Партыя БНФ » Не — зьнішчэньню незалежнасьці пад выглядам “эканамічнай інтэграцыі”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Не — зьнішчэньню незалежнасьці пад выглядам “эканамічнай інтэграцыі”

Дададзена 21.09.2019 1:36:19 | 1,004 праглядаў

Не — зьнішчэньню беларускай незалежнасьці пад выглядам “эканамічнай інтэграцыі зь Расеяй”

Заява Зьезду Партыі БНФ, 21 верасьня 2019 году

бнф logo

У чарговы раз над нашай краінай і беларускім народам навісла сьмяротная пагроза страты ўласнай незалежнасьці ды свабоды і паняволеньня пад дыктатам крамлёўскай тыраніі ды расейскіх алігархаў. Гэтым разам захоп Беларусі рыхтуецца не расейскім войскам, хоць і такая небясьпека ўзрастае таксама разам з маніякальным жаданьнем Крамля любым коштам захопліваць кантроль над суседнімі краінамі. Сёньня зьнішчэньне Беларусі спрабуюць правесьці пад выглядам “эканамічнай інтэграцыі з Расеяй”.

Партыя БНФ неаднаразова заяўляла, што любая эканамічная інтэграцыя Беларусі з Расеяй непазьбежна абарочваецца стратай беларусамі кантролю над нашай уласнасьцю, вытворчасьцю, інфраструктурай, фінансавай сістэмай на карысьць Масквы. Мы бачым, што рэчаіснасьць цалкам падцьвярджае нашыя заявы. Любыя размовы аб роўнасьці пры інтэграцыі з Расеяй зьяўляюцца непрыхываным падманам беларусаў. Любы новы крок па стварэньні супольных з Расеяй органаў або дамоваў толькі пагаршае стан і пэрспэктывы  беларускай эканомікі, толькі ўзмацняе крытычную залежнасьць ды фатальную небясьпеку ад Крамля.

Нашае асаблівае абурэньне выклікае той факт, што зьмест меркаваных новых пагадненьняў з Расеяй, а таксама поўную інфармацыю аб хадзе перамоваў з Масквой хаваюць ад беларускага народу. Гэта можа сьведчыць толькі аб намерах таемна падрыхтаваць ды падпісаць невыгодныя ды непатрэбныя беларусам пагадненьні, у выніку якіх гаспадарыць на нашай зямлі ды фактычна валодаць беларускай маёмасьцю ды лёсамі беларусаў стануць чужынцы.

Партыя БНФ патрабуе неадкладнага апублічваньня зьместу праектаў усіх пагадненьняў ды перамоваў з расейскімі дзяржаўнымі органамі, якія былі падрыхтаваныя беларускім урадам да цяперашняга моманту, а таксама агучваньня ўсіх папярэдніх дамоваў, што заключаныя паміж урадамі Рэспублікі Беларусь ды Расеі.

Партыя БНФ рашуча патрабуе ад цяперашніх уладаў Беларусі выхаду з любых перамоваў з Расеяй адносна пытаньняў эканамічнай інтэграцыі нашых краінаў, бо любыя новыя пагадненьні супярэчаць інтарэсам беларускага народу ды будуць падрываць сувэрэнітэт краіны.

Партыя БНФ заяўляе, што неабходнымі і неад’емнымі складнікамі дзяржаўнай незалежнасьці зьяўляюцца самастойная вайсковая, зьнешняя, фінансавая ды эканамічная палітыка. Усе дамовы аб стварэньні супольных наднацыянальных органаў з Расеяй, што былі падпісаныя з 1996 году да гэтага часу, нясуць пагрозу дзяржаўнай незалежнасьці краіны і мусяць быць дэнансаваныя як мага хутчэй.

Партыя БНФ заяўляе, што любыя інтэграцыйныя дамовы з Расеяй – незаконныя нават на этапе іх падрыхтоўкі, бо супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Падрыў дзяржаўнага сувэрэнітэту зьяўляецца цяжкім крымінальным злачынствам, і ўсе датычныя не пазьбегнуць справядлівага суду. Цьвёрдая пазыцыя Партыі БНФ палягае ў тым, што ўсе інтэграцыйныя дамовы з Расейскай Фэдэрацыяй, якія супярэчаць нацыянальным інтарэсам, будуць дэнансаваныя пасьля зьмены рэжыму, у аднабаковым парадку.

Партыя БНФ заяўляе, што любыя размовы цяперашніх уладаў пра незалежнасьць і яе каштоўнасьць застаюцца пустым гукам, пакуль у краіне працягваецца татальная русыфікацыя і адсутнічае належнае патрыятычнае выхаваньне ў школах ды ў войску, пакуль за кошт уласнай мовы ды гісторыі беларусам за іх уласныя грошы ды падаткі даводзіцца вучыць чужую гісторыю ды мову пад выглядам сваёй.

Партыя БНФ нагадвае ўсім суб’ектам беларускай палітыкі, што адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам сувэрэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь зьяўляецца народ.

Мы зьвяртаемся да кожнага грамадзяніна з заклікам:

-        Выступіць  супраць дамоваў з Расеяй;

-        Аб’ядноўвацца  вакол нацыянальна-дэмакратычных сілаў;

-        Быць гатовым абараняць Незалежнасьць нашай краіны любымі даступнымі сродкамі.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Травень 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кра    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.