На Дні Волі ў Гародні паабяцалі раздаць «пашпарты БНР»Дададзена 04.02.2020 6:15:33 | 538 праглядаў Дзень Волі ў Гародні плянуюць адзначыць у Калоскім парку 21 сакавіка. Арганізатары хочуць зьмяніць звычайны фармат мерапрыемства.
Парк ля Каложы — паблізу ад цэнтру гораду, ён уваходзіць у сьпіс дазволеных месцаў, дзе можна ладзіць гарадзкія мерапрыемствы. Арганізатары ня мусяць прасіць у такім выпадку дазвол на імпрэзу, дастаткова даслаць гарадзкім уладам толькі апавяшчэньне. Дзень выбралі выходны, з такім разьлікам, каб усе ахвотныя маглі ўзяць удзел у абодвух сьвяткаваньнях: у Гародні і ў Менску 22 сакавіка. Як і раней, плянуецца музычны канцэрт, выступы зь віншаваньнямі са сцэны. Але сёлета фармат сьвяткаваньня крыху зьменіцца. «Мінулым разам мы акцэнтавалі ўвагу на сцэну, канцэрт. У гэтым годзе папярэдне абмяркоўваецца, што гэта будзе інтэрактыўны фэстываль, дзе асноўны націск будзе на тэматычныя пляцоўкі, на ўдзел людзей у працы пляцовак, на камунікацыю сярод удзельнікаў. Ня проста прыйсьці да сцэны, пастаяць, паслухаць, але і паўдзельнічаць у розных інтэракцыях», — кажа Вадзім Саранчукоў. Як дадаў Саранчукоў, кожны ўдзельнік Дня Волі ў Гародні атрымае «пашпарт грамадзяніна БНР», асабліва актыўныя — «візу гарадзенца» ў гэты пашпарт, калі пройдуць пэўны квэст і выканаюць патрэбныя заданьні. Склад музыкаў і тэматыка пляцовак яшчэ вызначаюцца. Чарговая арганізацыйная сустрэча плянуецца 11 лютага ў 18:30 у Цэнтры гарадзкога жыцьця. На яе запрашаюць усіх ахвотных. У гарадзенцаў будзе магчымасьць прапанаваць свае ідэі, як правесьці сьвята, і стаць ягонымі суарганізатарамі. На арганізацыю імпрэзы, у тым ліку на аплату працы міліцыі і мэдыкаў, спатрэбіцца каля 15 тысяч рублёў. Краўдфандынгавую кампанію запусьцяць на наступным тыдні. Тым часам на менскі мітынг-канцэрт, які хочуць правесьці 22 сакавіка, пачалі ўжо зьбіраць грошы.
|
|
© 2011 - 2021 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|