Партыя БНФ » Канцэпцыя рэфармавання і развіцця ЖКГ Беларусі на перыяд 2019-2025 гг.
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Канцэпцыя рэфармавання і развіцця ЖКГ Беларусі на перыяд 2019-2025 гг.

Дададзена 16.09.2019 10:02:27 | 576 праглядаў

КАНЦЫПЦЫЯ РЭФАРМАВАННЯ І РАЗВІЦЦЯ ЖКГ БЕЛАРУСІ НА ПЕРЫЯД 2019-2025 ГАДЫ (пазыцыя Партыі БНФ, вынесеная на абмеркаваньне патнэраў па паглыбленым дыялогу)

УВОДЗІНЫ.

Яшчэ з часоў існавання Савецкай улады, дзяржава пакідала за сабой функцыю “бацькоўскага клопату” аб кожным чалавеку ў забяспячэнні яго жыллём. Людзі старэйшага пакалення памятаюць славутую праграму часоў Савецкага Саюза “Кожнай савецкай сям’і да 2000 года асобную кватэру”, або яшчэ ранейшую падобную праграму, якія так і засталіся нявыкананымі.

Падобная тэндэнцыя была захаваная і ў незалежнай Беларусі. Да 2003 года ў краіне дзейнічала Нацыянальная жыллёвая праграма. Але яна была прызнана не адпавядаючай эканамічным рэаліям таго часу, і на змену ёй была прынята Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №943 ад 14 ліпеня 2003 году “Аб Канцэпцыі развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь да 2015 года”.

Асноўная мэта дадзенай Канцэпцыі было – стварэнне эканамічных, прававых , арганізацыйных умоваў для безстратнага функцыянаваня, далейшага развіцця і рэфармавання ЖКГ , скіраваных на павышэнне эфектыўнасці, надзейнасці функцыянавання сістэм жыццязабяспячэння насельніцтва, паляпшэння якасці прадастаўляемых паслуг з адначасовым зніжэннем страт на іх вытворчасць, забяспячэнне сацыяльнай абароны насельніцтва.

ДЗЯРЖАЎНЫЯ ПРАГРАМНЫЯ ДАКУМЕНТЫ РЭФАРМАВАННЯ ЖКГ ДА 2015 ГОДА.

У рамках рэалізацыі Канцэпцыі Урадам краіны былі прыняты і зацверджаны для выканання разнастайныя пастановы і праграмы. Так, напрыклад, Пастановай Савета Міністраў РБ №720 ад 7 чэрвеня 2006 года была зацверджана Праграма развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь на 2006-2010 гады. Праграма распрацавана ў звязку з Канцэпцыяй развіцця ЖКГ з улікам тагачаснага стану жыллёва-камунальнай гаспадаркі, які характыразаваўся нездавальняючым фінансавым палажэннем, адносна высокімі стратамі на вытворчасць і прадастаўленне паслугаў, адсутнасцю эканамічных стымулаў зніжэння страт, адсутнасцю канкурэнцыі, што ў той час сказвалася на якасці і своечасовасці паслуг.

ЖКГ ЖКХПрыярытэтнымі накірункамі рэфармавання і развіцця жыллёвай гаспадаркі краіны на 2006-2010 гады згодна Праграмы станавіліся:

-павышэнне узроўню пакрыцця тарыфамі страт на прадастаўленне паслуг для насельніцтва шляхам збліжэння тарыфаў з сабекоштам  па рэгулюемых паслугах згодна з дынамікай росту прыбыткаў насельніцтва, а таксама павелічэнне долі паслуг, аказваемых на дагаварной платнай аснове;

-дэманапалізацыя жыллёвай гаспадаркі шляхам падзялення функцый упраўлення і абслугоўвання жыллёвага фонду, стварэнне канкурэнцыі паміж арганізацыямі;

-рэфармаванне сістэмы фінансавання бягучага і капітальнага рамонту жыллёвага фонду;

-цеплавая мадэрнізацыя жыллёвага фонду;

Складваецца ўражанне, што пры зацвярджэнні дадзенай праграмы, ва Урада краіны існавала разуменне сітуацыі. Нягледзечы на арганізацыйныя асаблівасці ЖКГ, што заключаюцца ў агульнай інфраструктуры, пры якой уласнік жылля не мае магчымасці самастойна, аднаасобна выбраць пастаўшчыка паслугаў, існуюць і шэраг суб’ектыўных прычынаў, якія стрымліваюць рэфармаванне і развіццё сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі:

-манапалізм камунальных арганізацый, адсутнасць канкурэнцыі паміж вытворцамі ў сферы ЖКГ;

-нізкі ўзровень грамадзянска-прававых механізмаў кантролю і адказнасці за колькасцю і якасцю аказваемых паслугаў не дазваляюць эфектыўна абараняць інтарэсы спажыўцоў;

-у краіне не развіваецца працэс перадачы жылых дамоў ва ўпраўленне таварыствам ўласнікаў (ТУ), да гэтай пары не адпрацаваны механізмы эканамічнай матывацыі, дазваляючыя ўласнікам праз створаныя імі аб’яднанні цалкам рэалізоўваць законныя правы па ўпраўленні нерухомасцю і браць на сябе адказнасць за яго эксплуатацыю і захаванасць;

-існуе праблема высокай фізічнай і маральнай амартызацыі жыллёва-камунальнай інфраструктуры, пры гэтым сельскі жылы фонд па добраўпарадкаванасці значна саступае гарадскому: вадаправодам і каналізацыяй абсталявана толькі трэцяя частка сельскага жылля, а душам або ваннай і таго менш;

Для забяспячэння паспяховага выканання дадзенай Праграмы планавалася выдзялення фінансавых сродкаў у памеры 12 826,2 млрд. руб (да дэнаменацыі). Але прыярытэтныя накірункі рэфармавання жыллёвай гаспадаркі так і засталіся прыярытэтнымі толькі на паперы.

Дзяржаўнай праграмай па водазабяспячэнні і водаадвядзенні “Чыстая вада” на 2006-2010 гады прадугледжвалася развіццё сісітэм водазабяспячэння і водаадвядзення, значнае паляпшэнне якасці пітной вады і ачысткі сцёкавых вод  ва ўсіх населеных пунктах краіны. На выкананне гэтай праграмы з розных крыніц фінансавання было выдзелена 625,8 млрд.руб., у тым ліку з дзяржбюджэту 407, 5 млрд.руб. Акрамя таго для будаўніцтва 9 ачыстных збудаванняў на тэрыторыі краіны ў 2008-2010 гадах, Сусветным банкам было выдзелена Ураду Беларусі 60 млн. дол. Але на працягу 2006-2010 гадоў якасць пітной вады ў бальшыні населеных пунктаў пагоршылася. Нават былы старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Зянон Ломаць, у сваім выступе на паседжанні Прэзідыума Савету Міністраў, якое адбылось 10 лістапада 2009 года, адзначыў факты пагаршэння якасці пітной вады ў некаторых рэгіёнах краіны.

З мэтай выканання мерапрыемстваў па павышэнні энэргаэфектыўнасці і павышэнні энэргабяспекі краіны Рэспубліканскай праграмай мадэрнізацыі сістэмы энэргазабяспячэння было прадугледжана на 2006-2010 гады фінансаванне больш 5 млрд. долараў. Але і гэтая праграма была праваленая. Нават Пастанова Савета Міністраў па выкарыстанні мясцовых відаў паліўна-энэргетычных рэсурсаў не была паспяхова выканана. У выніку сабекошт адной Гкал. цяпла атрыманай ад спальвання мясцовых відах паліва ў многіх рэгіёнах аказаўся вышэй чым ад выкарыстання прыроднага газу.

Занепакоенасць станам энэргазберажэння і нізкай вагой мясцовых відаў паліва ў агульным паліўна-энэргетычным балансе краіны выказаў і А.Лукашэнка ў час працоўнай паездкі ў Віцебскую вобласць 23 студзеня 2010 года. Ён адзначыў, што Ураду  неабходна рупліва заняцца пытаннем па больш рацыянальнаму выкарыстанню бюджэтных сродкаў. Пазіцыю рацыянальнага ўласніка павінны займаць усе – ад губернатараў да кіраўнікоў прадпрыемстваў, асабліва ў рэгіёнах. Але і тут, як і пры рэалізацыі іншых праграмаў,збольшага, ўсё закончылась проста размовай.

Падобныя праграмы, з выдзяленнем бюджэтных сродкаў на іх рэалізацыю, прымаліся беларускім Урадам і на іншыя перыяды дзейнасці Канцэпцыі: 2003 – 2005, 2011 – 2015 гады. Гэтыя праграмы, як і іншыя, таксама засталіся не выкананымі.

У выніку, усе жаданні і размовы аб пераводзе ЖКГ краіны на рынкавыя рэйкі, так і засталіся на паперы. А Пастановай Савета Міністраў РБ №97 ад 8 лютага 2013 года, Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №943 ад 14 ліпеня 2003 году “Аб Канцэпцыі развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь да 2015 года” была прызнаная страціўшай сілу.

Такім чынам, сродкі, неэфектыўна патрачаныя на выкананне розных праграм, аграмадным цяжарам ляглі на плечы грамадзян праз павышэнне коштаў на камунальныя паслугі.

 

СТАН ЖКГ БЕЛАРУСІ.

Ужо ў 2000-2005 гадах рост тарыфаў для насельніцтва на жыллёва-камунальныя паслугі яўна апярэджваў агульны паказчык інфляцыі. Пры росце спажывецкіх коштаў за 2000-2005 гады ў 6,1 разы, тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі, уключаючы электра- і газазабяспячэнне, павялічылісь у 50,7 разоў. Найбольш хуткімі тэмпамі раслі тарыфы на ацяпленне, тэхнічнае абслугоўванне жылфонда, электразабяспячэнне.

У выніку ўзровень пакрыцця плацяжамі насельніцтва страт на прадастаўленыя жыллёва-камунальныя паслугі, акрамя электра- і газазабяспячэння, для стандартнай двухпакаёўкі, узрос з 12% у 2000 годзе да 42,4% у 2005.

Разам з тым доля жыллёва-камунальных паслугаў у спажывецкіх расходах насельніцтва ўзрасла з 3% да 9,1%.

Тэндэнцыя падобнага  роста тарыфаў для насельніцтва на жыллёва-камунальныя паслугі пры пакрыцці плацяжамі насельніцтва страт на прадастаўленыя паслугі ў памерах да 50%( па разліках дзяржаўных структураў), захавалася да гэтага часу. А праблемы, якія існавалі ў сферы ЖКГ краіны на пачатку 2000-х гадоў, нягледзечы на разнастайныя праграмы, зацверджаныя Урадам, толькі ўзраслі.

Да сённяшняга дня засталася не вырашанай праблема “хрушчовак”. Першыя серыі гэтых дамоў будаваліся на тэрмін эксплуатацыі 25 год. З цягам часу ўладамі было прынята рашэнне аб працягненні тэрміна эксплуатацыі да 50 год. Але і гэта ўжо зараз не ратуе сітуацыю. Для некаторых “хрушчовак” першых серый і 50-гадовы тэрмін эксплуатацыі ўжо закончыўся, а ўлады на дадзены момант нават не маюць варыянта вырашэння дадзенай праблемы.

Узрасла зношанасць усяго жыллёвага фонда, абсталявання і сістэм цеплазабяспячэння, ачысных збудаванняў вадазабяспячэння і вадаадвядзення пры наяўнасці недастатковай якасці вады, асабліва ў сельскіх населеных пунктах.

На нізкім, недастатковым узроўні застаюцца аб’емы рамонта жыллёвага фонда, ліфтавага абсталявання, сістэм цеплазабяспячэння, вадазабяспячэння і вадаадвядзення, пры невысокай эфектыўнасці сістэм цеплазабяспячэння і высокай стратнасці цяпла пры яго транспартыроўцы да спажыўцоў. Не змяншаецца энэргаспажыванне эксплуатуемых жылых дамоў.

Да гэтай пары на балансах прадпрыемстваў сістэмы ЖКГ застаюцца шматлікія непрофільныя аб’екты, што вымушае камунальныя прадпрыемствы несці вялікія фінансавыя страты на іх эксплуатацыю, ахову, утрыманне. Практыка перадачы непрофільных аб’ектаў рашэннямі гарадскіх, раённых выканаўчых камітэтаў на балансы прадпрыемстваў ЖКГ існуе да гэтай пары.

Так і не ўзрастае прэстыжнасць працы ў сістэме ЖКГ, існуе недахоп кваліфікаваных кадраў, застаецца нізкая тэхналагічная дысцыпліна. Сістэма падрыхтоўкі кадраў для ЖКГ патрабуе тэрміновага рэфармавання з мэтай пашырэння колькасці навучальных установаў для падрыхтоўкі спецыялістаў сферы ЖКГ розных узроўняў.

Застаецца нерытмічным фінансаванне прадпрыемстваў ЖКГ і невысокая інвестыцыйная прываблівасць усёй сферы.

У цяперашні час на абслугоўванні арганізацый сферы ЖКГ знаходзіцца каля 200 млн. кв. м. жылля, 3824 камунальныя кацельні, 15,8 тыс. км. цеплавых сетак, 10 197 артэзіянскіх свідравін, 1300 ачысных збудаванняў каналізацыі, 598 станцый абязжалезвання, 38,2 тыс. км. вадаправодных сетак, 18,5 тыс. км. каналізацыйных сетак, 63,1 тыс. км. вулічна-дарожнай сеткі.

Уся інфраструктура ЖКГ краіны знаходзіцца ва ўласнасці адміністратыўна-тэратэрыяльных адзінак.

 

ДЗЯРЖАЎНЫЯ ПРАГРАМНЫЯ ДАКУМЕНТЫ РАЗВІЦЦЯ ЖКГ ДА 2025 ГОДА.

Практычна амаль на працягу пяці гадоў у краіне адсутнічала канцэпцыя развіцця і рэфармавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі, практычна не маглі мець паспяховай рэалізацыі праграмы развіцця ЖКГ распрацаваныя на яе аснове.

І толькі 29 снежня 2017 года пастановай Савета Міністраў Беларусі была зацверджана новая Канцэпцыя ўдасканалення і развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі да 2025 года.

Пры падрыхтоўцы новай Канцэпцыі былі выкарыстаны прыярытэты развіцця ЖКГ, вызначаныя Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады, зацверджанай Указам Прэзідэнта Беларусі ад 15 снежня 2016 г. за №466; Дзяржаўнай праграмай “Энэргазберажэння” на 2016-2020, зацверджаная пастановай Савета Міністраў Беларусі №248 ад 28 сакавіка 2016 года; Дзяржаўнай праграмай “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе”, зацверджаная пастановай Савета Міністраў Беларусі ад 21 красавіка 2016 года за №326.

Для рашэння праблемаў сферы ЖКГ, згодна новай Канцэпцыі зацверджанай 29 снежня 2017г., Урад Беларусі вызначыў наступныя важнейшыя накірункі ўдасканалення і развіцця ЖКГ:

1)      павышэнне якасці жыллёва-камунальных паслугаў (ЖКП), эфектыўнасці выкарыстання жыллёвага фонда і інфраструктуры ЖКГ;

2)      зніжэнне страт на прадастаўленне насельніцтву ЖКП;

3)      удасканаленне сістэмы звароту з цвёрдымі камунальнымі адыходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі (ДМР);

4)      падтрымка і далейшае паляпшэнне добраўпарадкавання населеных пунктаў;

5)      удасканаленне сістэмы сацыяльнай абароны насельніцтва і тарыфнай палітыкі ў сферы аказання ЖКП;

6)      удасканаленне сістэмы фінансавання ЖКГ і прыцягненне інвестыцый у ЖКГ;

7)      навуковае забяспячэнне развіцця ЖКГ;

8)      павышэнне эфектыўнасці структуры кіравання, стварэнне пазітыўнага іміджа і

прэстыжнасці работы ў сферы ЖКГ.

На рэалізацыю Дзяржаўнай праграмы “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе на 2016 – 2020 гады” запланавана выдзяленне фінансавых сродкаў у памеры 106 389,1 млрд. рублей (не дэмінаваных).

Дзяржаўная праграма ўключае 8 падпраграмаў:

1) забяспячэнне якасці і даступнасці камунальных паслугаў;

2) мадэрнізацыя і павышэнне эфектыўнасці цеплазабяспячэнне;

3) рамонт жыллёвага фонда;

4) небяспечны ліфт;

5) чыстая вада;

6) зварот  камунальных адыходаў;

7) развіццё электраэнэргетыкі і газафікацыі сяла;

8) якасць і дасягальнасць бытавых паслугаў.

 

Па выніках рэалізацыі Канцэпцыі Урад Беларусі плануе атрымаць забяспячэнне наступных вынікаў:

-эфектыўнае упраўленне ЖКГ;

-дасягальнасць усіх відаў ЖКП;

-павышэнне якасці прадастаўляемых ЖКП і зніжэнне затрат на іх аказанне;

-удасканаленне механізма планавання бягучай дзейнасці і павышэнне эканамічнай эфектыўнасці функцыянавання арганізацый ЖКГ;

-стварэнне адзінай інфармацыйнай прасторы ЖКГ;

-павышэнне прафесійнага ўзроўню кадравага складу;

-удасканаленне механізмаў стымулявання працы супрацоўнікаў ЖКГ.

Да заканчэння тэрміну дзеяння Дзяржаўнай праграмы “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе на 2016 – 2020 гады” застаецца крыху болей аднаго года, але ўжо зараз па завяршэнні 2019 года, ацэньваючы сітуацыю ў ЖКГ краіны,  можна рабіць высновы, што гэтая праграма а разам з ёй і Канцэпцыя развіцця ЖКГ да 2025 года, будуць  правалены. Правалены, нягледзечы на тое, што ў дадзеных праграмных дакументам Урадам закладзены самыя сціплыя мэты і задачы.

Нават, пры паспяховым  выкананні зацверджанай Урадам Канцэпцыі, у сістэме ЖКГ Беларусі не ўдасца ліквідаваць узмацніўшыяся на працягу апошніх гадоў праблемы, бо ў праграмных дакументах рэфармавання ЖКГ не прадугледжана вырашэнне асноўных задачаў  – ліквідацыя манапалізма дзяржаўных прадпрыемстваў на аказанне ЖКП; забяспячэнне канкурэнцыі паміж суб’ектамі гаспадарання ў сферы ЖКГ, эфектыўнай эксплуатацыі жыллёвага фонду і інфраструктуры ЖКГ; павышэнне якасці і зніжэнне сабекошту ЖКП і інш.

НЕЗАЛЕЖНАЯ КАНЦЭПЦЫЯ РЭФАРМАВАННЯ І РАЗВІЦЦЯ ЖКГ БЕЛАРУСІ НА 2019-2025 ГАДЫ.

Узвязку з гэтым прапануецца Незалежная Канцэпцыя рэфармавання і развіцця ЖКГ Беларусі на 2019 – 2025 гады.

Дасягненне мэтаў і рэалізацыя задачаў развіцця і рэфармавання ЖКГ краіны на перыяд да 2025 года, вызначаных дадзенай Канцэпцыяй, магчыма толькі ва ўмовах радыкальных зменаў гаспадарчага механізма – пераход жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў рэжым безстратнага функцыянавання. Толькі радыкальныя змены пры рэалізацыі Канцэпцыі  дазволяць стабілізаваць працу ЖКГ краіны.

Галоўным накірункам рэалізацыі дадзенай Канцэпцыі будзе – выпрацоўка падыходаў па рашэнні задачы забяспячэння насельніцтва і іншых спажыўцоў ЖКП  усім комплексам жыллёва-камунальных паслугаў у адпаведнасці з нарматывамі сацыяльнага стандарта ў сферы жыллёва-камунальнага абслугоўвання з пераводам суб’ектаў гаспадарання на самаакупальнасць.

Рэалізацыю Канцэпцыі прапануецца здзейсніць у два этапы. Першы этап 2019 – 2020 гады. Другі этап – 2021 – 2025 гады.

На першым этапе, 2019 – 2020 гады, асноўныя высілкі скіраваць на рацыяналізацыю і зніжэнне страт вытворцаў жыллёва-камунальных паслугаў, што дазволіць стрымаць рост узроўня пакрыцця  сабекошту ЖКП за кошт павышэння аплаты за ЖКП насельніцтвам і надалей, за 2021 – 2025 гады, дасягнуць росту пакрыцця насельніцтвам сабекошту ЖКП да 100% за кошт паніжэння страт на вытворчасць ЖКП праз наступныя крокі:

-          развіццё канкурэнтнага асяродку ў сферы ЖКГ праз дэманапалізацыю і развіццё прыватных прадпрыемстваў;

-          удасканаленне сістэмы кіравання жыллёва-камунальнай гаспадаркай на усіх узроўнях;

-          развіццё ў сістэме ЖКГ энэрга- і рэсурсазберагаючых тэхналогій;

-          удасканаленне сістэмы ільгот, дыферэнцыяцыя аплаты за ЖКП у залежнасці ад якасці жылых памяшканняў і іх месцазнаходжання;

-          пазбаўленне прадпрыемстваў ЖКГ непрофільных аб’ектаў, эксплуатацыя, утрыманне, ахова якіх прыносіць велізарныя страты суб’ектам гаспадарання.

У звязку з гэтым неабходны будуць шэраг мераў па ўдасканаленні эканамічных узаемаадносін паміж вытворцамі і спажыўцамі ЖКП праз змены ў сістэме фінансавання:

– пераход ад частковага бюджэтнага фінансавання і перакрыжаванага субсідавання затратаў прадпрыемстваў сферы ЖКГ, звязаных з аказаннем паслугаў насельніцтву, да аплаты гэтых затратаў у іх поўным аб’ёме пры ўмове эканамічнага стымулявання вытворцаў ЖКП на паляпшэнне якасці абслугоўвання, з захаваннем сацыяльнай абароны малазабяспечаных грамадзян;

-на перыяд давядзення ўзроўня пакрыцця затрат плацяжамі насельніцтва да 100% іх сабекошту, з улікам неабходнасці існавання крыніц на пашырэнне вытворчасці, з мэтай стварэння спрыяльных умоваў у сферы ЖКГ для прыцягнення бізнэса і ўзнікненне канкурэнцыі на рынку магчымых прэтэндэнтаў па аказанні ЖКП, захаваць усе крыніцы фінансавання прадпрыемстваў сферы ЖКГ, незалежна ад формы ўласнасці, плаўна паніжаючы іх адпаведна росту пакрыцця расходаў плацяжамі насельніцтва;

-стварэне ўмоаў для матэрыяльнай зацікаўленасці насельніцтва па ўсталяванні індывідуальных прыбораў уліку і рэгулявання паслуг цеплазабяспячэння і вадаспажывання;

-правядзенне рэфармавання аплаты за карыстанне жылым памяшканнем з дыферэнцыяцыяй у залежнасці ад якасці, стану і месцазнаходжання жылога памяшкання.

Этапы развіцця жыллёвай гаспадаркі.

За апошнія гады ў жыллёвай сферы краіны шляхам правядзення яго прыватызацыі і павелічэння будаўніцтва жылля за кошт сродкаў грамадзян сфармаваны прыватны жыллёвы фонд. З агульнага жыллёвага фонду, які ў 2018 годзе складаў 256,4 млн.м.кв., каля 95% жыллёвага фонда – 241,4 млн.м.кв. знаходзіцца ў прыватнай уласнасці. Сфармаваўся другасны рынак жылля, што дазваляе насельніцтву краіны вырашаць свае жыллёвыя праблемы без дапамогі дзяржавы.

Але, нягледзечы на, як падаецца, шырокую ўвагу з боку ўладаў краіны да сферы ЖКГ і шматлікія спробы праз праграмныя дакументы, змены ў заканадаўстве краіны, разнастайныя пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь атрымаць станоўчыя зрухі, у жыллёвай гаспадарцы так і не ўдалося дасягнуць паўнавартасных дагаварных адносін паміж мясцовымі выканаўчымі камітэтамі і жыллёва-эксплуатацыйнымі, камунальнымі прадпрыемствамі, пазбавіцца, нарэшце, ва ўмовах дэстабілізацыі эканомікі краіны вострага недахопа фінансавых сродкаў для вырашэння праблемаў абслугоўвання і рамонта жыллёвага фонда.

Сумяшчэнне дзяржавай функцый уласніка жылога фонда і гаспадарчай дзейнасці па кіраванні і абслугоўванні амаль усяго фонда прыводзіць да адсутнасці стымулаў для павышэння эфектыўнасці кіравання жылым фондам, яго эксплуатацыі і рамонта. Да гэтай пары каля 80% жыллёвага фонду знаходзіцца на абслугоўванні дзяржаўных камунальных прадпрыемстваў, пры тым, што забяспячэнне ЖКП цалкам ускладзена на дзяржаўныя прадпрыемствы. У краіне створана толькі 2121 таварыства уласнікаў (ТУ), і існуе 7672 жыллёвых кааператывы. А ўскладанне на арганізацыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі неадпавядаючых іх дзейнасці функцый і няздольнасць мясцовых органаў улады выконваць дагаварныя абавязальніцтвы прывялі да фактычна поўнага адыходу ад выканання ў дастатковым аб’ёме неабходных работ па ўтрыманні і рамонту жыллёвага фонду.

У сувязі з гэтым на працягу 2019 – 2020 года неабходна здзейсніць падзяленне функцый і дагаварных адносін паміж уласнікамі жылога фонда (або арганізацыяй, упаўнаважанай уласнікам), арганізацыямі жыллёва-камунальнай гаспадаркі і падраднымі арганізацыямі, стварэння канкурэнтнага асяродку шляхам дастатковага і своечасовага фінансавання на ўтрыманне і рамонт жыллёвага фонду, а таксама паралельным паніжэннем затратнасці функцыянавання прадпрыемстваў ЖКГ.

Для Беларусі вельмі важкім застаецца пытанне сістэмы кіравання ў шматкватэрных дамах, таму што доля жыллёвага фонда краіны ў такіх дамах складае 71%, а індывідуальных – 29% (ва Украіне гэтыя лічбы адпавядаюць 50% на 50%, у Літве 58% на 42% адпаведна).

На сёння недастатковае фінансаванне, недасканаласць тарыфнай палітыкі ў ЖКГ абумовілі адсутнасць эканамічнага інтарэса грамадзян у стварэнні таварыстваў уласнікаў (ТУ) жылля, пры наяўнасці адпаведнага заканадаўства. Застаўшыяся адміністрацыйныя метады кіравання не далі належнага эфекта пры пераводзе жыллёва-эксплуатацыйных арганізацый на самастойны баланс з правам юрыдычнай асобы.

Згодна дадзенай Канцэпцыі плануецца да 2021 года пераход да выканання толькі на конкурснай аснове ўсіх падрадных работ па рамонту канструктыўных элементаў жылых дымоў і капітальнаму рамонту жылога фонда ў г.Мінску і абласных цэнтрах краіны, а да 2023 года – ва ўсіх астатніх населеных пунктах.

З 2021 па 2023 гады – здзейсніць пераход на прафесійнае кіраванне жылым фондам на конкурснай аснове.

Развіццё канкурэнцыі ў кіраванні жылым фондам і прадастаўленні жыллёва-камунальных паслугаў створыць магчымасці для прыватызацыі арганізацый ЖКГ. На першым этапе такой прыватызацыі павінна быць акцыянаванне камунальных прадпрыемстваў па наступнаму графіку:

-          у 2019-2020 гадах не меней 30% у г.Мінску і абласцях;

-          у 2021 годзе – не меней 60%;

-          у 2022 годзе – заканчэнне акцыянавання.

У звязку з дадзенымі працэсамі рэформа ў жыллёвай гаспадарцы  забяспечыць на першым этапе канкурэнцыю падрадных арганізацый на атрыманне заказа па прадастаўленні жыллёва-камунальных паслугаў, а на другім этапе – канкурэнцыю ў сферы кіравання нерухомасцю за атрыманне заказа ад уласніка на кіраванне жылым фондам.

Разам з тым, у сферы ЖКГ павінны заставацца шэраг прадпрыемстваў з кантрольным пакетам акцыяў ва ўласнасці дзяржавы для забяспячэння абслугоўвання нерухомасці ў месцах, дзе стварэнне канкурэнцыі немагчыма (малыя населеныя пункты гарадскога тыпу, сельская мясцовасць).

Этапы развіцця камунальнай гаспадаркі.

З-за пастаяннай недастатковасці фінансавання на развіццё і рэканструкцыю аб’ектаў камунальнай гаспадаркі ўвесь час адбываецца павелічэнне колькасці аб’ектаў эксплуатуемых з перавышэннем амартызацыйных тэрмінаў і ўзрастае сабекошт камунальных паслугаў, зніжаецца іх эканамічнасць і бяспека эксплуатацыі.

У камунальнай энэргетыцы застаецца нізкай тэхнічная і эканамічная эфектыўнасць сістэм цеплазабяспячэння, высокія страты цяпла пры транспартыроўцы яго спажыўцам.

Стан вадаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі пры недастатковасці магутнасцяў па падрыхтоўцы і ачысткі піццявой вады, нізкай забяспечанасці населеных пунктаў сістэмамі збора і ачысткі сцёкавых вод, пры нерацыянальным выкарыстанні вады і высокім яе спажыванні насельніцтвам, характарызуецца пастаянным пагаршэннем якасці падземных вод.

Таму на першым этапе рэфармавання камунальнай гаспадаркі распачаць з распрацоўкі аптымальных схемаў упраўлення сістэм цепла і вадазабяспячэння, каналізацыі. Прывесці ўсе аб’екты інфраструктуры ў належны тэхнічны стан, распачаць усталяванне меней энэргаёмкага абсталявання, выкарыстання прагрэсіўных тэхналогій, завяршыць забяспячэнне крыніц і спажыўцоў прыборамі ўліку вады, уліку і рэгулявання цяпла.  Прывесці да належнага стану цеплаізаляцыю цеплавых камер і цепласетак, часткова здзейсніць пераход да дэцэнтралізацыі цеплазабяспячэння, у тым ліку і ў сельскай мясцовасці.

Камунальная інфраструктуря сяла знаходзіцца на ўзроўні каля 80% зношанасці. Акрамя таго характарызуецца высокай ступенню аварыйнасці, нізкім каэфіцыэнтам карыснага дзеяння магутнасцяў, высокімі стратамі цяпла. Да гэтай пары не вырашаны праблемы якаснага вадазабяспячэння і ачысткі сцёкавых вод у сельскіх населеных пунктах, застаюцца не вырашанымі да канца пытанні па збору цвёрдых камунальных адыходаў іх размяшчэнні і захоўванні на мініпалігонах, а таксама забяспячэнне кантэйнерамі і неабходнай тэхнікай для збора адыходаў.

На першым этапе, 2019-2020 гады, рэфармавання ЖКГ на сяле вызначыць задачы і накірункі дзеянняў па кожнаму населенаму пункту з мэтай стварэння да 2025 года ўмоваў пражывання, адпавядаючых нарматывам сацыяльнага стандарта ў галіне жыллёва-камунальнага абслугоўвання.

Да 2025 года збудаваць, аднавіць, прывесці ў адпавядаючы тэхнічны стан існуючыя кацельні, вадаправоды, сістэмы каналізацыі, электразабяспячэння, дарогі, мініпалігоны, месцы збора і захоўвання камунальных адыходаў.

Для забяспячэння паспяховага рэфармавання і стабільнага функцыянавання ЖКГ у сельскай мясцовасці плануецца выдзяленне жыллёва-камунальнага абслугоўвання сельскіх населеных пунктаў у асобную цэласную эканамічна самастойную сферу са сваімі асаблівасцямі кіравання і фінансавання.

З мэтай далейшага развіцця і мадэрнізацыі дзеючых сістэм водазабяспячэння і гарадской каналізацыі, удасканалення арганізацыйных формаў упраўлення вадаправодна-каналізацыйнай гаспадаркай, зніжэння неўліковых расходаў і страт вады ў 2019-2020 гадах стварыць у раёнах і гарадах арганізацыі вадаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі з правам юрыдычнай асобы.

Разам з гэтым, пры рэфармаванні камунальнай гаспадаркі, неабходна стварэнне ўмоваў для забяспячэння антыманапольнага рэгулявання і забяспячэння ўмоваў для канкурэнцыі сярод прадпрыемстваў розных формаў уласнасці, з найбольш прыемлімай формай упраўлення – аддзялення транспартных сетак ад спажыўцоў і прадпрыемстваў вытворчасці камунальных паслугаў.

Да гэтай пары не ліквідаваны праблемы звязаныя са станам дарожнага пакрыцця гарадскіх вуліц і дарог пры пастаянна ўзрастаючых транспартных патоках. Значная колькасць гарадскіх мастоў і пуцеправодаў не адпавядаюць нормам па інтэнсіўнасці руху транспарта, патрабуюць тэрміновых работ па іх рэканструкцыі і капітальнаму рамонту. Габарыты ўнутрыквартальных тэрыторый шэрагу населеных пунктаў не дазваляюць здзейсніць якасную працу па ўборцы тэрыторый і вывазу камунальных адыходаў спецыялізаванымі прадпрыемтсвамі. У некаторых населеных пунктах стварыліся зоны з неспрыяльным экалагічным станам і высокім узроўнем забруджвання паветра.

Таму, для выпраўлення сітуацыі, на працягу 2019-2020 гадоў неабходна прыняць меры па абследванні і распрацоўцы неабходных праектаў паэтапнага ўдасканалення пакрыцця гарадскіх вуліц і дарог, рамонту мастоў, пуцяпровадаў, будаўніцтва падземных пераходаў, шматузроўневых паркінгаў з прыцягненнем для выканання работ знешніх інвестыцый. У планы па рэканструкцыі і капітальнаму рамонту ўнутрыквартальных дваравых тэрыторый закладваць абавязковае пашырэнне праездаў і ўладкаванне разваротных пляцовак, гасцявых стаянак, дзіцячых, спартыўных, гаспадарчых пляцовак, пляцовак для выгула хатніх жывёл, павелічэнне плошчаў зялёных насаджэнняў.

Практычную рэалізацыю распрацаваных праектаў здзейсніць на працягу другога этапа – 2021-2025 гады.

Паляпшэнню экалагічнай сітуацыі ў гарадах краіны будзе спрыяць прыярытэтнае развіццё гарадскога электрычнага транспарту. На першым этапе забяспечыць яго далейшае развіццё і аднаўленне рухомага састава да нарматыўнага ўзроўня, а да 2025 года распачаць забяспячэнне і развіццё электратранспарта ў гарадах з насельніцтвам болей 100 тысяч чалавек.

Застаецца недастатковай забяспечанасць населеных пунктаў абсталяванымі месцамі збора і часовага захоўвання цвёрдых камунальных адыходаў і міні-палігонамі для іх размяшчэння ў сельскай мясцовасці. Больш 50% дзеючых палігонаў для размяшчэння камунальных адыхода маюць абмежаваны тэрмін эксплуатацыі і не адпавядаюць сучасным прыродаахоўным патрабаванням. Амаль поўная адсутнасць заводаў і прамысловых комплексаў па перапрацоўцы камунальных адыходаў прыводзіць да вельмі нізкага паказчыка па вяртанні адыходаў у гаспадарчы зварот і вядзе да пастаяннага значнага прыросту іх накаплення.

Да 2021 года плануецца ахапіць рэгулярным зборам камунальных адыходаў і палігонамі для іх размяшчэння  не толькі гарадскія і сельскія населеныя пункты, а таксама ўсе садовыя таварыствы. За гэты перыяд знізіць затраты на збор, вываз, складзіраванне і захоўванне адыходаў шляхам аптымізацыі схем санітарнай ачысткі і развіцця канкурэнтнага асяродку з прыцягненнем у гэтую сферу на конкурснай аснове арганізацый недзяржаўнай формы ўласнасці. Да 2025 года забяспечыць збор, вываз, перапрацоўку і захоўванне камунальных адыходаў ва ўсіх населеных пунктах краіны толькі на конкурснай аснове прадпрыемствамі розных форм уласнасці.

Пашырыць сістэму нарыхтовак адыходаў, адносячыхся да другаснай сыравіны, у арганізацый і насельніцтва за кошт сродкаў вытворцаў і імпарцёраў прадукцыі і тавараў, упакаваных у пластмасавую, шкляную, папяровую тару. Прыняць меры па будаўніцтву, з прыцягненнем інвестыцый, прамысловых комплексаў і заводаў па перапрацоўцы камунальных адыходаў, з выхадам да 50% перапрацоўкі камунальных адыходаў ад іх агульнага збору ў 2025 годзе.

Забяспечыць утрыманне месцаў пахавання, а таксама аказанне насельніцтву гарантаванага пераліку паслугаў пры пахаванні памерлага ў памерах дзяржаўнай дапамогі на пахаванне праз прыцягненне ў дадзеную сферу арганізацый недзяржаўнай формы ўласнасці пры наяўнасці канкурэнцыі паміж арганізацыямі. На ўмовах канкурэнцыі паміж арганізацыямі рознай формы ўласнасці забяспечыць іншыя работы па аказанні рытуальна-пахавальных паслугаў.

Навукова-тэхнічнае і інфармацыйнае забяспячэнне Канцэпцыі.

Навукова-тэхнічнае забяспячэнне Канцэпцыі гэта:

-распрацоўка і рэалізацыя эфектыўных тэхналогій, абсталявання і аўтаматызаваных сістэм кіравання на базе мікрапрацэсарнай тэхнікі і сучасных сродкаў сувязі, стварэнне эканамічнага цеплатэхнічнага абсталявання, працуючага на мясцовых відах паліва, удасканаленне гарадскога электрычнага транспарта;

-прыцягненне да распрацоўкі праграмаў, скіраваных на правядзенне эканамічнай і навукова-тэхнічнай палітыкі ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы краіны, вядучых навукова-тэхнічных, акадэмічных інстытутаў і навуковых арганізацый рэспублікі на конкурснай аснове;

-пошук метадаў і сродкаў, забяспечваючых павышэнне надзейнасці і доўгатэрміновасці эксплуатацыі аб’ектаў ЖКГ, засваенне новай канкурэнтназдольнай прадукцыі, работ, паслуг;

-правядзенне навукова-даследчых работ навуковых арганізацый сумесна з зацікаўленымі органамі дзяржаўнага кіравання, звязаных з экалагічнай бяспекай;

-удасканаленне новых інфармацыйных тэхналогій і тэхнічных сродкаў на ўсіх узроўнях кіравання жыллёва-камунальнай гаспадаркай, у тым ліку сістэм разліку аплаты за жыллёва-камунальныя паслугі, выкарыстанне магчымасцяў інтэрнэту для правядзення работ па прапагандзе мерапрыемстваў, скіраваных на развіццё і рэфармаванне жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Сацыяльная абарона насельніцтва.

Пры пераходзе арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў рэжым безстратнага функцыянавання неабходна прадугледзець шэраг мераў сацыяльнай абароны насельніцтва:

-прадастаўленне сацыяльнай дапамогі малазабяспечаным грамадзянам на аплату жыллёва-камунальных паслугаў;

-гарантаванае прадастаўленне заканадаўча ўсталяваных ільготаў і забяспячэнне мінімальных нарматываў сацыяльнага стандарта па прадастаўленні насельніцтву паслуг у галіне жыллёва-камунальнага абслугоўвання.

Выдзяленне безнаяўных субсідыяў як аднаго з відаў сацыяльнай дапамогі малазабяспечаным грамадзянам павінна быць уключана ў рамкі адзінай сістэмы сацыяльнай абароны насельніцтва.

Забяспячэнне грамадскага і дзяржаўнага кантролю.

Наяўнасць розных формаў уласнасці ў сферы ЖКГ павінны прадугледжваць надалей не толькі дзяржаўнае рэгуляванне і кантроль у пытаннях выкарыстання і забяспячэнне захаванасці жыллёвага фонда і аб’ектаў камунальнага прызначэння, забяспечваючых абавязковасць для ўсіх уласнікаў мінімальных нарматываў сацыяльнага стандарта, а і наяўнасць грамадскага кантролю праз самаарганізацыю грамадзян па месцы жыхарства за дзейнасцю прадрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і ўладных структураў упраўлення.

Наяўнасць грамадскага кантролю будзе спрыяць захаванню правіл карыстання жылымі памяшканнямі і ўтрыманню іх у неабходным тэхнічным стане, а таксама развіцці канкурэнтных рыначных адносін у галіне эксплуатацыі, рамонта і абслугоўвання аб’ектаў жыллёва-камунальнага прызначэння, фармаванню дзяржаўнай палітыкі ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы, каардынацыі дзейнасці структурных падраздзяленняў выканаўчых і распарадчых органаў.

Этапы рэалізацыі Канцэпцыі.

На першым этапе рэалізацыі Канцэпцыі – 2019 – 2020 гады дасягнуць рэалізацыі наступных крокаў па рэфармаванні жыллёва-камунальнай гаспадаркі:

-стварыць неабходныя ўмовы для стварэння прыватных і прыватызацыі дзеючых арганізацый ЖКГ з мэтай забяспячэння канкурэнцыі па аказанні жыллёва-камунальных паслугаў;

-сфармаваць умовы для пашырэння недзяржаўных арганізацыйных форм эксплуатацыі жыллёвага фонда – таварыствы уласнікаў (ТУ), сумесныя домаўладанні, іншыя формы;

-забяспечыць пераход на фармаванне дагаварных адносін у сферы жыллёва-камунальнага абслугоўвання на конкурснай аснове;

-за кошт аптымізацыі кіруючых структураў, скарачэння кіруючага персанала ў цэнтры і на месцах, знізіць затратнасць гаспадарання арганізацый і прадпрыемстваў ЖКГ;

-на заканадаўчым узроўні ўпарадачыць вызначэнне адзіных сацыяльных стандартаў у вобласці жыллёва-камунальнага абслугоўвання, а таксама сістэму ільготаў для асобных катэгорыяў грамадзян у выглядзе безнаяўных жыллёвых субсідыяў;

-за кошт аптымізацыі ўпраўленчых структураў на ўсіх узроўнях у сферы ЖКГ забяспечыць прафесійнае кіраванне жылым фондам, камунальнай цеплаэнэргетыкай, вадаправодна-каналізацыйнай гаспадаркай, іншымі відамі дзейнасці ў жыллёва-камунальнай сферы;

-распрацаваць новыя, або адкарэктаваць існуючыя схемы цеплазабяспячэння населеных пунктаў, аптымізаваць работу крыніц цеплавой энэргіі са стварэннем альтэрнатыўных крыніц і варыянтаў ацяплення і гарачага вадазабяспячэння аб’ектаў жыллёва-камунальнай і сацыяльнай сфераў;

-актывізаваць перадачу ў прыватную ўласнасць аб’ектаў баннай і гасцінічнай гаспадаркі;

-вызначыцца з падыходамі па далейшай эксплуатацыі буйнапанэльных жылых дамоў першых масавых серый з улікам заканчэння іх эксплуатацыйных тэрмінаў;

-прыняць меры па перадачы непрофільных для жыллёва-камунальнай гаспадаркі аб’ектаў адпаведным органам дзяржаўнага кіравання, а таксама арганізацый па выхаваўчай, фізкультурна-аздараўляльнай і пашпартнай рабоце па месцы жыхарства, па прадастаўленні грамадзянам безнаяўных жыллёвых субсідый;

-рэфармаваць сістэму прафесійнай падрыхтоўкі кадраў для жыллёва-камунальнай гаспадаркі з улікам пашырэння і развіцця недзяржаўных арганізацыйных форм эксплуатацыі жыллёвага фонда.

На другім этапе, 2021 – 2025

-за кошт стварэння і развіцця прыватных прадпрыемстваў у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, давесці долю жыллёвага фонда, абслугоўваемага на конкурснай аснове да 80%;

-удасканаліць сістэму аплаты жыллёва-камунальных паслугаў з унясеннем зменаў у дзеючае заканадаўства і ўзмацненнем сацыяльнай абароны насельніцтва, забяспечыць збор плацяжоў за аказваемыя жаллёва-камунальныя паслугі спецыялізаванымі разліковымі цэнтрамі на конкурснай аснове;

-ажыццявіць перадачу ў прыватную ўласнасць аб’ектаў лазневай і гасцінічнай гаспадаркі з адначасовым пашырэннем пераліку аказваемых паслугаў;

-на працягу 2021-2025 гадоў правесці перасяленне жыхароў буйнапанэльных жылых дамоў першых масавых серый, непрыгодных для эксплуатацыі, у новапабудаванае жыллё за кошт сродкаў дзяржаўнага бюджэта, інвестыцый, сродкаў грамадзян;

-завяршыць работы па мадэрнізацыі і цеплавой рэабілітацыі буйнапанэльных жылых дамоў першых масавых серый, прыгодных для эксплуатацыі;

-пашырыць забяспечанасць сельскіх населеных пунктаў рознымі відамі інжынернай інфраструктуры згодна сацыяльных стандартаў праз стварэнне прыватных арганізацый вадаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі, дэцэнтралізацыі сістэм цеплазабяспячэння, гарачага вадазабяспячэння аб’ектаў жыллёвага фонда і сацыяльнай сферы;

-ажыццявіць пераход ЖКГ на работу ў рэжыме безстратнага функцыянавання з улікам перахода на поўную аплату насельніцтвам затрат на ўтрыманне і рамонт жылых памяшканняў, камунальных паслугаў за кошт скарачэння расходаў прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай сферы, пры захаванні адраснай сацыяльнай абароны насельніцтва ў выглядзе безнаяўных жыллёвых субсідый;

-забяспечыць стварэнне рэспубліканскага банка жыллёва-камунальнай гаспадаркі з мэтай удасканалення работы па збору плацяжоў ад насельніцтва за жыллёва-камунальныя паслугі, а таксама пашырэння інвестацыйнай і інавацыйнай дзейнасці ў рэалізацыі высокарэнтабельных праектаў развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі, будаўніцтва і рэканструкцыі аб’ектаў ЖКГ;

-распрацаваць і ажыццявіць механізм абавязковага страхавання жылых памяшканняў у шматкватэрных жылых дамах.

Такім чынам, на другім этапе рэфармавання ЖКГ, 2021 – 2025 гады, удасца дасягнуць дзеючых тарыфаў на ЖКП для насельніцтва адпавядаючых 100-працэнтным затратам на іх вытворчасць, уключаючых крыніцы расходаў на пашырэнне вытворчасці, а таксама расходаў па абавязковым страхаванні жылых памяшканняў.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Лістапад 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.