Партыя БНФ » “Калі Лукашэнка здасьць Беларусь – паўстануць партызанскія атрады”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


“Калі Лукашэнка здасьць Беларусь – паўстануць партызанскія атрады”

Дададзена 06.11.2019 12:25:35 | 436 праглядаў

Крэмль рыхтуе прапанову для беларускага дыктатара – пра гэта ў інтэрв’ю Charter97.org заявіў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў у каментары датычна кампаніі па «выбарах» у «палату прадстаўнікоў» Беларусі, якая праходзіць на фоне падрыхтоўкі пагадненняў аб «паглыбленай інтэграцыі» з Расеяй.

Рыгор Кастусёў Гэта мой край- Як вы ацэньваеце ў краіне «парламенцкую» кампанію?

- Я яшчэ да пачатку гэтай кампаніі казаў пра тое, што яна будзе больш жорсткай для апазіцыйных кандыдатаў, чым папярэдняя выбарчая кампанія ў «палату прадстаўнікоў».

І, як мы бачым, мой прагноз апраўдаўся: гэтая кампанія праходзіць у больш жорсткіх варунках для апазіцыйных кандыдатаў. Мы гэта бачым па фактах зняцця кандыдатаў, асабліва ад Партыі БНФ. Такім чынам, прагноз стаўся рэальнасцю – што тут яшчэ скажаш?

- А чаму кампанія выявілася больш жорсткай для апазіцыі? Чаго баяцца ўлады?

- Так, улады сапраўды баяцца. І вось чаму. У сваім выступе на тэлевізіі і падчас дэбатаў я рабіў асноўны акцэнт на тым, што партыя БНФ і яе кандыдаты ў зваротах да людзей заўсёды гаварылі ім праўду. І цяпер, ідучы на «выбары», мы гаворым людзям толькі праўду – у адрозненне ад кандыдатаў, вылучаных дзяржаўнымі структурамі.

Вось менавіта праўды беларускія ўлады і баяцца. А якая гэта праўда? Гэта тое, што і ў эканамічным, і ў палітычным плане кіраўніцтва завяло краіну ў тупік.

Гэта праўда аб тым, што ўзровень жыцця ў грамадзян Беларусі падае з кожным днём. Гэта праўда аб тым, што моладзь працаздольнага ўзросту імкліва з’язджае і шукае працу за мяжой, бо знайсці яе ў Беларусі, асабліва з годным заробкам, ужо немагчыма.

Усёй гэтай праўды беларускія ўлады і баяцца. Баяцца пачуць і баяцца даць магчымасць апазіцыйным кандыдатам данесці гэта да выбаршчыкаў.

- Электаральныя кампаніі служаць зрэзам настрояў у грамадстве ва ўмовах, калі ў краіне няма незалежнай сацыялогіі. З вашага досведу – якія настроі пераважаюць цяпер у беларусаў?

- Асаблівасць гэтай выбарчай кампаніі ў тым, што цяпер у людзей, як мінімум у 80%, ёсць поўнае разуменне таго, што выбараў у Беларусі няма, што іх вынікі фальсіфікуюцца.

Раней, у пачатку 2000-х, толькі 20-30% грамадзян былі перакананыя, што выбары праходзяць з фальсіфікацыямі. А цяпер гэтая лічба кардынальна памянялася.

Яшчэ адзін момант, які я заўважыў на сустрэчах з выбаршчыкамі – гэта поўная абыякавасць да «парламенцкай» кампаніі ў сэнсе магчымасці выказаць на галасаванні сваю пазіцыю.

Людзі разумеюць, што ўлады сфальсіфікуюць вынікі «выбараў», і таму не давяраюць гэтай кампаніі.

- Ці можна казаць аб тым, што пераважная большасць насельніцтва – супраць дзейнай улады?

- Гэта сапраўды так: цікавасць да апазіцыйных пікетаў у людзей значна вышэйшая. Выбарчая кампанія дае магчымасць свабодна выстаўляць гэтыя пікеты і гутарыць на важныя тэмы.

З гэтых гутарак відаць, што негатыў беларускіх грамадзян у дачыненні да ўлады вельмі вырас. Я практычна не сустракаўся з людзьмі, хто б падтрымліваў Лукашэнку, і чуў толькі крытыку на адрас улады.

У той жа час у людзей ёсць разуменне таго, што ўлады абвесцяць тыя вынікі «выбараў», якія ім патрэбныя.

Акрамя таго, выявілася наступная трывожная тэндэнцыя: на фоне росту негатыву да ўлады, на жаль, у некаторай часткі насельніцтва выраслі сімпатыі і нават надзеі на Расейскую Федэрацыю. Асабліва гэта прасочваецца ва ўсходніх рэгіёнах Магілёўскай, Віцебскай і Гомельскай абласцей. Вядома, гэта нельга параўноўваць з Менскам, але на ўсходзе, на жаль, такія настроі ёсць.

- 8 снежня Пуцін і Лукашэнка падпішуць пагадненне ў «паглыбленні інтэграцыі» паміж Беларуссю і РФ. Дарожная мапа гэтых пагадненняў, ужо парафіраваная ўрадамі краін, трымаецца ў сакрэце. Ці думаеце вы, што незалежнасць Беларусі цяпер, як ніколі, знаходзіцца пад пагрозай?

- Пагроза страты Беларуссю суверэнітэту і незалежнасці расце з кожным годам – усё больш і больш.

На маю думку, гэтая дарожная мапа, якая разглядаецца расейскім і беларускім бокам, напісаная з прапановамі паступовай здачы суверэнітэту Беларусі. Асноўная задача Крамля, як мне ўяўляецца — гэта знайсці тыя прапановы, якія задаволяць асабіста Лукашэнку і ягоную сям’ю ў пытанні захавання ўплыву ў Беларусі.

«Цікавасць» Лукашэнкі ў Беларусі толькі ў тым, каб захоўваць тут выключна свае інтарэсы, і не больш за тое. І калі Крамлю ўдасца знайсці такія пункты, важныя для Лукашэнкі, я думаю, што ён пачне паступова здаваць незалежнасць краіны.

Думаю, гэта адбудзецца не за адзін дзень, але падпісанне дакументаў аб агульнай мытнай прасторы, аб адзінай валюце, аб уніфікацыі заканадаўчых актаў, магчыма, у стварэнні наддзяржаўных органаў улады – гэтыя пытанні, на маю думку, ёсць у дарожнай мапе. І на жаль, яны будуць спрыяць далейшай страце незалежнасці Беларусі.

- Што рабіць, каб прадухіліць гэтую пагрозу?

- На гэтым этапе – тое, што робяць апазіцыйныя кандыдаты: ісці да людзей, выкарыстоўваючы магчымасці выбарчай кампаніі. Гэтыя крокі сёння станоўча ўплываюць і даюць станоўчы эфект для ўсведамлення грамадзянамі неабходнасці захавання незалежнасці Беларусі.

А далей, калі скончыцца выбарчая кампанія, трэба будзе шукаць новыя магчымасці дайсці да людзей. Гэта праца праз СМІ, у тым ліку і праз «Хартыю-97». Гэта ўплыў на свядомасць людзей праз штодзённую працу з нашымі грамадзянамі.

Ну а калі здарыцца самае непрыемнае і Лукашэнка падпіша поўную здачу суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, то трэба, як той казаў, рыхтаваць і ствараць партызанскія атрады і змагацца за незалежнасць Радзімы са зброяй у руках.

Паводле сайта charter97.org

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Лістапад 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.