Слонімская арганізацыя БНФ падала скаргу ў суд на адмову ва ўключэнні прадстаўнікоў БНФ у выбарчыя камісіі
Дададзена 06.10.2019 1:09:27 | 836 праглядаў 4 кастрычніка, кіраўнік Слонімскай рады грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэнне” Павел Севасцьян падаў скаргу ў суд Слонімскага раёна на рашэнне Слонімскага райвыканкаму.
Рэч у тым, што 2 кастрычніка адбылося пасяджэнне Слонімскага райвыканкаму на якім разглядалася пытанне пра фармаванне ўчастковых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.
Слонімская арганізацыя грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэнне” у склад дзесяці участковых камісій (адзін у Зэльвенскім раёне) вылучыла па адным сваім прадстаўніку. Аднак члены Слонімскага райвыканкама ніводнага прадстаўніка дэмакратычных сіл, якія маглі б прадухіліць фальсіфікацыі, не ўключылі. Адзінай прычынай неўключэння ва ўчастковую выбарчую камісію называлася тое, што заяўленыя кандыдатуры нібыта не маюць вопыту працы ў выбарчых камісіях. Хоць прадстаўнікі дэмакратычных сіл маюць вялікі досвед удзелу ў выбарчых кампаніях як кандыдаты і назіральнікі. І ў выбарчым заканадаўстве разбіраюцца лепш за бальшыню тых, каго пастаянна ўключаюць у склад камісій.
Трэба адзначыць, што у склад участковай выбарчай камісіі не ўключылі нават Уладзіміра Бруцкага, які двойчы працаваў у камісіях і мае вопыт. І ўвогуле, адсутнасць досведу працы ў выбарчых камісіях не можа з’яўляцца крытэрам для неўключэння ў склад выбарчых камісій.
Незалежных прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій чамусьці не ўключаюць, за тое ўключаюць тых, хто на мінулых выбарах у адкрытую парушаў выбарчае заканадаўства і падтасоўваў вынікі выбараў.
У сваёй скарзе Павел Севасцьян просіць Слонімскі суд прызнаць рашэнне Слонімскага раённага выканаўчага камітэта па фармаванні ўчастковых выбарчых камісіі незаконным і парушаючым правы заяўніка. І просіць абавязаць Слонімскі раённы выканаўчы камітэт прыняць новае рашэнне аб фармаванні ўчастковых выбарчых камісій з уключэннем у іх склад прадстаўнікоў арганізацыі.
У трохдзённы тэрмін суд павінен абвесціць сваё рашэнне.
|