Партыя БНФ » Намесьнік старшыні БНФ тлумачыць, як засьцерагчыся ад каранавіруса
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Намесьнік старшыні БНФ тлумачыць, як засьцерагчыся ад каранавіруса

Дададзена 14.03.2020 12:07:27 | 292 праглядаў

Намесьнік старшыні БНФ, доктар-рэаніматоляг Зьміцер Салошкін паказаў, як падчас эпідэміі віруснага захворваньня паводзіць сябе ў грамадзкім транспарце і краме, як мыць рукі і карыстацца ліфтам, а таксама расказаў, якія сродкі дэзынфэкцыі варта мець пры сабе.

Паводле Радыё Свабода

Зьміцер СалошкінБольшасьць людзей, якія хварэюць на COVID-19, маюць невыразныя сымптомы і папраўляюцца. Аднак здараюцца і больш сур’ёзныя выпадкі, зь цяжкімі праявамі хваробы. Вось парады Сусьветнай арганізацыі здароўя, як зрабіць усё магчымае, каб не захварэць. І ня толькі на каранавірус.

Мыйце рукі. Часта

Рэгулярна і вельмі старанна мыйце рукі са сродкам, які зьмяшчае спірт, альбо вадой з мылам. Гэта забівае вірусы, якія вы маглі падчапіць рукамі.

Захоўвайце дыстанцыю

Старайцеся знаходзіцца на адлегласьці ня меней за 1 мэтар ад суразмоўцаў, якія кашляюць ці шморгаюць носам. Знаходзячыся блізка ад хворага чалавека, вы можаце ўдыхнуць вірус, які распаўсюджваецца пры кашлі і чханьні, і самі захварэць.

Не дакранайцеся да вачэй, носа і рота

На руках можа быць вірус, таму, калі вы дакранецеся да слізістых паверхняў, ён можа трапіць у арганізм і вы захварэеце.

Прыкрывайце рот і нос локцем ці сурвэткай, калі кашляеце і чхаеце

Выкарыстаную сурвэтку трэба адразу выкінуць. Калі пры кашлі або чханьні прыкрываць нос і рот рукой, мікробы могуць патрапіць на вашыя рукі, а затым на прадметы або людзей, да якіх вы дакранаецеся.

Калі ў вас тэмпература, кашаль ці вы цяжка дыхаеце, адразу зьвяртайцеся да доктара

Заставайцеся дома, калі пачуваецеся кепска. Зьвяртайцеся па мэдыцынскую дапамогу неадкладна і выконвайце парады лекараў. Так вы ачуняеце хутчэй і ня станеце крыніцай інфэкцыі для іншых.

Сачыце за апошняй інфармацыяй пра сытуацыю зь вірусамі ў вашай краіне

Гэта дапаможа вам у час распазнаць сымптомы хваробы і зьвярнуцца ў адпаведную ўстанову.

Свабода зьбірае самыя апошнія навіны пра распаўсюд новага каранавірусу тут.

Калі вы вярнуліся з краінаў, дзе ўжо выявілі новы каранавірус

Выконвайце ўсе папярэднія парады.

Заставайцеся дома, калі вы пачуваецеся кепска, нават калі ў вас вельмі невыразныя сымптомы. Не кантактуйце зь іншымі людзьмі і не наведвайце публічных месцаў.

Пры самых нязначных праявах хваробы (тэмпература, кашаль, цяжка дыхаць) неадкладна зьвяртайцеся да дактароў.

Як абыходзіцца зь ежай

  • Выкарыстоўвайце розныя апрацоўчыя дошкі і нажы для сырога мяса і гатовай ежы.
  • Мыйце рукі паміж апрацоўкай сырога мяса і абыходжаньнем з гатовай ежай.
  • У рэгіёнах, ахопленых успышкай захворваньня, прадукты зьмяса можны ўжываць толькі пасьля тэрмічнай апрацоўкі да поўнай гатоўнасьці.

Як зьберагчыся падчас падарожжаў

  • Адмоўцеся ад паездкі пры высокай тэмпэратуры і кашлі. Як мага хутчэй зьвярніцеся па мэдыцынскую дапамогу.
  • Пазьбягайце блізкіх кантактаў з тымі, хто мае прыкметы высокай тэмпэратуры ці кашляюць.
  • Часта працірайце рукі антысэптычным сродкам (зьмяшчае спірт), альбо мыйце вадой з мылам.
  • Не дакранайцеся да вачэй, носа і рота.
  • Калі вы адчулі сябе нездаровым у вандроўцы, неадкладна паведаміце пра гэта экіпажу ці зьвярніцеся па мэдычную дапамогу ў аэрапорце, на вакзале і г.д.
  • Ужывайце толькі добра прыгатаваную ежу.
  • Ня плюйце на зямлю ў грамадзкіх месцах.
  • Калі вы надзелі маску, пераканайцеся, што яна прыкрывае нос і рот. Старайцеся не дакранацца да яе рукамі. Выкіньце аднаразовую маску адразу пасьля выкарыстаньня, памыйце рукі.

У прафіляктыцы COVID-19 важнае ня толькі частае і правільнае мыцьцё рук. Трэба сур’ёзна паставіцца да чысьціні нашых смартфонаў, піша польскі часопіс Polityka.

Смартфоны з намі паўсюль: на працы, у аўтобусе, рэстаране, ложку, шпіталі. Паводле некаторых дасьледаваньняў, карыстальнік смартфона ў сярэднім бярэ яго ў рукі больш за 70 разоў за суткі. Мы дакранаемся да экрана смартфона некалькі тысяч разоў, у тым ліку і ў туалеце. А пасьля бярэм і прыкладаем яго да твару.

Колькі часу вірус SARS-CoV-2 можа пратрымацца на паверхні?

Каранавірус, таксама як і іншыя вірусы, можа пражыць пэўны час па-за арганізмам гаспадара. Гэты час залежыць ад розных фактараў, найперш ад тэмпэратуры, вільготнасьці і субстрату. Паводле ўступных дадзеных, у гэтым сэнсе SARS-CoV-2 істотна не адрозьніваецца ад SARS i MERS, адказных за ранейшыя эпідэміі. Час іх выжываньня па-за клеткамі складаў ад некалькіх да больш як дзесяці гадзінаў.

  • У лябараторных культурах ён здольны выжыць нават 9 дзён.
  • На меднай паверхні — каля дзьвюх гадзінаў.
  • На паперы — 24 гадзіны.
  • На плястыку — 48 гадзінаў (SARS) або нават да пяці дзён (MERS).
  • На шкле — ад чатырох да пяці дзён.

Са смартфона наўпрост у вочы, вушы і нос

Усё гэта значыць, што SARS-CoV-2 цалкам верагодна можа выжыць пэўны час на паверхні нашага мабільнага тэлефона. Трапіць туды яму нескладана. Штодзённа мы кладзем наш смартфон у розныя месцы, адносна якіх у нас няма пэўнасьці, ці былі яны дызэнфікаваныя.

У нас ёсьць звычка пакідаць яго на стале на працы, падчас сустрэч і размоў, у рэстаранах. Паколькі вірус распаўсюджваецца кропельным шляхам, магчымасьць яго трапленьня на паверхню тэлефона ўзрастае, калі заражаны чалавек кашляе, чхае ці пазяхае пры знаходжаньні гаджэта блізка ад яго.

Калі мы дакранаемся такім тэлефонам да твару, гэта можа прывесьці да перадачы віруса ў зону вакол рота. І гэта ўжо высокая рызыка заражэньня. У такой сытуацыі няважна, колькі разоў і як вы мылі рукі раней. Вы можаце перадаць вірус, дакрануўшыся да тэлефона, на якім ён знаходзіўся, а потым дакрануцца да вуснаў, вачэй ці носа.

Час выжываньня каранавірусу можа быць даўжэйшым, калі ў навакольным асяродзьдзі ёсьць значная колькасьць арганічных злучэньняў. Іншымі словамі: вірус жыве даўжэй у выдзленьнях з носа ці рота, чым у кроплі звычайнага фізіялягічнага раствору.

Як эфэктыўна ачысьціць смартфон, каб не пашкодзіць яго

Рэгулярная чыстка нашага смартфона павінна стаць традыцыйнай прафіляктычнай мерай. Нават калі гэта камусьці здаецца перабольшаньнем, варта памятаць, што трохі перабольшаньня ў гэтым пляне не нашкодзіць.

Найлепш выкарыстоўваць сурвэткі зь мікрафібры, якія часта выкарыстоўваюцца для мыцьця шкла ў акулярах. Гэта дазволіць нам пазьбегнуць драпін, пры ўмове, што на паверхні экрана няма драпіны.

Нядаўна кампанія Apple паведаміла сваім кліентам, што для прыладаў гэтай фірмы бясьпечныя сурвэткі для дэзынфэкцыі Clorox і 70% ізапрапілавы сьпірт.

Воданепранікальныя мадэлі можна мыць у цёплай мыльнай вадзе. На рынку ёсьць нават ультрафіялетавыя лямпы для дэзынфэкцыі смартфонаў. Але ў адрозьненьне ад сурвэтак або вадкасьці мы ня можам насіць іх з сабой. А самае галоўнае ў чыстцы смартфона падчас эпідэміі — рэгулярнасьць. Лепш за ўсё чысьціць прыладу кожны раз, калі яна заставалася ў кантакце з паверхняй, у чысьціні якой мы ня ўпэўненыя і калі побач былі хворыя або невядомыя людзі.

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Красавік 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сак    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.