Партыя БНФ » Суд у Віцебску адмовіўся перагледзіць склад участковых выбарчых камісій
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Суд у Віцебску адмовіўся перагледзіць склад участковых выбарчых камісій

Дададзена 10.10.2019 12:17:53 | 328 праглядаў

8 кастрычніка ў судзе Першамайскага раёну Віцебску прадстаўнікі апазыцыйных Партыі БНФ і АГП спрабавалі абскардзіць неўключэньне сваіх сябраў у склад участковых выбарчых камісій. Суд скаргі не задаволіў.

sud_neukluchenneІнтарэсы сябраў Партыі БНФ у судзе адстойваў старшыня абласной арганізацыі Кастусь Смолікаў. Справу разглядала суддзя Святлана Абрамава. Адміністрацыю Першамайскага раёну прадстаўляла кіраўніца аддзелу арганізацыйна-кадравай працы Таццяна Лазуркіна.

Адначасна ў другой залі суду пазоў аб неўключэнні ва ўчастковыя выбарчыя камісіі Першамайскага раёну 19-ці прадстаўнікоў АГП разглядала суддзя Алена Савіцкая. Інтарэсы партыйных вылучэнцаў абаранялі кіраўнічка гарадзкой арганізацыі АГП Ірына Яскевіч і прадстаўніца правай кааліцыі Таццяна Севярынец. Ад Першамайскай адміністрацыі ў судзе прысутнічала начальніца юрыдычнага аддзелу Вікторыя Піменава.

Кастусь Смолікаў і Ірына Яскевіч заявілі хадайніцтвы аб удзеле ў працэсах прадстаўніка Беларускага Хельсінкскага камітэту Паўла Левінава. Хадайніцтвы былі задаволеныя.

Адзначым, што абодва судовыя працэсы праводзіліся на беларускай мове. Хадайніцтва прадстаўніцы адміністрацыі Таццяны Лазуркінай аб вядзенні паседжаньня па-руску было адхіленае.

Чаму ўлада не карыстаецца багатым досведам партыйцаў?

Кастусь Смолікаў звярнуў увагу суду на тое, што ад 2001-га году ніводны прадстаўнік партыі БНФ ва ўчастковыя выбарчыя камісіі Віцебску не патрапіў. Смолікаў выказаў здзіўленне, чаму адміністрацыя раёну не скарысталася багатым досведам партыйцаў, за плячыма якіх маецца ўдзел у многіх выбарчых кампаніях.

Таццяна Лазуркіна, адказваючы на прэтэнзіі, запэўніла, што зацверджанне сябраў выбарчых камісій “адбывалася ў строгай адпаведнасці з заканадаўствам”.

Павел Левінаў, у сваю чаргу, агучыў пункт гледжання грамадзкага аб’яднання БХК наконт законнасці правядзення сёлетніх парламенцкіх выбараў. Звярнуў увагу на тое, што кіраўнік краіны сваім указам № 294 ад 5 жніўня 2019 году прызначыў выбары ў Палату прадстаўнікоў на 17 лістапада, хоць Канстытуцыя дакладна вызначае тэрміны паўнамоцтваў дзейснага парламенту на чатыры гады. Парламент распачаў працу 11 кастрычніка 2016 году, і, згодна з заканадаўствам, ягоныя паўнамоцтвы мусілі быць завершаныя не пазней 11 кастрычніка 2020 году. Атрымліваецца, дзейныя дэпутаты не дапрацуюць 11 месяцаў. І гэта – без аніякіх прававых абгрунтаванняў. Правядзенне дачасных выбараў супярэчыць Канстытуцыі, таму, на думку Левінава, адміністрацыя Першамайскага раёну мусіла адмовіцца ад утварэння ўчастковых выбарчых камісій і паставіць пытанне аб неканстытуцыйнасці Указу № 294.

Суд прыняў заяву да ведама і працягнуў разгляд справы.

 У камісіях – амаль усе знаёмыя твары

Кастусь Смолікаў папрасіў адказаць прадстаўніцу райвыканкаму, наколькі змяніўся склад участковых камісій у параўнанні з леташнімі выбарамі. Замест чыноўніцы на пытанне адказаў Павел Левінаў, які паспеў ужо прааналізаваць склад камісій. Аказалася, што ў некаторых камісіях 14 з 15 чалавек уваходзілі ў склад камісій у мінулым годзе. У многіх сябры мінулагодніх камісій складалі больш за палову. Участковых камісій, якія б былі абноўленыя на 100%, не аказалася зусім.

Павел Левінаў звярнуў увагу таксама і на тое, што ў склад участковых камісій аднагалосна былі ўключаныя асобы, якія летась былі заўважаныя ў фальсіфікацыі дакументаў.

Прадстаўнікі райвыканкаму так і не здолелі патлумачыць пазоўнікам у судзе, чаму ў склад участковай камісіі ўключаюцца аж 15 прадстаўнікоў аднаго працоўнага калектыву і – ніводнага прадстаўніка апазыцыйнай партыі.

Тым не менш, суд пакінуў рашэнне адміністрацыі Першамайскага раёну без зменаў, а скаргі – без задавальнення.

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»

Снежань 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.