. Няма асобна гісторыі, бо яна – час. А культура й навука – іх напаўненьне. Я зараз, дарэчы, цытую нашага славутага мастацтвазнаўцу Міхаіла Казініка.

Па-другое, наша жыцьцё змянілася, мы ўвайшлі ў постындустрыяльную эпоху. І ў будучыні на рынку працы будзе патрэбна меней матэматыкаў, інжынэраў, хімікаў, фізыкаў, хлебаробаў. Таму ўсе дакладныя спэцыяльнасьці – гэта профарыентацыя. А што ж тады база? Мовы. Літаратура. Мастацтва. Грамадазнаўства. То бок тое, з чым у нашай адукацыі зусім блага. Нашыя вучні марна намагаюцца вывучыць граматычныя правілы адной замежнай мовы замест таго, каб вучыць камунікацыйныя мадэлі адразу некалькіх і практыкавацца гаварыць. Яны вывучаюць рускую літаратуру замест сусьветнай і амаль ня ведаюць літаратурных тэкстаў. І вельмі цьмяна ўяўляюць сабе, якім жыцьцём зараз жывуць людзі на планеце Зямля.

Нашыя эканамічныя праблемы, што маюць пад сабой тузін прычын, у прыватнасьці, недадыверсіфікацыя экспарту, недапрыватызацыя прадпрыемстваў, недаэфектыўнасьць вытворчасьці, магчыма, наўпрост зьвязаныя з адукацыяй. Тыя, у каго добрыя гуманітарныя веды, адразу і ўбачаць патрэбы рынкаў, і пралічаць міжнародную экспансію свайго прадукту, і паразумеюцца на бізнэс-перамовах з інвэстарамі, і дадуць рады арганізацыі прыватнай аграсядзібы, ды й проста пакінуць добрае ўражаньне, працытаваўшы літаратурны твор ці распавёўшы пра апошнюю прэм‘еру ў тэатры. Досьвед паказвае, што ў гэтым рэчышчы мы моцна адстаем ад нашых заходніх суседзяў. Дык, мабыць, справа ў адукацыі?

Падсьвядома нашыя ўлады гэта разумеюць. І экспэрымэнтуюць, штогод мяняючы то зьмесьціва падручнікаў, то расклад і форму іспытаў, то напаўненьне курсу ў розных клясах, то ўтвараюць гімназіі, то скасоўваюць уступныя іспыты ў іх, то ўтвараюць цэнтралізаванае тэставаньне, то думаюць вяртацца да вуснага іспыту сам на сам з выкладчыкам. То ўводзяць адтэрміноўку ад войска для студэнтаў ВНУ, то адмяняюць умовы адтэрміноўкі. Замнога экспэрымэнтаў, а сутнасьць не мяняецца: выкладчыкі заціснутыя малымі заробкамі, вялікай справаздачнасьцю, кароткімі кантрактамі й вялікай колькасьцю няпрофільнай дзейнасьці: продажам квіткоў, рамонтам кабінэтаў, арганізацыяй выбараў, пазакласным выхаваньнем. І ўзровень вкладчыкаў штогод падае: конкурсаў на пэдагагічныя спэцыяльнасьці ў каледжы й ВНУ фактычна няма, амаль паўсюдна на іх недабор.

Што рабіць? Можна паступова давесьці колькасьць абавязковых гадоў адукацыі да 12. Ці да 15. А можна падумаць галавой. І:

- вызваліць выкладчыка ад ідэялягічнай і наогул няпрофільнай працы;

- зьменшыць колькасьць вучняў у клясах, каб падвысіць узровень пэрсаніфікацыі й праверкі ведаў, таго feedback’a, які ёсьць, скажам, пры навучаньні IT-спэцыяльнасьцям;

- пакласьці заробак хоць бы сярэдні па краіне, пра што ўжо казана соткі разоў;

- надаць належную ўвагу якасьці настаўніка, то бок даплачваць – за посьпехі вучняў, за пазытыўны feedback бацькоў, за дадатковы час, якім ахвяруе выкладчык, каб навучыць;

- штогод атэстоўваць дырэктараў, замяраць таемным галасаваньнем ўзровень даверу ім з боку выкладчыкаў і даплачваць ім за посьпехі вучняў і настаўнікаў школы;

- ладзіць іспыты па веданьні моў для настаўнікаў. І даплачваць за кожную на ўзроўні Intermediate;

- вывучаць вопыт кожнай сыстэмы адукацыі, кожнай краіны, не баяцца экспэрымэнтаў на ўзроўні некалькіх школ у розных гарадах.

Асобныя вучні асобных школ Беларусі выйграюць сусьветныя алімпіяды па розных дысцыплінах. У асобных галінах (як, напрыклад, у IT) лічыцца, што наша адукацыя – адна з найлепшых у сьвеце. Па ўзроўні пісьменнасьці мы адныя з усясьветных лідэраў. Нашая мэдыцына па-ранейшаму мае добрае рэнамэ, нягледзячы ні на што. Нашыя мастацкія посьпехі ў сьвеце відавочныя: салісты, аркестры, опэра, балет. Засталося ўсьвядоміць, што гэта ўсё – не дзякуючы намаганьням Міністэрства адукацыі. Усё гэта, на вялікі жаль, ніяк з працай таго міністэрства не зьвязана. У нас нямала добрых міністраў. Але, мне падаецца, гэта не пра Міністэрства адукацыі. Пераканайце мяне, што я памыляюся.

Паводле штотыднёвіка Белгазета

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Верасень 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.