Партыя БНФ » Рыгор Кастусёў – пра карупцыю ў сілавых структурах Беларусі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Рыгор Кастусёў – пра карупцыю ў сілавых структурах Беларусі

Дададзена 19.02.2020 8:11:06 | 482 праглядаў

У блогавым допісе на сайце “Беларускія навіны” старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў піша пра карупцыю ў сілавых структурах Беларусі.

Паводле інтэрнэт-сайта “Беларускія навіны”

КарупцыяКожны год у Беларусі адбываецца рост колькасці асуджаных за злачынствы карупцыйнай скіраванасці. У 2019 годзе за падобныя злачынствы было асуджана 1007 чалавек, што на 2 чалавекі болей, чым у 2018-м. Трэцяя частка з іх прыцягнута да крымінальнай адказнасці за атрыманне хабару. З ліку асуджаных у 2019 годзе за карупцыйныя злачынствы 39 чалавек былі людзьмі ў пагонах.

Пасля выхаду на экраны ў 1971 годзе савецкага мастацкага фільма “Афіцэры”, адна з фраз героя гэтага фільма — “Ёсць такая прафесія — Радзіму абараняць” — стала крылатай. Гэтыя словы мелі для шматлікіх маладых людзей таго часу лёсавызначальнае значэнне.

З часу выхаду на экраны фільма “Афіцэры” прайшло ўжо 49 год. За гэты час разваліўся Савецкі Саюз, і сёння мы маем сваю краіну — незалежную Беларусь. Але трапна сказаныя словы застаюцца на слуху, як арыенцір, для грамадзян нашай краіны, гатовых абараняць яе ў любы час, любымі сродкамі, калі спатрэбіцца — і са зброяй у руках.

Тым больш, што згодна артыкула 57 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абарона радзімы — абавязак і свяшчэнны доўг грамадзяніна.

Асаблівую трапнасць і крылатасць гэтыя словы нясуць для тых грамадзян нашай краіны, што носяць на плячах пагоны, незалежна ад падведамаснага падпарадкавання, бо яны павінны па свайму службоваму доўгу знаходзіцца ў першых шэрагах абаронцаў.

Нездарма і А.Лукашэнка скарыстоўвае любы момант, каб з’явіцца на публіке ў вайсковым фрэнчы з залатымі пагонамі на плячах. Такім чынам, красуючыся на трыбунах сярод сваёй світы, ён імкнецца паказаць грамадзянам краіны, што толькі ён разам з гэтай світай з’яўляецца найпершым абаронцам суверэнітэту і незалежнасці Беларусі.

Але ж кім насамрэч з’яўляецца гэтае расфуфыранае атачэнне Лукашэнкі з пагонамі на плячах, з невядома якімі і дзе атрыманымі ўзнагародамі? Абаронцамі Радзімы, ці яе рабаўнікамі?

12 лютага 2020 года ў Вярхоўным судзе Беларусі пачаліся папярэднія слуханні па гучнай карупцыйнай справе, дзе фігуруе імя былога намесніка дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Андрэя Уцюрына. Разам з ім на лаве падсудных апынулася яшчэ 15 высокапастаўленых чыноўнікаў розных ведамстваў.

Да пераходу ў Савет бяспекі ў 2014 годзе, палкоўнік Уцюрын 7 гадоў знаходзіўся на пасадзе начальніка Службы бяспекі Лукашэнкі. У Службу бяспекі паступіў ажно ў 1995 годзе, дзе і даслужыўся да пагонаў палкоўніка.

У справе палкоўніка Уцюрына фігуруюць факты атрымання хабару ў памерах дзесяткаў і соцен тысяч долараў.

У канцы студзеня 2020 года вялікі інфармацыйны рэзананс атрымала так званая “цукровая справа”, па якой былі затрыманы кіраўнікі цукровых заводаў краіны. Дэталі гэтай справы да гэтай пары хаваюцца ад грамадскасці ў кабінетах КДБ, МУС, пракуратуры. Але ўжо дакладна вядома, што і тут замешаны людзі ў пагонах — прадстаўнікі беларускіх сілавых ведамстваў.

І такіх фактаў злачыннасці сярод супрацоўнікаў пракуратуры, МУС, Міністэрства абароны вялікае мноства. Замест працы па абароне інтарэсаў грамадзян краіны, супрацоўнікамі гэтых ведамстваў нярэдка здяйсняюцца злачынныя дзеянні па фальсіфікацыі крымінальных справаў, прысваенні маёмасці грамадзян, атрыманні хабару, львіная доля якіх застаецца па-за судовымі справамі.

Тыя паказушныя метады барацьбы з карупцыяй сярод прадстаўнікоў сілавых структураў з боку кіраўніка краіны не далі і не дадуць у далейшым станоўчых вынікаў, бо гэтыя метады не ліквідуюць асноўныя хібы ў падборы кадраў для сілавых ведамстваў — кумаўство, адданасць рэжыму.

Што рабіць?

У сістэме сілавых ведамстваў Беларусі даўно назрэла неабходнасць іх рэфармавання. Прыкладам паспяховага рэфармавання структур МУС сярод краін постсавецкай прасторы можа служыць Грузія, якая да нядаўняга часу лічылася сінонімам карупцыі, каўказскага кумаўства і міліцэйскага бязмежжа.

У выніку рэфармавання МУС узровень даверу насельніцтва да грузінскай паліцыі ўзрос з 5% у 2003 г. да 87% у 2010-м і трымаецца на такіх высокіх паказчыках. Паліцыя Грузіі стала не проста дзяржаўным інстытутам, а сэрвісам, які дапамагае людзям вырашаць іх праблемы.

Агульны штат супрацоўнікаў падраздзяленняў і сістэмы ўпраўлення па лініі МУС быў скарочаны амаль у тры разы. Пры гэтым у новым МУС былі аб’яднаны паліцыя, Міністэрства дзяржаўнай бяспекі, дэпартаменты аховы нафтапровадаў і аховы дзяржаўнай мяжы. Дублюючыя аддзелы і дэпартаменты былі ліквідаваны.

Высокай эфектыўнасці рэфармавання органаў МУС сярод краін постсавецкай прасторы ўдалося дасягнуць і ў Эстоніі, дзе ўзровень даверу насельніцтва да паліцыі дасягнуў 84%.

Спробы ж правядзення рэформаў органаў МУС Беларусі ў апошнія гады прывялі толькі да таго, што беларуская міліцыя цалкам ператварылася ў рэпрэсіўны орган з самым высокім паказчыкам па колькасці супрацоўнікаў на 100 тыс. чалавек насельніцтва краіны.

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Сакавік 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Лют    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.