Партыя БНФ » Інтэрвію старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва сайту “Наша Ніва”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Інтэрвію старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва сайту “Наша Ніва”

Дададзена 14.02.2020 12:07:37 | 256 праглядаў

Інтэрнэт-сайт “Наша Ніва” публікуе вялікую размову з лідэрам Партыі БНФ Рыгорам Кастусёвым – пра знаёмства з Лукашэнкам і сувязі з намэклятурай, пра выбары прэзыдэнта ў 1994 годзе і ў 2010 годзе, пра бацькоў, службу ў войску, пра “Дажынкі” у Шклове і пра місію Беларускага Народнага Фронту.

Рыгор Кастусёў 2020 Наша Ніва

«Наша Ніва»: Сёлета жадання балатавацца ў прэзідэнты не было?

Рыгор Кастусёў: Не, не было. І пакуль што няма. Чаму? Балатавацца, быць кандыдатам — гэта вельмі вялікая і цяжкая праца. Я схіляюся да таго, што наперад трэба прапускаць моладзь.

«НН»: А ў 2010 годзе жаданне было?

РК: На пачатку 2010-га таксама не было. Але была такая патрэба. Доўгі час БНФ працаваў на адзінага кандыдата. Быў створаны Беларускі незалежніцкі блок, у які ўваходзілі БНФ, Рух «За Свабоду» і Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Былі распрацаваны праймерыз адносна адзінага кандыдата, але так сталася, што БХД усё парушыла. Многія прэтэндэнты занялі тады пазіцыю пошукаў кантактаў з Крамлём, тым самым стварыўшы пагрозу незалежнасці. Пасля доўгіх роздумаў партыя вырашыла ісці на выбары самастойна. І мне давялося ўзяць адказнасць.

«НН»: Шчыра, сто тысяч подпісаў сабралі?

РК: Сто тысяч подпісаў было. Па колькасці дакладна было, па якасці — я не ведаю. Можа, недзе жонка за мужыка распісалася, недзе мужык за жонку. Але адрозненне БНФ ад іншых было ў чым? Што мы не плацілі за подпісы.

«НН»: Ні капейкі не заплацілі?

РК: Зусім. Хіба нейкую гарбату людзям арганізоўвалі. Таму ў нашых людзей задання гнаць вал не было. Магу дакладна сказаць, што подпісы за мяне былі не горшымі за подпісы за іншых кандыдатаў.

«НН»: Былі прапановы зняцца на карысць кагосьці?

РК: Аж занадта шмат. Я пачну здалёк: нават унутры партыі не ўсе падтрымалі вылучэнне свайго кандыдата. У 2009 годзе старшынёй Партыі БНФ становіцца Аляксей Янукевіч. Для многіх гэта было нечаканасцю. Але я, у адрозненне ад большасці сваіх аднагодак і блізкіх па ўзросце, падтрымаў Аляксея. Чаму? Бо папярэдняе кіраўніцтва партыі загулялася ў рамках аб’яднанай апазіцыі, калі шукалі кандыдата, які б мог задаволіць і Захад, і Крэмль.

«НН»: Хто? Баршчэўскі?

РК: І Баршчэўскі, і Вячорка, і шматпаважаны мной Юрась Віктаравіч Хадыка. Таму Аляксей Янукевіч і перамог, бо мы ўжо ведалі пра планы Крамля на Беларусь і Украіну. І пошук кампраміснай фігуры лічыўся намі вельмі небяспечным. І нават калі я ўжо здаў подпісы, то працэсы гэтыя не спыняліся.

Добра памятаю свае размовы і з ужо нябожчыкам Хадыкам, і з Вінцуком Вячоркам, калі яны патрабавалі ад мяне зняцца на карысць іншага кандыдата.

«НН»: Саннікава?

РК: Так, Саннікава. У нас была вельмі жорсткая размова. І Віктар Івашкевіч, таксама нябожчык, быў у камандзе Саннікава. Другая група сяброў БНФ трапіла да «Гавары праўду». З таго боку таксама чуліся прапановы і прыязджалі да мяне, каб я зняўся на карысць Някляева.

«НН»: Хто прыязджаў?

РК: Дзмітрыеў.

«НН»: Як гэта было?

РК: Прыехаў да мяне ў вёску Цяхцін Бялыніцкага раёна. Была вельмі доўгая размова — гадзіны тры-чатыры.

«НН»: Грошы прапаноўваў?

РК: Я ўжо абяцаў некаторым сваім калегам не ўздымаць тэму грошай. Былі прапановы.

«НН»: І вялікія грошы?

РК: Вялікія [смяецца]. Калі пасля падзей на плошчы Незалежнасці я быў затрыманы, то следчы КДБ не толькі ведаў суму, якую мне прапаноўвалі, але і ведаў, як усё адбывалася. Але не з маіх слоў ён ведаў.

Рыгор Кастусёў Наша Ніва

«НН»: А Саннікаў грошы не прапаноўваў?

РК: Не.

«НН»: І што вы адказалі па выніку Дзмітрыеву?

РК: Адмовіў я. Доўга мы размаўлялі. І за сталом пасядзелі, па чарцы выпілі. Яго прывёз Алег Мяцеліца, у мяне з ім даўняе сяброўства і з братам ягоным Міколам. Адмовіць сустрэць я не мог, калі ўжо людзі прыехалі. Але развіталіся мы з Дзмітрыевым на вельмі негатыўных эмоцыях.

Справа ў тым, што я ведаў: і каманда Някляева, і каманда Саннікава вялі перамовы ў Крамлі на самым высокім узроўні. Яны і самі з’ездзілі ў Маскву. І некаторыя яшчэ з’ездзілі. І з вуснаў кандыдатаў гучалі вялікія абяцанні, калі Масква іх падтрымае. Гэта я дакладна ведаю.

«НН»: Адкуль ведаеце? Таксама ў КДБ пачулі?

РК: Не. Я гэта ведаў раней. Гэтай інфармацыяй я дзяліўся і ў нашым штабе. Такіх людзей, якія імкнуцца гандляваць незалежнасцю, мы ўспрымаем выключна як ворагаў.

«НН»: Вас у Маскву не запрашалі?

РК: Не, мяне не запрашалі… Ой, успомніў! Быў адзін тэлефонны званок, пыталіся, ці магу я прыляцець у Маскву, гатовыя білет замовіць. Кажу, добра, замаўляйце. Паўторны званок, я так зразумеў, каб пазіцыю маю прамацаць. Быў пасля трэці званок, падчас якога мне сказалі, што «адбой». Я нават ужо і не памятаю, хто дакладна званіў, баюся памыліцца.

«НН»: Вы ішлі на Плошчу з нейкім планам ці раіліся з кімсьці?

РК: Кандыдаты ў прэзідэнты спрабавалі некалькі разоў збірацца. Праяўляў ініцыятыву Уладзімір Колас [старшыня Рады інтэлігенцыі, у 2010-м блізкі да Някляева — НН], была сустрэча недзе і за мяжой. Я памятаю тады, што Някляеў сказаў, што ён ускладае на сябе абавязкі «генерала Плошчы».

Я чалавек дамоваздольны, ды і сродкаў у нас асаблівых не было, таму мы ўспрынялі гэта больш-менш нармальна. Гэта было яшчэ задоўга да рэгістрацыі.

У асноўны дзень галасавання я выбіраўся на Плошчу з Управы БНФ на Машэрава, 8. Выйшаў з офіса, яшчэ дзве машыны міліцэйскія стаялі, я памахаў ім рукой у жарт. Да Плошчы дабраліся абсалютна спакойна. Дамоўленасці ісці на плошчу Незалежнасці дакладна не было.

 

_nn_20200204-8166-8aq7g

«НН»: А хто гэта прыдумаў?

РК: На жаль, я бяру адказнасць на сябе, што не паспеў у галаву калоны своечасова. Калі туды дабраўся, то людзі ўжо праскочылі вуліцу Леніна. Я ведаю, што Мікола Статкевіч спрабаваў павесці людзей да Адміністрацыі прэзідэнта на Карла Маркса, каб узяць яе ў аблогу, так было дамоўлена загадзя. Здаецца, гэта была прапанова Севярынца.

«НН»: Тое, што пайшлі на плошчу Незалежнасці, вы ўжо тады ўспрынялі як правакацыю?

РК: У калоне не было часу ўсё гэта пераварваць. Быў такі эмацыйны ўздым, мора бел-чырвона-белых сцягоў, людзей. Што гэта правакацыя, я зразумеў ужо на плошчы Незалежнасці. Адбіўся ў памяці такі момант, калі дайшлі да Чырвонага касцёла, нехта падвёз абсталяванне, але ні мне, ні Статкевічу не далі мікрафона. І мы сталі троху збоку. І вось я памятаю, што падбягаюць маладыя людзі да нас: «Рыгор Андрэевіч, там б’юць шыбы». Не ведаю, ці памятае гэта Статкевіч. Мы пабеглі да Дома ўрада. І тыя маладыя людзі, якія нас клікалі, змаглі адагнаць правакатараў. Я так і не зразумеў да канца, што тады адбылося. Калі пачалася другая хваля біцця вокан, я трохі прапусціў.

Падбег у другі раз, калі шмат ужо ўсяго было пабіта. Добра запомніў людзей, якія білі цэнтральны ўваход: у іх былі завязаныя твары, я спрабаваў адцягваць. Адзін з хлопцаў азвярыўся на мяне і кажа: «Зараз і ты атрымаеш, як гэтыя дзверы, і застанешся тут ляжаць». Тады я і зразумеў, што гэта правакацыя.

«НН»: Як вас затрымлівалі?

РК: Калі з’явіўся ланцуг амапаўцаў паралельна Дому ўрада, то мы са Статкевічам пайшлі на перамовы. І тут недзе злева ад мяне пачалася заварушка, я паварочваю галаву і адразу атрымліваю ўдар дубінкай. На гэтым я адключыўся, наколькі адключыўся, не помню. Выратавала, што на мне была шапка. Хутчэй за ўсё, што ўдары было два. Бо і на патыліцы, і зверху на галаве ў мяне потым былі вялізныя шышкі. Я нават не адчуў болю, адзінае, што спрабаваў, — стаяць на нагах. Згубіў шапку ў гэтым усім. Тут мяне заўважае Міша Васілеўскі, наш фронтаўскі актывіст, і яшчэ двое маладзёнаў. Яны мяне за рукі і вывелі з Плошчы туды, дзе ходзяць машыны. Спынілі выпадковую легкавую машыну і папрасілі людзей мяне падвезці. Яны пагадзіліся, і мы паехалі.

«НН»: Куды?

РК: Мне было без розніцы куды. Пасадзілі мяне ззаду, там ужо сядзела жанчына і спераду двое хлопцаў. І тут чую ад іх: «Ой, ой, што робіцца». Глядзім: спераду міліцэйская машына, ззаду — машына, збоку — машына. Акружылі з трох бакоў.

«НН»: Па мабільніку вылічылі?

РК: Не, потым мне ў КДБ расказалі, што за кожным кандыдатам быў замацаваны супрацоўнік органаў. І кажуць, за вамі было найлягчэй сачыць, бо галава белая.

Адчыняюцца дзверкі аўто, і, здаецца, маёр кажа: «Рыгор Андрэевіч, выйдзіце, калі ласка, з машыны». Я спрабаваў людзей, што мяне падабралі, супакоіць, што гэта мяне, але, на жаль, і іх потым на суткі пасадзілі. Маёр учапіўся мне за рукаў, стаіць, трымае і нешта па рацыі дакладвае. Я кажу: «Адпусціце, што вы трымаеце, абодвум жа няёмка». — «А вы не збяжыце?» — пытаецца міліцыянт.

«Ну куды я ад вас, маладых хлопцаў, уцяку?» Праўда, пасля гэтага адпусціў.

«НН»: Куды павезлі?

РК: Спачатку ў нейкае РУУС. Там забралі пашпарт і зачынілі ў «абезьянніку», але тэлефон пакінулі. Вельмі хутка павезлі ў РУУС Мінскага раёна на вуліцу Скарыны, там сабраўся ці не ўвесь аддзел, і я вёў з мянтамі агітацыйную працу. Яны і гарбату прынеслі, цікава было мяне паслухаць, там мяне ўжо нікуды не саджалі. Ужо позна ўначы прыехала шыкоўная такая машына, кшталту «Лэндкрузера», і пасадзілі мяне туды.

Павезлі ў КДБ. Там завялі ў нейкі падвал, дзе я сядзеў да шостай ранку. Самае цікавае, што і там тэлефон не забралі. Я нават дазваніўся да Аляксея Янукевіча.

Не ведаю, ці зразумеў ён, праўда, што, бо сувязь была зусім кепская. А ў кішэні ў мяне з сабой нават зараднае да мабільніка было. Гляджу: і разетка тут ёсць, а тэлефон якраз разраджаўся. Я давай зараджаць. Калі следчы заходзіў, то толькі спытаў, ці дыктафон не ўключаны. Кажу, што не. Ну ён гаворыць, няхай ляжыць. Калі вертухай заўважыў, то ён ужо забраў.

«НН»: Што было потым?

РК: Я там быў доўга-доўга. Самы напружаны момант быў, бо я не ведаў, чым жа скончылася Плошча. Асабліва балюча было, бо я ведаў, што будуць правакацыі, але нічога не змог зрабіць, але ці мог бы ўвогуле нешта там змяніць. Самым страшным было чаканне: ці Плошча скончылася крывёю, ці не. Справа ў тым, што я ведаў, што ў планах Крамля было, каб у Беларусі засталіся пасля выбараў толькі прарасійскія палітычныя сілы, праеўрапейскіх быць не павінна было. Я гэта дакладна ведаў.

«НН»: Дык адкуль усё ж?

РК: Ну ведаў я! Ёсць у мяне ў Расіі сябры, беларусы па паходжанні, якім баліць за лёс нашай краіны, яны знаходзіліся ў той час на высокіх пасадах, ад іх чуў усе гэтыя планы. І пра перамовы нашых кандыдатаў у Маскве я ад іх чуў.

Рыгор Кастусёў 2020 Наша Ніва

«НН»: Хто да вас прыйшоў далей?

РК: Следчы, цалкам беларускамоўны, ён вёў маю справу да канца. З ім быў яшчэ кадэбэшнік, абодва звярталіся да мяне па імені па бацьку, так да мяне ўсе там звярталіся. Ніякіх запалохванняў і блізка не было. Калі па калідорах мяне вадзілі, то казалі: «Рыгор Андрэевіч, тут асцярожна галаву не ўдарце, тут не аступіцеся». Была проста размова на агульныя тэмы. Азнаёмілі мяне з правамі, з пратаколам затрымання. Ранкам завялі ў камеру.

«НН»: Вы там былі адны?

РК: Не! Што ты! Там былі пара двухузроўневых нараў, мне выдалі драўляны шчыт, а таксама да яго матрац, прасціну, падушку. Хлопцы сказалі, што ўжо даўно зразумелі, што ім кагосьці падселяць з Плошчы. Яны дапамаглі той шчыт пакласці, заслалі мне.

«НН»: Палітычных жа не было?

РК: Не было, але я добра не паспеў з усімі пазнаёміцца. Толькі пасля даведаўся, што адзін з іх быў былым старшынёй Кастрычніцкага раёна Магілёва. Яны мяне хацелі накарміць. Кажу, што не да вячэры зусім. Заснуць не змог, але калі ляжаў, то параўнаў «амерыканку» з яе ўмовамі ўтрымання з ізалятарам часовага ўтрымання ў Магілёве, дзе я спаў на голых дошках і падлога была, як у сельскім клубе. Я тады падумаў: «Тут можна і сядзець». Жыццё ёсць жыццё. Яшчэ да сняданку мяне забралі з камеры і пачалі вадзіць па кабінетах. Быў на допыце, двойчы размаўляў з Зайцавым.

«НН»: Са старшынёй КДБ?

РК: Так, але не ў яго ў кабінеце, а там была такая зала. Размовы ён вёў са мной пра ўсё і ні пра што. Казаў, што гэта шкодна для Беларусі, мы ж патрыёты, і вы патрыёт, і Аляксандр Рыгоравіч да вас добра ставіцца. Вось у такім плане размовы вёў Зайцаў. Не разумею, што ён хацеў ад мяне.

Я не маўчаў, на ўзроўні дазволенага я выказваў сваё меркаванне. Калі вярнуцца да грошай, то на допыце ў следчага ў кабінет заходзяць двое мужчын і становяцца ззаду за мной, маладыя хлопцы. Непрыемны такі момант. Хрэн яго ведае, чаго прыйшлі. І пачынаюць яны здалёк: «Вы такія-сякія, апазіцыя, прадаліся за грошы». Я кажу: «Вы давалі нам грошы? Не? Вы бачылі, што нехта даваў? Не».

«НН»: Вы па-беларуску з імі гаварылі?

РК: Канечне, толькі па-беларуску. І тут следчы ім кажа: «Вы Рыгора Андрэевіча не ганьце», ён нават выбарчую кампанію без грошай ладзіў. І тут адзін, каторы за спінай быў кажа: «Так, Рыгор Андрэевіч, мы вас паважаем». Мабыць, нейкую сцэнку разыгрывалі. Скажу шчыра, што напружыўся, калі пачуў, што мяне паважаюць супрацоўнікі КДБ. Я паварочваю галаву і пытаюся: «А за што вы мяне паважаеце?» — «За тое, што грошы не ўзялі?» — «Якія грошы?» — спрабую пад дурня касіць. «Тыя сто тысяч даляраў, якія вам прапаноўвалі».

«НН»: Усё ж назвалі суму!

РК: Ну ладна-ладна. Але момант насамрэч псіхалагічна вельмі складаны быў. Здаецца, ніхто цябе і не запалохвае, а ўсё адно не па сабе.

«НН»: Як атрымалася, што вы выступілі на БТ?

РК: Каб разумелі, на той момант я ўсё яшчэ не ведаў, чым жа скончылася Плошча. Мне нічога не казалі, гэта пытанне мяне хвалявала найбольш. Яны мне паказвалі нейкія здымкі арматуры, нешта яшчэ, спрабавалі паўздейнічаць гэткім чынам. Для мяне самым галоўным было адмежавацца ад гэтых правакацый, што здарыліся на Плошчы.

«НН»: Нават такім шляхам, як Раманчук?

РК: Такога мне нават ніхто не прапаноўваў. Не пагражаў, не спрабаваў вербаваць ці нешта падпісаць. Нічога не было ў такім родзе.

Рыгор Кастусёў 2020

«НН»: Ніколі вас не вербавалі?

РК: Яшчэ напачатку 1990-х былі намёкі ад начальніка КДБ Шклоўскага раёна. Маўляў, ты разумны чалавек, нашто табе той БНФ. Пасля 1992 года ніводнай такой прапановы не было.

«НН»: І што вырашылі казаць на БТ?

РК: Што на Плошчы адбылася правакацыя. Мне агучылі загадзя чатыры пытанні. Я разумеў, што гэта могуць неяк скарыстаць у сваіх мэтах. Кожны раз, калі я даю інтэрв’ю БТ ці АНТ, я ўсведамляю, што мае словы могуць быць скарыстаныя, таму і стараюся падбіраць такое, што ніяк не перакруціш. Я хацеў публічна адмежавацца ад правакацый на Плошчы, бо не ведаў, ці была кроў на Плошчы. Я быў няголены. Кажу: хлопцы, няголены я на камеру выступаць не буду. Гальштук у мяне забралі, без гальштука выступаць таксама не буду. Хутка мне арганізавалі станок, прынеслі гальштук — не помню, ці мой, ці чужы.

«НН»: Вы казалі, што гэтыя правакацыі на карысць Маскве.

РК: Канечне. Каб вы разумелі: я сяджу ў турме КДБ, не валодаю ніякай інфармацыяй, дапускаю, што ўсё магло скончыцца крывёй, нічога не ведаю. Калі там была кроў, то могуць быць рэпрэсіі, у першую чаргу супраць БНФ. І самае складанае было, што я прыйшоў на Плошчу, ведаючы планы Крамля, але нічога не зрабіў, каб яны не здзейсніліся. Я аказаўся ў дурнях і трапіў у гэтую пастку.

Не помню, ці былі лагатыпы на камерах, але мне падавалася, што гэта журналісты. Яны мне задавалі пытанні, якія раней ужо агучвалі. Прасілі выказаць сваю пазіцыю, я сказаў, што адбылася правакацыя. У эфіры памянялі месцамі некаторыя адказы на пытанні. Гэта было, але сутнасць засталася.

«НН»: Вам за той выступ сорамна не было ні разу?

РК: Не сорамна, але было складана, бо людзі па-рознаму ўспрынялі той выступ. Нехта і коса глядзеў, нехта нешта і казаў.

Раскажу яшчэ адзін момант. Сяджу я ў камеры, хопа, выклікаюць на выхад, да сцяны, усе справы. І тут кайданкі на рукі адзяваюць за спінай. І я так іду ў кайданках па калідорах, у адным з іх сутыкаюся з Андрэем Дзмітрыевым, ён з двума мужчынамі стаяў. І нешта мы пачалі з Дзмітрыевым словамі перакідвацца. Вертухай крычыць: «Маўчаць, тварам да сценкі». І Дзмітрыеў пытаецца: як справы? Я кажу: ты што, не бачыш, як справы? Калі я ў кайданках стаю, а ён свабодна стаяў.

І на гэтым мяне павялі далей, як высветлілася, знаёміць з дакументамі на вызваленне. Было напісана, што па першым тэлефонным званку я адразу з’яўляюся на допыт у КДБ. Кажуць, калі згаджаешся, то выпускаем, ну я пагадзіўся на такія ўмовы.

«НН»: Калі вы выйшлі на волю, то былі адзіным кандыдатам, хто абскарджваў вынікі выбараў.

РК: Атрымалася вельмі цікава. Яшчэ перад Плошчай, жыццёвы досвед сказаўся, я пакінуў Аляксею Янукевічу заяву пра абскарджаванне выбараў. Сам падпісаў усё, Аляксей паклаў гэта ў сейф. Мы ўжо разумелі, што я буду затрыманы, але ж назіранне было арганізавана.

З праваабаронцаў у той дзень смеласць на сябе і адказнасць узяла толькі Рая Міхайлоўская, тая яшчэ была гісторыя, як мы з ёй прабіраліся праз плошчу Незалежнасці. Тады ж каго ні ўбачыш, ва ўсіх бачыш супрацоўніка спецслужб. І вось Раіса перадала мне стос дакументаў з парушэннямі выбараў. І нікога больш не было, толькі я і Міхайлоўская, і мы як партызаны прабіраліся да ЦВК, баяліся, што нас арыштуюць.

Калі зайшлі ў ЦВК, то першы чалавек, што нас убачыў, проста аслупянеў і так стаяў секунд пятнаццаць. Я на яго гляджу і тут мяне прабівае такі дурны смех, мабыць, напружанасць сказвалася. Тады кажу: «Кліч Лідзію Міхайлаўну, мы прынеслі заяву». А да канца тэрміну падачы абскарджвання тады заставалася літаральна гадзіна ці дзве.

Падалі мне гэтую заяву, я паехаў на Управу БНФ. У мяне ж на галаве шышкі. Дарэчы, у КДБ мяне доктар правяраў, здаецца, нават нешта выпісваў. То павезлі мяне на абследаванне, і толькі заходзім у цэнтр, як званок з КДБ.

«НН»: Хацелі, каб вы адклікалі заяву?

РК: Канечне. Мая памылка была, што я туды без адваката пайшоў, адвакат мой недзе на ўскрайку Мінска жыў. Я кажу, чаго ты будзеш ездзіць, я сам схаджу, нічога страшнага не здарыцца. Дурань я, што папёрся, але не хацеў напружваць чалавека. У выніку мяне да чацвёртай ночы ўгаворвалі забраць заяву. І ліслівілі, і лагодныя былі, і патрыятычныя словы казалі — усё было, што хочаш. Адвакат ім усё назвоньваў, прасіў, каб мне слухаўку далі. Пытаецца: «Цябе б’юць?» — «Не, сядзім чай п’ем». Я п’ю чай, толькі калі сам бачу, дзе заварвалі яго, і калі разам са мной п’юць — калі аднекуль прыносяць, то заўсёды адмаўляюся. І зноў размовы пра ўсё на свеце.Урэшце махнулі на мяне рукой. Я гляджу на гадзіннік, што чацвёртая ночы, кажу, куды я ўжо пайду, давайце я тут пераначую. Што рабіць, пазванілі кадэбэшнікі ў гатэль «Беларусь», далі каманду, каб мне нумар арганізавалі самы танны. Пасадзілі на працоўную «Волгу» ды адвезлі туды пераначаваць.

Во, яшчэ ўспомніў! Выходжу а чацвёртай ночы з КДБ, а там стаяць жонка Анатоля Лябедзькі і бабруйскі маладафронтавец, такі быў Валера Мацкевіч. І мне адзін з кадэбэшнікаў падыходзіць і кажа: ідзі скажы, каб не стаялі, сёння нікога выпускаць не будзем. Я перадаў гэтыя словы. І тут, на жаль, людзі не заўсёды адэкватна ацэньваюць падзеі. Яны пабачылі, што я сеў у «Волгу», то і палічылі, што Рыгор прадаўся.

 

_nn_20200204-8140-uzu6r

«НН»: Адкуль вы ведаеце Лукашэнку?

РК: Упершыню пра яго пачуў у 1988 годзе. За год да гэтага Аляксандр Лукашэнка стаў дырэктарам саўгаса «Гарадзец» Шклоўскага раёна і распраўсюджваў інфармацыю пра перадавы метад ў сельскай гаспадарцы — арэндны падрад.

А якраз станавіўся дырэктарам саўгаса «Іскра» ў Бялыніцкім раёне (гэта самая мяжа Мінскай і Магілёўскай абласцей, калі з’язджаем па шашы ў Былыніцкі раён, то мае землі былі ў левы бок). І нас, кіраўнікоў гаспадарак Бялыніцкага раёна, сабралі ў райвыканкаме, каб паслухаць лекцыю Лукашэнкі пра арэндны падрад. Ну такое тады было: «Здароў і здароў».

«НН»: Але ж пазнаёміліся?

РК: Ну так, але шапачна. Лепш мы пазнаёміліся ў 1988 годзе, гэта былі першыя сапраўдныя выбары ў Вярхоўны Савет СССР [1989 год, народных дэпутатаў СССР — НН]. І была сустрэча з кандыдатамі ў Бялынічах. Па Магілёўскай акрузе (гэта абласны цэнтр і раёны побач) вылучаліся Вячаслаў Кебіч і Аляксандр Лукашэнка. І перад сустрэчай тэлефануе мне другі сакратар райкама партыі, Цітоў такі. Пытаецца, ці буду я. Кажу, канечне, буду. І людзей з сабой прывязу. «А можа выступіш?». Выступлю, чаго не выступіць. Ніхто мне не казаў, пра што гаварыць. Ды я б і не ўспрыняў тыя ўказікі. У выніку выступілі і Кебіч, і Лукашэнка. Гэты быў 1989 год, таму я — і не толькі я — ужо разумеў, што час нешта мяняць. Я і ў КПСС уступіў толькі, калі перабудова пачалася, у трыццаць гадоў, да гэтага не ўступаў. Пачынаюцца спрэчкі, выступае чалавек у падтрымку Кебіча. Я адчуваю, што тэкст выступу падрыхтаваны. І тут нечакана мне даюць слова другому.

Я і кажу, што мне больш спадабалася праграма не Францавіча, а Аляксандра Лукашэнкі. І тады па зале пракацілася: «Уууу». Я глянуў на Лукашэнку, ён на мяне, і бачу, што нешта запісвае. Тады ж запрасіў Лукашэнку да сябе ў саўгас, зладзіў сустрэчу з рабочымі. Запомніце: у саўгасе — рабочыя, у калгасе — калгаснікі. І Лукашэнка прыязджаў да мяне ў вёску Стараселле, быў сход у клубе.

«НН»: Можа, і выпівалі разам?

РК: Не, не было ў яго часу. Я запрашаў і паабедаць да сябе, але ён спяшаўся. Выступіў і паехаў далей. Але самае цікавае не гэта нават, а што літаральна на наступны дзень званок ад першага сакратара райкама партыі Анатоля Глаза.

«НН»: Гэта таго, чый сын сёння прэс-сакратар МЗС?

РК: Так, я і сына ведаю ягонага. Цяпер, калі бачымся, заўсёды вітаемся, падтрымліваем кантакты. І вось Глаз-старэйшы кажа: «Хачу з табой пагаварыць пра ўчорашнюю сустрэчу». Я такі: «А што не так, Анатоль Ціханавіч?» — «Ты там сказаў тое, тое і тое». — «Ну дык я магу ўсё апавесці», — кажу. «Не трэба, — адказвае Глаз, — у мяне ёсць запіс твайго выступу. Выязджай на трасу, я еду ў Мінск на пленум ЦК, мы з табой пагаворым». Ну, я выехаў. Сустрэліся, і ён мяне пачаў выхоўваць, што я няправільна разумею лінію партыі. Доўга мне тады гукалася падтрымка Лукашэнкі. І не толькі мне, але і маім рабочым. Калі старшыня саўгаса выказаўся за гэтага кандыдата, то тады гэта значыла, што і рабочыя будуць за яго.

Ганцы райкама партыі тыдні два хадзілі па хатах, пераконвалі галасаваць за Кебіча. Але ўсё адно ў маёй гаспадарцы 76% прагаласавалі за Лукашэнку, хаця ў цэлым ён тыя выбары прайграў.

«НН»: Потым жа сутыкаліся яшчэ?

РК: У 1991 годзе я па сямейных абставінах быў вымушаны пераехаць жыць у Шклоў. Атрымалася, што мой саўгас трапіў усё ж пад радыяцыю, і ў дачок пачаў падаць зрок. Я шмат дзе з імі паездзіў, ніхто мне не казаў наўпрост, што гэта праз радыяцыю, але людзі параілі адтуль з’язджаць.

Пачаў працаваць галоўным механікам у шклоўскім ПМК, і быў сход праз здачу дома. Ведаеце, там заўсёды людзі незадаволеныя дзялёжкай, іншымі момантамі. Ну і Лукашэнка там быў, як дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі.

Ён заўважыў мяне ў зале: «Здароў, што тут робіш?» Пазнаў адразу. Па-людску ён да мяне, нармальна паставіўся. Кажа, прыязджай да мяне ў гаспадарку, будзеш маім намеснікам, я ж усё адно дэпутат, не заўсёды на месцы.

«НН»: І што, вы пагадзіліся?

РК: Ездзіў я да яго ў саўгас. Нельга сказаць, што ўладкоўвацца. Хутчэй прамацваў глебу. Ведаў я пра той «Гарадзец». Аднойчы мой аднакурснік туды галоўным інжынерам трапіў і збег праз месяц. Вельмі слабая была гаспадарка. Чаму паехаў? Бо жонка кажа: ну з’ездзі паглядзі. Справа ў тым, што ў Бялыніцкім раёне ў нас была вялікая хата, цёплая, сын на ровары ў ёй катацца мог. А мы ўсё кінулі і жылі ўпяцёх у маленькай кватэрцы. Пасля добрага цяжка прывыкаць да кепскага.

Сеў я на свой «Масквіч», паехаў, час у нас быў прызначаны, а яго ўсё няма і няма. Так і з’ехаў ні з чым.

Не атрымаліся ў нас далейшыя адносіны. Я думаю: праз тое, што я ўжо на той момант быў сябрам ці прыхільнікам БНФ. Мне складана сказаць, як правільна, бо афіцыйную структуру мы зарэгістравалі толькі ў 1992 годзе. Ужо тады не мог пераступіць праз нейкія погляды. Напрыклад, калі Лукашэнка стаў тапіць за Савецкі Саюз.

«НН»: Лукашэнка тады ўжо ведаў пра вашы погляды?

РК: Складана сказаць, але прапановы далучыцца да ягонай каманды мне паступалі аж да другога тура прэзідэнцкіх выбараў. Апошняя размова і апошняя прапанова ў мяне адбылася ў ліпені 1994 года.

«НН»: З кім?

РК: Не ведаю, ці этычна тут казаць, бо гэты чалавек ужо даўно нябожчык. Добра, скажу. Гэта Яўген Мікалуцкі [забіты выбухам бомбы ў 1997 годзе — НН], так атрымалася, што мы вельмі добра з ім сябравалі. У 1987 годзе мы трапілі з ім у Мінск на паўгадавыя курсы павышэння кваліфікацыі, тады рыхтавалі кадры. І мы жылі з Мікалуцкім у адным блоку. Памятаю, што нас тады і ў Маскву вазілі, там вадзілі ў рэстаран на самым высокім паверсе Астанкінскай вежы. Такі быў узровень.

А з Мікалуцкім на ўсё жыццё засталіся добрыя, чалавечыя адносіны. Калі я пераехаў у Шклоў, то ў яго былі складаныя часы — недзе я яго падтрымаў.

«НН»: Канаплёва таксама ведаеце?

РК: Канечне, ягоная жонка была завучам у школе, дзе вучыліся мае дзеўкі. Гэта адмысловая школа для дзяцей з парушэннямі зроку. Калі ўзнікаюць праблемы, то хапаешся за любую магчымасць. Канаплёў працаваў у міліцыі, у інспекцыі па справах непаўналетніх. Найбольш я з ім пачаў сутыкацца ўжо ў 1995 годзе, калі былі выбары ў Вярхоўны Савет. Ён ішоў у дэпутаты па Шклоўскай акрузе, а ад БНФ мы вылучалі Вольгу Паўлаву, і я быў у яе даверанай асобай. Таму з Канаплёвым мы ўжо сутыкаліся як ворагі.

«НН»: Вы былі ў камандзе Пазняка?

РК: Само сабой. Вельмі цяжка было тады за яго подпісы збіраць.

«НН»: Не хацела Усходняя Беларусь падтрымліваць Пазняка?

РК: За ўвесь рэгіён не скажу, а Шклоў не хацеў. У Шклове была эйфарыя, што Лукашэнка — наша ўсё. Тым не менш, здаецца, 250 подпісаў мне ўдалося сабраць. Было вельмі складана, часам і морду мне хацелі біць.

У Шклове падчас выбарчых кампаній каго я толькі не пабачыў: і Ціцянкоў, і Кучынскі, і Ганчар, і Булахаў, і Лябедзька! Былі ўсе па розных нагодах.

«НН»: Каб пагадзіліся б падтрымаць Лукашэнку, то былі б чыноўнікам…

РК: Больш скажу, летась, калі мяне запрашалі на «Вялікую размову з Аляксандрам Лукашэнкам», то ў кулуарах падыходзіла шмат людзей, самі прычым. Я тады і з Макеем пагаварыў, і з Карпенкам.

І вось падыходзіць адзін былы чыноўнік шклоўскага паходжання, атрымалася ў нас размова напалову сур’ёзна, напалову ў жарт. І кажа мне: «Мы так на цябе разлічвалі. Не менш за віцэ-прэм’ера б ты быў». Не хачу сябе ўзносіць, але такія словы былі. Наконт сур’ёзнасці словаў не адказваю.

«НН»: Ну і падчас кампаніі 2010 года Лукашэнка толькі пра вас пазітыўна адгукаўся з апазіцыйных кандыдатаў.

РК: Так, тройчы такое было. Я ў метро еду, а тады яшчэ мабільная сувязь у метро не працавала. Выходжу, бачу на мабільніку шквал званкоў. «Чулі, што сказаў?» — «Нічога не чуў». — «Казаў, што адзін Кастусёў — сумленны кандыдат».

«НН»: Па старой памяці, думаеце?

РК: Не толькі па старой памяці. Гэта яшчэ і за 2001 год, думаю. У 1995 годзе мяне адважыліся паставіць начальнікам жыллёва-камунальнай гаспадаркі Шклова. Былі вялікія спрэчкі, але перавялі са старшага механіка. Тады старшынём райвыканкама быў такі Лаўранкоў, ён потым быў памочнікам Лукашэнкі па Магілёўскай вобласці, і ён набіраў новую каманду.

Я працаваў у ПМК, у нас было дзве кацельні, адну з іх пераводзілі на газ. Але нешта там не паспявалі. І пачалі тапіць на нейкіх часовых кацельнях на вугалі. Людзі замярзалі ў хатах проста. Не хачу хваліцца, але я не самы благі інжынер. І ў мяне нарадзілася ідэя, як тэрмінова змяніць гэтую сітуацыю. І да Новага года я рашыў гэта ўсё, у вялікі плюс мне ўсё спрацавала. Таму і прызначылі, хоць Канаплёў як мясцовы дэпутат быў вельмі і вельмі супраць. І я там адпрацаваў шэсць з лішнім гадоў, але пасля прэзідэнцкіх выбараў 2001 года мяне звольнілі.

Тая кампанія была вельмі складанай для мяне. Мы ж падтрымалі Домаша, а апазіцыя дамовілася на Ганчарыка. На Сойме БНФ мы амаль усе выступалі за Домаша, але Вячорка і Хадыка настойвалі на Ганчарыку, яны нават у адстаўку абяцалі падаць, калі мы не падтрымаем Ганчарыка, і ўсё ж удалося ім нас пераламаць.

«НН»: Кіраўніцтва БНФ так тапіла за Ганчарыка?

РК: Яшчэ б! Я не ведаю нават з якой нагоды. Раскажу цікавую рэч: у той час я быў ухожы ў кабінеты самых вялікіх чыноўнікаў, Шклоў паўсюль паважалі, а яшчэ ж я перажыў «Дажынкі», а гэта вялікая падзея.

Я ведаў і міністраў, і віцэ-прэм’ераў, і кіраўнікоў камітэтаў. І многія чыноўнікі, якія не баяліся са мной гаварыць шчыра, казалі: «Што ж вы нарабілі, нахрана вам той Ганчарык, чаму не Домаш?» Быў такі перыяд, калі чыноўнікі былі гатовыя зліць Лукашэнку, як у 1994-м злілі Кебіча. Але толькі пры ўмове, каб кандыдатам быў Домаш, Ганчарыка яны не ўспрымалі ніяк.

_nn_20200204-8147-fz2i3

«НН»: Як вы ўвогуле ўступілі ў БНФ, маючы такі бэкграўнд?

РК: Я ж вырас цалкам у беларускім асяроддзі. Нядаўна на «Нашай Ніве» быў матэрыял з падборкай песень, я гэтых людзей ведаю, я гэтыя песні чуў з дзяцінства. Я вучыўся ў беларускамоўнай школе. І я памятаю, як студэнты вярталіся з гарадоў і пачыналі гаварыць у вёсцы па-руску, то мы іх перадражнівалі. Я вырас у гэтым усім. Каб вы разумелі, у мяне адукацыя была ж не толькі школьная, але і хатняя, і я там чуў і пра вайну, і пра калектывізацыю.

Здаецца, гэта быў 1991 год, тады кіраўнікоў гаспадарак часта збіралі зімой на двухтыднёвыя курсы ў Горках. І вечарамі заўсёды сядзелі за чаркай, я быў самым маладым сярод усіх. Мне было за гонар пасядзець разам з іншымі старшынямі. І неяк я паспрабаваў агітаваць нашых мужыкоў за БНФ. Сядзім мы побач з такім Шухновым, ён такі салідны, меў узнагароды, моцная гаспадарка.

І ён такі кажа: «Не агітуй нас за БНФ. Учора такі назваў нас, старшынь калгасаў, цябе ў тым ліку, чырвонымі памешчыкамі. І ты хочаш, каб мы падтрымалі БНФ?» Я не разумею, чаму ў нашых жа людзей было такое пагардлівае стаўленне да калгаснікаў, да старшынь калгасаў. Я поглядаў сваіх не памяняў, але зразумеў, што вёску мы прайгралі. А многія, асабліва мінчукі, і падхапілі гэта пра «чырвоных памешчыкаў».

«НН»: Хто вашы бацькі?

РК: Да вайны яны скончылі чатыры класы. У бацькі брат і бацька загінулі на вайне. Бацька ўжо нікуды не пайшоў. Брат загінуў у красавіку 1945-га, а дзеда снайпер зняў ля крэпасці Асавец у Польшчы. Па матчынай лініі была больш багатая сям’я, дзед быў старшынёй калгаса. Ён прайшоў і гэтую вайну, і Першую сусветную. Ён служыў у лейб-гвардыі, у царскіх палках. Прабабка мая па матчынай лініі прымала роды ў вёсцы. У яе было шмат сыноў, па-рознаму лёс склаўся. Адзін, напрыклад, ажаніўся пасля вайны ў Аўстрыі, а мужык той жанчыны аказаўся жывы, вярнуўся дадому і прыстрэліў гэтага Карпу. Калі чулі такую паэтэсу Раю Баравікову, то гэта мая траюрадная сястра.

«НН»: А вашы бацькі кім былі?

РК: Бацька быў шафёрам у калгасе. Першая машына, якая з’явілася ў калгасе, то на ёй ездзіў бацька. А маці працавала рабочай у паляводстве. Дзеда па матчынай лініі ў 1944 годзе прызвалі ў войска, ён сышоў. І як толькі сышоў, памерла мая бабка. Пісалі яму лісты на фронт, але ніводны не дайшоў. І пасля вайны дзед ніводнага разу не хадзіў на святкаванні Дня Перамогі! Таму я разумею, што гэта вялікая перамога, але ў сям’і мяне выхоўвалі так.

«НН»: Вы служылі ў войску?

РК: Так, у войсках сувязі. У вучэбцы быў у Палтаве, а потым служыў у Таміліне пад Масквой. Я і сёння выдатна ведаю азбуку Морзэ. У гэтым палку я пабачыў венграў, немцаў, арабаў — усіх. Але самае галоўнае, што, як найлепшы радыст, я патрапіў на дзяжурную станцыю палка. І ўначы на гэтым прыёмніку я мог слухаць, што хацеў: «Голас Амерыкі», радыё «Свабода»… Верагодна, і гэта паўплывала.

«НН»: Куды ўладкаваліся, калі вас звольнілі з ЖКГ у 2001?

РК: З дапамогай сяброў мы адкрылі беларуска-ўкраінскую фірму «Белая Русь», якая займалася гідраўлікай. Я там адпрацаваў дырэктарам, здаецца, 2,5 гады. Невялічкая фірма, але я добра ўпісаўся ў яе. Займаліся гарантыйным абслугоўваннем гідраўлічнага абсталявання. Было ў нас шэсць вобласцяў Беларусі, шэсць вобласцяў Расіі. Але потым украінскім бокам было прынята рашэнне фірму закрыць. Я ведаю чаму, бо вызвалялася назва «Белая Русь». Пасля закрыцця фірмы я яшчэ пабыў генеральным дырэктарам у канторы сябра, таксама займаліся гідраўлікай. Тады ж зарэгістраваўся прадпрымальнікам у Шклове. І я пратрымаўся ў якасці ІП да 2008 года. Памятаеш, тады баставалі прадпрымальнікі?

«НН»: Канечне.

РК: І я ў Магілёве ўзначальваў гэты бунт. І мяне сталі браць за жабры. Справа ў тым, што са мной шмат працавалі старшыні калгасаў, саўгасаў, шмат хто. І праз нейкі час яны сталі мяне пакідаць. Калі ў 2008 годзе я ўзначаліў бунт, то стала зразумела, што больш я працаваць не змагу. Так і закрыўся. З 2009 года я быў на працы ў Піцеры, нешта я там рабіў, нешта зарабляў. Ездзіў і ў Расію, і ва Украіну. Дырэктарам кампаніі быў — чаму быў ён і ёсць, толькі што ў Маскву пераехаў — беларус. Можа, ты і ведаеш такога: прозвішча ў яго Быкаў.

«НН»: Помню, ён у 2006 годзе сустрэчы Мілінкевіча ў Піцеры ладзіў.

РК: Усё так! Ягоны прадзед і прадзед Васіля Быкава былі братамі. Заробкі там былі невялікія, але мне патрэбна была праца, каб вылучацца ў прэзідэнты. Не ісці ж беспрацоўным. Я неяк выкручваўся: і артыкулы пісаў, і кнігу пісаў, быў праект. У 2017 годзе выйшаў на пенсію. Мая жонка жартуе, што Лукашэнка пенсійную рэформу зрабіў пад мяне. Я быў першым, хто трапіў пад раздачу. Мне выкінулі са стажу вучобу, службу ў войску — я ж афіцэр запасу. Пакуль не трапіў у спіс нядобранадзейных, я паспеў старшага лейтэнанта атрымаць. Каб ты ведаў, я пасля школы паехаў у Ленінград паступаць у вайсковае вучылішча.

«НН»: Не паступілі?

РК: Збег я адтуль. Усё дзяцінства я марыў стаць вайскоўцам. Але калі прыехаў паступаць, то нешта мяне пераклініла, і я стаў спецыяльна завальваць экзамены. Заваліў першы пісьмовы экзамен — думаю: «Ну ўсё, зараз паеду дамоў». Раздаюць дакументы тым, хто заваліў, а мяне няма. Пытаюся: што такое? А мне адказваюць, што, маўляў, паглядзелі мае даныя і характарыстыкі і даюць магчымасць здаваць яшчэ экзамены. «Калі астатняе здаеце, то дамо пераздаць першы экзамен». Але нейкія вышэйшыя сілы мяне развярнулі ўсё ж. Я б скончыў вучэльню ў 1979-м, калі якраз Афган пачынаўся — нешта мяне выратавала.

Прыходжу здаваць матэматыку. Перад мной выкладчык сядзіць. Кажу, што нічога не ведаю. «А ты адкуль», — пытаецца выкладчык. «З Беларусі я». — «А якая вобласць?» — «Магілёўская». — «А раён?» — «Бялыніцкі». — «Дык мы землякі, я з Хоцімскага, —кажа выкладчык. — Давай здавай хутчэй». — «Не ведаю нічога». — «Не ведаеш ці не хочаш?» Шчыра сказаў, што не хачу. «Добра, паедзеш дадому». Не ўяўляю і сёння, чаму я тады на 180 градусаў змяніў сваё стаўленне да вайсковай службы, нейкія вышэйшыя сілы. Мяне і ў войску агітавалі там заставацца. Я быў старшым сяржантам. Там шмат што вырашае школьны запас. У войска ідуць шмат троечнікаў, і на іх фоне я выразна вылучаўся.

«НН»: Цяпер жывяце на пенсію?

РК: Так, атрымліваю 412 рублёў. Цяжкавата. Іншых даходаў не маем. Выручае агарод. Мы маем усё сваё: яблыкі, ягады, бульба. Жонка грады рыхтуе, а саджу ўсё я сам: капусту, цыбулю, часнок. Бульбу-то я за плугам хаджу. І даглядаю ўсё сам, мне гэта вядома.

«НН»: А жывеце вы ў Магілёве?

РК: Не, у той магілёўскай кватэры, дзе я жыў, цяпер жыве сярэдняя дачка. Афіцыйна я жыву ў Шклове. Жонку маю з вёскі не выцягнуць. Зіма цёплая, дроваў хапае, кажа: «Не хачу ехаць у Шклоў». Старэйшая дачка з унукамі жывуць таксама ў Шклове. А сын з’ехаў у Гданьск вучыцца, там і застаўся. Узімку я жыву ў асноўным у Шклове, улетку ўжо ў Цяхціне.

«НН»: Вы адзіны апазіцыянер, каго, здаецца, не баяцца прымаць у сябе чыноўнікі і з кім не баяцца гаварыць. Як так атрымалася?

РК: Я ж іх шмат каго ведаю. Канечне, напачатку 2000-х ведаў лепш. У 2008 годзе падчас кампаніі парламенцкай прыехаў у адзін калгас, падыходзіць старшыня і кажа, што так і так, зараз сюды прыедзе старшыня аблвыканкама Барыс Батура. Ну сустрэча скончылася, я выходжу, бачу: стаіць Батура. Думаю, чаго я яму галаву дурыць буду, чалавек заняты, праходжу міма ціха, збіраюся садзіцца ў машыну. А Батура здалёк мне такі: «Ну што, зазнаўся? Нават пагаварыць не хочаш?» Падышоў, паўгадзіны прагаварылі.

Памятаеце, я заступаўся за нашага магілёўскага хлопчыка з «Моладзі БНФ», якога хацелі выключыць з гімназіі? Хадзіў на прыём да міністра адукацыі Ігара Карпенкі. І вось падчас «Вялікай размовы ў Лукашэнкі» Карпенка да мяне падыходзіць і пытае: «Ну як у хлопца справы?» Кажу: «Дзякуй, усё добра, скончыў». Але што цікавае, усе настаўнікі, якія на яго наязджалі, на наступны навучальны год на працу не выйшлі. Пытаюся: «Вашых рук справа?» — «Не важна», — адказвае Карпенка.

Чаму паважаюць? Цяжка сказаць. Я перажыў у Шклове двое «Дажынак». Тыя «Дажынкі», што цяпер праводзяць, гэта фігня. А ў 2000 годзе перад «Дажынкамі» Шклоў быў проста вялікай будаўнічай пляцоўкай. У мяне пад кантролем было больш за 300 аб’ектаў. Дзесьці рамонт, дзесьці будаўніцтва.

«НН»: Колькі гэта цягнулася?

РК: Падрыхтоўка пачалася ў 1998 годзе і закончылася ўсё ў верасні 2000 года. Амаль тры гады гэта зачапіла. Што хачу сказаць: адзіныя масавыя рэспубліканскія «Дажынкі», якія ў той час скончыліся без пасадак, былі шклоўскімі. У Нясвіжы пасадзілі, у Рэчыцы пасадзілі, у Горках пасадзілі. Абавязкова ўсюды саджалі.

«НН»: Вы лічыце Шклоў прыгожым горадам?

РК: Цяпер запусцілі. Калі я працаваў, то Шклоў лічыўся і быў пазначаны як узорны горад па Магілёўскай вобласці па добраўпарадкаванні і перадачы досведу. Цяпер ён такім не з’яўляецца. Цяпер узорным горадам лічацца Бялынічы. Пасля мяне на пасадзе кіраўніка Шклоўскага ЖКГ да 2017-га памянялася дванаццаць кіраўнікоў, з іх шасцёра прайшлі праз адсідкі. Цяпер у Шклове жартуюць, што калі звальнялі Кастусёва, то ён напусціў нейкую чорную магію. Мяне звальнялі, дарэчы, у 2001 годзе з ініцыятывы Жураўковай [кіраўніца справаў прэзідэнта, на якую была заведзеная крымінальная справа — НН]. Цікава?

«НН»: Канечне, расказвайце.

РК: 2001 год, агітацыйная кампанія. Усіх кіраўнікоў Шклоўскага раёна збіраюць у адной зале. Я нават не ведаў, хто будзе выступаць. Гляджу: Жураўкова, я яе з выгляду троху ведаў. Ведаў і яе біяграфію яшчэ з часоў працы ў Чавускім раёне, калі на яе завялі крымінальную справу, але яна збегла ў Сібір і вярнулася толькі ў незалежную Беларусь. І вось заходзіць Жураўкова такая расфуфыраная і пачынае свой выступ: вы, шклоўцы, такія малайцы, але сярод вас ёсць такі гад і г.д. Разумею, што гаворыць пра мяне. Я спакойна ўстаю. Кажу: «Спадарыня Галіна, калі вы нешта хочаце сказаць пра мяне, то давайце зробім асабіста, раскажаце там пра мяне». Яна падымае на мяне вочы: «Ой, які прыгожы мужчына! І вусы як у Аляксандра Рыгоравіча». Старшыня райвыканкама кажа: «Потым ужо пагаворыце». Ну і, праўда, болей яна пра мяне нічога не казала. Затое шмат бруду ад яе чулася пра Марыніча, нават Ганчарыка не чапала. Маўляў, пакраў ён тэлевізары, камп’ютары, яшчэ там нешта. А я Марыніча ведаў як прыстойнага чалавека.

І вось скончылася сустрэча. Падыходжу да Жураўковай і кажу, што гатовы з ёй пагаварыць. Падбягае старшыня райвыканкама, кажа: «Ідзіце ў мой кабінет, там ёсць пакой адпачынку, пагаварыце там». Садзімся, і яна мне кажа: «Рыгор Андрэевіч, чаму вы супраць Аляксандра Рыгоравіча?» — «А хто вам такое сказаў, што я супраць? Я супраць таго, што адбываецца ў краіне». — «А што ў нас адбываецца?» — пытаецца мяне. Адказваю, маўляў, дык вы ж самі расказвалі цэлыя дзве гадзіны, што адбываецца ў краіне (а яна расказвала пра крадзяжы). Бачыў бы ты яе рэакцыю, ускоквае: «Можаце быць свабоднымі, мне з вамі няма больш пра што гаварыць». Я разумеў, што пасля гэтага мяне з’ядуць. Увесь верасень і кастрычнік пераправяралі ўсю маю дзейнасць.

«НН»: Хацелі пасадзіць?

РК: Канечне. Я не хачу распальцоўку ўключаць, але праз мяне мільярды праходзілі, і я мог памыліцца дзесьці ў разліках. Але нідзе не памыліўся.

«НН»: Вам прапаноўвалі хабары?

РК: Было і такое. Асабліва падчас «Дажынак». Шмат было такіх намёкаў. Хачу сказаць, што мінімум 50% ад таго, што было запланавана зрабіць для Шклова, я б мог яшчэ зрабіць. У Мінску дамаўляешся з чыноўнікамі на адно, прыязджаеш на месца, а старшыня райвыканкама тое выкіне, гэтае. Шкада было вельмі. Хачу сказаць, што маё сяброўства ў БНФ, мабыць, станоўча паўплывала на тое, што не было ні злачынстваў, ні хабараў.

«НН»: Перад інтэрв’ю вы казалі, што 9 лютага будзе 40 гадоў вашага сямейнага жыцця.

РК: Добра помню вяселле. Было 9 лютага 1980 года, снегу наваліла яшчэ. Пазнаёміліся мы ў Цяхціне, калі мая стрыечная сястра выходзіла замуж за сваяка жонкі. І я прыехаў на гэтае вяселле з Горак, крыху спазніўся, так і пазнаёміліся. У маі 79-га года пазнаёміліся, а ў лютым 1980 — ажаніліся. У нас, у інжынераў, быў такі жарт, што жаніцца можна толькі пасля таго, як здаш супрамат (супраціў матэрыялаў). Атрымліваецца, што я яго здаў — і адразу жаніўся. Выгадавалася жонка ў Магілёве. Нарадзілася ў Дзятлаўскім раёне, на радзіме бацькі. У мяне яшчэ жывая цешча, ёй 97 гадоў.

«НН»: Як у вас атрымліваецца пастаянна захоўваць такі пазітыў?

РК: Мой жыццёвы прынцып — усміхацца, як бы табе ні было цяжка на душы, на радасць сябрам і на злосць ворагам.

Гутарыў Зміцер Панкавец, фоты Надзеі Бужан

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Люты 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сту    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
242526272829  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.