Партыя БНФ » Андрэй Паротнікаў: “У NATO расце разуменне, што Беларусь – не Расея”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Андрэй Паротнікаў: “У NATO расце разуменне, што Беларусь – не Расея”

Дададзена 17.12.2019 11:34:46 | 1,012 праглядаў

Андрэй Паротнікаў, кіраўнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog распавядае пра тое, што перашкаджае Беларусі падпісаць дамову з Паўночнаатлантычным альянсам, як у NATO успрымаюць нашую краіну, ды пры якіх умовах магчымы ўдзел беларускіх вайскоўцаў у сумесных з натаўскімі партнёрамі вучэннях?

ПаротнікаўЯк цяпер у Паўночнаатлантычным альянсе ўспрымаюць Беларусь?

Беларусь па-ранейшаму застаецца збольшага terra incognita для чыноўнікаў NATO, але пры гэтым расце разуменне, што Беларусь не ёсць Расеяй. Хоць там успрымаюць Менск як вельмі залежны ад Масквы ў плане пытанняў бяспекі, асабліва вайсковай бяспекі. Тым не менш, яны бачаць адрозненне беларускай палітыкі ад расейскай і ўспрымаюць гэта дастаткова сур’ёзна, але пакуль, як мне здаецца, не вельмі разумеюць, што з гэтым рабіць далей.

Былы кіраўнік Генштабу ўзброеных сілаў Беларусі, генерал Алег Белаконеў, які цяпер трапіў у Палату прадстаўнікоў, зрабіў гучную заяву, нечаканую – пра тое, што будуць гатовыя да вучэнняў з NATO. У сувязі з гэтым узнікае пытанне: а раней Беларусь хіба не ўдзельнічала ў вучэннях з дзяржавамі NATO?

Менавіта ў вайсковых вучэннях беларускія вайскоўцы з натаўскімі дзяржавамі не ўдзельнічалі, але былі вучэнні, у якіх удзельнічала Міністэрства надзвычайных сітуацыяў, бо NATO – не толькі вайсковы альянс. Гэта таксама і вельмі моцная сістэма ліквідацыі катастрофаў: тэхнагенных, прыродных і гэтак далей. Там Беларусь даволі актыўна ўдзельнічае, і яна прадстаўленая. Што датычыць менавіта вайсковых кантактаў паміж беларускімі вайскоўцамі ды вайскоўцамі NATO, то беларусы ўдзельнічалі ў рознага кшталту спаборніцтвах на запрашэнне канкрэтных краінаў. Але ў тым выпадку гэта не быў узровень супрацы з альянсам паміж Беларуссю і альянсам, гэта была двухбаковая супраца.

Крэмль цісне, а Беларусь набліжаецца да НАТО і Еўразвязу. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою

Так, гэта беларускія спецназаўцы ўдзельнічалі, па-мойму, у спаборніцтвах з брытанскімі вайскоўцамі. Гэта ўжо традыцыя. Генерал Белаконеў пазначыў, што Беларусь гатовая да вучэнняў з NATO, а як той факт, што Беларусь – саюзнік Расеі, уплывае на магчымы ўдзел беларусаў у вучэннях альянсу?

Гэта хутчэй рэверанс у бок Масквы, бо на сёння праблемаю для ўдзелу беларускіх вайскоўцаў менавіта ў вайсковых вучэннях застаецца адсутнасць пагаднення аб абароне сакрэтнай інфармацыі паміж Беларуссю і NATO. Дарэчы, такое пагадненне ёсць у NATO з Расеяй. Але з Беларуссю з 1994 года мы ніяк не можам яго падпісаць. Усё ж вучэнні звязаныя ў тым ліку з абменам нейкай інфармацыяй абмежаванага карыстання. У гэтым выпадку пакуль гэтае пагадненне не будзе падпісанае, удзел беларускіх вайскоўцаў у супольных вучэннях з вайскоўцамі NATO – збольшага тэарэтычная і гіпатэтычная магчымасць.

Андрэй, з чым бы вы звязвалі агулам заяву генерала Алега Белаконева цяпер, калі акурат ідзе цяжкі працэс перамоваў паміж афіцыйнымі Менскам і Масквой, звязанымі з інтэграцыяй? Ці ёсць сувязь паміж гэтымі падзеямі?

Беларускі бок, улады заўсёды імкнуцца маніпуляваць сваімі партнёрамі з Захаду і з Усходу, таму, безумоўна, я схільны разглядаць такія заявы, нейкія рэверансы ў бок Захаду, у прыватнасці NATO, як своеасаблівую прыладу ціску на Маскву. Маўляў, калі вы не пойдзеце на паразуменне з намі, то мы заўсёды знойдзем магчымасць здзейсніць гэтак званы разварот на Захад. Але я скептычна стаўлюся да гэтага, таму што мне падаецца, у Маскве даволі дакладна разумеюць, што ні на які Захад Беларусь пры Аляксандру Лукашэнку не развернецца.

Паводле тэлеканала Белсат

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Кастрычнік 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.