Партыя БНФ » Грамадскасць звярнулася да ўладаў па справе ўшанавання памяці пра БНР
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Грамадскасць звярнулася да ўладаў па справе ўшанавання памяці пра БНР

Дададзена 08.03.2020 12:59:24 | 1,771 праглядаў

Грамадзкія дзеячы з ліку сябраў Нацыянальнага Аргкамітэта па святкаванні 100-гадовага юбілею ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі накіравалі супольны зварот у Адміністрацыю прэзідэнта і Мінгарвыканкам.

Зварот падпісаны дзесяццю асобамі, сярод якіх акадэмік Радзім Гарэцкі, мастак Мікола Купава, старшыня фонду «Сакавік» Марыя Міцкевіч, былы і дзеючы старшыні Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі і Рыгор Кастусёў, палітыкі Алесь Лагвінец і Аляксей Янукевіч ды іншыя дзечы.

У звароце Аргкамітэт ухваляе тыя прапановы да святкавання 100-годдзя БНР, якія былі рэалізаваныя з дапамогай уладаў. «Аргкамітэтам была прапанаваная значная і аб’ёмная праграма святкавання вялікага юбілею. І трэба сказаць, што многае было зроблена: напрыклад, быў усталяваны і ўрачыста адкрыты мемарыяльны знак у гонар ідэолагаў Беларускага Адраджэння Івана і Антона Луцкевічаў блізка ад таго месца, дзе стаяў дом Луцкевічаў у парку Янкі Купалы. Аргкамітэт арганізаваў і правёў нацыянальнае свята ў гонар юбілею БНР на пляцоўцы каля опернага тэатра, чаму паспрыяў, бясспрэчна, Мінгарвыканкам і асабіста яго былы старшыня сп. А. Шорац. За што яму Аргкамітэт выказвае асабісты вялікі дзякуй ад імя усіх удзельнікаў святкавання!»

шыльда гатоваяАле аўтары зварота звяртаюць увагу не праблемы, якія не былі вырашаныя: у прыватнасці, дагэтуль не ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі: «Актывісты грамадзянскай супольнасці за адзін дзень сабралі неабходную суму грошай на выраб з бронзы мемарыяльнай пліты, якая і была адлітая. Але, насуперак афіцыйным абяцанням, усталяванне дошкі так і не адбылося ні ў 2018 годзе, ні ў 2019-м. Адказы з Мінгарвыканкама і Адміністрацыі прэзідэнта былі проста адпіскамі з мэтай зацягнуць час. Таксама мы прапанавалі надаць вуліцы Валадарскага, на якой стаіць славуты дом БНР, імя братоў Луцкевічаў, вядомых прадстаўнікоў беларускага Адраджэння, дзякуючы якім і была абвешчана незалежнасць БНР. З-за правалочак Мінгарвыканкама па сённяшні дзень не ўсталявана мемарыяльная дошка ў гонар абвяшчэнення незалежнасці нашай краіны, і вуліца, на якой стаіць дом БНР, носіць імя адыёзнай асобы, якая не мела ніякага дачынення ні да Мінска, ні да Беларусі».

Аргкамітэт уздымае пытанне таго, што шматлікія вуліцы, плошчы і помнікі ў Беларусі прысвечаны людзям, якія выступалі супраць беларускай незалежнасці і праводзілі тэрор беларусаў, у той час як памяць змагароў за незалежнасць у краіне не ўшанавана належным чынам: «І мы павінны жыць і хадзіць па вуліцах, плошчах, завулках, названых імёнамі катаў нашага народа і іншых народаў. Імёнамі гэткіх “герояў” – бальшавікоў у нас названыя многія вуліцы, завулкі, плошчы, у гонар іх усталяваны помнікі і мемарыяльныя дошкі. А вось увекавечыць памяць нашых самых відных адраджэнцаў – герояў БНР – адказным спецыялістам Мінгарвыканкама і Адміністрацыі не хапіла ні духу, ні смеласці!»

Прадстаўнікі аргкамітэта запатрабавалі ад уладаў выправіць склаўшуюся сітуацыю, вярнуцца да ўсталявання мемарыяльнай шыльды і распачаць перайменаванне беларускіх вуліц, плошчаў, завулкаў: «Напярэдадні 102-й гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі мы патрабуем ад Мінгарвыканкама ўсталяваць на доме №9 (Дом БНР) на вуліцы Валадарскага мемарыяльную дошку ў гонар абвяшчэння БНР 25 сакавіка 2020 года. Вуліцы Валадарскага пры гэтым надаць імя братоў Луцкевічаў. Мы таксама заклікаем перамясціць мемарыяльны знак у гонар бацькоў Беларускага Адраджэння у парку бліжэй да вуліцы Янкі Купалы. Усе вуліцы, плошчы і завулкі ў Мінску, а таксама ў іншых гарадах і мястэчках Рэспублікі Беларусь, названыя імёнамі бальшавіцкіх правадыроў, перайменаваць і вярнуць ім гістарычныя назвы, якія ўзніклі ў эпоху ВКЛ. На гэта мы маем канстытуцыйнае права, волю прадстаўнікоў народа і памяць перад героямі Адраджэння, перад слаўнымі сынамі нашай краіны».

Ніжэй падаецца тэкст зварота цалкам.

Кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта

Рэспублікі Беларусь сп. Сергіенку І.П.

Старшыні Мінгарвыканкама сп. Сіваку А.А.

ЗАЯВА

Спаўняецца два гады з часу важнай ініцыятывы Грамадскага Нацыянальнага Аргкамітэту па святкаванні 100-гадовага юбілею ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Аргкамітэтам была прапанаваная значная і аб’ёмная праграма святкавання вялікага юбілею. І трэба сказаць, што многае было зроблена: Напрыклад, быў усталяваны і ўрачыста адкрыты мемарыяльны знак у гонар ідэолагаў Беларускага Адраджэння Івана і Антона Луцкевічаў блізка ад таго месца, дзе стаяў дом Луцкевічаў у парку Янкі Купалы. Аргкамітэт арганізаваў і правёў нацыянальнае свята ў гонар юбілею БНР на пляцоўцы каля опернага тэатра, чаму паспрыяў, бяспрэчна, Мінгарвыканкам і асабіста яго былы старшыня  сп. А. Шорац. За што яму Аргкамітэт выказвае асабісты вялікі дзякуй ад імя усіх удзельнікаў святкавання!

Аднак трэба сказаць і пра негатыў, які азмрочвае гэтую падзею. Памятны камень братам Луцкевічам усталявалі ў прыкрай  блізкасці ад грамадскага туалета, а гэта павінны былі бачыць як скульптар, так і архітэктар помніка, а таксама гарвыканкам – заказчык.

Гэтую праблему трэба вырашаць тэрмінова.

Найважнейшая ініцыятыва Аргкамітэту – усталяванне мемарыяльнай дошкі ў гонар абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі і прыняцця ІІІ Устаўной граматы. Балазе дом гэты захаваўся, і яго можна мемарыялізаваць.

Актывісты грамадзянскай супольнасці за адзін дзень сабралі неабходную суму грошай на выраб з бронзы мемарыяльнай пліты, якая і была адлітая. Але, насуперак афіцыйным абяцанням, усталяванне дошкі так і не адбылося ні ў 2018 годзе, ні ў 2019-м. Адказы з Мінгарвыканкама і Адміністрацыі прэзідэнта былі проста адпіскамі з мэтай  зацягнуць час. Таксама мы прапанавалі надаць вуліцы Валадарскага, на якой стаіць славуты дом БНР, імя братоў Луцкевічаў, вядомых прадстаўнікоў беларускага Адраджэння, дзякуючы якім і была абвешчана незалежнасць БНР.

З-за правалочак Мінгарвыканкама, ўжо іншых чальцоў гэтай службы па сённяшні дзень не ўсталявана мемарыяльная дошка ў гонар абвяшчэнення незалежнасці нашай краіны, і вуліца, на якой стаіць дом БНР, носіць імя адыёзнай асобы, якая не мела ніякага дачынення ні да Мінска, ні да Беларусі.

Сёння тыя, каму не лянота, разважаюць пра незалежнасць Беларусі, і гэтыя разважанні і святыя словы прамаўляюць без самога сэнсу суверэнітэту і без сувязі з ключавымі імёнамі незалежнасці, без змагароў за незалежнасць. Гэтая рыторыка гучыць на фоне культу Леніна, Свярдлова, Калініна, Валадарскага, Мяснікяна (Мяснікова), Кнорына і соцень іншых бальшавіцкіх правадыроў, якія ад 1918 года да 1941-га учынілі ў Беларусі тэрор, амаль усе арганізатары БНР, вядомыя і невядомыя, былі фізічна знішчаныя. Выжылі толькі тыя, хто паспеў эміграваць у Чэхію, Летуву, ЗША. І мы павінны жыць і хадзіць па вуліцах, плошчах, завулках, названых імёнамі катаў нашага народа і іншых народаў. Імёны катаў апанавалі самыя прэстыжныя вуліцы і плошчы ў цэнтры беларускай сталіцы і не толькі.

Ленін з дапамогай прабіўнога таварышча Парвуса атрымаў велізарную шматмільённую суму імперскіх марак ад Германіі для развалу Расійскай імперыі. Ленін стаў арганізатарам тэрору на вялізных тэрыторыях, якія апынуліся ў складзе бальшавіцкай імперыі, аўтарам канцэнтрацыйных лагераў.

Свярдлоў імкнуўся ў расейскай рэвалюцыі стаць першай асобай, таму арганізаваў замах на свайго лідара – Леніна, а калі загінуў, то пасля сябе пакінуў сейф з нарабаваным золатам і срэбрам – 100 кг.

Мяснікян (Мяснікоў), як і іншыя прышэльцы, не прызнаваў ніякай беларускай незалежнасці, ніякай беларускай нацыі, ні беларускай мовы, якая тады гучала паўсюль.

Калінін у складзе ўсяго ЦК ВКПБ выказаў згоду адносна растрэлу польскіх вайскоўцаў у Катыні, сярод якіх былі тысячы заходнебеларускіх жаўнераў Войска Польскага, нават два генералы з Гародні і адна жанчына.

Імёнамі гэткіх “герояў” – бальшавікоў у нас названыя многія вуліцы, завулкі, плошчы, у гонар іх усталяваны помнікі і мемарыяльныя дошкі.

А вось увекавечыць памяць нашых самых відных адраджэнцаў – герояў БНР – адказным спецыялістам Мінгарвыканкама і Адміністрацыі не хапіла ні духу, ні смеласці!

Дарэчы, мінскія газеты ў 1917 годзе ясна пісалі, што пераварот у Петраградзе  зрабілі ўзброеныя шайкі. Тэрыторыя Беларусі ў той час аказалася адкрытай і безабароннай перад такімі бандамі рабаўнікоў ды забойцаў, якія кінулі армію і чынілі разбой у Менску і іншых гарадах Беларусі.

Вайна, якая йшла на тэрыторыі нашай краіны і на якой загінула звыш мільёна жыхароў-беларусаў, была справакаваная  варагуючымі імперыямі. А потым царызм, каб папоўніць свае страты ў вайне, ініцыяваў перасяленне нашых жыхароў у неабжытыя рэгіёны імперыі.  Вось у такіх варунках у Беларусі пачалі гаспадарыць бальшавікі ўсіх масцей.

Напярэдадні 102-й гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі мы патрабуем ад Менгарвыканкама ўсталяваць на доме №9 (Дом БНР) на вул. Валадарскага мемарыяльную дошку ў гонар абвяшчэння БНР 25 сакавіка 2020 года. Вуліцы Валадарскага пры гэтым надаць імя братоў Луцкевічаў.

Мы таксама заклікаем перамясціць мемарыяльны знак у гонар бацькоў Беларускага Адраджэння у парку бліжэй да вуліцы Янкі Купалы. Усе вуліцы, плошчы і завулкі ў Менску, а таксама ў іншых гарадах і мястэчках Рэспублікі Беларусь, названыя імёнамі бальшавіцкіх правадыроў, перайменаваць і вярнуць ім гістарычныя назвы, якія ўзніклі ў эпоху ВКЛ.

На гэта мы маем канстытуцыйнае права, волю прадстаўнікоў народа і памяць перад героямі Адраджэння, перад слаўнымі сынамі нашай краіны.

Радзім Гарэцкі – акадэмік НАН Беларусі

Мікола Купава — сябра Беларускага саюза мастакоў

Аляксандр Жучкоў — грамадскі дзяяч

Леванід Акаловіч — святар, краязнаўца

Марыя Міцкевіч — старшыня Фонду “Сакавік”

Лявон Баршчэўскі — філолаг, выкладчык

Рыгор Кастусёў — палітык

Валер Герасімаў — бібліёграф

Алесь Лагвінец — палітолаг

Аляксей Янукевіч — палітык

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

Чэрвень 2023
M T W T F S S
« May    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.