Партыя БНФ » Сойм БНФ зацьвердзіў супольную заяву патрыётаў у абарону незалежнасьці
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Сойм БНФ зацьвердзіў супольную заяву патрыётаў у абарону незалежнасьці

Дададзена 21.12.2019 1:12:04 | 653 праглядаў

21 сьнежня Сойм Партыі БНФ адмысловай рэзалюцыяй зацьвердзіў супольную заяву арганізацыяў-удзельніц Віленскага мэмарандума.

сцяг БНФ 3

Нагадаем, што сёлета падчас віленскіх мерапрыемстваў з нагоды перапахаваньня паўстанцаў Каліноўскага і ў дзень XXX Сэсіі Рады БНР адбылася сумесная нарада падпісантаў Віленскага мэмарандуму 2012 г. – прадстаўнікоў галоўных беларускіх дэмакратычных партыяў і грамадзкіх арганізацый. Партыю БНФ на нарадзе прадстаўзлялі старшыня партыі Рыгор Кастусёў і намесьнік старшыні Аляксей Янукевіч. Па выніках абмеркаваньня бягучай сытуацыі вакол магчымага падпісаньня афіцыйным Менскам і Крамлём дакумэнтаў аб далейшай інтэграцыі Беларусі і Расеі была прынятая супольная заява.

Ад імя Партыі БНФ заява была падпісаная старшынём Партыі БНФ Рыгорам Кастусёвым. Сёньня Сойм Партыі БНФ ратыфікаваў гэты дакумент, адзначыўшы таксама ў сваёй рэзалюцыі (публікуецца ніжэй) пералік крокаў у галіне зьнешняй палітыкі, якія згодна з праграмай БНФ “Адраджэньне” з’яўляюцца неабходнымі захадамі дзеля ўмацаваньня незалежнасьці Беларусі.

Рэзалюцыя Сойму Партыі БНФ 21 сьнежня 2019 году

У падтрымку заявы арганізацыяў-удзельніц Віленскага Мэмарандуму “Аб пагрозе незалежнасьці Беларусі”

Сойм Партыі БНФ ухваляе супольную заяву арганізацыяў-удзельніц  Віленскага Мэмарандуму “Аб пагрозе незалежнасьці Беларусі”, што была падпісаная старшынём Партыі БНФ Рыгорам Кастусёвым у часе 30-й сэсіі Рады БНР у Вільні.

Сойм Партыі БНФ згодна з духам і літарай Віленскага мэмарандуму пацьвярджае, што аніякія захады цяперашніх дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь, скіраваныя на адмову ад элемэнтаў сувэрэнітэту Беларусі не зьяўляюцца легітымнымі і не могуць лічыцца заснаванымі на волі беларускага народу.

Да таго часу, пакуль у Беларусі не праведзеныя вольныя выбары і не сфармаваныя дэмакратычным чынам легітымныя органы нацыянальнай улады, беларуская палітычная і грамадзянская супольнасьць прызнаюць Раду БНР рэзэрвовым палітычным дэпазытарам беларускай незалежнай дзяржаўнай традыцыі, заснаванай на волі беларускага народа, што была выяўленая ў Акце 25 сакавіка 1918 года.

Сойм Партыі БНФ падтрымлівае заклікі да дэмакратычных дзяржаваў сьвету, у тым ліку тых, што падпісвалі Будапэшцкі мэмарандум, а таксама да Эўрапэйскага Зьвязу, аб асуджэньні любых спробаў Расейскай Фэдэрацыі абмежаваць сувэрэнітэт Беларусі, падступна выкарыстоўваючы адсутнасьць у краіне дэмакратычна абранай і адказнай перад народам улады.

Сойм Партыі БНФ заяўляе, што дзеля парадухіленьня гэткіх і якіх-кольвек будучых замахаў з боку Расеі на сувэрэнітэт Беларусі  зьяўляецца неабходным, апроч ўсталяваньня дэмакратычнага ўнутранага ладу паводле прынцыпаў прававой дзяржавы, наступная паслядоўнасць замежнапалітычных крокаў:

  1. Неадкладны вывад з тэрыторыі Беларусі вайсковых аб’ектаў Расеі, чый тэрмін арэнды згодна з дамовамі сканчваецца 7 чэрвеня 2021 года: 43-і вузел сувязі “Вілейка” (радыёстанцыя “Антэй”) і радыёлякацыйная станцыя “Волга” (вузел “Баранавічы”).
  2. Выхад Беларусі з дамоваў пра ўтварэньне гэтак званай “Саюзнай дзяржавы” і з дамовы аб калектыўнай бясьпецы, а таксама перагляд усіх астатніх “інтэграцыйных” угодаў, што былі заключаныя нелегітымнымі ўладамі супраць волі беларускага народа публічна ці таемна.
  3. Далучэньне Беларусі да Рады Эўропы павіннае зрабіцца важным чыньнікам прававой рэформы ў краіне на аснове эўрапэйскіх стандартаў права, правоў чалавека, дэмакратыі і законнасьці.
  4. Скасаваньне ўдзелу Беларусі ў невыгодных эканамічных хаўрусах накшталт Эўразійскага эканамічнага саюза, замест чаго дзяржаве неабходна ўвайсьці ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю і забесьпечыць краіне доступ да эўрапэйскага рынку, уключна з інтэграцыяй ў эўрапэйскую сыстэму энэргетычнай бясьпекі згодна з супольнымі інтарэсамі краінаў Міжмор’я.
  5. Беларусь павінная далучыцца да палітычных, а потым і да вайсковых струкутраў NATO як наймацнейшага, эфэктыўнага і надзейнага абарончага альянсу сьвету, сяброўства ў якім дасьць краіне доступ да найсучасьнейшых ваенных стандартаў і забясьпечыць вольны і бесьперашкодны  рух нашай краіны па шляху эўрапэйскай інтэграцыі.
  6. На падставе азначаных крокаў народ Беларусі зможа вольна, у адпаведнасьці з нацыянальнымі інтарэсамі і без знешняга ўціску ці пагрозаў зрабіць выбар на карысьць далучэньня да Эўразьвязу.

Выкананьне гэтых крокаў згодна з праграмай БНФ «Адраджэньне» забясьпечыць беларускаму народу магчымасьць вольна і бясьпечна будаваць наш Беларускі Дом і імкнуцца да сьцьвярджэньня свабоднага чалавека у незалежнай эўрапейскай Беларусі.

——————————————————————————————————————————-

Тэкст супольнай заявы“Аб пагрозе незалежнасьці Беларусі” на сайце Партыі БНФ : http://narodny.org/?p=24579

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Студзень 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сне    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.