Партыя БНФ » Намеснік старшыні БНФ Аляксей Янукевіч: “Суды не задаволілі скаргі кампаніі “Права Выбару” на фармаванне ўчастковых камісіяў”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Намеснік старшыні БНФ Аляксей Янукевіч: “Суды не задаволілі скаргі кампаніі “Права Выбару” на фармаванне ўчастковых камісіяў”

Дададзена 12.10.2019 12:33:24 | 252 праглядаў

Суды не задаволілі скаргі кампаніі назірання „Права выбару” на фармаванне ўчастковых выбарчых камісій, паведаміў БелаПАН намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Паводле яго словаў, якія цытуе Беларускае Радыё Рацыя, было пададзена прыблізна два дзясяткі скаргаў у раённыя суды акругаў, дзе кампанія вылучала сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбаркамы.

Аляксей Янукевіч„Ніводная са скаргаў не была задаволеная. Суды пакінулі ў сіле рашэнні аб фармаванні ўчастковых камісій”, — сказаў Янукевіч.

Ён адзначыў, што пры азнаямленні з матэрыяламі спраў прадстаўнікамі кампаніі былі выяўленыя парушэнні ў афармленні дакументаў.

„Напрыклад, калі знаёміліся з матэрыяламі справы ў судзе Лагойскага раёна, нас цікавілі пратаколы вылучэння людзей, уключаных у склад выбарчых камісій. Было шмат парушэнняў. Так, у пратаколе ад Камуністычнай партыі адсутнічалі вынікі галасавання. У некаторых праўладных членаў камісій не былі цалкам пазначаныя адрасы, у пратаколах вылучэнцаў арганізацый альбо няма інфармацыі аб юрыдычных адрасах, альбо няпоўныя звесткі. З такімі пратаколамі нікога нельга было ўключаць у склад камісій”, — растлумачыў ён.

Янукевіч адзначыў, што пры разглядзе скаргаў у некаторых мінскіх судах пратаколы вылучэння наогул адсутнічалі ў матэрыялах справы.

„Я ўпэўнены, што ўлады вырашылі не ўключаць пратаколы ў матэрыялы справы з-за масы парушэнняў. Гэта сведчыць, што рашэнні аб фармаванні камісіі прымаліся зыходзячы з палітычнай мэтазгоднасці. Патрэбныя людзі ўключаліся, непатрэбныя выкрэсліваліся. І, натуральна, участковыя выбарчыя камісіі, якія нясуць асноўны цяжар па падліку галасоў, сфармаваныя фактычна без дэмакратычных і апазіцыйных сіл, не могуць выклікаць давер у грамадства”, — перакананы ён.

У кампанію назірання „Права выбару” ўваходзяць Партыя БНФ, аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), рух „За Свабоду”, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя „Зялёныя”, аргкамітэт па стварэнні Партыі свабоды і прагрэсу, незалежны прафсаюз РЭП. Кампанія „Права выбару” вылучыла 401 чалавека ва ўчастковыя выбарчыя камісіі ў 17 акругах, прайшлі — трое. Усяго па Беларусі ва ўчастковыя выбаркамы ўвайшоў 21 прадстаўнік апазіцыі, а агульная колькасць членаў выбаркамаў складае 63.646.

Міжнародныя і незалежныя назіральнікі неаднаразова звярталі ўвагу на адсутнасць у выбарчых камісіях прадстаўнікоў апазіцыі. Камісіі, створаныя толькі з прадстаўнікоў праўладных партый і арганізацый, не могуць забяспечыць празрыстасць і дэмакратычнасць выбарчай кампаніі, заяўлялі яны.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць 17 лістапада.

Кастрычнік 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.