Партыя БНФ » Чаму віцебскім уладам муляе вока гістарычная ахоўная зона? Старшыня Віцебскай абласной Рады БНФ Кастусь Смолікаў накіраваў у сьледчы камітэт скаргу на дзеяньні чыноўнікаў
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Чаму віцебскім уладам муляе вока гістарычная ахоўная зона? Старшыня Віцебскай абласной Рады БНФ Кастусь Смолікаў накіраваў у сьледчы камітэт скаргу на дзеяньні чыноўнікаў

Дададзена 30.11.2019 8:53:35 | 196 праглядаў

Старшыня Віцебскай абласной Рады БНФ Кастусь Смолікаў накіраваў у сьледчы камітэт скаргу на дзеяньні чыноўнікаў, якія парушаюць, на яго погляд, заканадаўства аб ахове гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, працягваючы плянаваць будаўніцтва новага ЗАГСу ў гістарычным цэнтры гораду. Паскардзіўся і на бязьдзеяньне пракуратуры, куды дасылаў звароты раней.

Смолікаў

У скарзе ў гарадзкі аддзел сьледчага камітэту Кастусь Смолікаў спасылаецца на паведамленьні ў СМІ, паводле якіх прадпрыемства «Інстытут «Віцебскграмадзянпраект» перамагло нядаўна ў тэндэры на ўнясеньне зьменаў у праект будаўніцтва Палацу ўрачыстых абрадаў. Перапрацоўка праекту каштуе амаль 275,5 тыс. рублёў. Зьмены будуць уносіцца да лютага 2020-га. Пры гэтым «новы ЗАГС» ужо фігуруе ў пераліку аб’ектаў, заплянаваных да рэалізацыі ў інвэстыцыйнай праграме на 2020 год. Прынамсі, гэтак падае дзяржаўны тэлеканал «Віцебск» у сюжэце «Як памяняецца Віцебск да «Дажынак-2020» (ад 20 лістапада).

Паводле Смолікава, усё гэта сьведчыць пра тое, што заканадаўства аб ахове гісторыка-культурных каштоўнасьцяў працягваецца парушацца.

Кастусь Смолікаў нагадвае сьледчым, што «гістарычны цэнтар Віцебску ёсьць гісторыка-культурнай каштоўнасьцю рэспубліканскага значэньня (катэгорыя 2)» і што «ў адпаведнасьці з «Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб культуры», забараняецца зьнішчаць гісторыка-культурную каштоўнасьць, дапускаць прычыненьне шкоды, зьмяненьне гісторыка-культурнай каштоўнасьці (арт.74 Кодэксу)».

«Патрабую разгледзець дзеяньні адказных асобаў УП «Інстытут Віцебскграмадязнпраект», упраўленьняў аблвыканкаму і аддзелу Віцебскага гарвыканкаму, якія адказваюць за будаўніцтва і ахову гісторыка-культурнай спадчыны, на прадмет парушэньня заканадаўства Рэспублікі Беларусь, а таксама бязьдзеяньне службовых асобаў Віцебскай абласной і гарадзкой пракуратуры па непрыманьні захадаў для спыненьня парушэньняў заканадаўства», – гаворыцца ў скарзе.

Копіі скаргі ў СК Кастусь Смолікаў накіраваў пракурорам гораду і вобласьці, а таксама старшыні Віцебскага аблвыканкаму Мікалаю Шарстнёву.

Раней Кастусь Смолікаў ужо зьвяртаўся ў пракуратуру з нагоды парушэньня заканадаўства пры меркаваным будаўніцтве Палацу шлюбаў, але адказу пакуль не атрымаў. Дасылаў актывіст і пісьмовую скаргу Шарстнёву.

Нагадаем, што ў сьнежні 2018 году ў Віцебску адбыўся сход для абмеркаваньня справаздачы аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе (АЎНА) магчымага будаўніцтва Палацу ўрачыстых абрадаў. Да нейкага кансэнсусу з уладамі праціўнікі будаўніцтва ЗАГСу ў Віцебску так і не прыйшлі.

«У горадзе хапае свабодных месцаў для гэтай забудовы. Не сьпяшацца прымаць кардынальнае рашэньне – самае разумнае сёньня», – казаў на сходзе архітэктар Аляксандар Міхайлюкоў.

Але, зыходзячы з паведамленьняў абласнога ТБ, якое анансуе «навасельле» ў «новы ЗАГС» ужо ў 2020 годзе, да разумных парадаў адмыслоўцаў улады прыслухоўвацца не жадаюць.

Першапачатковы кошт будаўніцтва новага ЗАГСу ў гістарычным цэнтры Віцебску сягаў 11,8 млн. рублёў.

Зьміцер Міраш, рэгіянальны сайт “Віцебская Вясна

Снежань 2019
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
© 2011 - 2019 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.