Партыя БНФ » Апазыцыйныя сілы абмеркавалі захады ў абарону незалежнасьці
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Апазыцыйныя сілы абмеркавалі захады ў абарону незалежнасьці

Дададзена 11.12.2019 8:51:38 | 515 праглядаў

Раніцай 11 снежня больш за трыццаць прадстаўнікоў палітычных партыяў і рухаў сабраліся на нараду, каб абмеркаваць акцыю супраць паглыбленай інтэграцыі з Расеяй і «кампанію за незалежнасць» Беларусі.

2D3F27E4-8B16-4BFE-9166-601A6F5CB1E9_w1023_r0_sНа пачатку сустаршыня БХД Павел Севярынец вынес на галасаванне пытанне аб прысутнасці прэсы. Большасць выказалася за тое, каб журналісты не вялі жывыя трансляцыі з паседжання. Паводле Севярынца, гэта можа нашкодзіць арганізатарам несанкцыянаваных акцый. Палітык прапанаваў абмеркаваць два моманты: непасрэдна падрыхтоўку вулічнай акцыі, запланаванай на 20 снежня, і шырокую кампанію ў абарону незалежнасці. У кожнага выступоўцы было па 3 хвіліны, каб агучыць свае ідэі.

Першым слова ўзяў экс-дэпутат Вярхоўнага Савету Юрый Беленькі. У звароце, пад якім таксама падпісаліся Зянон Пазняк, Сяргей Антончык, Сяргей Папкоў і Мікола Крыжаноўскі, «дэпутаты незалежнасці» падтрымалі ідэю правядзення «усебеларускай акцыі пратэсту супраць змовы афіцыйных кіруючых колаў Расеі і Беларусі аб інтэграцыі». Прычым прапанавалі выйсці на Кастрычніцкую плошчу не толькі 20, але і 21 снежня а 14-ай гадзіне працягнуць там жа.

«Калі казаць пра кампанію, у нас ёсць дзве мэты: мабілізаваць патрыётаў з ужо сфармаванай нацыянальнай ідэнтычнасцю і пашыраць кола гэтых людзей. Можна абвесціць падкампанію «Беларусь лепш» – тлумачыць у кароткіх фактах мінусы жыцця ў Расеі», – адзначыў намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Удзельнікі сходу ініцыятыву падтрымалі.

Андрэй Ягораў, адзін з каардынатараў грамадскай кампаніі «Свежы вецер», заявіў, што не падзяляе закліку на масавыя акцыі, бо «пратэставыя настроі ў людзей невялікія». Ягораў папрасіў апазіцыянераў больш актыўна інфармаваць структуры Еўразвязу аб пагрозе інтэграцыі для Беларусі.

Паводле апазіцыйнага палітыка Анатоля Лябедзькі, варта падцягваць да пратэсту супраць інтэграцыі расейскіх апазіцыянераў, «падняць хвалю сярод расейцаў, якія лічаць Беларусь незалежнай».

«Таксама трэба спрабаваць патрапіць на сустрэчу да Сяргея Румаса або Дзмітрыя Крутога [прэм’ер-міністр і міністр эканомікі. – Belsat.eu]. Мы ўжо зрабілі спробу прыйсці да Крутога, але той даведаўся тэму і збег», – дадаў Лябедзька.

Найбольш гарачую дыскусію выклікала прапанова часткі прысутных «фільтраваць» плакаты, не дапускаючы на акцыю людзей з выразна антырасейскімі плакатамі.

«Прыбірайце ўсе гэтыя «маскаляку на гіляку», прыбірайце гэтых людзей! Там былі заклікі вешаць рускіх!», – выкрыкнуў блогер Сяргей Ціханоўскі, аўтар каналу «Краіна для жыцця».

Лідэр руху «Разам» Вячаслаў Сіўчык яму запярэчыў: «Такіх лозунгаў не было, гэта прапаганда!».

«Лозунгі не павінны абражаць расейцаў, гэтым скарыстаюцца ўлады», – заўважыла сустаршыня БХД Вольга Кавалькова.

«Калі беларусы выходзяць і гэта абражае расейцаў, то гэта праблема расейцаў», – пажартаваў Янукевіч. У выніку праз прыкладна паўгадзіны спрэчкі Севярынец, выступаючы ў ролі мадэратара, пагадзіўся, што «заклікі не павінны падпадаць пад крымінальныя артыкулы».

«А яшчэ лепш не крычаць «Дыктатуры баста», – сказаў Данііл Лаўрэцкі з Моладзевага блоку. На думку актывіста, арганізатарам акцый трэба зрабіць лозунгі больш разнастайнымі замест традыцыйнага «Жыве Беларусь».

Блогер Дзмітрый «Шэры кот» з Воршы прапанаваў правесці акцыі і ў рэгіёнах Беларусі, а таксама раздаваць бел-чырвона-белыя стужкі і інфармацыйныя буклеты, прысвечаныя праблеме інтэграцыі. Дарэчы, пакуль найбольшую актыўнасць праяўляе Горадня, дзе акцыя абвешчаная на 15 снежня.

Кіраўнік «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч распавёў, што мае намер далучаць да кампаніі ў абарону незалежнасці праўладныя арганізацыі – БРСМ і «Белую Русь». Большасць гэтую ідэю падтрымала.

Экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім падзякавала Севярынцу за тое, што «прапанаваў актыўны варыянт абароны незалежнасці». Да таго ж, яна абвясціла, што да канца году збярэцца Кангрэс у абарону незалежнасці. Канкрэтная дата пакуль невядомая.

«Калі ў нас будзе кансалідаваная каманда, якая будзе мець перад сабой выразныя мэты, нам ніхто не зможа супрацьстаяць і народ будзе за намі», – кажа Анісім.

«Ці ёсць сярод міліцыянтаў і КДБшнікаў тыя, хто за незалежнасць?», – задаў рытарычнае пытанне дэпутат Вярхоўнага савету 12 склікання Сяргей Антончык. Ён настойліва звяртаў увагу іншых удзельнікаў на неабходнасць аб’яднацца: «На акцыі выходзіць мала людзей, бо яны энергетычна адчуваюць, што сярод арганізатараў няма адзінства. Давайце ніхто ні з кім не будзе змагацца і абражаць адзін аднаго. Бо нас у парадаксальным сэнсе цяпер абʼядноўвае Пуцін, як раней ён сваймі дзеяннямі сплаціў украінскую нацыю», – дадаў ён.

«А якая тут роля Лукашэнкі? Ён гарант незалежнасці або пагроза?», – запытаў кіраўнік АГП Мікалай Казлоў.

«Давайце вынесем Лукашэнку за дужкі. Мы не мусім згадваць наагул гэтага асобнага грамадзяніна, у нас іншая мэта і задача», – парыравала Анісім.

Паэт і палітык Уладзімір Някляеў адзначыў, што замест слова «інтэграцыя» звычайным людзям варта казаць пра «аб’яднанне з Расеяй». «Адзінае, што можа выправіць сітуацыю – масавая пратэставая акцыя і наша задача – стварыць яе», – коратка абазначыў сваю пазіцыю Някляеў.

Што датычыць прапановаў па акцыі 20 снежня, то Севярынец агучыў некаторыя з тых, што дасылалі яму ў сацсетках. Напрыклад, зладзіць «пратэставы аркестр» – каб людзі на плошчы гралі на бутэльках і розных падручных матэрыялах, абазначыць у цемры людзей флікерамі і ўключыць ліхтарыкі, раздаваць бел-чырвона-белую сімволіку, «некалькі чалавек папрасілі арганізаваць перакус». Прагучала думка паўтарыць «жывы ланцуг». Збор, як паведамлялася раней, прызначаны на 18:00. Сцэнар захадаў 21 снежня яшчэ будзе вырашацца.

За дзве гадзіны дыскусіі палітыкі дамовіліся, што працягнуць абмяркоўваць падрыхтоўку да акцыі ў суботу ў закрытым фармаце, без журналістаў, а ў панядзелак па выніках зладзяць прэс-канферэнцыю. У наступную сераду пройдзе нарада ў шырокім складзе.

9B55902E-B395-4F0B-9742-651AB57D6DB8_w1023_r0_s

Радыё Свабода падае такую вэрсію вынікаў нарады: вырашылі -

  1. Сабрацца яшчэ ў вузкім фармаце прадстаўнікоў апазыцыйных арганізацый 14 сьнежня і 18 сьнежня.
  2. Раз на месяц публікаваць 30 фактаў таго, чаму Беларусь лепшая за Расею, пачаць такім чынам кампанію «Беларусь лепшая».
  3. Дазволіць людзям прыходзіць з чырвона-зялёнымі сьцягамі і не перашкаджаць прысутнасьці дзяржаўнай сымболікі.
  4. Правесьці Кангрэс у абарону незалежнасьці ў 2020 годзе.
  5. Дамагчыся прыёму ў прэмʼер-міністра Сяргея Румаса і іншых VIP-чыноўнікаў.
  6. Правесьці акцыі за незалежнасьць у рэгіёнах і далучыцца да іх.
  7. Запрасіць на акцыі за незалежнасьць БРСМ, «Белую Русь» ды іншыя прадзяржаўныя структуры.

Паводле тэлеканалу Белсат

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Верасень 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
282930  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.