Партыя БНФ » Вынікі сьнежаньскага сойму Партыі БНФ і ГА БНФ “Адраджэньне”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Вынікі сьнежаньскага сойму Партыі БНФ і ГА БНФ “Адраджэньне”

Дададзена 23.12.2019 12:55:51 | 540 праглядаў

21 сьнежня ў цэнтральнай сядзібе БНФ адбылося апошняе ў гэтым годзе пасяджэньне Сойму Партыі БНФ і Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. На апошнім у гэтым годзе пасяджэньні кіруючага органа партыі былі падведзеныя палітычныя вынікі году, дадзеная ацэнка бягучай палітычнай сытуацыі ў сьвятле павелічэньня пагрозаў для незалежнасьці Беларусі, а таксама ацэнка вынікаў мінулай выбарчай кампаніі. Сойм таксама абмеркаваў пляны на будучую кампанію па выбарах прэзыдэнта, а таксама прыянў рашэньне пра ўдзел у аргкамітэце Кангрэсу за незалежнасьць, які мае быць скліканы ў лютым 2020 года.

8EC0FA5F-2217-4FE5-800B-33D0D95C78D6_w1080_h608_s_bНапачатку пасяджэньня сябрам Сойму былі ўручаныя багата ілюстраваныя альбомы “БНР-100: Сьвяткаваньне 100-гадовага юбілею ў Беларусі і ў замежжы“, што нядаўна былі выдадзеныя шчыраваньнем беларускай дыяспары.

У сваім палітычным дакладзе старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў у першую чаргу спыніўся на хадзе пратэстаў супраць перамоваў пра “паглыбленьне інтэграцыі”, якія цяпер вядуцца кіраўніцтвам Беларусі і Расеі. Старшыня партыі ацаніў як вельмі пасьпяховую акцыю 20 сьнежня, у якой ён пэрсанальна прымаў асабісты удзел і выступаў з прамовай перад дэманстрантамі. Як пасьпяховую і слушную Рыгор Кастусёў ахарактэрызаваў і нядаўнюю акцыю пратэсту ў Гародні, што мела вялікі інфармацыйны розгалас. Лідэр БНФ падзякаваў усім сябрам партыі і асабліва Моладзі БНФ за ўдзел у гэтай і ў папярэдніх акцыях, як у Менску, так і ў рэгіёнах.

Рыгор Кастусёў адзначыў, што ціск Масквы на Беларусь увогуле і пэрсанальна на Лукашэнку ўзмацняецца. Гаворка ідзе, відавочна, не толькі пра “эканамічную інтэграцыю” (хоць яе небясьпеку не трэба недаацэньваць), але і пра палітычны захоп краіны праз стварэньнек нейкіх наднацыянальных структраў улады. Ёсьць небясьпека, што ратуючы свой дыктатарскі лёс Лукашэнка будзе вымушаны адмовіцца ад важныэ элемэнтаў беларускага дзяржаўнага сувэрэнітэту. “Асаблівую занепакоенасьць людзей выклікае таемны характар гэтых перамоваў – у таямніцы і непублічнасьці могуць хавацца найбольш небясьпечныя ўгоды, зьвязаныя з гандлям дзяржаўным сувэрэнітэтам Беларусі” – сказаў Рыгор Кастусёў.

Старшыня БНФ падкрэсліў, што адсутнасьць інфармацыі пра нейкія дамовы па “дарожных мапах” прасьля сустрэчаў у Сочы і ў Санкт-Пецярбурзе не павінная суцішваць занепакоенасьць – пагроза з боку расейскага імперыялізму застаецца, і яна актуальная.

У сваім дакладзе пра палітычную сытуацыю старшыня БНФ падсумаваў вынікі ўдзелу партыі ў выбарчай кампаніі. Ён адзначыў, што ступень незаконных маніпуляцыяў, фальсіфікацыяў, уціску на кандыдатаў і назіральнікаў была нечуваная нават па беларускіх мерках. Гэта дазваляе меркаваць, што менавіта гэткі сцэнар застаршэньня будзе прыняты ўладамі і ў будучай кампаніі па выбарах прэзыдэнта, якая плянуецца на лета 2020 года.

У назвычай складаных умовах партыя і кандыдаты ад партыі працавалі шчыра і сыстэмна. Рыгор Кастусёў падкрсэліў важнгасьць абскарджваньня парушэньняў на выбарах – менавіта Партыя БНФ найбольш пасьлядоўна і сыстэмна абскарджвала недапушчальныя крокі ўладаў, у тым ліку зьвязаныя з нядопускам апазыцыі ў выбарчыя камісіі. Вынікі гэтай працы бачныя ў справаздачах ўнутраных і міжнародных назіральнікаў.

З 38 кандыдатаў, што былі вылучаныя ад Партыі БНФ, рэгістрацыю атрымалі 31 кандыдат у дэпутаты – асатнім было адмолўлена па незаконных падставах у сувязі з прэтэнзіямі па парушэньнях пры зборы подпісаў. Напрыклад, самому Рыгору Кастусёву было вынесенае папярэджаньне за тое, што на этапе вылучэньня ён распавядаў пра партыю, якую ўзначальвае. Ужо ў часе агітацыйнай кампаніі шэраг кандыдатаў былі зьнятыя з выбараў, абсалютная большасьць кандыдатаў атрымалі папярэджаньні. У выніку на дзень выбараў 24 кандыдаты ад Партыі БНФ былі ў бюлетэнях для галасаваньня.

Рыгор Кастусёў адзначыў важнасьць выступаў кандыдатаў па дзяржаўным тэлебачаньні і публікацыю праграмы БНФ ў дзесятках газэтаў – як нацыянальных (“Зьвязда” і “Рэспубліка”), так і ў раённых ды гарадзкіх. Дзякуючы адносна вольным умовам для правядзеньня пікетаў па зборы подпісаў і правядзеньня агітацыйных сходаў кандыдаты ад Партыі БНФ здолелі легальна правесьці шэраг гучных і важных масавых мерапрыемстваў (сходаў, мітынгаў, пікетаваньняў).

Сярод дэмакратычных аб’яднаньняў-удзельнікаў кампаніі назіраньня “Права выбару-2019″ менавіта БНФ вылучыў найбольшую колькасьць назіральнікаў (каля 300) і вялікую колькасьць прадстаўнікоў у ўчастковыя выбарчыя камісіі. Ад Партыі БНФ і Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” агулам былі вылучаны больш за 250 прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі, але ўлады ўключылі ў склад участковых выбарчых камісіў толькі 5 прадстаўнікоў Фронту. Для параўнаньня – ад праўладнай РППС у камісіях будзе працаваць болш за тысячу чалавек, амаль усе што вылучаліся.

Старшыня партыі падзякаваў усім кандыдатам, сябрам выбарчых штабоў, назіральнікам Партыі БНФ і Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” за іх самаахвярную працу ў часе выбарчай кампаніі.

80439356_759027541267419_6877401805324550144_nУ дыскусіі па выніках выбарчай кампаніі выступілі сябры Сойма Васіль Раманаў,  Вітольд Ашурак, Юрый Чавусаў, былы кандыдат у дэпутата па Лагойскай выбарчай акрузе Ільля Дабратвор.

“Мы зрабілі ўсё, што мусілі зрабіць” – сказаў Вітольд Ашурак, якіт быў кандыдатам у дэпутаты ад Партыі БНФ па Нёманскай выбарчай акрузе №56.

На прапанову старшыні Сойм Партыі БНФ прыняў заяву  аб палітычнай ацэнцы вынікаў парлямэнцкіх выбараў “Палата прадстаўнікоў VII скліканьня не ёсьць выразьнікам волі беларускага народа“. У гэтай заяве Сойм Партыі БНФ:

-       Заклікае міжнародныя парламенцкія стуртуры, у тым ліку Парламенцкую асамблею Усходняга партнэрства Эўранэст і Парламенцкую асамблею Рады Эўропы, грунтаваць стасункі з Палатай прадстаўнікоў з улікам таго, што яе новае склад не быў абраны ў адпаведнасьці з абавязацельствамі АБСЕ і іншымі міжнароднымі стандартамі дэмакратычных выбараў.

-       Патрабуе ад уладаў Беларусі ўнясеньня ў выбарчае заканадаўства і праваўжывальную практыку зьменаў згодна з рэкамэндацыямі кампаніі “Права Выбару 2019” і будучымі рэкамендацыямі, якія будуць неўзабаве дадзеныя ў справаздачы БДІПЧ АБСЭ.

-       Перасьцерагае ўлады Беларусі ад працягу кампаніі перасьледу і застрашэньня назіральнікаў і іншых дэмакратычных актывістаў напярэдадні маючых абыцца ў 2020 годзе выбараў прэзыдэнта.

-       Прапануе мясцовым уладам адмовіцца ад практыкі ўключэньня ў склад выбарчых камісіяў асобаў, што былі заўважаныя ў фальсіфікацыі выбараў.

У сваім дакладзе страшыня Партыі БНФ таксама распавёў пар далейшыя падзеі вакол курапацкага мэмарыялу, дзе паўстаюць новыя пагрозы і выклікі (але варта там трывае, у тым ліку з удзелам сябраў Партыі БНФ).

Як надзвычай важную падзею для гартаваньня нацыянальнай еднасьці і беларускага духу старшыня Партыі БНФ ацаніў перапахаваньне парэштаў паўстанцаў 1863-1864 году ў Вільні. Гэтая падзея і спадарожныя ёй імпрэзы сталіся пунктам пырцягненьня ўвагі беларускага грамадзтва – у Вільню з’ехаліся тысячы беларусаў, што пераўтварылі перапахаваньне фактычна ў беларусмкае мерапрыемства (хоць удзел прэзыдэнтаў суседніх краін быў вельмі важны, і ён кантрастуе з невысокім прадстаўніцтвам афіцыйных уладаў Беларусі).

Падсумоўваючы вынікі 2019 года старшыня Партыі БНФ адзначыў пасьпяховасьць кампаніі краўдфандынга, якая была абвешачаная партыяй дзеля захаваньня цэнтральнай сядзібы. Нягледзячы на дванаццаць судовых працэсаў, партыя і рух здолілі адстаяць сваё цэнтральнае памяшканьне. Пры гэтым БНФ быў вымушаны адмовіцца ад вялікай залі – той часткі памяшканьня, якое выкарыстоўвалася для правядзеньня розных імпрэзаў, канцэртаў, канфэрэнцыяў з партнэрскімі арганізацыямі. Рыгор Кастусёў падкрэсліў важнасьць працягу збору сродкаў дзеля таго каб партыя мела магчымасьць захоўваць сваю сядзібу ў цэнтры Менску:

dav“Сядзіба БНФ на цяперашні момант застаецца адзіным месцам у сталіцы незалежнай Рэспублікі Беларусь, дзе ў публічнай прасторы лунае нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг. І мы павінныя зрабіць усё належнае, каб нацыянальны сьцяг быў тут і надалей” – сказаў Рыгор Кастусёў.

Старшыня партыі азнаёміў сябраў Сойму са зьместам прапановаў па ўзмацненьні патрыятычнага выхаваньня і нацыянальнай ідэнтычнасьці ў Беларусі, якія былі прадстаўленыя ім на сустрэчы 28 лістапада з намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Андрэем Кунцэвічам. Пакет прапановаў быў складазены ў супрацы БНФ з ініцыятывамі грамадзянскай супольнасьці і ўтрымлівае як палітычную, так і грамадзкую часткі.

“Мы тут дзейнічаем згодна з той тактыкай, якую я абраў адразу пасьля таго як я стаў на чале Партыі БНФ – тады, у 2017 годзе, я бачыў галоўнай задачай належнае адзначэньне стагодзьдзя БНР, і было важна дамагчыся спрыяльнага стаўленьня ўладаў да гэтай даты. Мае сустрэчы ў МЗС і ў адміністрацыі прэзыдэнта тады мелі плён – атрымалася на слаўны юбілей у сакавіку 2018 года  рэалізаваць шмат з таго што мы тады ўключылі ў плян. Хоць, канешне, далёка не ўсё – у тым ліку замарудзілася праца з устаноўкай памятнай шыльды ў доме, дзе была абвешчаная трэцяя ўстаўная грамата БНР. У 2020 годзе нас яакаюць іншыя важныя даты – гэта і Дзень роднай мовы ў лютым, і 25 сакавіка, і трыццацігодьдзе абвяшчэньня дэклярацыі пра дзяржаўны сувэрэнітэт, і дзень беларускага пісьменства, і стагодзьдзе Слуцкага збройнага чыну. Мы маем пляны на ўвесь гэты год – мерапрыемствы як грамадзкія, дзе ўлады не павінныя чыніць перашкодаў, так і дзяржаўныя, дзе ад уладаў нам хацелася б больш актыўнай пазыцыі. Спадзяюся, мы здолеем дамагчыся рэалізацыі гэтага пляну” – сказаў Рыгор Кастусёў.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч распавёў Сойму пра міжнародныя кантакты партыі, асабліва спыніўшыся на стасунках з Радай БНР. Па меркаваньні кіраўніцтва Партыі БНФ, кола арганізацыяў, якія падпісалі Віленскі мэмарандум 2012 года, ініцыяваны Радай БНР, уяўляе сабой кола патэнцыйных саюзнікаў БНФ, з якімі можна дасягаць згоды па тактычных пытаньнях на грунце адзінага каштоўнаснага падмурку.

Сёлета падчас віленскіх мерапрыемстваў з нагоды перапахаваньня паўстанцаў Каліноўскага і ў дзень XXX Сэсіі Рады БНР адбылася сумесная нарада падпісантаў Віленскага мэмарандуму 2012 г. – прадстаўнікоў галоўных беларускіх дэмакратычных партыяў і грамадзкіх арганізацый. Партыю БНФ на нарадзе прадстаўзлялі старшыня партыі Рыгор Кастусёў і намесьнік старшыні Аляксей Янукевіч. Па выніках абмеркаваньня бягучай сытуацыі вакол магчымага падпісаньня афіцыйным Менскам і Крамлём дакумэнтаў аб далейшай інтэграцыі Беларусі і Расеі была прынятая супольная заява.

Ад імя Партыі БНФ заява была падпісаная старшынём Партыі БНФ Рыгорам Кастусёвым.

На прапанову Аляксея Янукевіча Сойм Партыі БНФ ратыфікаваў гэты дакумент, адзначыўшы таксама ў сваёй рэзалюцыі У падтрымку заявы арганізацыяў-удзельніц Віленскага Мэмарандуму “Аб пагрозе незалежнасьці Беларусі” пералік крокаў у галіне зьнешняй палітыкі, якія згодна з праграмай БНФ “Адраджэньне” з’яўляюцца неабходнымі захадамі дзеля ўмацаваньня незалежнасьці Беларусі і сьцьвярджэньня свабоднага чалавека у незалежнай эўрапейскай Беларусі.

Кіраўніцтва Партыі БНФ азнаёміла сябраў Сойму з хадой кааліцыйнага будаўніцтва напярэдадні маючых адбыцца ў наступным годзе прэзыдэнцкіх выбараў. Як падкрэсліў старшыня Партыі БНФ, на цяперашні момант рашэньне З’езду партыі пра вылучэньне партыйным кандыдатам на выбары намесьніка старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча застаецца нязьменным. Але трэба ўсьведамляць, што моцная агульнанацыянальная кампанія цяпер не можа быць праведзеная сіламі ніякай адной арганізацыі.

З гэтай прычыны Партыя БНФ вядзе перамовы пра магчымае вызначэньне працэдуры абраньня адзінага кандыдата па двух лініях. Першы фронт перамоваў – гэта камунікацыя з арганізацыямі-удзельніцамі кампаніі Права выбару, якія за час некалькіх апошніх выбарчых кампаніяў дасягнулі пэўнага ўзроўню даверу ва ўзаемадзеяньні, што дазваляе разлічваць і на выхад на больш высокі ўзровень супрацоўніцтва. Перамовы ў гэтым кірунку працягваюцца, існуе некалькі праектаў магчымай працэдуры выхаду на адзінага кандыдата, у тым ліку Партыя БНФ прапнуе правядзеньне Кангрэсу дэмакратычных сілаў (абмяркоўваюцца розныя варыянты і фарматы такога мэханізму).

kora1Другая лінія перамоваў – гэта перамовы з кіраўнічкай Таварыства Беларускай Мовы Аленай Анісім, якая адна з першых заявіла пра намер вылучацца кандыдатам у прэзыдэнты.

На прапанову кіраўніцтва Партыі БНФ перад Соймам выступіла сама спадарыня Алена Анісім, якая праясьніла сваю пазыцыю і пляны. У прыватнасьці, палітык адзначыла, што вядзе перамовы пра падтрымку з шэрагам арганізацыяў, у тым ліку з БСДП. Спадарыня Алена Анісім заявіла, што пры наяўнасьці палітычнай волі яе камандзе па сілах сабраць неабходныя для вылучэньня подпісы. Аднак першым крокам да сваёй кампаніі яна бачыць збор подпісаў супраць вылучэньня Аляксандра Лукашэнкі на новых выбарах – без гэтай умовы Анісім не бачыць сэнсу ўдзельнічаць у кампаніі.

КІраўнічка ТБМ пагадзілася з тэзай, што парламенцкая кампанія была назвычай жорсткай, і кампанія 2020 года, як чакаецца, будзе не меньш жорсткай.

Спадарыня Алена Анісім адказала на пытаньні сябраў Сойму Васіля Раманава, Андрэя Церашкова, Сяргея Пантуса, Юрыя Чавусава, Алеся Жучкова. У тым ліку з боку Алены Анісім было адзначана, што падчас заплянаванага новага Кангрэсу за незалежнасьць вылучэньне кандыдата ў прэзыдэнты не плянуецца (з тым каб мерапрыемства сабрала больш шырокае кола прыхільнікаў незалежнасьці).

На Сойме Партыі БНФ не ставілася на галасаваньне рашэньне аб падтрымцы прэзыдэнцкай кампаніі Алены Анісім, інфармацыя была прыянтая да ведама. У сваю чаргу кіраўніцтва партыі пацьвердзіла, што любыя кааліцыйныя ўгоды БНФ альбо пагадненьні датычна выхаду на адзінага кандыдата ад апазыцыйных сілаш будуць прымацца толькі праз сойм, згодна з рашэньнямі XVIII зьезду Партыі БНФ 2017 года.

Рыгор Кастусёў паведаміў, што Рада Кангрэсу за незалежнасьць, у якой ён разам з 80457764_446964749582517_6362699886713896960_nіншымі сябрамі Сойму прадстаўляе Партыю БНФ, прыняла рашэньне правесьці новы Кангрэс за незалежнасьць у наступным годзе. Папярэдне вызначаная дата правядзеньня кангрэсу – 23 лютага 2020. Першапачатковы Усебеларускі Кангрэс за незалежнасьць адбыўся пяць гадоў таму, 21 сьнежня 2014 году, калі пасьля расейсекай агрэсіі супраць Украіны павялічылася небясьпека для Беларусі. Другая сэсія Кангрэсу прайшла 7 чэрвеня 2015 года ў сядзібе БНФ.

Рыгор Кастусёў падкрэсліў, што Кангрэс за незалежнасьць і магчымы кангрэс дэмакратычных сілаў – гэта розныя мерапрыемствы з рознымі мэтамі.

Сойм Партыі БНФ пастанавіў далучыцца да працы па арганізацыі ннаступнага Кангрэсу за незалежнасьць.

Сойм Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” заслухаў паведамленьне намесьніка старшыні Аляксея Янукевіча пра ягоны ўдзел у Восьмай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Усходняга партнэства (Эўранэст), што адбылася 8-9 сьнежня ў Тбілісі. Палітык адзначыў, што афіцыйная палата прадстаўнікоў па-ранейшаму не запрошаная да ўдзелу ў гэтым міжпарламенцкім органе праз адсутнасьць у краіне парляменту, які б адпавядаў гэтым крытэрам Эўранэст. Разам з тым дэмакратычным сілам важна выкарыстоўваць усе эўрапэйскія структуры і пляцоўкі дзеля прасоўваньня інфармацыі пра пагрозы незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі.

З улікам выкладзенага Сойм Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” пастанавіў падвысіць узровень прадстаўніцтва руху у структуры Форуму грамадзянскай супольнасьці Усходняга партнэрства і накіраваць на штогадовую канфэрэнцыю беларускай нацыянальнай плятформы гэтага органа старшыню Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” Рыгора Кастусёва.

Сойм Грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” разглендзіў становішча з Карэліцкай раённай арганізацыяй грамадзкага аб’яднаньня і пастанавіў даручыць управе здзійсьніць захады па аднаўленьні працы арганізацыйнай структуры.

У “Розным” выступіў сябра Сойму Станіслаў Суднік, які распавёў пра вынікі дзейнасьці структураў Фронту ў гарадзенскай вобласьці – у Лідзе, на Дзятлаўшчыне ды іншых раёнах, асабліва падкрэсліўшы важнасьць правядзеньня агульнанацыянальных дыктовак на дзень роднай мовы, а таксама важнасьць узаемадзеяньня з мясцовымі органамі ўлады. “У нас стаіць амбтная задача на наступны год – у дзень роднай мовы на Гарадзеншчыне дыктоўку павінныя пісаць не меньш за сто тысяч чалавек” – падзяліўся сваімі амбітнымі плянамі сп. Суднік.

Падчас Сойму было паведамлена, што Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь зарэгістраваныя зьмены да Статута Партыі БНФ, якія былі ўнесеныя рашэньнем верасьнёўскага ХІХ Зьезду Партыі БНФ. Зьмены датычаць парадку ўдзелу у пасяджэньнях кіруючых органаў партыі з выкарыстаньнем мэханізмаў анлайн і сучасных сродкаў камунікацыі – шляхам відэасувязі, скайпу ды іншых. Цяпер  анлайн у пасяджэньнях змогуць браць удзел сябры Сойма, а таксама ўдзельнікі пасяджэньняў агульных сходаў і кіраўнічых органаў (Радаў) тэрытарыяльных структур партыі – абласных, рэгіянальных, гарадзкіх, раённых арганізацыяў Партыі БНФ. Удзел у З’ездзе і ў сходаў першасных суполак (ніжэйшы ўзровень аргструктур) застаецца магчымы толькі пры асабістай прысутнасьці.

 

 

 

 

 

.

 

 

 

 

 

 

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Студзень 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сне    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.