Надзея Салаўёва: пра жаночае лідэрства, мову, адукацыю і незалежнасьцьДададзена 26.10.2019 6:13:42 | 1,236 праглядаў Незалежная газэта “Народная воля” публікуе інтэрвію з Надзеяй Салаўёвай, кандыдаткай ў дэпутаты ад Партыі БНФ па Магілёўскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе №85. 50 сябраў Партыі БНФ будуць удзельнічаць у сёлетняй выбарчай парламенцкай кампаніі. Сярод прэтэндэнтаў у кандыдаты Надзея Салаўёва – перакладчык з Магілёва, маці вядомай на ўсю краіну Ялінкі Салаўёвай, якая на працягу некалькіх гадоў адзіная навучалася па-беларуску ў 380-тысячным Магілёве. – А вам як адказваць – па шчырасці ці правільна? – пажартавала яна. – Удзельнічаць у выбарах прапанавала кіраўніцтва партыі. Я, канешне, не адразу пагадзілася, бо жыву ў рэальным свеце і разумею, як у нас адбываюцца выбары. Але пачала думаць, разважаць: а чаму не? Я – патрыёт Беларусі, я падзяляю каштоўнасці Партыі БНФ. Мой муж таксама яе сябра. Час ад часу мяне бянтэжыць тое, што адбываецца ў нашай адукацыі. Апошнім часам вельмі кранула тэма незалежнасці, уваскрослая ідэя Саюзнай дзяржавы, так званы новы этап інтэграцыі Беларусі і Расіі. Чаму народ не ведае, пра што там дамаўляюцца працоўныя групы Расіі і Беларусі?! Хочацца пра гэта казаць, каб улада разумела, што людзей гэта хвалюе і што недапушчальна аб такіх сур’ёзных рэчах дамаўляцца кулуарна. Прынамсі, я выкажу сваю пазіцыю. Хто захоча – далучыцца. Буду вельмі рада, калі хтосьці пажадае прыйсці ў маю каманду. – Вы актыўны сябра партыі? Вас у горадзе ведаюць? – Мяне больш ведаюць па жаночым лідарстве, у мяне ёсць ініцыятыва «Жанчына ў бізнесе. Як распачаць сваю справу». Чытаю лекцыі, ладжу трэнінгі, семінары, у сацыяльных сетках вяду працу. – Для многіх вы перш за ўсё маці беларускамоўнай вучаніцы Ялінкі Салаўёвай. Балатуецеся ў горадзе, дзе сёння па-беларуску вучыцца ўсяго 19 дзяцей. – Вы лічыце, што мала? – Калі параўноўваць з гадамі вучобы Ялінкі, то і нямала – у 19 разоў болей. Але ж гэта ўсё роўна кропля… У мяне пытанне: на падтрымку каго ў рускамоўным Магілёве разлічваеце? – Сёння, на жаль, мы жывём у такіх рэаліях, што мовай сапраўды карыстаецца мала беларусаў, але я думаю, што прагрэсіўных, інтэлігентных людзей, для якіх і мова, і гісторыя, і незалежнасць Беларусі – вялікія каштоўнасці, шмат, і ў Магілёве таксама. Магчыма, наш рэгіён адрозніваецца ад заходніх, нават на заробкі нашы людзі едуць не на Захад, а ў Расію, але жыць годна хочуць усе… Мне, канешне, вельмі хацелася б, каб падлік галасоў быў чэсны, празрысты, каб кожны кандыдат у дэпутаты ведаў сапраўдную колькасць сваіх прыхільнікаў. А людзей, якія маю пазіцыю падзяляюць, нямала. Буду балатавацца ад партыі. У мяне прыватная фірма – курсы англійскай мовы па аўтарскай методыцы, я сама сябе кармлю. Раней было па два курсы слухачоў, а сёлета – тры. Попыт на англійскую мову павялічыўся, людзі не ўтойваюць, што збіраюцца з’язджаць з краіны… Кожныя выхадныя ездзім у Мінск, да Ялінкі. Яна пакуль не можа адаптавацца ў новым асяродку – у ліцэй яна прыйшла ў калектыў, які ўжо склаўся, патрабуецца час, каб прызвычаіцца. І мы, бацькі, мусім ёй дапамагаць маральна, псіхалагічна. – Надзея, а калі ўявіць, што вы дэпутат Палаты прадстаўнікоў… – Магу ўявіць, хаця за плячыма няма досведу работы, скажам, у мясцовым Савеце. Думаю, што магла б займацца пытаннямі адукацыі, бо за тыя гады, што Ялінка вучылася ў школе, я дасканала паглыбілася ва ўсе праблемы і хібы сярэдняй школы. – Вы і сама настаўнік паводле адукацыі? – Так, настаўнік замежнай мовы, скончыла Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт. Марыя ЭЙСМАНТ, газэта “Народная Воля“. На здымку: Надзея Салаўёва з дачкой і мужам. Фота Радыё Свабода. |
Навіны Моладзі БНФ
|
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|