Партыя БНФ » Янукевіч: Здымем кандыдатаў, калі застануцца палітвязьні
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Янукевіч: Здымем кандыдатаў, калі застануцца палітвязьні

Дададзена 21.05.2012 3:44:54 | 997 праглядаў

Беларуская апазыцыя ў большасьці вызначылася наконт удзелу ці не ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах.

Частка апазіцыянераў, у асноўным з незарэгістраваных аб’днанняў і партый, рашуча настроены на байкот. У той жа час большасць зарэгістраваных партыяў з дэмакратычнай кааліцыі выступаюць за абумоўлены ўдзел у выбарчай кампаніі.

Па словах старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, толькі ўдзел у выбарчай кампаніі дае магчымасць апазіцыі шырока даносіць свае погляды да насельніцтва. Пра гэта ён распавёў у гутарцы з журналістам Генадзем Барбарычам

РР: У апазіцыйным асяродку нарастаюць спрэчкі наконт удзелу ці не ўдзелу ў выбарах. Якая Ваша пазіцыя?

Аляксей Янукевіч: Нашая пазіцыя не змяняецца. Мы перакананыя, што неабходна скарыстаць усе магчымасці, каб здабыць новую падтрымку сярод людзей для Партыі БНФ, для дэмакратычных сілаў. І дзеля гэтага мы збіраемся вылучаць нашых кандыдатаў. На сённяшні момант у нас ёсць рашэнне, што мы будзем здымаць кандыдатаў у выпадку не ўключэння нашых прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі і ў тым выпадку, калі ў турмах будуць заставацца палітычныя вязні. 

Канешне, кампанія байкоту можа падавацца больш эфектыўнай і вострай прыхільнікам дэмакратычных партыяў і рухаў. Аднак я не бачу насамрэч вялікага сэнсу для любой дэмакратычнай структуры у якасці сваёй мэтавай групы вызначаць тых, хто ўжо і так падтрымлівае дэмакратычныя пераўтварэнні і хацеў бы змены сітуацыі. Нам трэба знаходзіць новых людзей. І для таго, каб іх знаходзіць, нам трэба ім прапаноўваць ясную, пазітыўную праграму, альтэрнатыву. На жаль, на сённяшні момант іншых сродкаў, апроч жывога кантакту з людзьмі, няма. А жывы кантакт значна лягчэйшы падчас выбарчай кампаніі. Таму я перакананы, што самы лепшы варыянт, самая лепшая тактыка – гэта вылучэнне кандыдатаў і актыўная праца з людзьмі.

РР: Аднак прыхільнікі байкоту кажуць, што ўдзел апазіцыі ў выбарах легітымізуе ўладу. 

Аляксей Янукевіч: Легітымнасць, па вялікім рахунку, гэта згода грамадства прызнаваць гэтую ўладу. Ну а юрыдычная легітымнасць узнікае тады, калі ўсё адбываецца з адпаведнасцю з прапісанымі ў заканадаўстве працэдурамі. За працэдурамі мы будзем сачыць вельмі пільна. Мы ўжо сёння заяўляем, што на гэты момант няма ніякіх падставаў меркаваць, што выбары будуць адбывацца сумленна, справядліва. І мы аб гэтым гучна кажам грамадству ўжо сёння і будзем казаць аб гэтым ад імя нашых кандыдатаў. Для міжнароднай супольнасці таксама асноўным крытэрам будзе лічыцца выкананне працэдураў, а не тое, будзе ці не будзе браць удзел у выбарах апазіцыя і нават, якія будуць абвешчаныя вынікі, — гэта не будзе самым галоўным. Пытанне тут – ці мы хочам гуляць у нейкія гульні? Ці мы хочам змагацца з нейкімі паветранымі млынамі? Ці мы хочам рабіць самае лепшае з таго, што мы можам дзеля таго, каб наблізіць момант пераменаў у краіне. Я перакананы, што гэтыя штучныя гульні на сённяшні момант з’яўляюцца нават шкоднымі. Мы павінны думаць аб тым, як здабыць падтрымку людзей—гэта асноўнае. Па вялікім рахунку, я думаю, што ўсёй дэмакратычнай супольнасці ўжо даўно прыйшоў час пазбаўляцца ілюзіяў і вызначацца, ці мы хочам уплываць на сітуацыю дзеля таго, каб прасоўваць свае ідэі, ці мы выбіраем замыкацца ў сабе. І я перакананы, што любая дзейнасць, якая абмяжоўвае магчымасці працы з людзьмі, — як байкоты ці іншыя кампаніі, скіраваныя на саміх сябе, яны аддаляюць нас ад канчатковай мэты. Таму я абсалютна ўпэўнены ў слушнасці таго, што робіць Партыя БНФ на сённяшні момант. Мы робім справу, патрэбную Беларусі і я перакананы, што робім найлепшым чынам.

РР: А ці будзеце вы супрацоўнічаць з прыхільнікамі байкоту, напрыклад, на тактычным ці тэхнічным узроўні?

Аляксей Янукевіч: Натуральна. Мы ад самага пачатку прапаноўвалі распрацаваць адзіную стратэгію. Каб розныя тактыкі, — і ўдзел, і байкот, не супрацьпастаўляліся, але працавалі на дасягненне адзінай мэты, на тое, каб пасля гэтай выбарчай кампаніі агулам дэмакратычныя сілы сталіся больш моцнымі. І я перакананы, што ўзаемныя абвінавачванні абсалютна не ідуць на карысць нікому. Таму мы гатовыя, і працай па вылучэнню людзей у камісіі, і абменам інфармацыі, і супольнымі ацэнкамі гэтага выбарчага працэсу, і любымі іншымі шляхамі супрацоўнічаць з усімі палітычнымі сіламі, якія вызнаюць блізкія нам каштоўнасці і імкнуцца да таго, каб Беларусь вярнулася на шлях свабоды як мага хутчэй.  

РР: Гэта важна, таму што на ўсіх апошніх выбарах апазіцыя не магла накіраваць дастатковую колькасць назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі. Проста не хапала людзей. А як зараз?

Аляксей Янукевіч: На жаль, нельга сказаць, што чалавечы рэсурс істотна павялічваецца. Таму я перакананы, што будзе вялікім выклікам вылучыць дастатковую колькасць людзей у камісіі, вылучыць вялікую колькасць назіральнікаў. Нават складзеныя разам усе сілы ўсіх дэмакратычных партыяў, арганізацыяў, грамадзянскай супольнасці—яны таксама ледзьве—ледзьве змогуць забяспечыць тое, каб мы змаглі належным чынам пракантраляваць і даць ацэнку хадзе гэтых выбараў. 

РР: У партыі зараз няма рознагалосся наконт удзелу ў выбарах? Раней дыскусіі былі дастаткова вострыя.

Аляксей Янукевіч: Сёння дыскусіяў у партыі на гэты конт няма. Ёсць рашэнне і мы працуем на выкананне гэтага рашэння. Ну і пакуль што няма нейкіх новых падставаў ці нейкай новай сітуацыі дзеля таго, каб гэтае
рашэнне пераглядаць.

Па словах Аляксея Янукевіча, партыя збіраецца вылучыць на гэтыя выбары прыкладна 40 чалавек. Усіх тых, хто абвясціў пра сваю гатоўнасць быць кандыдатамі. Некаторыя ўжо пачалі працу. Некаторыя пачнуць яе ў бліжэйшы час. “Рыхтуемся досыць грунтоўна і сур’ёзна” – сказаў Аляксей Янукевіч.

Гутарыў Генадзь Барбарыч, Радыё Рацыя, Мінск

Снежань 2021
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.