Партыя БНФ » Рэдакцыя газэты “Прысожскі край” абвяргае цэнзуру: “Ніякай палітыкі няма!”. Чаму ж з сайту газэты прыбралі фота апазыцыянэра-вэтэрана?
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Рэдакцыя газэты “Прысожскі край” абвяргае цэнзуру: “Ніякай палітыкі няма!”. Чаму ж з сайту газэты прыбралі фота апазыцыянэра-вэтэрана?

Дададзена 11.12.2019 11:17:53 | 544 праглядаў

Газэта Слаўгарадзкага райвыканкаму (Магілёўская вобласьць) «Прысожскі край» апублікавала фатаздымак аднаго з найстарэйшых сябраў Партыі БНФ і вэтэрана Другой усясьветнай вайны Фелікса Шкірманкова ў абвестцы пра падпіску на выданьне. Празь некалькі дзён фота 93-гадовага пазаштатнага карэспандэнта з сайту прыбралі.

tywfwqgНа фатаздымак Шкірманкова ў рэклямнай абʼяве газэты «Прысожскі край» і яго зьнікненьне з сайту зьвярнуў увагу выпускаючы рэдактар магілёўскага інтэрнэт-выданьня 6tv.by Барыс Вырвіч.

 

Фелікс Шкірманкоў: «Быў зьдзіўлены, пабачыўшы сваё фота ў газэце»

Фелікс Шкірманкоў кажа, што ня супраць, каб слаўгарадзкая раёнка публікавала фатаздымкі зь ім, паколькі шмат гадоў піша для яе. Разам з тым прызнаецца, што зьдзівіўся, пабачыўшы сваё фота ў тэксьце з заклікам падпісвацца на газэту, бо яго не інфармавалі пра гэта.

Пра зьнікненьне фатаздымка з сайту газэты Шкірманкоў даведаўся ад карэспандэнта Свабоды. Разьбірацца з гэтым не зьбіраецца.

Паводле Фелікса Шкірманкова, фатаздымак, які зьявіўся ў газэце, зроблены на ягоную просьбу. Ён зьвяртаўся ў рэдакцыю, каб тая дапамагла яму зрабіць фота для кнігі, якую ён рыхтуе да друку, а таксама каб сама газэта мела «сьвяжэйшыя фатаздымкі зь ім».

Рэдактар газэты: фатаздымкам хацелі надаць імпульс падпісной кампаніі

Рэдактар газэты Ўладзімер Рыжанкоў даводзіць: фатаздымак Шкірманкова насіў ілюстрацыйны характар і злога намеру ў тым, што яго прыбралі з сайту, няма. Зьмясьціўшы фота, выданьне хацела надаць імпульс падпісной кампаніі, кажа ён.

«Ніякай палітыкі тут няма, — даводзіць рэдактар газэты. — Фатаздымкі Фелікса Ўладзімеравіча мы ня раз ставілі з розных нагод. Гэта паважаны і аўтарытэтны чалавек. Тое, што ён сябра БНФ — ягоная асабістая справа. Сваіх поглядаў ён нікому не навязвае».

Фелікс Шкірманкоў вярнуўся ў 1979 годзе ў родны Слаўгарад пасьля 30 гадоў працы на Калыме геолягам. Будучы старшынём Слаўгадзкага гарсавету (1990–1995 гады) стварыў раённую суполку Беларускага Народнага Фронту і камітэт «Дзеці Чарнобыля». Пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі пакінуў пасаду і крытыкаваў ягоную палітыку.

Фелікс Шкірманкоў аўтар больш як 20 зборнікаў прозы і вершаў. Сёлета быў уганараваны мэдалём да 100 годзьдзя БНР.

Паводле Радыё Свабода

Жнівень 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.