Партыя БНФ » Заява Партыі БНФ 17 сакавіка 2020 году: “Беларусь перадусім”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Заява Партыі БНФ 17 сакавіка 2020 году: “Беларусь перадусім”

Дададзена 17.03.2020 8:10:34 | 1,717 праглядаў

Заява Партыі БНФ
17 сакавіка 2020 году

БЕЛАРУСЬ ПЕРАДУСІМ

бнф logo

Партыя БНФ, якая заўсёды стаіць на абароне нацыянальных інтарэсаў Беларусі, лічыць 2020 год надзвычай важным дзеля гуртаваньня і мабілізацыі нацыянальна-дэмакратычных сілаў у змаганьні за свабоду беларускага народу, незалежнасьць нашай Радзімы і нацыянальнае адраджэньне. Менавіта разуменьне значнасьці палітычных падзеяў, што будуць адбывацца ў Беларусі і вакол яе ў бліжэйшыя месяцы, ўсьведамленьне адказнасьці, што ляжыць на нацыянальна-дэмакратычным руху і Партыі БНФ як яго ключавым элеменце і бачаньне неабходнасьці сапраўднага адзінства дэмакратычных сілаў перад абліччам пагрозаў для свабоды і незалежнасьці беларусаў сталіся асноўнымі матывамі нашага рашэньня выступіць сузаснавальнікамі працэдуры Народнага галасаваньня.

Ад самага пачатку падрыхтоўкі пагадненьня аб Народным галасаваньні Партыя БНФ выказвала перасьцярогі адносна складанасьці ды незавершанасьці працэдуры абраньня Адзінага Кандыдата, а таксама адносна здольнасьці ўсіх удзельнікаў працэсу адказна паставіцца да свайго ўдзелу ў Народным галасаваньні. Тым ня меней, Партыя БНФ актыўна уключылася ў працэдуру, вылучыла свайго кандыдата на Народнае галасаваньне ды дэлегавала прадстаўнікоў у штаб супольнай кампаніі.

Пачатак працэдуры, першыя сустрэчы ў рэгіёнах засьведчылі карыснасьць і важнасьць Народнага галасаваньня, прадэманстравалі мабілізацыю дэмакратычнага актыву ды ўвагу грамадзтва, выклікалі надзею ды надалі аптымізму.

Аднак у мінулыя некалькі дзён мы са шкадаваньнем сталіся сьведкамі новай стадыі канфлікту паміж прадстаўнікамі правацэнтрыскай кааліцыі, які абвастрыўся да такой ступені, што перакрэсьліў усе дасягненьні сумеснай працы папярэдніх тыдняў ды фактычна разбурыў адзінства сярод арганізатараў ды ўдзельнікаў Народнага галасаваньня. На вялікі жаль, нашыя папярэднія перасьцярогі і адносна канфліктагеннасьці працэдуры, і адносна недамоваздольнасьці партнэраў спраўдзіліся надзвычай хутка і ў поўнай меры. Тое, што цяпер адбываецца з працэдурай Народнага галасаваньня, зьяўляецца сумнай і ганебнай праявай безадказнасьці ды паразай для ўсіх удзельнікаў працэсу.

У гэтай сытуацыі Партыя БНФ заклікае ўсе бакі, усіх удзельнікаў канфлікту да адказнасьці, стрыманасьці ды разважлівасьці. Аднавіць разбуранае адзінства, а не займацца імітацыяй

Мы зьвяртаемся да паважанага Паўла Севярынца ды ягонай каманды з заклікам перагледзець ды скасаваць сваё рашэньне аб выхадзе з працэдуры Народнага галасаваньня.

Мы зьвяртаемся да паважанага Юрыя Губарэвіча ды ягонай каманды з заклікам даць усім удзельнікам працэсу ды грамадзкасьці вычарпальныя тлумачэньні адносна таго, якім чынам і празь якія каналы быў арганізаваны ўдзел і галасаваньне за Юрыя Губарэвіча падазроных удзельнікаў на сходах Народнага галасаваньня ў Драгічыне, Пінску і Століне.

Мы заклікаем усіх удзельнікаў працэдуры прыкласьці намаганьні дзеля залагоджваньня канфлікту ды аднаўленьня разбуранага адзінства.

У цяперашняй сытуацыі Партыя БНФ ня бачыць сэнсу ў імітацыі адзінства, якога фактычна няма, і заяўляе аб сваім выхадзе з дамовы аб Народным галасаваньні, а таксама аб выхадзе свайго кандыдата Аляксея Янукевіча з працэдуры Нараднага галасаваньня з 10:00 17 сакавіка 2020 году.

Пры гэтым мы заяўляем аб сваёй гатоўнасьці неадкладна і без дадатковых умоваў вярнуцца ў працэс Народнага галасаваньня ў тым выпадку, калі канфліктуючыя бакі здолеюць знайсьці паразуменьне і прозьвішча Паўла Севярынца вернецца ў сьпіс для галасаваньня па кандыдатурах на Адзінага Кандыдата ў Народным галасаваньні.

Калі дзеля таго, каб гэта адбылося, спатрэбяцца новыя кампрамісы ды высілкі з нашага боку, Партыя БНФ гатовая адмовіцца ад амбіцый на карысць Бацькаўшчыны і вярнуцца ў працэдуру без свайго прэтэндэнта дзеля захавання адзінства.

З улікам таго, што масавы ўдзел супрацоўнікаў выканкамаў ды іншых уладных структураў у Народным галасаваньні лічыцца сябрамі Рады прымальным і цалкам дапушчальным, мы заклікаем таксама паважаных калегаў з АГП і БСДП (Грамада) перагледзець сваё адмоўнае стаўленьне ды запрасіць да ўдзелу ў Народным галасаваньні Ганну Канапацкую.

Партыя БНФ таксама паведамляе, што з сёняшняга дня пачынае кансультацыі з прадстаўнікамі шырокага спэктру нацыянальна-дэмакратычных арганізацыяў дзеля выпрацоўкі супольнага сцэнару дзеяньняў падчас кампаніі 2020 году.

 

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

Сакавік 2023
M T W T F S S
« Feb    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  
Навіны Моладзі БНФ
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.