Партыя БНФ » Павал Белавус: “Файна, што бізнес пачаў падтрымліваць беларушчыну”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Павал Белавус: “Файна, што бізнес пачаў падтрымліваць беларушчыну”

Дададзена 21.09.2019 12:02:19 | 336 праглядаў

Па любімых месцах Мiнска з Паўлам Белавусам прагуляліся журналісты тыднёвіка “Белгазета”.

Заснавальнік і кіраўнік крамы Symbal.by Павел Белавус ведае, які нацыянальны сімвал беларусы лічаць галоўным. А яшчэ ён упэўнены, што сёння ў Мінску нямала месцаў, дзе можна абсалютна бясплатна нешта арганізаваць і рэалізаваць цікавую ідэю. Было б жаданне…

«Файна, што бізнес пачаў падтрымліваць беларушчыну»

  Фото: Павел Белавус: «Трэба прыцягваць да беларускага пазітыўнымі прыкладамі»

СКРЫЖАВАННЕ МАШЭРАВА І КУЙБЫШАВА: «ТУТ ШМАТ ЧАГО АДБЫВАЛАСЯ»

- Я нарадзіўся ў Лідзе, скончыў універсітэт у Брэсце. Ужо ў студэнцкія гады пачаў актыўна займацца грамадскай дзейнасцю. Памятаю адно з першых уражанняў пра Мінск: еду на трамваі і бачу будынак, на якім лунае бел-чырвона-белы сцяг. Я ведаў, што за ўжыванне гэтай сімволікі затрымліваюць, даюць штрафы, нават  можна сесці ў турму. Таму быў вельмі здзіўлены. Потым даведаўся, што гэта – сядзіба Партыі БНФ. Тады яна знаходзілася на вуліцы Варвашэні, 8, якая потым стала праспектам Машэрава. І менавіта сядзіба БНФ стала тым месцам, якое, калі я прыязджаў у Мінск, наведваў у першую чаргу. Калі пачаў больш актыўна займацца грамадска-палітычнымі справамі, стаў сябрам «Моладзі БНФ». У гэтым будынку шмат чаго адбывалася: канцэрты, сустрэчы, літаратурныя вечарыны, сходы, з’езды… Памятаю, як у 2009г. прыдумаў праект «Цішоткі вольных беларусаў». Гэта мне было цікава ўжо тады. Мы абвясцілі конкурс на лепшы дызайн. Пераможцы атрымалі падарункі, а мы іх ідэі надрукавалі на цішотках. І гэтыя цішоткі я прынёс у сядзібу БНФ. Тады там было адзінае месца ў горадзе, дзе можна было набыць рэчы з нацыянальнай сімволікай. Такім чынам, менавіта сядзіба, можна сказаць, паклала пачатак майму бізнесу.

 

У 2011г. гэтае памяшканне ў партыі забралі. І па сутнасці, знік сваеасаблівы цэнтр камунікацый. Рэальна ў нас не было месца, дзе можна збірацца людзям, якія шануюць беларускую мову, традыцыі, сімволіку, генераваць нейкія ідэі, нешта рэалізоўваць. Гэта стала сапраўдным штуршком для стварэння «Арт Сядзібы». У той момант я як раз скончыў універсітэт, адпрацаваў па размеркаванні і думаў, што рабіць далей. Вельмі хацелася самарэалізацыі. Тады пасябраваў з Франакам Вячоркам. Яго бацька кіраваў БНФ, Франак аб’ядноўваў моладзь. Ён ужо быў вядомы лідэр, а я – яшчэ нікому не вядомы рэгіянальны актывіст. Вось з ім і Змітром Афанасенкам мы і вырашылі стварыць свой цэнтр камунiкацый. Да таго ж гэта было сапраўды неабходна. Тады ў Мінску было вельма мала месцаў, дзе можна было нешта арганізаваць. Галерэя «Ў», бар «Графіці» і, здаецца, усё.

Цікава, што месца, якое мы знайшлі пад нашу сядзібу, знаходзілася зусім побач з офісам БНФ- на вуліцы Куйбышава, у былым памяшканні завода «Гарызонт». Я ўбачыў на будынку завода аб’яву, што здаюцца памяшканні ў арэнду. Патэлефанаваў, выявілася, што вельмі танна. Так мы ўзялі 50 квадратных метраў былога завадскога цэха. Запрасілі графітыстаў, прынеслі сваю мэблю. І амаль адразу пачалі праводзіць мерапрыемствы. Практычна за месяц «Арт Сядзіба» стала папулярнай крэатыўнай вольнай пляцоўкай. Кожны дзень там нешта адбывалася. У сядзібе збіраліся маладыя паэты, праходзілі музычныя вечары, паказы фільмаў. Хто толькі там не бываў! І ўжо знакамітыя асобы, як, напрыклад, Андрэй Курэйчык ці Лявон Вольскі, і на той момант нікому не знаёмыя паэты і музыканты. Алег Саўчанка, зараз лідэр вельмі папулярнага гурта «ЛСП», праводзіў там свае першыя рэп-кватэрнікі. На адкрыцці «Арт-сядзібы» адбыўся па сутнасці першы сольнік Паліны Рэспублікі. Зараз я часта аналізую, што змянілася за восем гадоў. Я ўжо не кірую сядзібай, прыйшло новае пакаленне, якое працягвае нашы пачынанні. Але сёння патрэба ў «Арт-сядзібе» менавіта як у пляцоўцы для правядзення нейкіх мерапрыемстваў знікла. Зараз у Мінску нямала месцаў, дзе можна абсалютна бясплатна нешта арганізоўваць. Ты праводзіш мерапрыемства, прыводзіш туды людзей, а значыць, патэнцыйных кліентаў. Атрымліваецца ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. Вось 23 жніўня у гонар пяцігоддзя Symbal.by мы правялі маштабны фестываль на пляцоўцы «Пясочніца». Прастору нам далі бясплатна, бо было зразумела, што прыйдзе шмат людзей. І насамрэч прыйшло каля 9 тыс. Сёння з’явілася канкурэнцыя, і гэта вельмі добра, але часта ўжо не хапае напаўнення. У гэтым плане адбылася эвалюцыя «Арт Сядзібы»: ад кола сяброў, якім была патрэбна самарэалізацыя, да арганізацыі, якой ужо самой нешта прапануюць.

 

Увогуле, так атрымалася, што апошнія 10 гадоў майго жыцця звязаны менавіта як раз з гэтым скрыжаваннем Машэрава і Куйбышава. Тут знаходзіцца і крама Symbal.by.

 

КРАМА SYMBAL.BY: «ГЭТА – ВІЗУАЛЬНЫ КРОК ДА РОДНАГА»

- Цікавым чынам атрымалася, што сёння крама Symbal.by знаходзіцца таксама на праспекце Машэрава. Прычым сядзіба БНФ была ў доме нумар 8, а крама – у 18-м. Многія нават думаюць, што гэта і ёсць былы офіс партыі.

Тут крама працуе ўжо два гады. Раней яна знаходзілася ў гандлёвым цэнтры. Але мы зразумелі, што выраслі і тое памяшканне ўжо не падыходзіць. Хацелася, каб было сваё месца, з асобным уваходам – сапраўдная крама, а не кропка выдачы замоў.

А пачалося ўсё менавіта з «Арт-сядзібы». Гэта быў цалкам некамерцыйны праект. Але на правядзенне мерапрыемстваў патрэбны былі грошы. Часам здавалі памяшканне ў арэнду, праводзілі камерцыйныя фэсты, канцэрты. Шукалі спонсарскую падтрымку. У адзін момант стала зразумела, што гэта трэба альбо ператвараць у пастаянную працу, альбо кідаць. Тады мы праводзілі кампанію па наданні бела-чырвона-беламу сцягу статусу гістарычнай каштоўнасці, таксама папулярызавалі беларускую сімволіку, у тым ліку арнамент, «Пагоню». І вельмі часта, калі распавядалі людзям пра гэта, яны пыталіся, дзе можна набыць тую ж вышыванку ці сцяг. Стала зразумела, што ёсць попыт, але няма прапановы. Спачатку гэта была, на першы погляд, простая цішотка, якая імітавала вышыванку. Але мы атрымалі такую колькасць зваротаў, што першы месяц нават не спраўляліся з усімі. Стала відавочна, што трэба адчыняць краму. Спачатку ў нас было 10 пазіцый, сёння іх ўжо каля 1000. Гэта і сувеніры, і вопратка, і кнігі… Чаго толькі няма. І калі спачатку нам трэба было нешта выдумляць, то зараз самі вытворцы, дызайнеры, рамеснікі прапаноўваюць ідэі. А нам даводзіцца выбіраць. Праз інтэрнет-краму атрымліваем замовы з усяго свету. Такім чынам, з некамерцыйнага праекта, які шукаў грошы на розныя грамадскія справы, сталі зарабляць і ўжо выдаткоўваць на цікавыя сацыяльна значныя ідэі.

Калі адчынялі, разумелі, што могуць быць пытанні. Але былі ўжо натрэніраваныя. Важна было паспрабаваць. Галоўнае, што мы ведалі законы. Працуючы ў напрамку надання статусу гістарычнай каштоўнасці бела-чырвона-беламу сцягу, адпраўлялі запыты ў многія дзяржаўныя структуры. І ўсе нам казалі, што гэты сімвал нікім не забаронены. Але былі выпадкі, калі паступалі ананімныя скаргі, што мы нібыта прадаем прадукцыю з нацысцкай сімволікай. Прыходзіла міліцыя. Зразумела, што фашысцкага і нацысцкага ў нас нічога няма. Я заўсёды кажу, што гэта першыя дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь, пад якімі прэзідэнт Лукашэнка прымаў прысягу. Сёння іншыя дзяржаўныя сімвалы, але гэтыя – менавіта тыя, першыя.

 

Зараз ў асартыменце шмат маек і вышыванак. Амаль у кожнай свой аўтар. З намі працуюць каля 30 дызайнераў. Ужо адкрылі сваю швейную вытворчасць. У якасці прынтаў выкарыстоўваем ня толькі нацыянальныя сімвалы, але і абыгрываем сацыяльна значныя праблемы. З апошняга – цішотка з аўтазакам. Ідэя была мая, а маляваў дызайнер. Абыгралі ў выглядзе каруселі. Таксама звярталіся да тэм Курапатаў, дармаедаў. Вось майка, дзе напісана «Гамон». Так, тут прысутнічае гульня слоў: ОМОН – гамон. Але мала хто ведае, як гэта слова перакладаецца. А гэта – пераклад вядомога рускага мата.

Калі пачыналі, вырашылі вызначыць, які нацыянальны сімвал галоўным лічаць самі беларусы. Спачатку проста збіралі меркаванні. Потым склалі топ і выставілі на галасаванне. У гэты топ трапілі «Пагоня», шасціканцовы крыж Ефрасінні Полацкай, які ёсць як раз на «Пагоні», арнамент, а дакладней, васьміканцовая зорка і «Калюмны». Апошні – адзін з самых старажытных сімвалаў, але пра яго мала хто ведае. Гэта знак, які быў сімвалам роду Гедыміна. Зрэшты, перамагла «Пагоня».

Я лічу, што нельга прымушаць людзей любіць беларускае, размаўляць па-беларуску ці шанаваць нейкiя каштоўнасці. Трэба прыцягваць да беларускага пазітыўнымі прыкладамі. Файна, што апошнім часам у гэтым плане пачаў актыўна дапамагаць бізнэс. Дзяржава якасных прадуктаў па-беларуску амаль не робіць. Часцей яна пераймае нашы ідэі і робіць рэмейкі.

Не так даўно з нагоды беларускага самавызначэння выказалася Святлана Алексіевіч. На яе думку, трэба, каб беларусы зразумелі, што яны менавіта беларусы і адчулі сябе беларусамі. І мы працуем менавіта ў гэтым накірунку. Каб той, хто апрануў майку з «Пагоняй» ці зубрам, зразумеў, што ён беларус, жыве ў гэтай краіне і яму ёсць чым ганарыцца. Гэта – візуальны крок да роднага.

Гутарыла Юлiя ГУНАШВIЛI, фота Аляксандры ЗОТАВАЙ

Паводле тыднёвіка “Белгазета

Кастрычнік 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.