Рыгор Кастусёў: “Страце сувэрэнітэту перашкодзіць беларускае грамадзтва”
Дададзена 16.09.2019 9:43:57 | 902 праглядаў
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў выказаў надвычайную занепакоенасьць “зьлітымі” ў расейскай газэце “Коммерсантъ” плянамі змовы афіцыйнага Менску з Крамлём наконт здачы эканамічнага сувэрэнітэту краіны.
Нагадаем, расейскае выданьне “Коммерсантъ” апублікавала апісаньне дакумэнту, які афіцыйныя Масква і Менск доўгі час хавалі ад грамадзкасьці — праграму эканамічнай інтэграцыі дзьвюх краін. Падпісаць яе зьбіраюцца 8 сьнежня, у падрыхтоўцы актыўна ўдзельнічалі абодва ўрады. Афіцыйны тэкст дагэтуль застаецца закрытым, расейскае выданьне ў сваёй публікацыі не цытуе яго, а толькі дае ўласную трактоўку дамовы.
У першую чаргу новы этап інтэграцыі, паводле публікацыі расейскіх журналістаў, закране эканамічную сфэру. Плянуецца аб’яднаць падатковыя сыстэмы абедзьвюх краін, мытню, энэргетычную палітыку, распрацаваць адзіныя для Беларусі і Расеі «адмысловыя эканамічныя захады», стварыць адзіны мэханізм рэгуляваньня рынкаў сельгаспрадукцыі, гандлю, транспарту. Пры гэтым няма гаворкі пра стварэньне агульных органаў кіраваньня. Міністэрствы эканомікі, напрыклад, застаюцца ў кожнай краіне свае, аднак яны будуць працаваць, зыходзячы з агульных для абедзьвюх краін правілаў. Тое самае і з мытнымі органамі, і зь іншымі дзяржаўнымі структурамі.
З нагоды гэтых публікацыяў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў сказаў што асабіста для яго дадзеныя, якія патрапілі ў прэсу, навіной не сталі. Паводле яго інфармацыі, падобны плян паглынаньня Беларусі існуе ў Расеі мінімум з 2010 года – ужо тады ўзнікла зацікаўленасьць у захопе шэрагу беларускіх прадпрыемстваў і аб’ектаў эканомікі.
“Гэтыя памкненьні з боку Крамля – а дакладней, з боку расійскіх алігархаў, якія кіруюць Крамлём, – ніколі ня зьнікалі. Наколькі яны будуць пасьпяховымі сказаць складана. Але мы бачым, што Крамлю ўдаецца, хоць i не так хутка, як яму хацелася б, схіліць Лукашэнку ды саступак“, – сказаў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў у камэнтары сайту UDF.BY.
Рыгор Кастусёў лічыць, што Лукашэнка пойдзе на саступкі, бо сытуацыя ў эканоміцы дрэнная, узровень жыцьця грамадзянаў у параўнаньні з суседзямі падае, прадстаўнікі розных прафесій вымушаныя з’язджаць за межы краіны ў пошуках больш высокааплатнай працы. Чымсьці трэба затыкаць фінансавую дзірку, якая ўзнікае без ільготных коштаў на расейскія нафту і газ.
Існуе вэрсія, згодна з якой Лукашэнка пагодзіцца на праграму паглыбленай інтэграцыі, але атрымаўшы наўзамен чарговыя субсідыі, рэалізоўваць на справе яе не будзе. Як да яе ставіцца палітык?
“Гульня зайшла занадта далёка. Думаю, Лукашэнку ня атрымаецца падмануць Пуціна настолькі, наколькі яму хацелася б. Хутчэй за ўсё, першыя рэальныя саступкі мы пабачым падканец бягучага года, пасьля парламенцкіх выбараў. А пасьля прэзідэнцкай кампаніі гэтыя саступкі, калі Лукашэнка хоча застацца пры ўладзе, могуць яшчэ павялічыцца“, – мяркуе Рыгор Кастусёў.
Палітык лічыць, што паўплываць на рашэнне ўладаў можа беларускае грамадзтва. І прыводзіць у прыклад акцыі пратэсту вясны 1996 года, якія перашкодзілі страце сувэрэнітэту.