Партыя БНФ » Старшыня БНФ Рыгор Кастусёў пра суд за дызлайк: “Перасьлед за выказваньне меркаваньняў у Інтэрнэце ўзмацняецца і мае на мэце застрашэньне”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Старшыня БНФ Рыгор Кастусёў пра суд за дызлайк: “Перасьлед за выказваньне меркаваньняў у Інтэрнэце ўзмацняецца і мае на мэце застрашэньне”

Дададзена 24.12.2019 10:53:21 | 430 праглядаў

Суд аштрафаваў мясцовага актывіста за дыслайк у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі». Андрэя Юркова прызналі вінаватым у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў, хоць ён толькі паставіў дыслайк на чужы пост.

інтэрнэтАбсурдная справа разглядалася ў Дрыбінскім раённым судзе. На лаве падсудных Андрэй Юркоў, мясцовы палітык і бізнесовец. Дыслайк у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» ператварыўся ў справу аб распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў.

«Гэта абсурд. Я за гэтым бачу палітычную матывацыю, каб актывіста ў Дрыбіне асудзіць і паказаць іншым людзям, што будзе з Вамі калі вы раптам выкажыце сваё меркаванне», – так камэнтуе гэтую справу Рыгор Кастусёў, старшыня Партыі БНФ.

«Я гэта звязваю толькі са сваёй палітычнай дзейнасцю. Улада хоча, каб яе баяліся. Калі гэта ўлада доўга знаходзіцца пры ўладзе, то яна хоча, каб яе яшчэ і любілі. Гэта справа – помста за перадвыбарчую кампанію і апазіцыйную дзейнасць», – гаворыць актывіст з Дрыбіна Андрэй Юркоў.

«Я адрэагаваў на адзін з пастоў, дзе быў пазначаны фашысцкі сцяг і савецкі сцяг, і напісана пад фашысцкім сцягам: загінула 35 млн савецкіх грамадзянаў, пад савецкім: 60 млн. Ну гэта можна спрачацца болей-меней, але ж маштабы жахлівыя», – кажа Андрэй Юркоў.

26 верасня Андрэй Юркоў паставіў на гэты мем у «Аднакласніках» свой дыслайк, то бок з магчымых эмоцыяў ён абраў «сумую». Алгарытм сацыяльнай сеткі падцягнуў пост у стужку Андрэя. На яго склалі адміністратыўны пратакол за распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, улучанай у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

«У спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў ёсць палатно чырвонага колеру з фашысцкаю сімволікай. У Андрэя размешчаная карцінка. Палатно чырвонага колеру з фашысцкаю сімволікай – гэта сцяг, гэта сцяг з тканіны, які не мае ніякага дачынення да Андрэя», – тлумачыць праваабаронца Барыс Бухель.

Адміністратыўную справу супраць Андрэя, якую распачаў старэйшы інспектар МУС Магілёўскага аблвыканкаму Пугачоў, усё ж такі давялі да суда.

У жыхароў Магілёва гэта выклікала непаразуменні:

«Нешта незразумелае, недарэчнае. Я думаю, што шмат хто дыслайкнуў бы».

«Калі мы будзем кожны выказваць сваё меркаванне ў сеціве, то што тады будзе?»

«Выказваць сваё меркаванне, асабістае сваё меркаванне, як ён да гэтага ставіцца, дрэнна ці добра, я думаю, кожны чалавек мае права».

Падобна на тое, што і суддзя Дрыбінскага раённага суда Барыс Пігаль першы раз сутыкнуўся з такою справай.

«Вы хоць кажаце, што не разбіраецеся, а я разбіраюся яшчэ меней», – сказаў суддзя Дрыбінскага раёну Барыс Пігаль.

І ўсё ж такі вынес абвінаваўчы вырак і наклаў на Андрэя Юркова штраф памерам 10 базавых велічыняў.

«Ведаеце, гэта патрэбна пэўная мужнасць з боку суддзі. З боку суда, каб усё ж такі ісці дзеяць пры разглядзе справы не паводле тэлефоннага права, а паводле закону», – кажа Андрэй Юркоў.

На думку прысутных у зале суда, справа была звязаная зусім не з дыслайкам у «Аднакласніках».

Праваабаронца Барыс Бухель нагадвае, што на мінулых выбарах Андрэй Юркоў ішоў кандыдатам па Горацкай выбарчай акрузе і нават атрымаў 7,3% адсотка галасоў паводле афіцыйных вынікаў.

«17 снежня Лукашэнка выступае з лютаю прамовай, маўляў, з нагоды актыўнасці назіральнікаў мы галовы пазварочваем, рукі павыварочваем, і вы ведаеце, якая ў нас міліцыя і літаральна праз 2 дні гэты рапарт», – кажа праваабаронца Барыс Бухель.

Ён раіць Андрэю абскарджваць рашэнне Дрыбінскага суда ў найвышэйшыя інстанцыі і, калі спатрэбіцца, ісці ў камітэт правоў чалавека.

Паводле тэлеканала Белсат

Красавік 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сак    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.