Партыя БНФ » Рыгор Кастусёў – пра партыйныя справы і пагрозу з боку Расеі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Рыгор Кастусёў – пра партыйныя справы і пагрозу з боку Расеі

Дададзена 21.01.2020 4:32:12 | 641 праглядаў

Госць Беларускага Радыё Рацыя – старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Палітык распавёў як пра надзённыя справы партыі, так і пра складаную і пагрозлівую сітуацыю ў адносніах Беларусі і Расеі.

Радыё Рацыя: Партыю напаткалі цяжкія часы. Зноўку запазычанасць у некалькі тысяч даляраў, а тут яшчэ ў Польшчы атрымаў інсульт адзін з яскравых сябраў партыі, кіраўнік Менскай абласной арганізацыі партыі БНФ Зміцер Шэвель. І патрэбны таксама вялікія сродкі, каб утрымліваць яго ў бальніцы.

Рыгор Кастусёў - выбарыРыгор Кастусёў: Гэта сапраўды наша бяда. Асабіста гэта бяда сям’і Зміцера Шэвеля і гэта бяда ўсёй нашай партыі. І хачу адзначыць, што на гэтую бяду адклікнуліся не толькі сябры партыі, а многія людзі. Ёсць ужо дапамога для сям’і, і мы яе перадаём жонцы Зміцера Таццяне, якая знаходзіцца побач з ім. Я толькі што размаўляў з ёй па тэлефоне. Ёсць падвіжкі да лепшага. Ён яе ўжо трымае за руку. Яго ўжо кормяць. Будзем спадзявацца, што ўсё будзе добра. Дзякуй польскім уладам, урачам, якія зарыентаваліся, тэрмінова і своечасова правялі аперацыю.

Радыё Рацыя: Сітуацыя з Шэвелем адлюстроўвае сітуацыю апазіцыі ў Беларусі. Зміцер паехаў на заробкі ў Польшчу не таму, што там больш плацяць, а таму, што яму ў Беларусі, у Лагойску, элементарна не далі працаваць. Выгналі з завода, дзе ён быў не на апошнім ліку, нягледзячы на тое, што ў яго двое непаўнагадовых дзяцей. І куды ён не хадзіў уладкоўвацца ў Беларусі, не атрымалася.

Рыгор Кастусёў: Такія ж праблемы ўзніклі і з ягонай жонкай, якую не бралі на працу. І яны былі вымушаны з’ехаць на заробкі ў Польшчу. Гэта ж бяда прыйшла не проста так – гэта нервы, негатыўныя эмоцыі, фінансавыя праблемы ў сям’і такім чынам адбіліся на здароўі чалавека. І гэта праблемы не толькі Зміцера Шэвеля, праз іх прайшлі сотні і сотні нашых сяброў і прадстаўнікоў іншых партый. Гэта праблема ўсёй нашай краіны, што па палітычных матывах людзей звальняюць з працы або не бяруць на працу. На жаль, на гэта не звяртаюць увагі нашы калегі – палітыкі з ЕЗ. Еўропа на гэта закрывае вочы. Шкада. Такога не адбываецца ні ў адной цывілізаванай краіне.

Радыё Рацыя: Здаецца нядаўні зварот Пуціна да парламента зняў, можа часова, праблемы пра паглыбленую інтэграцыю. Але тым не менш, пачалі ізноў паступаць трывожныя сігналы, што Пуцін і крамлёўскія ўлады па-ранейшаму будуць ціснуць на Беларусь з мэтай інкарпарацыі.

Рыгор Кастусёў: Заўважце, што вуснамі высокапастаўленых чыноўнікаў агучваюцца прапановы ўжо ў адкрытую аб неабходнасці далучэння Беларусі да РФ. І гэтыя выказванні гучаць усё часцей. Я ў свой час у 2012 годзе размаўляў з украінскімі палітыкамі і данёс інфармацыю, якой валодаў, пра планы Крамля і па Украіне, і па Беларусі. Мяне тады ўкраінскія палітыкі крыху ўзнялі на смех, што я перабольшваю пагрозу. Прайшло два гады, і Крым Расея адхапіла ва Украіны. На жаль, не ўсе палітыкі і ў Беларусі заўважаюць тыя пагрозы, якія ёсць з боку Расеі. Гэтыя пагрозы з’явіліся яшчэ з пачатку 90-х гадоў, калі Беларусь атрымала незалежнасць. І ўзмацніліся ў 1994 годзе, калі Лукашэнка, ідучы на выбары ў якасці кандыдата ў прэзідэнты, заявіў пра аднаўленне СССР. І Партыя БНФ пра гэтыя пагрозы гаворыць з тых часоў.

Радыё Рацыя: Гэтую пагрозу цяжка не заўважыць, бо нават адзін з сябраў Канстытуцыйнай камісіі, створанай Пуціным дзеля зменаў Канстытуцыі РФ, сказаў, што ў асноўны закон трэба ўнесці палажэнні пра далучэнне частак тэрыторыі Беларусі, калі насельніцтва захоча.

Рыгор Кастусёў: Гэта прамыя заявы пра неабходнасць далучэння рэгіёнаў Беларусі да Расеі. Я хачу нагадаць, што ў 2024 годзе адбудзецца 100-годдзе першага ўзбуйнення Беларусі – перадача Віцебска і Магілёва ад Расейскай Федэрацыі. У 1927 годзе адбылося далучэнне Гомельшчыны. І вось менавіта ў планах многіх расейскіх чыноўнікаў ёсць ідэя да 100-годдзя гэтай падзеі вярнуць усё назад. Не адразу пачаць з усіх рэгіёнаў, а пачаць з Віцебска, Магілёва, а пасля дайсці да Гомеля, і такім чынам паціху абрэзаць памежныя землі, прырэзаць да РФ, а пасля і цалкам прыняць рашэнне пра далучэнне ўсёй Беларусі да Расеі. Не абавязкова гэта адбудзецца ў адзін дзень. Ёсць такія планы пра стварэнне накшталт Данецкай Рэспублікі, магчыма, стварэнне Віцебскай Народнай Рэспублікі, Магілёўскай, Гомельскай. А пасля далучыць іх да РФ.

Радыё Рацыя: Расейскі гісторык і палітолаг Валер Салавей у інтэрв’ю “Эхо Москвы” сказаў, што як бы такія планы будуць рэалізаваныя нашмат хутчэй – у лютым – красавіку гэтага года да Дня Перамогі Пуцін рыхтуе нейкую спробу інкарпарацыі. Хоць гэта можа падацца фэйкам, бо зараз нейкае пацяпленне з Захадам у Пуціна.

Рыгор Кастусёў: Цалкам верагодна, што планы Крамля мяняюцца. Але сутнасць адна – далучэнне Беларусі. Незалежна ад таго, калі гэта будзе, – у 2020 ці 2024. Пуціну патрэбна чарговая перамога, як была перамога па далучэнні Крыма да Расейскай Федэрацыі. Будуць змены ў Канстытуцыі, і пад гэтыя змены, я мяркую, плануецца, каб была здзейснена інкарпарацыя Беларусі.

Радыё Рацыя: Здаецца, што Пуцін такога брутальнага плану, як да Украіны, да Беларусі не хоча прымаць. У яго іншая стратэгія, ён хоча эканамічна зламаць кіраўніцтва Беларусі.

Рыгор Кастусёў: У планах Крамля ў распрацоўцы ёсць некалькі варыянтаў. Але я хачу сказаць, рашэнне па Крыму было прынятае кіраўніцтвам РФ у адзін дзень. Пуцін агучыў гэтую прапанову. Яе падтрымалі высокапастаўленыя чыноўнікі, і пачаўся працэс захопу і далучэння Крыма. Таму, што прыдумаюць крамлёўскія чыноўнікі па Беларусі, які варыянт яны возьмуць на ўзбраенне, мы толькі можам меркаваць. Такія планы ёсць, яны ў распрацоўцы і гэтаму ёсць пацверджанні. Будуць, магчыма, і іншыя кірункі – гэта і эканамічная блакада, і палітычная, і стварэнне фэйкавых народных рэспублік. Расея гатова пайсці на ўсё. Нягледзячы на ўсе гэтыя пагрозы, з цяжкасцю верыцца, што на пачатку 21-га стагоддзя з карты Еўропы можа знікнуць суверэнная незалежная краіна – БЕЛАРУСЬ.

Цалкам гутарка са старшынём Партыі БНФ Рыгорам Кастусёвым у далучаным гукавым файле на сайце Беларускага Радыё Рацыя.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Кастрычнік 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.