Партыя БНФ » Уладам перададзены плян па ўмацаваньні патрыятызму
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Уладам перададзены плян па ўмацаваньні патрыятызму

Дададзена 29.11.2019 12:36:32 | 135 праглядаў

28 лістапада Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў сустрэўся з намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Андрэем Кунцэвічам. Палітык перадаў дзяржаўнаму службоўцы плян дзеяньняў на 2020 год, скіраваны на ўмацаваньне патрыятызму і беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці.

Рыгор Кастусёў Гэта мой край«Большасьць нашых прарановаў зьвязаная з актыўнасьцю той каманды, якая рабіла сьвята на стагодзьдзе БНР. Мы грунтуемся на тым папярэднім досьведзе, але плян ахоплівае увесь год – і дзень роднай мовы 21 лютага, і сьвята незалежнасьці 25 сакавіка, і юбілей абвяшчэньня дэклярацыі пра дзяржаўны сувэрэнітэт, і стагодзьдзе Слуцкага збройнага чыну, і шмат што іншае.

Некаторыя з гэтых мерапрыемстваў грамадзянская супольнасьць гатовая рабіць без дзяржаўнай дапамогі – але трэба каб дзяржава ім не перашкаджала. А для многіх амбітных рэчаў патрабуецца садзейнічаньне мясцовых уладаў. Я разлічваю на станоўчае стаўленьне ўладаў да нашых прапановаў.

У 2018 годзе нам атрымалася зрабіць траціну з пляну, які быў выкладзены на шасці старонках – зараз наш плян выкладзены на дзесяці стронках і калі атрымаецца зрабіць траціну з яго, то гэта будзе выдатнае дасягненьне» – сказаў Рыгор Кастусёў па выніках сустрэчы.

У камэнтары Радыё Свабода Старшыня Партыі БНФ адзначыў, што ўжо мае досьвед супрацы з прадстаўнікамі ўлады напярэдадні падрыхтоўкі да 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Таму разьлічвае на разуменьне чарговых ініцыятываў.

«У выніку доўгіх намаганьняў і шматлікіх паходаў ва ўладныя структуры многія імпрэзы адбыліся, — падкрэсьлівае ён. — Гэта ня толькі сьвяточны кацэрт ля Опэрнага тэатру, а і круглыя сталы, і канфэрэнцыя ў Акадэміі навук, і выстава ў гістарычным музэі, і памятны камень братоў Луцкевічаў. Хіба адзін заплянаваны пункт не быў даведзены да канца — гэта шыльда на доме па вуліцы Валадарскага, 9, дзе была абвешчаная Трэцяя ўстаўная грамата аб незалежнасьці БНР. Такім падыходам кіруюся і гэтым разам».

У адказ на пытаньне, ці падымалася перад прэзыдэнцкай адміністрацыяй тэма мэмарыяльнай дошкі, спадар Кастусёў сказаў, што з улікам абмежаванага часу ахапіць усе праблемы не ўдалося. Аднак прапановы перададзеныя ў пісьмовым выглядзе, пытаньне шыльды, якую ўлады абяцалі павесіць, але потым не дазволілі, пазначанае сярод першых.

«Наступны год — гэта 100-годзьдзе Слуцкага збройнага чыну, дата, якую нельга абысьці, — дзеліцца Рыгор Кастусёў бліжэйшымі плянамі. — Ёсьць ідэя шырока адзначыць падзею. Вядома, хацелася б, каб з боку ўладаў была падтрымка, што дазволіла б мець большы размах. Наколькі ўдасца — час пакажа, але, паўтаруся, досьвед супрацы ўжо ёсьць. Прынамсі, мне было сказана, што ўсе прапановы будуць уважліва вывучаныя і пра вынікі паведамлена пэрсанальна. Сама размова праходзіла ў станоўчым ключы, спадзяюся, што так і будзе».

Пры гэтым старшыня Партыі БНФ наракае, што ідэолягі ў прэзыдэнцкай адміністрацыі мяняюцца занадта часта, каб зразумець, наколькі яны шчырыя ў сваіх абяцаньнях. Аднак Андрэя Кунцэвіча ён ведае яшчэ па Магілёўшчыне, памятае яго як чалавека, адказнага за свой участак працы.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Снежань 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.