Партыя БНФ » Сойм БНФ даў палітычную ацэнку парлямэнцкай выбарчай кампаніі-2019
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Сойм БНФ даў палітычную ацэнку парлямэнцкай выбарчай кампаніі-2019

Дададзена 22.12.2019 12:06:20 | 847 праглядаў

Палата прадстаўнікоў VII скліканьня не ёсьць выразьнікам волі беларускага народа

Заява Сойму Партыі БНФ аб палітычнай ацэнцы вынікаў парлямэнцкіх выбараў

21 сьнежня 2019 г.

bnfСойм Партыі БНФ, грунтуючыся на выніках і высновах міжпартыйнай кампаніі назіраньня за выбарамі “Права выбару 2019”, у якой бралі ўдзел струкутры Партыі БНФ і 279 назіральнікаў, вылучаных Партыяй БНФ і Грамадзкім аб’яднаньнем БНФ “Адраджэньне”, а таксама на адмовах у аб’ектыўным разглядзе пададзеных скаргаў на парушэньне выбарчага заканадаўства заяўляе:

-       Выбарчая кампанія 2019 года прайшла ў найгоршай ступені неадпаведнасьці крытэрам вольных і дэмакратычных выбараў, з найвялікшай ступеньню уціску на кандыдатаў ад апазыцыі, якія былі пастаўленыя ў няроўныя ўмовы фінансаваньня і вядзеньня агітацыйнай кампаніі ў параўнаньні з кандыдатамі са сьпісу ўладных прызначэнцаў, што карысталіся рэжымам найбольшага спрыяньня і, сярод іншага, шырока выкарыстоўвалі матэрыяльныя рэсурсы фінансаваных з бюджэту псэўда-грамадзкіх арганізацыяў (БРСМ, “Белая Русь”, структуры ФПБ).

-       Татальнае неўключэньне прадстаўнікоў Партыі БНФ і ГА БНФ “Адраджэньне” ў склад выбарчых камісій, разам з непразрыстым і закрытым для назіральнікаў падлікам галасоў робіць ня вартымі даверу тыя лічбы, што былі агучаныя выбарчымі камісіямі ў якасьці вынікаў выбараў.

-       Ступень маніпуляцыяў і фальсіфікацыяў была нечувана вялікая нават у параўнаньні з мінулымі выбарчымі кампаніямі ў Беларусі, што найбольш яскрава ілюстравана ў неадпаведнасьці агучаных лічбаў яўкі сапраўднаму ўдзелу выбаршчыкаў у галасаваньні, які быў зафікасаваны назіральнікамі.

-       Праваахоўныя органы, пракуратура і суды замест таго каб стаяць на варце законнасьці і прадухіляць парушэньні выбарчага заканадаўства, самаўхіліліся ад разгляду заяваў і доказаў пра злачынствы, якія былі ўчыненыя на выбарчых участках; наадварот, пры падбухторваньні з боку Аляксандра Лукашэнкі яны абрынулі на назіральнікаў рэпрэсіі і перасьлед, з мэтаю перашкодзіць іх працы як назіральнікаў падчас гэтай выбарчай кампаніі і стварыць запалохаць іх напярэдадні маючых адбыцца ў 2020 годзе выбараў прэзыдэнта.

-       Абуральным і дэманстратыўным парушэньнем Канстытуцыі сталася прызначэньне датэрміновых парлямэнцкіх выбараў пры адсутнасьці прадугледжаных Канстытуцыяй падставаў, што прывяло да незаконнага скарачэньня тэрміну паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў VI скліканьня.

Парлямэнцкія выбары ў Беларусі былі крокам назад нават у параўнаньні з ранейшымі кампаніямі – як па ўзроўні незаконных маніпуляцыяў, так і па маштабах перасьледу кандыдатаў ды актывістаў.

У сукупнасьці адзначаныя абставіны робяць цяперашні склад Палаты прадстаўнікоў сфармаваным праз антыканстытуцыйны і нелігітымны спосаб, які не быў выбарамі, а быў працэдурай адміністратыўнага прызначэньня сьпісу лаяльных асобаў, якія не ёсьць прадстаўнікамі беларускага народу.

На падставе  выкладзенага, Сойм Партыі БНФ:

-       Заклікае міжнародныя парламенцкія стуртуры, у тым ліку Парламенцкую асамблею Усходняга партнэрства Эўранэст і Парламенцкую асамблею Рады Эўропы, грунтаваць стасункі з Палатай прадстаўнікоў з улікам таго, што яе новае склад не быў абраны ў адпаведнасьці з абавязацельствамі АБСЕ і іншымі міжнароднымі стандартамі дэмакратычных выбараў.

-       Патрабуе ад уладаў Беларусі ўнясеньня ў выбарчае заканадаўства і праваўжывальную практыку зьменаў згодна з рэкамэндацыямі кампаніі “Права Выбару 2019” і будучымі рэкамендацыямі, якія будуць неўзабаве дадзеныя ў справаздачы БДІПЧ АБСЭ.

-       Перасьцерагае ўлады Беларусі ад працягу кампаніі перасьледу і застрашэньня назіральнікаў і іншых дэмакратычных актывістаў напярэдадні маючых абыцца ў 2020 годзе выбараў прэзыдэнта.

-       Прапануе мясцовым уладам адмовіцца ад практыкі ўключэньня ў склад выбарчых камісіяў асобаў, што былі заўважаныя ў фальсіфікацыі выбараў.

Сойм выказвае падзяку за самаахвярную працу кандыдатам у дэпутаты, іх давераным асобам і сябрам камандаў, усім назіральнікам і актывістам-агітатарам, іх сем’ям, а таксама мясцовым структурам БНФ.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Верасень 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Жні    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
282930  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.