Партыя БНФ » Новая Вялікая дэпрэсія: як эпідэмія каранавіруса закране сусветную эканоміку
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Новая Вялікая дэпрэсія: як эпідэмія каранавіруса закране сусветную эканоміку

Дададзена 03.02.2020 12:36:26 | 576 праглядаў

Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) 31 студзеня абвясціла эпідэмію каранавіруса пагрозай сусветнага значэння. У той жа дзень Міжнародны валютны фонд (МВФ) прызнаў, што эпідэмія паўплывае на ўсю глабальную эканоміку. Ужо ясна, што, прынамсі, на некалькі месяцаў дакладна замарудзіцца рост эканомікі Кітая, а гэта само па сабе небяспечна для сусветнай эканомікі.

Матэрыял Дзмітрыя Кузняца з сайта meduza.io ў перакладзе беларускага тыднёвіка “Новы Час

BzlLIrm7cУсё гэта можа здацца дробнымі праблемамі, калі эпідэмія зацягнецца, перакінецца на іншыя краіны і выкліча шматлікія ахвяры. Такая катастрофа можа выклікаць эканамічны крызіс, параўнальны з Вялікай дэпрэсіяй 1920-х. У выпадку з цяперашнім каранавірусам такое развіццё падзей, на шчасце, малаверагодна. Аднак эканамісты, якія займаюцца даследаваннем катастроф, лічаць падобную буйную эпідэмію ў агляднай будучыні непазбежнай.

Яшчэ тыдзень таму прагназавалі, што ўплыў эпідэміі на эканоміку будзе абмежаваным. Зараз, здаецца, пачалася паніка

Да таго, як кітайскія ўлады тыдзень таму зачынілі для ўезду і выезду гарады правінцыі Хубэй і аб’явілі эпідэмію «вельмі сур’ёзнай», эканамісты ва ўсім свеце лічылі, што ўплыў на сусветную эканоміку будзе ў горшым выпадку параўнальны з уплывам эпідэміі атыповай пнеўманіі (SARS) у 2003 годзе, таксама выкліканай каранавірусам. Тады вірус таксама з’явіўся ў Кітаі. Кітайскія ўлады спачатку хавалі праблему, і праз некалькі месяцаў эпідэмія распаўсюдзілася на іншыя краіны. У выніку заразілася больш за восем тысяч чалавек, больш за васемсот памерлі. Рост кітайскай эканомікі на некалькі месяцаў запаволіўся (болей, чым на 1%), але, калі эпідэмія скончылася, хутка аднавіўся.

Да 20 студзеня 2020 года лічылася, што новы каранавірус распаўсюджваецца павольней, чым вірус SARS, а смяротнасць пры заражэнні ім відавочна ніжэй. Цяпер мяркуецца, што вірус заразны, хоць смяротнасць па-ранейшаму адносна невысокая. 30 студзеня колькасць хворых перавысіла падобны паказчык за ўсю эпідэмію SARS. У адрозненне ад віруса 2003 года новым каранавірусам можна заразіцца і ад носьбітаў, у якіх няма сімптомаў захворвання, што ўскладняе барацьбу з эпідэміяй. Аднак пакуль навукоўцы не могуць сказаць, з якой менавіта хуткасцю распаўсюджваецца вірус і як на яго паўплываюць меры барацьбы накшталт каранціна для цэлых гарадоў і абмежаванняў транспартных зносін. Тым не менш вялікая частка прагнозаў мяркуе, што эпідэмію хутка атрымаецца спыніць жорсткімі мерамі. Піка яна дасягне ў сярэдзіне лютага, а колькасць хворых у разы перавысіць паказчыкі эпідэміі 2003 года.

На эканамістаў змена тону медыцынскіх прагнозаў змоцна паўплывала. Рэйтынгавае агенцтва Moody’s — адно з трох найбуйнейшых у свеце — 31 студзеня напісала, што эпідэмія, можа стаць «такім чорным лебедзем, якога мы яшчэ не бачылі». Наступствы для глабальнай эканомікі, па словах экспертаў агенцтва, могуць быць горш, чым у глабальнай рэцэсіі 2008-2009 гадоў ці нават Вялікай дэпрэсіі 1920-х.

Эканамісты даўно прадказваюць глабальную эпідэмію, якая выкліча сусветны эканамічны крызіс. Эксперты лічаць, што свет да яе не гатовы

Ідэя пра тое, што сур’ёзная глабальная эпідэмія з дзясяткамі і сотнямі тысяч ахвяраў вельмі верагодная, а наступствы яе будуць катастрафічнымі для сусветнай эканомікі, не новая. Сусветны банк яшчэ ў 2000-я стварыў групу экспертаў, якая павінна даследаваць верагоднасць эпідэмій і раіць сусветным лідарам, што рабіць, каб іх пазбегнуць.

З тых часоў Сусветны банк кожны год выпускае даклады з перасцярогай, што верагоднасць катастрафічнай эпідэміі расце, а большасць краін свету да яе не гатова. Вось яго аргумэнты:

Усе паляпшэння ва ўзроўні медыцыны і супрацьэпідэміялагічнай арганізацыі ў параўнанні з папярэднімі стагоддзямі перакрываюцца небяспекамі, звязанымі са «спалучанасцю» свету, — распаўсюджваннем авіятранспарту, пашырэннем гандлю і турызму.

Сучасныя тэхналогіі дазваляюць не толькі змагацца з эпідэміямі, але і ствараць і мадыфікаваць асабліва небяспечныя мікраарганізмы, а значыць, можа адбыцца заражэнне і вірусам, створаным чалавекам.

Толькі нешматлікія краіны валодаюць сістэмамі, здольнымі супрацьстаяць хуткаму распаўсюду смяротнай інфекцыі.

У 1918 годзе эпідэмія грыпу ( «гішпанка») закранула трэць сусветнага насельніцтва і забіла не менш за 50 мільёнаў чалавек. Падобны вірус сёння можа знішчыць 50-80 мільёнаў чалавек.

Эканамічныя страты будуць асабліва высокімі з-за панікі, якой спрыяюць сучасныя сродкі камунікацыі. Паніка падарве гандаль і пагоршыць эканамічны крызіс.

Барацьбе з эпідэміяй будзе замінаць недавер да палітыкаў і навукоўцаў ў многіх краінах свету. У 2014-2016 гадах гэта сур’ёзна ўскладніла барацьбу з распаўсюджваннем віруса Эболы ў Заходняй Афрыцы.

Ацаніць эканамічны ўрон ад сур’ёзных эпідэмій няпроста: у эпоху глабалізацыі яшчэ не было рэспіраторных інфекцый, якія забілі б сотні тысяч за кароткі перыяд. Ёсць ўсяго некалькі работ, якія спрабуюць ацаніць маштабы катастрофы. Амаль усе яны разглядаюць у якасці «інфекцыйнага агента» гіпатэтычны новы вірус грыпу накшталт віруса «гішпанкі».

У 2006 годзе эканамісты прадставілі мадэль, якая апісвае залежнасць эканамічнага ўрону ад колькасці смерцяў, выкліканых сур’ёзнымі эпідэміямі грыпу. За аснову была узята шкода ад нядаўняй эпідэміі SARS, былі ўлічаны як прамыя магчымыя страты ад заўчаснай смяротнасці і непрацаздольнасці, так і ўскосныя — ад зніжэння гандлю, панікі інвестараў і спажыўцоў, падвышаных выдаткаў на ахову здароўя. Акрамя таго, улічваўся магчымы адказ уладаў накшталт павышэння бюджэтных выдаткаў.

Па падліках вучоных, эпідэмія з тым жа, што ў «гішпанкі» узроўнем смяротнасці (гэта значыць з колькасцю смерцяў ў адносінах да ўсяго сусветнага насельніцтва) выкліча крызіс глабальнай эканомікі, параўнальны з Вялікай дэпрэсіяй. Сусветны ВУП пры катастрафічнай эпідэміі са 142 мільёнамі загінулых можа знізіцца на 8-9% за год. Больш за ўсё (страты больш за 10% ВУП) пацерпяць гандлёвыя хабы накшталт Сінгапура і Ганконга і краіны-вытворцы нафты. Менш за ўсё – найменш закранутыя эпідэміяй развітыя краіны, куды будзе міграваць капітал з пацярпелых краін.

У 2016 годзе гурт эканамістаў прадставіў іншую мадэль, заснаваную на гіпатэтычнай эпідэміі віруса грыпу. Навукоўцы паспрабавалі вылічыць верагоднасць цяжкіх і ўмерана цяжкіх эпідэміяў, разгледзеўшы ўсе выпадкі з 1700 года.

«Гішпанка» ў гэтай мадэлі зноў стаіць асабняком як «суперэпідэмія». Менш маштабных эпідэмій, якія забілі сотні тысяч і нават мільёны людзей, за 300 гадоў было як мінімум шэсць. Па падліках даследчыкаў, кожны год верагоднасць узнікнення цяжкіх і асабліва цяжкія эпідэмій, здольных забіць 700 тысяч і больш людзей, ацэньваецца ў 3,6%. Апошняя эпідэмія грыпу такога маштабу здарылася ў 1968 годзе.

Нават адносна невялікая эпідэмія з лікам ахвяр у 700 тысяч прывядзе да зніжэння сусветнага даходу ў 0,8%, прычым больш за ўсё пацерпяць краіны з сярэднім даходам (страты ў сярэднім 1,6% прыбытку), а менш за ўсё — багатыя. Пры гэтым аўтары ўлічылі, што ў багатых краінах страты нацыянальнага даходу ад рызыкі падвышанай смяротнасці вышэй, чым у бедных.

Чым цяжэй эпідэмія, тым вышэй будзе яе адносная цана. Іншымі словамі, кожная смерць у цяжкіх выпадках будзе «каштаваць» сусветнай эканоміцы даражэй, чым у больш лёгкіх.

Хоць цяжкія эпідэміі ўзнікаюць рэдка, маштабы страт ад іх такія, што ўплываюць на сусветную эканоміку на працягу дзесяцігоддзяў. У пераліку на кожны год (уключаючы гады, калі эпідэмія не здарылася) эканамісты ацанілі страты ад эпідэмій у 0,7% сусветнага даходу, што параўнальна з чаканымі стратамі ад глабальнага пацяплення (0,2-2% прыбытку).

Цяперашняя эпідэмія можа прывесці да цяжкіх эканамічных страт нават пры адносна нізкай смяротнасці. Яна горш за гандлёвую вайну

Пакуль асноўныя страты для сусветнай эканомікі звязаны не з самой эпідэміяй, а з мерамі барацьбы з ёй. Відавочна, пацерпіць кітайская эканоміка. Чыноўнікі ўрада прызналі, што ў першым квартале гэтага года рост ВУП у гадавым вымярэнні ўпершыню за 30 гадоў будзе ніжэй за 5%. Наколькі ніжэй — залежыць ад працягласці і цяжару эпідэміі. Пакуль улады зыходзяць з таго, што з сярэдзіны лютага эпідэмія пойдзе на спад. Але нават у гэтым выпадку, верагодна, страты будуць больш, чым у 2003 годзе пры эпідэміі SARS.

Кітайскі ўрад збіраецца прымяніць інструменты, якія выкарыстоўваюцца для барацьбы з эканамічнымі крызісамі. У прыватнасці, плануюцца павялічыць бюджэтныя траты.

Кітай падоўжыў канікулы з нагоды святкавання месяцовага новага года; яны павінны былі скончыцца 31 студзеня. Пакуль канікулы прадоўжаны да 2 лютага па ўсёй краіне і да 9 лютага ў некаторых буйных гарадах. Верагодна, іх прыйдзецца падоўжыць зноў — на час, пакуль эпідэмія ня пройдзе свой пік.

З-за гэтага пацерпіць не толькі эканоміка Кітая, але і завязаныя на яе вытворчыя ланцужкі ў іншых краінах і гандаль. Так, кітайскія вытворцы адкладаюць пастаўкі (у тым ліку і ў Беларусі) смартфонаў — як уласна кітайскіх мадэляў, так і замежных, якія збіраюць на кітайскіх заводах. Пакуль абвешчана аб двухтыднёвай затрымцы. Аб праблемах паведамляюць шматлікія спажыўцы кітайскіх камплектуючых: напрыклад, расійскі «КамАЗ» плануе з-за гэтага «скарэктаваць вытворчы працэс».

Калі эпідэмія зацягнецца, міжнародным кампаніям прыйдзецца выбудоўваць новыя вытворчыя ланцужкі, а гэта звязана з вялікімі выдаткамі. Аб затрымках паставак ўжо абвясціў найбуйнейшы кітайскі электронны рытэйлер AliExpress.

Страты чакаюць транспартныя і турыстычныя кампаніі. Прычым не толькі кітайскія: рух людзей з-за эпідэміі будзе абмежаваны не толькі ў Кітаі, але і па ўсім свеце.

Але галоўную небяспеку ўяўляе верагоднае падзенне спажывання ў Кітаі (як з боку амаль паўтара мільярды насельніцтва, так і з боку кампаній): яно можа стаць трыгерам для глабальнага фінансавага крызісу. Эксперты Moody’s звярнулі ўвагу на зніжэнне індэкса цэн на каляровыя металы – ён з’яўляецца самым лепшым апераджальным паказчыкам для прамысловай вытворчасці ў свеце. Пасля пачатку эпідэміі попыт на металы сур’ёзна знізіўся, пішуць эксперты, што можа прадвесціць будучы глабальны крызіс.

Небяспека крызісу, які пачнецца менавіта ў Кітаі, існавала і да пачатку эпідэміі. Яе звязвалі з гандлёвай вайной паміж Пекінам і Вашынгтонам; 14 студзеня краіны заключылі доўгатэрміновае перамір’е, якое павінна было ліквідаваць небяспеку, аднак эпідэмія, якая спыніла кітайскія заводы, можа нанесці нават большыя страты, чым мытныя пошліны.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Красавік 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сак    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.