Партыя БНФ » Кандыдатаў у дэпутаты ад БНФ у Менску вінавацяць у парушэннях падчас агітацыі, рэгістрацыя чатырох кандыдатаў скасаваная
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Кандыдатаў у дэпутаты ад БНФ у Менску вінавацяць у парушэннях падчас агітацыі, рэгістрацыя чатырох кандыдатаў скасаваная

Дададзена 28.10.2019 12:04:45 | 523 праглядаў

Перадвыбарчая агітацыйная кампанія набірае хаду: на вуліцы выходзяць групы падтрымання, у пераважнай бальшыні кандыдатаў у дэпутаты ад апазіцыйных палітычных сілаў.

Яны ж і атрымоўваюць афіцыйныя папярэджанні акруговых выбарчых камісіяў, перадае “Белсат”.

Не выйшаў у радыёэфір запіс выступу, а сёння акруговая выбарчая камісія вынесла афіцыйнае папярэджанне – гэтак распачалася агітацыя кандыдаткі ў дэпутаты па Чкалаўскай выбарчай акрузе №96 у Менску Аксаны Юшкевіч:

«Папярэджанне за тое, што, нібыта, на маіх пікетах распаўсюджваюцца матэрыялы, якія не маюць ніякага дачынення да выбараў. Паводле іх меркавання, я, напэўна, павінная раздаваць грэчку з кансервамі, каб людзі за мяне прагаласавалі на выбарах, але такога не будзе», – кажа кандыдатка ў дэпутаты Аксана Юшкевіч.

Пазьней выбарчая камісія ўвогуле скасавала рэгістрацыю кандыдаткі, зьняўшы яе з выбарчай гонкі. Адпаведнае рашэнне камісія вынесла ў суботу 26 кастрычніка, гаворыцца на сайце Адміністрацыі Кастрычніцкага раёна.

Нагодай пасяджэння АВК стаў зварот грамадзянкі Т. Сташэўскай аб парушэнні выбарчага заканадаўства пры правядзенні агітацыі ў падтрымку кандыдата ў дэпутаты на пікеце каля будынку Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце 20 кастрычніка.

Як адзначыла АВК, пікет размешчаны ў дазволеным месцы, аднак паводле інфармацыі Мінгарвыканкама заяў (апавяшчэнняў) аб правядзенні масавых мерапрыемстваў на тэрыторыі г. Мінска ад Юшкевіч не паступала. Таксама парушэннем выбарчая камісія палічыла раздачу ўлётак “Еўрапейскай Беларусі”, якія не ўтрымлівалі абавязковых зыходных дадзеных, прадугледжаных ч. 12 арт. 45 Выбарчага кодэкса.

На гэтай падставе, і ўлічваючы наяўнасць двух папярэджанняў (23 і 25 кастрычніка), Аксана Юшкевіч была пазбаўленая кандыдацкай рэгістрацыі.

У актывісткі ёсць права абскардзіць рашэнне АВК у трохдзённы тэрмін у Мінскую гарадскую камісію – певедамляе сайт кампаніі назіраньня за выбарамі “Праваабаронцы за свабодныя выбары“.

Блакаванні запісаных выступаў на дзяржаўным радыё і тэлебачанні, а таксама афіцыйныя папярэджанні камісіяў у першыя ж дні агітацыйнай часткі выбараў – адметнасць сёлетняй кампаніі.

25 кастрычніка выбарчая камісія Пушкінскай выбарчай акругі №103 скасавала рэгістрацыю кандыдатам у дэпутаты Паўла Юхневіча. Як вынікае з рашэньня камісіі, падставай для зьняцьця кандыдата з выбарчай гонкі стала парушэньне парадку агітацыі праз выкарыстаньне недазволенай сімволікі на пікетах, раздача недазволеных агітацыйных матэрыялаў, правядзеньне пікетаў без падачы ўведамленьняў пра правядзеньне перадвыбарчых мерапрыемстваў. Таксама скасаваная рэгістрацыя яшчэ двух актывістаў кампаніі “Эўрапэйская Беларусь”, якія былі вылучаныя Партыяй БНФ – Арцёма Чарняка па Партызанскай акрузе №110 і Вольгі Мікалайчык па Ўручскай акрузе №109.

cerashkova_alena637_sЯшчэ адна кандыдатка ад Партыі БНФ атрымала папярэджанне, не правёўшы нават ніводнага пікету.

«Будзе разглядацца факт майго парушэння падчас пікетавання. Я «у сюрпрызе», як кажуць і чакаю на падрабязнасці: як можна парушыць заканадаўства пра пікеты, не правёўшы ніводнага пікета», – паведаміла кандыдатка ў дэпутаты па Каменнагорскай выбарчай акрузе №101 Алена Церашкова.

Лістапад 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.