Партыя БНФ » Віктар Марчык: “Улада сваімі законамі і дэкрэтамі штурхае ў палітыку”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Віктар Марчык: “Улада сваімі законамі і дэкрэтамі штурхае ў палітыку”

Дададзена 21.10.2019 7:26:44 | 292 праглядаў

Кандыдат у дэпутаты ад Партыі БНФ Віктар Марчык распавёў, як прайшла кампанія збору подпісаў у Слоніме.

Марчык-800x400Прадстаўніка  Партыі БНФ Віктара Марчыка ў Слоніме ведаюць многія. Ён нястомна ўдзельнічае ў розных мерапрыемствах, дзе трэба абараніць інтарэсы простых людзей. Зусім хутка адбудуцца выбары дэпутатаў «палаты прадстаўнікоў». Віктар балатуецца ў дэпутаты. Аб тым, як ён рыхтуецца да важнага мерапрыемства, карэспандэнт «Слонімскай газеты» даведаўся з першых вуснаў.

— Нядаўна скончылася кампанія збору подпісаў. Як яна прайшла?

- Этап збору подпісаў праходзіў вельмі актыўна, нягледзячы на тое, што людзі жывуць пад страхам страціць працу, за якую атрымліваюць жабрацкія грошы. Мы ездзілі па рэгіёне, даведваліся пра праблемы, з якімі народ сутыкаецца, знаёміліся са сваімі патэнцыяльнымі выбаршчыкамі. Народ зняверыўся ў дзеай уладзе, перастаў верыць сістэме. Ён таксама пачаў разумець, што парламенцкія «выбары» нічога не вызначаюць і што нашы «дэпутаты» нічога не робяць.

- Ці адчулі вы, што людзі гатовыя змагацца за свае правы?

- Барацьба за свае правы і справядлівыя выбары іх пакуль не цікавіць. Але ўсё часцей народ агучвае сваю пазіцыю па незалежнасці Беларусі ад Расеі. Калі мы былі ў Зэльве, адна з жанчын пенсійнага ўзросту сказала, што гатовая з сынамі ўзяць вілы, каб бараніць незалежнасць. Яе словы мяне здзівілі. Раней такога не было. Ёсць жа кантынгент, які плыве па плыні: пражылі дзень, чарка-скварка на стале ёсць – ды і дзякуй богу. Для такіх людзей асноўная крыніца інфармацыі – тэлевізар. Яны замбаваныя ім настолькі, што не могуць супаставіць словы Лукашэнкі з дзеяннямі. Але такіх ужо мала. Людзям надакучыла дзейная ўлада і тое, што дзеецца ў Беларусі. Толькі адны гатовыя выйсці з віламі ў руках, а іншыя церпяць, падладжваюцца або з’язджаюць з краіны. Але гэта не выйсце. Трэба аб’ядноўвацца грамадству, браць свой лёс ва ўласныя рукі і думаць не толькі пра сябе, але і пра будучыню сваіх дзяцей і ўнукаў.

— Што даў Вам удзел у пікетах?

- Перш за ўсё, гутаркі з народам. Цікава было пачуць яго меркаванне. А яшчэ я зразумеў, што людзі ў нашай акрузе імкнуцца выжываць. Часта распавядалі аб сваіх праблемах. Чалавек з Азярніцы распавёў, што прасіў ля райвыканкама надзел зямлі. Яму адмовілі. На ягоную думку, гэта не было выгадна чыноўнікам. І гэта не адзінкавы выпадак. На пікетах часта падыходзілі людзі, якіх я бачыў упершыню, ціснулі руку, дзякавалі за жыццёвую пазіцыю і дзеянні, якія праводзяцца.

- Скажыце, а што наогул прымусіла заняцца палітычнай дзейнасцю?

- Усё пачалося ў 2000 годзе, тады я працаваў прадпрымальнікам. Мяне не цікавіла палітыка. Я працаваў на карысць сям’і. Аднак увядзенне новых законаў і дэкрэтаў, якія тычацца прадпрымальніцкай дзейнасці, прымусіла нас, прадпрымальнікаў, абараняць свой бізнэс. Мы выходзілі на мітынгі, страйкі. У 2005 годзе я зразумеў, што без удзелу ў палітычнай дзейнасці нашы пытанні самі па сабе не развяжуцца. Улада са сваімі законамі і дэкрэтамі падштурхнула заняцца палітыкай і стаць у апазіцыю да палітыкі кіраўніцтва краіны.

- Вашу пазіцыю падтрымала сям’я?

- Не ўсё было адназначна. У тыя часы, калі я выступіў у абарону сваёй сям’і, мяне падтрымалі. Цяпер жонка разумее, калі я ўдзельнічаю ў розных палітычных працэсах і акцыях. Адно крыўдна, што мае вымушаныя дзеянні і палітычныя інтарэсы ўплываюць на дабрабыт сям’і, і ў першую чаргу на дзяцей. Мая дачка з дзвюма вышэйшымі адукацыямі плюс магістратурай — мае тры дыпломы, з іх два з адзнакай — не можа ўладкавацца на працу таму, што бацька яе займаецца палітыкай. Мяне як бацьку турбуе, што яна пакутуе праз мяне. Так не павінна быць. Дзеці не павінны адказваць за дзеянні бацькоў. У яе сваё мысленне.

— Скажыце, а як дзейная ўлада ставіцца да Вашай палітычнай дзейнасці?

- Чыноўнікі баяцца людзей, якія адкрыта кажуць пра самавольства ў краіне. Праз боязь пераменаў яны параўноўваюць беларусаў з тымі народамі, якія жывуць горш за нас. Але чаму мы павінны азірацца на адсталыя краіны? Кажуць, у нас няма ні нафты, ні газу, мы жыць не будзем. Але давайце паглядзім на Літву, Польшчу, Нямеччыну, Францыю, Нідэрланды, Бельгію. Яны жывуць лепш, пры гэтым у іх таксама няма ні газу, ні нафты. Проста ў нас грошы раскрадаюцца. Яны ідуць у кішэню чыноўнікаў, у афшоры.

- Як вы мяркуеце, ці трэба мець палітычныя погляды і веды, каб займацца палітыкай? У вас ёсць гэтыя веды?

- Трэба мець свае погляды. Калі ты прытрымліваешся поглядаў, якія супярэчаць законам, накіраваным супраць правоў чалавека, то з такімі законамі трэба змагацца. Сённяшнія законы, дэкрэты і ўказы супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Яны прычыняюць шкоду насельніцтву, а таму з імі трэба змагацца. Барацьба з такімі законамі – наша палітыка. Нічога іншага не застаецца. Палітычныя веды ў мяне ёсць.

- Ёсць людзі, якія страцілі давер да ўлады, ставяцца да ўсяго са скептыцызмам. Што б ім сказалі?

- Самае страшнае – страціць веру. Калі людзі дайшлі да ступені абыякавасці, яны сталі зомбі. Абудзіць іх зможа асабістая трагедыя, напрыклад, калі ўлада залезе ў іх кішэню, а абараніць будзе няма каму.

- Як адчуваеце, у вас ёсць шанец прайсці ў «палату прадстаўнікоў»?

- Ужо ёсць перадумовы да таго, што выбары пройдуць несумленна, яны пройдуць паводле таго ж прынцыпу, як было раней. Зборшчыкі подпісаў за кандыдата ад улады папярэджвалі людзей аб немагчымасці больш ставіць подпісы за альтэрнатыўнага кандыдата. У Зэльвенскім раёне з людзей патрабавалі ледзь не пад распіску, каб тыя не ставілі подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў. Нягледзячы на гэта, з пастаўленай задачай — сабраць неабходную колькасць подпісаў – мы паспяхова справіліся. Не выключана, што сабраныя мной подпісы скасуюць. Але я падстрахаваўся і вылучаюся яшчэ і ад партыі. Далей будзем выкарыстоўваць перадвыбарчую кампанію і працаваць з людзьмі.

- Ці прадоўжыце вы барацьбу на выбарах да канца, прытым што незалежных назіральнікаў знялі?

- Гэтае пытанне застаецца адкрытым. Уладам выгадна, каб мы выстаўлялі свае кандыдатуры. Дзякуючы нам людзі прыйдуць на ўчасткі. Іх галасы проста аддадуць майму апаненту. Ці не будзе гэта здрадай?.. Тут не ўсё адназначна. Як правільна паступіць, мы гэтае пытанне будзем яшчэ прапрацоўваць.

Публікацыя Газэты Слонімскай, паводле перакладу Хартыі-97

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Лістапад 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.