Партыя БНФ » У Віцебску прайшоў супольны пікет кандыдатаў ад Партыі БНФ
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


У Віцебску прайшоў супольны пікет кандыдатаў ад Партыі БНФ

Дададзена 15.11.2019 8:11:01 | 125 праглядаў

Апошні супольны пікет у Віцебску правялі сябры Партыі БНФ Аляксей Гаўруцікаў (Віцебская-Чкалаўская выбарчая акруга №18), Аляксандар Ільінец (Віцебская-Горкаўская №17) і Ўладзімер Сіманковіч (Віцебская-Чыгуначная выбарчая акруга №19).

сьцяг віцебску

Падчас пікету кандыдаты спрабавалі ненавязьліва данесьці заклапочаным мінакам асноўныя тэзы сваіх праграм. Віцябляне ж, за рэдкім выключэньнем, імкнуліся адмовіцца ад прапановы да нязмушанага дыялёгу.

Але была і нечаканка. Чатыры падлеткі падышлі да пікету і ўразілі прысутных сваёй шчырай заклапочанасьцю і дасьведчанасьцю.

Яны ня проста зацікавіліся, але ўважліва азнаёміліся з праграмамі кандыдатаў. Адзін з маладых людзей выказаў сваю нязгоду з пунктам, у якім прапануецца адмена сьмяротнага пакараньня. Але ўдакладніў:

«Наколькі ведаю, каля 50% расстраляных у Беларусі былі апраўданыя, праўда – пасьля забойства. Калі злачынец забіў трыццаць чалавек, калі ён – маньяк, пэдафіл – дык чаму дзяржава павінна яго ўтрымліваць на мае падаткі? Але ж калі справа спрэчная і ёсьць шанец апраўдаць – тады не расстрэльваць», – разважаў хлопец.

«Нават калі пашанцуе прайсьці ў парлямэнт нармальнаму чалавеку, то ўсё гэта будзе вельмі цяжка разгрэбці», – сказаў адзін.

«Мы цікавімся тым, што адбываецца ў краіне. Ну, будзе мне 30 гадоў, але я не хачу жыць так, як жыве цяпер тыповы 30-гадовы беларус. Я не хачу атрымліваць 300 рублёў і глядзець, як мой горад проста разбураецца, у той час калі я плачу падаткі. Лічу, што трэба сваю краіну падымаць, але калі магчымасьці няма, трэба з’яжджаць», – дадаў другі.

Пасьля школы трое падлеткаў зьбіраюцца зьехаць вучыцца ў Польшчу, а адзін – у Менск.

«Юнакі настолькі шчырыя і адкрытыя, быццам вырасьлі ў іншай дзяржаве…» – падзяліўся ўражаньнямі адзін зь пікетоўцаў.

«Дзякуй бацькам, якія стварылі ім умовы для разьвіцьця і не загадвалі глядзець «зомбаскрыню». Бо яна зьмяняе сьвядомасьць і дзяцей, і дарослых. Чым розьніцца гэтае пакаленьне, дык гэта тым, што яно залезла ў сеціва і адышло ад «зомбаскрыні», – пракамэнтаваў кандыдат Аляксей Гаўруцікаў.

Бліжэй да вечара каманда «рухаўцаў» мела сустрэцца з патэнцыйнымі выбарцамі, але акрамя адміністратара МІТСО, дзе мусіла адбыцца сустрэча, ніхто не прыйшоў.

Адзначым, што раніцай таго ж дня Аляксандар Ільінец і Ўладзімер Сіманковіч наведалі Кабылякі пад Воршай – месца сталінскіх рэпрэсій, «савецкі камбінат сьмерці».

Паводле рэгіянальнага сайта “Віцебская Вясна

Снежань 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.