Партыя БНФ » Аляксей Янукевіч: Сем высноваў пасьля пахаваньня Каліноўскага
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Аляксей Янукевіч: Сем высноваў пасьля пахаваньня Каліноўскага

Дададзена 26.11.2019 12:06:18 | 1,297 праглядаў

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч агучыў у сабе ў фэйсбуку 7 высноваў па выніках перапахаваньня 22 лістапада Кастуся Каліноўскага ды іншых паўстанцаў 1863 году (і па выніках рэакцыяў на гэтую падзею).

78262144_10215024553103329_421916696438112256_o1️. Беларуская нацыя жыве і мае будучыню. 22 лістапада было кранальным ўшанаваньнем беларусамі памяці паўстанцаў, сваіх герояў, данінай пашаны тым, хто аддаў жыцьці за Бацькаўшчыну, якая і ў паўстанцаў 1863 году, і ў нас — агульная і адзіная — Беларусь.

Тысячы беларусаў не спалохаліся ані доўгіх чэргаў на мяжы, ані высокіх коштаў, ані патрэбы вызваліцца ў працоўны дзень, каб быць у гэты гістарычны дзень разам з Каліноўскім і ягонымі паплечнікамі. Нацыя, што здольная так шанаваць сваіх герояў нават за дзяржаўнымі межамі і без дзяржаўнай падтрымкі — жыве і будзе жыць.

2️. 22 лістапада сталася моцным актам нацыянальнага самасьцьверджаньня перад абліччам цяперашніх пагрозаў з Масквы. Сьцьверджаньня для саміх сябе, для Масквы, для Вільні і Варшавы, для ўсяго сьвету. Я ведаю, наколькі гэта важна, бо мне неаднойчы даводзілася чуць ад розных замежных экспэртаў, аналітыкаў, палітыкаў: “беларусы хочуць быць з Масквой, беларусы выракаюцца сваёй несавецкай гісторыі, беларусам самім незалежнасьць не патрэбная — дык навошта нам, замежнікам, дапамагаць беларусам абараняць незалежнасьць?” Цяпер такіх галасоў стане значна меней. А калі яны прагучаць, я, замест тысячы словаў, проста пакажу ім фотаздымкі з Вільні.

3️. Беларусы гучна заявілі, няхай некаму гэта пакуль яшчэ не відавочна, што выраз “польска-літоўская дзяржава” у дачыненьні да Рэчы Паспалітай у міжнародных стасунках павінны застацца ў мінулым як памылковы. Гэта была польска-беларуска-літоўская дзяржава. Ня можа быць Балта-Чарнаморскай супольнасьці, ані гістарычнай, ані будучай, без беларусаў.

Вядома, гэтае пытаньне далёка не закрытае адной толькі падзеяй 22 лістапада, за гістарычную праўду яшчэ давядзецца змагацца. Вядома, у Польшчы і Літве будуць тыя, каго такая пэрспэктыва ўстурбуе. Але я ведаю польскіх і літоўскіх палітыкаў, якія шчыра будуць вітаць афіцыйнае вяртаньне беларусаў у супольнасьць нацыяў, якім належыць спадчына Рэчы Паспалітай. І ня толькі палітыкаў, але й простых патрыётаў сваіх краінаў. 22 лістапада на прашпэкце Гедыміна я стаяў з харугвай па-беларуску “Беларусь шануе сваіх герояў”. Да мяне падыходзілі сталага ўзросту літоўцы са сьцягамі Літоўскай Рэспублікі, ціснулі рукі са словамі “за нашу і вашу свабоду”, мы абдымаліся і паміж намі сапраўды было адчуваньне братэрства. І гэтае братэрства важнае цяпер, бо маем супольныя пагрозы.

4️. Кастусь Каліноўскі цяпер бясспрэчна заняў месца бацькі сучаснай беларускай нацыі. Прынамсі, сярод нацыянальна сьведамай часткі грамадзтва — але й гэта істотна. Цяпер ён, як і бел-чырвона-белы сьцяг і Пагоня, адзін з найважнейшых нацыянальных сымбаляў. Моцны дадатковы фактар дзеля ўмацаваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці.

5️. Безадносна ад таго, што людзі маюць права на рознае стаўленьне да падзеяў і асобаў, на сумневы і пошукі ідэальна дакладных фармулёвак — мы мусім цьвёрда ўсьведамляць і добра памятаць, што цяпер Беларусь і беларускае грамадзтва існуе ў стане жорсткай інфармацыйнай вайны. Адным з клясычных інструмантаў такой вайны ёсьць абясцэньваньне нацыянальных герояў і значных для нацыі падзеяў. І кожны патрыёт павінны выракацца таго, каб быць на баку ворагаў Беларушчыны і сваімі любымі словамі дапамагаць праціўнікам абясцэньваць нашую гісторыю і нашых герояў.

QAxxlwM_v4g6️. Цяперашнія беларускія ўлады абралі даволі адэкватную, з улікам усіх акалічнасьцяў, форму ўшанаваньня Кастуся Каліноўскага і ягоных паўстанцаў 22 лістапада, і добра, што яны гэта зрабілі. Пасада і зьмест выступу прадстаўніка афіцыйнага Менску былі цалкам прыстойнымі. Воклічы “ганьба” у ягоны адрас разумею, але не ўхваляю. Сапраўды ганебным лічу толькі той факт, што не было ганаровай варты беларускіх вайскоўцаў. Але — усё ж 22 лістапада ўлада зрабіла крок у накірунку да сапраўднай беларускай гісторыі. Няхай ён ня будзе адзінкавым.

7️. Будучыня Беларусі вырашаецца цяпер, і вырашаецца ў Беларусі. Мы ня мусім забыцца на мільёны тых нашых суайчыньнікаў, хто яшчэ шукае ўласную нацыянальную ідэнтычнасьць, або нават не пачаў пра яе задумвацца. Іх не абудзяць званы віленскай катэдры. Абудзіць іх павінныя мы. Сваімі справамі, сваім прыкладам, сваёй верай. Вяртаньне — і фізычнае, і метафарычнае — з беларускай Вільні ў пост-савецкую Беларусь мусіць для нас стацца не падставаю для роспачы, але натхненьнем. Спатрэбіцца не адно пакаленьне, каб Беларусь сталася сапраўды беларускай. Але свае перамогі мы бачым ўжо цяпер, і будзем бачыць іх надалей. Змаганьне працягваецца. Беларусь жыве.

74594359_10215001353323349_2771032287138021376_n

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

Чэрвень 2023
M T W T F S S
« May    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.