Партыя БНФ » Стратэгіі ўтрымання ўлады: Пра тэхнікі, якія дазваляюць Лукашэнку заставацца прэзідэнтам больш за 25 гадоў
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Стратэгіі ўтрымання ўлады: Пра тэхнікі, якія дазваляюць Лукашэнку заставацца прэзідэнтам больш за 25 гадоў

Дададзена 21.12.2019 12:03:48 | 812 праглядаў

Артыкул выдаўца Валеркі Булгакава перадрукоўваецца з сайту інтэрнэт-газэты ARCHE ў парадку дыскусіі.

лукашэнка глядзіцьПрэзідэнт Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца ля стырна краіны больш за 25 гадоў. Больш за тое, ён – разам з кіраўнікамі Камеруна, Экватарыяльнай Гвінеі, Рэспублікі Конга, Камбоджы, Уганды, Руанды і г.д. –  уваходзіць у своеасаблівы элітарны клуб. Ён належыць да тузіну дзейных кіраўнікоў дзяржаў некаралеўскай крыві, якія ўтрымліваюць уладу найдаўжэй на планеце Зямля. На постсавецкай прасторы пасля добраахвотнага сыходу Нурсалтана Назарбаева з пасады прэзідэнта Казахстану толькі Эмамалі Рахмон, лідар заціснутага паміж Узбекістанам, Кіргізіяй, Кітаем і  Афганістанам Таджыкістану, кіруе сваёй краінай даўжэй, чым Аляксандр Лукашэнка – Беларуссю.

Не трэба спецыяльна дадаваць, што цяпер у ніводнай еўрапейскай краіне няма лідара, які б не належаў да каралеўскіх дынастый і знаходзіўся б на найвышэйшай пасадзе больш за 15 гадоў.

Апошнія еўрапейскія лідары, якія кіравалі сваімі краінамі больш за 25 гадоў,  Тодар Жыўкаў і Янаш Кадар, сышлі разам з крахам камунізму ў Цэнтральнай Еўропе ў канцы 1980-х. У 1970-ыя паўміралі палітыкі, якія не хавалі сваіх крайне правых, антыкамуністычных поглядаў – Франсіска Франка і Антонія Салазар, і якія ўчэпіста, па 35 гадоў, кіравалі сваімі краінамі.

Ужо толькі гэтая акалічнасць робіць Аляксандра Лукашэнку феноменам планетарнага маштабу.

Вы скажаце: што абсусольваць, перад намі – класічны выпадак узурпацыі ўлады, і ўвогуле, пасля перавароту 1996 г. гэтая ўлада нелегітымная.

Але многа хто ў сучасным свеце, і не толькі на постсавецкай прасторы, спрабаваў узурпаваць уладу, але толькі адзінкам удалося ўтрымліваць яе доўгімі дзесяцігоддзямі.

Выпадак Беларусі, безумоўна, унікальны і ў еўрапейскім, і ў сусветным маштабе.

Таму ніжэй я хачу падзяліцца сваімі меркаваннямі наконт таго, дзякуючы чаму Лукашэнка змог не захапіць, а паспяхова ўтрымліваць уладу доўгі час.

Гэта не навуковая публікацыя, таму я буду коратка гаварыць пра ключавыя, на маю думку, сферы: эканоміку, палітычную ідэалогію (папулізм і патэрналізм), палітыку ідэнтычнасці. Гэта не будзе паслядоўны выклад, а хутчэй набор думак, якія, як мне здаецца, могуць нешта тлумачыць. Зраблю адразу засцярогу, што я не прэтэндую на поўную арыгінальнасць, таму нешта з іх вы маглі чуць у той ці іншай форме і раней.

Кансалідацыя ўлады праз блакаванне наменклатурнай/бандыцкай прыватызацыі

Чэкавая прыватызацыя ў Беларусі пачалася ў той жа год, калі Лукашэнка быў абраны прэзідэнтам (1994). Вярхоўны Савет 12 склікання пастанавіў распачаць прыватызацыю праз выдачу працаздольнаму насельніцтву чэкаў «Маёмасць» і абмен іх на акцыі дзяржаўных прадпрыемстваў.  Хоць гэтыя чэкі атрымалі амаль 5 млн беларусаў, і пачалося актыўнае стварэнне спецыялізаваных інвестыцыйных фондаў, новаабраны прэзідэнт у сакавіку 1995 года прыпыніў іх дзейнасць, а неўзабаве увёў часовую забарону на продаж акцый, атрыманых наўзамен чэкаў «Маёмасць».

Блакаванне прыватызацыі – адна з ключавых перадумоў стабільнасці лукашэнкаўскага рэжыму. Больш за тое, насмелюся сцвердзіць, што абранне Лукашэнкі прэзідэнтам стала магчымым у выніку запозненага старту прыватызацыі ў Беларусі. Калі б прыватызацыя па задуманым сцэнары адбылася раней, уплывовыя алігархічныя фінансава-прамысловыя групы проста не дапусцілі яго да такой пасады (што і сталася праз пару гадоў, калі Лукашэнка дэ факта ўключыўся ў барацьбу за статус пераемніка старога і хворага Ельцына).

Але тады, у 1994-1995 г., для ліберальнай грамадскасці ў краіне згортванне прыватызацыі ў краіне было шокам: на вачах ламаўся сцэнарый грамадска-палітычнай трансфармацыі, які павінен быў прывесці да дабрабыту і большай свабоды.

Цяпер, калі прайшло 25 гадоў пасля гэтых падзей, можна сцвердзіць, што прыватызацыя па сцэнары 1994 г.  магла і не несці дабрабыту (як паказвае прыклад Украіны) ці большай свабоды (як паказвае прыклад Расеі). У гэтых краінах яе рэальным бенефіцыярам быў не “просты чалавек”  і не цывілізаваны заходні капітал, а мясцовыя кланы наменклатуры і арганізаванай злачыннасці. “Дзікі капіталізм”, “ліхія 90-ыя” і іншыя падобныя эпітэты добра перадаюць атмасферу, калі гэтыя кланы пачынаюць кантраляваць дзяржаву дзякуючы перадзелу маёмасці. Неўзабаве прэзідэнтам Украіны стаў чалавек, які меў судзімасці, а Расеяй пачаў кіраваць палітык, які ў 1990-ыя актыўна ўключыўся ў мясцовы бізнес, ценявым бокам якога былі разборкі, забойствы і падобныя рэчы з крымінальнага рэпертуара.

Блакуючы прыватызацыю, Лукашэнка найперш забяспечваў сваё дамінантнае палітычнае становішча ў краіне. У адрозненне ад яго тагачаснага калегі Леаніда Кучмы, пры прыняцці важных для дзяржавы рашэнняў яму не даводзілася ўлічваць партыкулярныя інтарэсы кланаў і алігархаў.

Агонь па наменклатуры

Нягледзячы на блакаванне масавай прыватызацыі, наменклатура ў сярэдзіне 1990-х усё яшчэ засяроджвала каласальныя фінансавыя і іншыя рэсурсы і была далёкая ад поўнай лаяльнасці ў дачыненні да першага прэзідэнта Беларусі. Процістаянне Лукашэнка – Вярхоўны савет 13 склікання, у якім фактычна не было прадстаўнікоў нацыянальна-дэмакратычных сіл, было збольшага процістаяннем паміж Лукашэнкам і наменклатурнымі групамі, якія былі занепакоеныя перафарматаваннем палітычнага поля. Іх увасабляў “крэпкі гаспадарнік” старой школы, адзін з лідараў аграрнага лобі Сямён Шарэцкі.

Сямён Шарэцкі.

Пасля калапсу Вярхоўнага савету 13 склікання тыя прадстаўнікі наменклатуры, якія не змаглі прыняць новую рэальнасць кансалідаванага аўтарытарызму, якая забараняе любыя публічныя праявы нелаяльнасці/несубардынацыі адносна прэзідэнта Лукашэнкі, часам становяцца фігурантамі судовай хронікі. Пры чым поле палітычна дапушчальнага для наменклатуры паступова звужаецца: калі былога прэм’ера Міхаіла Чыгіра судзілі пасля зробленых ім адкрыта апазіцыйных заяў, то былы дырэктар мінскага заводу халадзільнікаў Леанід Калугін трапіў пад следства, а пасля ў псіхушку , неразважліва заявіўшы пра свае прэзідэнцкія амбіцыі ў 2001.

У краіне застаўся адзін палітык, і наменклатура/бізнес не павінны былі складаць яму канкрэнцыю. Сумная гісторыя Аляксандра Казуліна, Сяргея Скрабца і інш. пасля зноў і зноў пацвярджалі гэтае няпісанае правіла беларускага аўтарытарызму.

Разгром нацыянальна-дэмакратычнага руху і кантроль над ідэнтычнасцю

Філосаф Алесь Анціпенка ў эсэ “Маргіналы і маргінальная свядомасць” (1999) тлумачыў прыход Лукашэнкі да ўлады паўстаннем маргіналаў, на якіх той змог спрытна абаперціся:

Маргіналы — гэта людзі, што жывуць на ўскрайку грамадзкае, культурніцкае, нацыянальнае ці палітычнае сьвядомасьці. Яны прысутныя ў любым грамадзтве, аднак істотнае павелічэньне колькасьці маргіналаў і маргінальных груповак — асабліва заўважны працэс у пераходных грамадзтвах.

Але горкая іронія гісторыі палягае ў тым, што ў нас усё было якраз наадварот.

Колькасна ў Беларусі ў 1990-ыя гады маргіналамі былі не прыхільнікі Лукашэнкі, а іх ідэалагічныя праціўнікі – “нацыянал-дэмакраты”, чыім голасам быў Беларускі народны фронт і шэраг хаўрусных партыяў і рухаў. Пры чым сам гэты факт быў зусім не відавочны на пачатку 1990-х.  Відавочным ён стаў у 1995, калі даслоўна пара соцень чалавек (былі і меншыя ацэнкі) выйшла ў Мінску падтрымаць галадуючых дэпутатаў ад фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце напярэдадні майскага (1995) рэферэндуму.

Храналогія беспамылкова паказвае, што акурат нацыянальна-дэмакратычны рух, а не наменклатура, быў першай мішэнню для палітычнай атакі: акурат супраць яго сімвалічных здабыткаў быў скіраваны першы рэферэндум (май 1995). Дзякуючы беспрэцэдэнтнай кампаніі публічнай дыскрэдытацыі ніводны прадстаўнік нацыянальна-дэмакратычных сіл не трапіў у Вярхоўны Савет 13 склікання. Такі стан рэчаў працягваецца і дагэтуль: палітыкі, якія прадстаўляюць нацыянальна-дэмакратычныя сілы, выключаны з сістэмнай палітыкі.

У адрозненне ад наменклатуры, нацыянальна-дэмакратычны рух прапаноўваў не фінансавыя рэсурсы, а каштоўнасную базу для супраціву рэжыму Лукашэнкі, дзеля чаго і быў элімінаваны з афіцыйнага палітычнага поля.

Але ўлады не спыніліся на дасягнутым, і доўгі час не дапускалі ў публічнай прасторы праяў незалежнай ад іх культурніцкай актыўнасці. Невыпадкова, што нават моўныя курсы “Мова нанова” змаглі нармальна развівацца пасля расейска-ўкраінскай вайны (2014), якая змусіла афіцыйны Мінск перагледзець некаторыя ранейшыя ўстаноўкі ў сферы культурніцкай палітыкі.

Культурная праблематыка часта несправядліва ігнаруецца пры даследаванні станаўлення рэжыму Лукашэнкі, хоць яго знаходжанне ў элітарным клубе, куды ўваходзяць кіраўнікі Камеруна, Экватарыяльнай Гвінеі, Рэспублікі Конга, Уганды, Руанды і г.д., не пакідае сумневу:

Беларусь была (і застаецца ў пэўных адносінах) калоніяй.

Класічная адзнака калоніі – гэта калі яе насельнікі лепей ведаюць мову/культуру метраполіі, чым сваю ўласную.

Але далёка не кожны лідар калоніі, якая здабыла незалежнасць ад метраполіі, робіць стаўку на мову і культуру апошняй.

Лукашэнка зрабіў і, як бачым, перамог, г.зн. трапіў у элітны клуб, пра які гаворка была вышэй. Але гэтая перамога пірава: у гэты клуб збольшага ўваходзяць кіраўнікі дзяржаў, створаных еўрапейскімі метраполіямі падчас глабальнай каланіяльнай экспансіі. Гэтыя дзяржавы як правіла маюць клопаты з выбудовай мадэрных нацый і як вынік з сваёй доўгатэрміновай стабільнасцю.

Папулізм, патэрналізм, разбудова дзяржавы, барацьба з карупцыяй і стаўка на Расею

Гэта даўно вядомыя тэзісы, таму ў іх дэталёвым абмеркаванні я не бачу асаблівага сэнсу. Адзначу пару момантаў, якія мне падаюцца слаба прагаворанымі.

Карупцыя бывае не толькі ў закрытых, аўтарытарных грамадствах. У свеце багата прыкладаў (асабліва ў Лацінскай Амерыцы), калі яна працвітае і пры дэмакратычнай уладзе.  Але ў адкрытых грамадствах прынамсі адбываюцца выбары і існуе магчымасць легальнай змены карумпаванай улады. У закрытых грамадствах такой магчымасці няма, таму іх ужываюцца іншыя механізмы барацьбы з карупцыяй: найперш кадравыя ратацыі і жорсткі крымінальны пераслед.

У аўтарытарным Кітаі за карупцыю расстрэльваюць, у Беларусі садзяць пачкамі.

Барацьба з карупцыяй выдатна стасуецца з лексіконам палітычнага папулізму і адначасова можа прыносіць пэўныя эканамічныя дывідэнды. Не сакрэт, што ёсць краіны, дзе ў выніку карупцыі раскрадаецца ад 2-3 і болей працэнтаў ВУП.

Беларусь – яўны лідар у рэгіёне па колькасьці членаў ураду у рангу, напрыклад, намесніка міністра, якія атрымалі турэмныя прысуды за карупцыю.

Але нягледзячы на пастаянныя пасадкі, карупцыі ў краіне меней не становіцца, чаму спрыяе сам закрыты характар рэжыму і блізкасць Расеі, дзе за падобныя практыкі крымінальны пераслед наступае толькі ў надзвычайных выпадках.

Дарэчы, пра Расею. Лукашэнка не баяўся заходніх санкцый, якія накладаліся на Беларусь, бо за яго плячыма была Расея з яе агромністымі рэсурсамі. Але ў сітуацыі, калі сама Расея доўгі час знаходзіцца пад санкцыямі, афіцыйны Мінск вымушаны праводзіць асцярожную палітыку, каб па ўласнай ініцыятыве не нарвацца на новыя санкцыі. Рэжым двайных санкцый можа несці непрадказальныя рызыкі для мясцовага палітычнага рэжыму.

Высновы: выпрабаванне транзітам

Акно магчымасці для прыходу Лукашэнкі да ўлады стварыла няздольнасць мясцовай наменклатуры хутка і эфектыўна здабыць кантроль над беларускай эканомікай. Фактарам кансалідацыі лукашэнкаўскай улады былі слабы мабілізацыйны патэнцыял беларускага нацыяналізму і як вынік неўспрыманне беларускай мовы і культуры як каштоўнасці большасцю грамадства.

Пэўны час Расея падтрымлівала лукашэнкаўскі рэжым за тое, што ён выразна ставіў расейскую мову і культуры вышэй за “мясцовую”, а таксама не баяўся вострай палітычнай канфрантацыі з Захадам. Становішча ў гэтым пытанні пачынае патроху мяняцца пасля таго, як Крэмль перастае задавальняць толькі тутэйшая палітыка ў сфера культуры і адукацыі, і ён робіць стаўку на эканамічны кантроль над Беларуссю. Пасля расейска-ўкраінскай вайны (2014) дыстанцыя паміж афіцыйным Мінскам і Масквой пачынае ўзрастаць.

Беларусь сустрэлася з Лукашэнкам ў 1994, будучы глыбока дэкансалідаваным у плане культуры і ідэнтычнасці грамадствам. Дзякуючы сіле каланіяльнай спадчыны Лукашэнка паспрабаваў пераадолець гэта нетрадыцыйным для Ўсходняй Еўропы шляхам, г.зн. праз стаўку на мову і культуры метраполіі. Але эфектыўнасць гэтай стратэгіі спрэчная, у тым ліку таму, што яна доўгі час вымагала выкарыстання дзяржавы для блакавання непадкантрольнай уладам культурнай ідэнтычнасці.

Разам з тым, бясспрэчна, што цягам усяго гэтага часу Лукашэнку падтрымлівала вялікая частка беларусаў. Нягледзячы на адсутнасць свабодных і празрыстых выбараў, Лукашэнка заўсёды стараўся быць прэзідэнтам большасці.

Геапалітычныя выклікі для рэжыму цяпер малазначныя, але гэта не значыць, што яны цалкам адсутнічаюць. Афіцыйны Мінск робіць шмат для таго, каб іх яшчэ болей мінімілізаваць.

Але ўсё гэта не азначае, што гісторыя прэзідэнцтва Лукашэнкі –  гэта адна суцэльная success story.  Адным з ключавых момантаў будзе сітуацыя транзіту ўлады, які на постсавецкай прасторы часам ішоў не так, як было запланавана. Бо калі свайго непасрэднага пераемніка Лукашэнка зможа прызначыць уласным рашэннем, то пераемніка пераемніка – не.

А крах улады ў посткаланіяльных утварэннях нярэдка перарастае ў крах самой дзяржавы. Бо іх насельнікаў яднае не мова і культура, а цвёрдая рука.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Жнівень 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.