Партыя БНФ » Зьміцер Дрыгайла: “Дзевяць дзён па выбарах”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Зьміцер Дрыгайла: “Дзевяць дзён па выбарах”

Дададзена 28.11.2019 4:09:21 | 235 праглядаў

Сябра Сойму Партыі БНФ журналіст Зьміцер Дрыгайла ў допісе на старонках тыднёвіка “Белгазета” разважае пра вынікі мінулай выбарчай кампаніі, і чаму яны не маюць значэння.

Выніковая палітычная ацэнка ўмоваў правядзеньня парлямэнцкіх выбараў 2012 годуБачыў выбары ў розных краінах. Ад прэзыдэнцкіх да мясцовых. Шлейф, пасьлясмак ад іх у грамадзтве звычайна йдзе мінімум некалькі дзён. Хтосьці па выбарах узьнёслы, задаволены. Хтосьці ходзіць расчараваны. У нас – па-іншаму. Эмоцыі на другі дзень саступілі месца паўсядзённым справам. А ў большасьці людзей іх у кантэксьце парлямэнцкай кампаніі й не было ад самага пачатку. У нас ад кампаніі да кампаніі выбары праходзяць усё менш эмацыйна. Таму пісаць буду без эмоцыяў.

13 гадоў не хадзіў на выбары, пасьля галасаваньня за Мілінкевіча ў 2006-м. Бо ня трэба быць вельмі разумным, каб разумець, што галасы ня лічаць. Але 17 лістапада прыйшоў. Па 12-й. З дачкой трох з паловай гадоў. Паказаў ёй выбары. Паглядзеў, што зьмянілася. Анічога. Тая ж заля, тыя ж назіральнікі ад прафсаюзных і вэтэранскіх арганізацыяў, тыя ж камісіі. Не, адна зьмена ёсьць: замест чырвоных драўляных скрыняў – празрыстыя плястыкавыя. У сьпісе выбаршчыкаў майго дома я быў першым. На аркушы – каля 30 прозьвішчаў. На суседніх сталах – тая ж сытуацыя. Выйшлі, пагулялі з гадзіну каля ўчастка. Прайшло чалавек зь дзесяць.

77,22% яўкі – гэта хлусьня. Адкрытая, нахабная. Не было блізка тых адсоткаў. І гэтая тэарэма даказваецца вельмі проста. Простым візуальным улікам людзей, што ўваходзілі на выбарчыя ўчасткі. Людзі на выбары не прыйшлі. Астранамічныя лічбы датэрміновага галасаваньня, самі па сабе зьдзеклівыя, таксама ніяк візуальна не пацьвярджаюцца, апроч г.зв. закрытых участкаў.

Адзін з самых распаўсюджаных выразаў у краіне: «Ну вы ж усё разумееце». Так, усе ўсё разумеюць. За некалькі месяцаў да кампаніі раённыя выканкамы выклікаюць на размовы патэнцыйных кандыдатаў ад улады. Там сядзяць двое: кіраўнік адміністрацыі, кіраўнік мясцовага КДБ. Запытваюць, ці хочаш, ці пацягнеш, ці наадварот: партыя сказала «трэба». Савецкая выбарная сыстэма ў чыстым выглядзе. Тое, што яна вымушаная існаваць у варунках эўрапейскай дэмакратыі на захадзе ад нас, эўрапейскай анарха-дэмакратыі на поўдні ды імпэрскай плутакратыі на ўсходзе, змушае сяк-так датрымлівацца працэдуры: вылучэньне там, апазыцыя, пікеты, назіральнікі. Гэта, канечне, не выбары. Гэта, словамі Паўла Севярынца, самыя натуральныя вырабы. Бо тэрмін надышоў і трэба зрабіць выгляд. Праз год – прэзыдэнцкія выбары. І, калі Аляксандр Лукашэнка не памрэ ці яго не разаб’е паралюш, то нічога ня зьменіцца. Нашыя выбары – гэта хада па коле.

Тое, што ў Беларусі зьнішчаны інстытут выбараў, само па сабе катастрафічна. Але яшчэ большая катастрофа – палітычная пасіўнасьць, абыякавасьць людзей. Словамі сябры Сойму Партыі БНФ Андрэя Церашкова, гэтыя дзьве зьявы падсілкоўваюць адна адну і вядуць да «ланцуговай рэакцыі наадварот» – прагрэсіі затуханьня жыцьця. Гэта як трэцяя стадыя анкалёгіі. Гэтыя людзі ні на якія выбары ўжо ня пойдуць, нават на самыя дэмакратычныя. Ім пляваць. Яны тысячамі праходзяць міма пікетаў, пагардліва адмаўляючыся нават узяць улётку. Яны жывуць, як чарвякі ў сваіх норах, і ім нічога ня трэба, апроч як выпіць-зьесьці, купіць чарговы гаджэт, зьезьдзіць у Эгіпет ці ў Крым пагрэць пуза і здохнуць, пакінуўшы пасьля сябе толькі адзін радок: дату нараджэньня і сьмерці. І пры ўсім гэтым яны лічаць сябе вышэйшымі, разумнейшымі, больш пасьпяховымі за нас, якія просяць іх аб падтрымцы.

Лукашэнка – не прычына гэтага. Лукашэнка – вынік самараспаду сьвядомасьці пасьля стагодзьдзяў рабства, вынішчэньня лепшых людзей ды імкненьня штосьці вырашаць самім па-за межамі сваіх чатырох сьценаў.

У працяг – дзьве важныя, як на маю думку, рэчы.

Па-першае, пра «зрабіць выгляд». Чаму беларусы ня маюць зносінаў адно з адным у замежжы, на курортах, амаль не ўтвараюць зямляцтваў, не далучаюцца да дыяспары? З-за той самай вялікай хвігі ў кішэнях. У кожнага ёсьць свая. І кожны дбае пра тое, каб ніхто, крый божа, нічога не падумаў. І адсюль – скрайная ступень абсэнтэізму, то бок няўдзелу ні ў чым. Незнаёмыя людзі амаль не камунікуюць, усе па вызначэньні ставяцца адно да аднаго падазрона. Кожнаму ёсьць што хаваць. Кожны несвабодны ўнутрана, сам перад сабой: ён сочыць, каб зьнешне ўсё было прыстойна, як у людзей. А ўсё, што ўнутранае, – гэта асабістыя дэманы. І, калі замежнікі пачынаюць празь некаторы час счытваць з-пад зьнешняй эўрапейскасьці, то, натуральна, жахаюцца.

Па-другое, пазначыўшы дзяржаўны лад у суседніх краінах, мы нічога не сказалі пра наш, родны. І я не пра тое, дэмакратыя ў нас ці таталітарызм. Не, усё глыбей. У нас наогул, я перапрашаю, зараз ніякая не рэспубліка, а тыповая манархія, ва ўсіх яе праявах. Апошнія прызначэньні ў Нацыянальным алімпійскім камітэце – найноўшы таму прыклад. Таму не выпадае казаць пра свабоду ці несвабоду на якім-кольвек узроўні. Пакуль дазволена й там, дзе можна – свабода. А калі выразна згары дазвол не спусьцілі – дык тут ніжэйшыя чыны трактуюць ў адпаведнасьці са сваім меркаваньнем. Трэба гэта ўсьвядоміць. І рабіць малыя справы. Як Ігар Случак, як Сяргей Шапран, як Віктар Марціновіч, як Юры Зісэр, як Віктар Бабарыка. Як тысячы людзей з тых мільёнаў, каму ўсё адно. Адзін адсотак неабыякавых. І ён паволі колькасна расьце. І ён пераможа. Калі не зважаць на зьнешнія чыньнікі, то бок на палітычную мапу. А калі зважаць, дык мусім прызнаць, што адзін адсотак можа проста не пасьпець перамагчы.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Снежань 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.