Партыя БНФ » Новыя “правыя радыкалы”: каго ліберальная дэмакратыя на Захадзе маркіруе як інтэлектуальную пагрозу
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Новыя “правыя радыкалы”: каго ліберальная дэмакратыя на Захадзе маркіруе як інтэлектуальную пагрозу

Дададзена 26.01.2020 10:49:32 | 425 праглядаў

Дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследванняў Пётра Рудкоўскі публікуе на старонках інтэрнэт-газэты АРХЭ агляд сучаснай эўрапэйскай правіцы: Інтэлектуальныя аўтарытэты новых правых на Захадзе: хто яны?

????????Пару месяцаў таму выдавецтва Оксфардскага ўніверсітэта выдала кнігу пад назвай Ключавыя мысляры радыкальнай правіцы, якія стаяць за новай пагрозай для ліберальнай дэмакратыі. У кнізе вядучыя эксперты па тзв. радыкальнай правіцы прадставілі і апісалі шаснаццаць мысляроў ХХ і ХХІ стагоддзя, якія ўтвараюць інтэлектуальную падаснову для антыліберальнага ўздыму з крайне правых пазіцый.

Радыкальна правыя: назавіце імёны!

Гляньма на поўны спіс рухаў, якія рэдактар кнігі, Марк Сэджвік, трактуе як разнавіднасці «радыкальнай правіцы»: нацыяналісты, ідэнтытарыі, лібертарыянцы, палеакансерватары, нэакансерватары, анты-джыхадысты і неарэакцыянеры. Ці не занадта шырока? Але пакінем праблему дэфініцыі ўбаку.

Аўтары “Ключавых мысляроў радыкальнай правіцы”, найвідавочней, вырашылі зламаць дагэтулеші наратыў пра ўздым правых рухаў.

Дамінавала ўяўленне, што правы ўздым – гэта прадукт фрустрацыі і фобій старых ды неадукаваных людзей.

Кніга паказвае, што згаданыя рухі маюць пад сабой доўгую інтэлектуальную традыцыю, а цягам двух апошніх дзесяцігоддзяў займелі саліднае падмацаваннае з боку прадстаўнікоў самай перспектыўнай індустрыі – інфармацыйных тэхналогіяў.

Чатыры з прадстаўленых у кнізе мысляроў – гэта «класікі»: Освальд Шпенглер, Эрнст Юнгер, Карл Шміт і Юліюс Эвала. Сем наступных – мысляры, якія здабылі папулярнасць і ўплыў у другой палове ХХ стагоддзя (некаторыя з іх надалей актыўныя): Ален дэ Бенуа, Гіём Фай, Пол Готфрыд, Пат Б’юкэнан, Джарэд Тэйлар, Аляксандр Дугін і Бат Еар.

Бат Еар.

Пяць астатніх – гэта інтэлектуалы новай генерацыі, чые погляды фармаваліся на зломе стагоддзяў і якія займелі ўплыў у палітычных дэбатах цягам дзвюх апошніх дэкадаў. Іх уплыў, хутчэй за ўсё, захаваецца ў  бліжэйшай будучыні. Вось іх імёны: Менцый Молдбаг, Грэг Джонсан, Рычард Спэнсэр, Джэк Донаван і Даніель Фрыберг.

Вокладка кнігі Менцыя Молдбага “Technology, communism and the Brown Scare”.

У гэтым спісе сем амерыканцаў, тры немцы, два французы, а таксама – па аднаму – італьянец, расіянін, габрэйка ды швед. Пятнаццаць мужчын і адна жанчына.

Левая рука ўсё ж ведае, што робіць правая

Абмяркоўваць кожнага з шаснаццаці мысляроў тут не будзем. Прапаную выбарачна і коратка звярнуць увагу на «класікаў» ды прадстаўнікоў старэйшага пакалення, каб больш увагі прысвяціць новым – і нечаканым – зоркам гэтай плыні.

Спасярод класікаў увагі заслугоўвае Карл Шміт, які прасоўваў адрозненне паміж «станам нармальнасці» (Normalzustand) і «надзвычайным становішчам» (Ausnahmezustand). Надзвычайнае становішча апраўдвае абмежаванне грамадзянскіх свабод і прынцыпаў дэмакратыі дзеля ратавання адзінства дзяржавы-нацыі і яе суверэнітэту. Пры адсутнасці ясных крытэраў, што трэба лічыць такой пагрозай, адкрываецца магчымасць для розных злоўжыванняў (вельмі лёгка спасылацца на яўную або прыдуманую «пагрозу для дзяржавы-нацыі»). Міжваенны перыяд у Еўропе запомніўся сумнавядомым «парадам надзвычайных становішчаў», якія надоўга скампраметавалі ідэю нацыянальнага суверэнітэту, а заадно і нацыянальнай тоеснасці.

З гэтай нагоды варта адзначыць, што Шмітава ідэя «надзвычайнага становішча» мае свой аналаг у левым інтэлектуальным лагеры. У 60-ыя гады вядомы неамарксісцкі інтэлектуал Герберт Маркузэ само існаванне правых сілаў характарызаваў як «яўную і актуальную небяспеку». А гэта, на яго думку, ёсць падставай для адмовы ад талерантнасці і абмежавання права на свабоду слова і сходаў. Такім чынам, паміж «крайняй правіцай» і эмансіпацыйный лявіцай няма сутнаснай розніцы ў плане гатоўнасці абмежаваць свабоды пад прэтэкстам «надзвычайнага становішча» або «крайняй небяспекі».

Перагуканне паміж правым і левым антылібералізмам заўважаюць таксама аўтары абмяркоўванай кнігі. Марк Сэджвік звяртае ўвагу на сваяцтва паміж французскімі новымі правымі і грамшыянскім марксізмам:

«Ідэі Антонія Грамшы, італьянскага неамарксіста міжваеннага перыяду, думка якога была дужа важная для пасляваеннага неамарксізму і Новай Лявіцы, мела таксама вялікае значэнне для французскіх Новых Правых, якія прынялі яго тэзу, што палітычная рэвалюцыя пачынаецца з інтэлектуальнай рэвалюцыі: калі спосаб мыслення людзей пра тыя ці іншыя рэчы мяняецца, то гэта непазбежна вядзе да палітычных і сацыяльных зменаў» (Уступ, стар. хviii).

Сярод «мысляроў радыкальнай правіцы» новай генерацыі фігуруе таксама Джэк Донаван – гомасэксуал, экс-сатаніст, які аддае перавагу гендару перад расавай і этнічнай прыналежнасцю. З 2006 года Донаван вядзе актыўнае грамадскае жыццё. У 2007 годзе стаў святаром Царквы Сатаны, а сатанізм апісваў як «рэлігію зрабі гэта сам у пытаннях асабістай этыкі». У 2009 ён сышоў з царквы. 31 кастрычніка 2015 года Донаван выступіў на штогадовай канферэнцыі Інстытута нацыянальнай палітыкі, кіраванага адным з гуру «альтэрнатыўнай правіцы» Рычардам Спэнсэрам. Падчас канферэнцыі Донаван заклікаў адмовіцца ад універсалістычнай маралі і вызваліць сваё племянное мысленне.

Якім цудам айцішнікі-лібертарыянцы апынуліся сярод «правых радыкалаў»?

Залічванне Шміта, Спэнсэра ці французскіх новых правых да «мысляроў радыкальнай правіцы» не выклікае, бадай, асаблівага здзіўлення. Спатканне Джэка Донавана сярод іх можа трошкі здзівіць, але няцяжка і гэта зразумець. А вось з’яўленне ў гэтым шэрагу такой персоны, як Менцый Молдбаг можа шмат каму падацца вельмі нечаканым.

Менцый Молдбаг (сапраўднае імя: Керціс Ярвін) – гэта інжынер-праграміст, чыё станаўленне як прафесіянала і мысляра адбывалася ў 1980-х і 1990-я гады ў Сіліконавай даліне ў асяроддзі праграмістаў і піянераў інтэрнэту. Палітолаг Джошуа Тэйт апісвае яго так: «(…) малады…секулярны мужчына, здатны да маніпулявання лічбавымі тэхналогіямі для прасоўвання антыпрагрэсіўнага парадку дня». (Joshua Tait. Mencius Moldbug and Neoreaction. In: Sedgwick (ed).
Key Thinkers of the Radical Right Behind the New Threat to Liberal Democracy. Oxford University Press 2019. P. 188.)

Антыпрагрэсіўнага? Той жа Тэйт некалькімі старонкамі далей піша:

«[Молдбаг выступае] за аднаполыя шлюбы, талерантнасць да прыватнай рэлігіі, [права на] прыватнае ўжыванне наркотыкаў і супраць законаў, якія дыскрымінуюць па расавай або гендарнай прыкмеце…».

Калі чалавек з такой аджэндай залічваецца да «антыпрагрэсіўных», то што ж тады такое «прагрэсізм»?

Што яшчэ характэрна гэтаму «радыкальна праваму» і «антыпрагрэсіўнаму» мысляру?

Вось жа Молдбаг

«…верыць у секулярную, сузіральную рэальнасць, якую можна спасцігнуць розумам; а яго асноўная прэтэнзія да прагрэсізму палягае ў нібыта скажэнні рэчаіснасці. Ён цвердзіць, што лявіца канструюе фальшывыя веды, якія зацямняюць сапраўдную рэчаіснасць».

Што ж, прааналізаваўшы вытокі левага прагрэсізму і каля дзясятка яго разнавіднасцяў,

мушу прызнаць Молдбагу рацыю. Так, узяўшы на ўзбраенне сацыяльны канструктывізм, інтэлектуальная лявіца зрабіла вельмі шмат для таго, каб скажэнне рэчаіснасці стала нормай, а нават падставай для гонару.

У кнізе згадваецца таксама персона, якая – поруч з Менцыем Молдбагам – іграе важную ролю ў крытыцы «прагрэсіўнай» лявіцы. Гэта – інвестар-мільярдэр Пітэр Тыль, сузаснавальнік PayPal і Palantir Technologies, які, па словах Джошуа Тэйта, «здабыў магутны ўплыў у мэйнстрымных і лібертарыянскіх колах».  Пасля прыходу да ўлады Дональда Трампа Тыль сур’ёзна разглядаўся як кандыдат на якую-небудзь пасаду ў Белым доме. Зараз з’яўляецца сябрам бордаў шэрагу буйных кампаній, уключаючы Facebook, а таксама з’яўляецца мажарытарным акцыянерам Palantir, кампаніі па распрацоўцы праграмнага забеспячэння, кліентамі якой з’яўляюцца пераважна спецслужбы, інвестыцыйныя банкі і хедж-фонды. Тыль сярод іншага інвеставаў у тэхналагічную кампанію Ярвіна aka Молдбага.

Як можна ахарактарызаваць свет, у якім жывуць такія людзі, як Молдбаг або Тыль? Паліна Борсук зрабіла гэта лаканічна і трапна: «…рацыянальны, заканамерны і вырашальны. Унутры гэтай субкультуры камп’ютэрнае праграмнае забеспячэнне – асноўная метафара грамадства».

Што яшчэ характэрна гэтай «субкультуры»?

Паліна Борсук: «Тэх-культура шануе навуку  і трактуе біялогію чалавека як вызначальную і пацвярджаючую механістычныя дапушчэнні пра чалавечую прыроду». (Прыводжу за: Tait. Mencius Moldbug… P. 190.)

Молдбаг захапляецца прагматычным, рынкава арыентаваным аўтарытарызмам Дэн Сяопіна і высока ацэньвае Сінгапур як паспяховы аўтарытарны рэжым.

Цяпер можам лепш зразумець, наколькі сур’ёзным ёсць выклік для эмансіпацыйнай ідэалогіі, якая пад шыльдай «лібералізму» панавала на Захадзе цягам апошніх 20-30 гадоў. Гэта ідэалогія займела праціўнікаў не толькі ў лагеры хрысціянскіх кансерватараў або прыхільнікаў моцнай дзяржавы-нацыі. Сярод яе зацятых апанентаў – таксама рацыяналісты з ІТ-сферы, якія змагаюцца з левым прагрэсістам пераважна з ліберальных пазіцый.

Платформа «радыкальна правых» ўжо даўно перастала складацца са «старых, неадукаваных і спалоханых» абывацеляў (калі ўвогуле такое калі-небудзь было), а ўяўляе з сябе даволі маладую, энэргічную, дыферэнцыяваную, з высокім IQ плынь. Той самы Джошуа Тэйт, хоць часам паддаецца стэрэтыпным уяўленням, усё ж заканчвае свой артыкул важным напамінам:

«Да Молдбага трэба ставіцца сур’ёзна. Нягледзячы на некаторыя эксцэсы, сарцавіна яго крытыкі і базавыя прапановы ўзаемазвязныя, а яго прыбяганне да   перабольшання – гэта свядомая тактыка».

Так, пара пачаць ставіцца да новых трэндаў сур’ёзна. Свет мяняецца і будзе мяняцца. Пара адкінуць старыя шаблоны і глянуць на трэнды свежым, менш прадузятым поглядам.

ARCHE

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Люты 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сту    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
242526272829  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.