Партыя БНФ » Рыгор Кастусёў: Як нам рэарганізаваць ЖКГ?
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Рыгор Кастусёў: Як нам рэарганізаваць ЖКГ?

Дададзена 26.10.2019 12:05:15 | 370 праглядаў

Калі даваць ацэнку працы дзяржаўным органам Беларусі па колькасці прынятых і зацверджаных да выканання разнастайных праграмаў, канцэпцый, пастановаў, дырэктываў, то яны (дзяржаўныя органы Беларусі) могуць заняць лідзіруючае месца ў свеце, як па падрыхтоўцы разнастайных праграмных дакументаў у агульным плане, так і па іх колькасці для асобна ўзятых галін эканомікі, або сацыяльнай сферы.

Піша старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў на сайце 6TV.by

ЖКГ ЖКХНеабходна адзначыць, што кожны праграмны дакумент па рэфармаванні, развіцці, ўдасканаленні вызначанай, згодна дакумента, галіны эканомікі або сацыяльнай сферы, абавязкова прадугледжвае фінансаванне мерапрыемстваў з дзяржаўнага або мясцовых бюджэтаў.

Возьмем, для прыкладу, жыллёва-камунальную гаспадарку, у мэтах рэфармавання і развіцця якой 29 снежня 2017 года Пастановай Савета Міністраў Беларусі была зацверджана Канцэпцыя ўдасканалення і развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі да 2025 года.

Пры падрыхтоўцы новай Канцэпцыі былі выкарыстаны прыярытэты развіцця ЖКГ, вызначаныя Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады, зацверджанай Указам Прэзідэнта Беларусі ад 15 снежня 2016 г. за №466;  Дзяржаўнай праграмай “Энэргазберажэння” на 2016-2020, зацверджаная пастановай Савета Міністраў Беларусі №248 ад 28 сакавіка 2016 года; Дзяржаўнай праграмай “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе”, зацверджаная пастановай Савета Міністраў Беларусі ад 21 красавіка 2016 года за №326.

Прайшло крыху больш года з дня зацвярджэння Канцэпцыі 2017 года, якая абапіраецца на цэлы шэраг праграмаў ад 2016 года, а насвет з’явіўся чарговы дакумент – Дырэктыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 сакавіка 2019 года за №7 “Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны”.

Тут жа ад кіраўніка краіны вырашыў не адставаць і беларускі Урад. І ўжо праз месяц Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь за №239 ад 12 красавіка 2019 года быў зацверджаны план мерапрыемстваў па рэалізацыі Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

План прадугледжвае карэктыроўку Пастановы Савета Міністраў ад 21 красавіка 2016 года №326 “Аб зацвярджэнні Дзяржаўнай праграмы “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе на 2016-2020 гады”, у тым ліку вызначэнне расходных абавязальніцтваў мясцовых бюджэтаў па фінансаванні паслугаў лазняў, забяспячэнне спажыўцоў якаснай пітной вадой і іншых мерапрыемстваў.

Тут жа прадугледжана падрыхтоўка пастановаў Савета Міністраў па рэалізацыі указа “Аб павышэнні энэргаэфектыўнасці шматкватэрных жылых дамоў”, аб вызначэнні парадку фінансавання расходаў дзяржаўных установаў у сферы ЖКГ, іх асноўных правах і абавязках, а таксама аб вызначэнні парадку правядзення конкурсаў па аказанні жыллёва-камунальных паслугаў.

Дадзены план уключае пашырэнне магчымасцяў выкарыстання электраэнэргіі ў жыллёвым фондзе, забяспячэнне да 2025 года 100% спажыўцоў якаснай пітной вадой, удасканаленне тарыфнай палітыкі, павышэнне эфектыўнасці дзейнасці арганізацый ЖКГ, удасканаленне работы па зборы, захаванні, выкарыстанні цвёрдых камунальных адыходаў, пытанні падрыхтоўкі кадраў, навуковае суправаджэнне ЖКГ, сацыяльнае забяспячэнне насельніцтва пры аплаце жыллёва-камунальных паслугаў.

Чытаючы дадзеныя праграмныя дакументы ў сферы ЖКГ, можна толькі здзіўляцца і задавацца пытаннем  – для чаго ўся гэтая законатворчая дзейнасць, на якую працуюць  дзяржаўныя ўстановы?

Бо ўважліва ўгледзеўшыся ў гэтыя дакументы, можна заўважыць шматлікія супярэчнасці іх палажэнняў, неадпаведнасць і адсутнасць агульных падыходаў у плане рэалізацыі. Мабыць, тыя спецыялісты, хто іх рыхтуе, ужо самі заблыталіся ў шматлікасці праграмных дакументаў у сферы ЖКГ.

Падобныя Канцэпцыі, Пастановы, Праграмы, Дырэктывы штампуюцца такімі спецыялістамі ўжо напрацягу двух дзесяткаў год, пераносячы планы рэфармавання і развіцця ЖКГ, павышэння якасці і зніжэння сабекошту аказання жыллёва-камунальных паслугаў насельніцтву з пяцігодкі ў пяцігодку, пры гэтым, не вырашаючы асноўную праблему ў сферы ЖКГ – манаполію дзяржаўных арганізацый і ўстановаў у сферы аказання ЖКП і ўпраўлення жылым фондам. Кансерватызм беларускага чынавенства ў пытаннях рэфармавання ЖКГ вядзе да пагаршэння стану жыллёвага фонда краіны, пастаяннага росту сабекошту жыллёва-камунальных паслугаў і адпаведнага росту іх тарыфаў для насельніцтва, пры зніжэння якасці ЖКП.

Усведамляючы безперспектыўнасць заканатворчасці дзяржаўных установаў у сферы ЖКГ, Партыя БНФ распрацавала Канцэпцыю рэфармавання і развіцця ЖКГ Беларусі на перыяд 2019-2025 гады.

Канцэпцыя, распрацаваная Партыяй БНФ з улікам існуючых праблемаў у сферы ЖКГ, скіравана ў першую чаргу на ліквідацыю манаполіі дзяржаўных установаў і арганізацый па аказанні ЖКП і  ўпраўленні жылым фондам, што будзе спрыяць у далейшым узрастанню канкурэнцыі ў дадзенай сферы, павышэнні якасці ЖКП, прадастаўляемых насельніцтву, з адначасовым паніжэннем іх сабекошту.

У верасні 2019 года Канцэпцыя, распрацаваная Партыяй БНФ была накіравана ва Урад Рэспублікі Беларусь, а таксама ў  Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі для практычнай яе рэалізацыі.

Будзем спадзявацца, што, нарэшце, беларускае чынавенства ўсвядоміць неабходнасць сапраўднага рэфармавання сферы ЖКГ і возьме на ўзбраенне прапановы Партыі БНФ.

Снежань 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.