Партыя БНФ » Аляксандр Чубрык: Каранакрызіс, або Чатыры лебедзя апакаліпсісу
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Аляксандр Чубрык: Каранакрызіс, або Чатыры лебедзя апакаліпсісу

Дададзена 19.03.2020 12:04:55 | 801 праглядаў

Сайт газэты “Новы час” публікуе пераклад артыкула эканаміста Аляксандра Чубрыка, дырэкатара даследчага цэнтру Інстытута прыватызацыі і мэнэджмэнта, пра фактары эканамічнага крызысу, што неўзабаве абрынецца на Беларусь.

coronavБольш за год таму сярэдні заробак беларусаў дасягнуў у эквіваленце запаветныя «па 500» і трывала там абгрунтаваўся. Не так шмат, вядома, але затое стала спакайней. Настолькі спакайней, што мы страцілі пільнасць і замест вырашэння бягучых праблем пачалі думаць пра тое, як добра мы будзем жыць ў 2025-м або ў 2035 годзе. Гэты момант і падабрала зграя чорных лебедзяў. Ян Багаслоў мог бы назваць іх вершнікамі Апакаліпсісу — вядома, не ў тэалагічным, а ў эканамічным сэнсе. Хто ж да нас прыплыў?

Імя яму Нафта

Абвал нафтавых коштаў заслужана грае першую скрыпку ў нашым квартэце (хочацца сказаць, трубіць першым). Ён ужо спляжыў фіскальны стымул, які запланавала Расія на гэты год, а з ім і нясмелыя надзеі на тое, што расійскі попыт на беларускія тавары вырасце. Ён абваліў курс расійскага рубля, што адразу знізіла даляравыя цэны нашага экспарту ў Расію, прыток валюты ў краіну і прывёў да непазбежнага абясцэньвання беларускага рубля (а інакш наш экспарт падаў бы яшчэ хутчэй). Ён прывядзе да зніжэння коштаў на спотавым рынку прыроднага газу, а ўжо праз квартал пачне «валіць» кошт расійскага газу ў доўгатэрміновых кантрактах (чым канчаткова «даб’е» расійскі бюджэт і попыт на беларускія тавары на расійскім рынку). Цікава, што на гэтым фоне наш «добры» кошт раптам апынецца адным з самых высокіх у рэгіёне. Тут бы самы час пачынаць тапіць ЦЭЦ мазутам, але для гэтага нашы НПЗ трэба загрузіць нафтай. Пажадаем — шчыра — паспяховых перамоваў «Белнафтахіму».

Імя яму Пратэкцыянізм

Калі твае выбаршчыкі пачынаюць губляць даходы і працоўныя месцы, ты забываеш пра хароствы гандлёвай інтэграцыі і свабоднага гандлю і пачынаеш «зачышчаць» рынак ад замежных канкурэнтаў. Так, плаціць спажывец, але гэты спажывец, па меншай меры, не пазбаўляецца працы. Што чакае нашу харчовую прамысловасць, наша машынабудаванне, лёгкую, мэблевую прамысловасць на расійскім рынку? Чаго будзе каштаваць ЕАЭС, калі яго прынцыпы ўступяць у канфлікт з нацыянальнымі інтарэсамі найбуйнейшай эканомікі саюза — Расіі? З чым можа сутыкнуцца на экспартных рынках наша краіна, якая да гэтага часу не ўступіла ў СГА і таму амаль не мае механізмаў вырашэння гандлёвых спрэчак з большасцю контрагентаў?

Імя яму COVID-19

Вядома, менавіта гэтая глабальная «каранаваная» асобіна склікала ўсіх астатніх. Сусветная эканоміка толькі пачынае пажынаць плады паўсюднага каранціну: абвальваюцца фондавыя рынкі, бурацца вытворчыя ланцужкі, набліжаюцца да банкруцтва авіяперавозчыкі і тураператары, падае попыт на ўсё, што звязана з вольным часам. Па ланцужку ўсё гэта пойдзе далей: глабальная рэцэсія, якую ўсе чакалі без асаблівай упэўненасці толькі ў наступным годзе, раптам стала рэальнасцю. Экспарт — гэта наш драйвер росту? Толькі не цяпер. Ні тавараў, ні паслуг.

Імя яму Знешні доўг

Мы заўсёды плацілі па даўгах. Зараблялі валюту (нафтапрадукты, калій) для абслугоўвання доўгу — выплаты адсоткаў, пазычалі валюту (еўрабонды, міждзяржаўныя крэдыты, валютныя аблігацыі) для пагашэння асноўнага доўгу. З зарабляннем валюты ў бюджэта ў гэтым годзе стала зусім дрэнна (экспарт нафтапрадуктаў упаў, цэны на нафту ўпалі, а значыць, практычна зніклі даходы ад мытаў на нафтапрадукты; з каліем таксама пакуль усё складана). З крэдытамі і еўрабондамі таксама нічога добрага — рынкам цяпер не да нас. Значыць, валюту трэба купляць за рублі, якія бюджэт атрымлівае ад падатковых паступленняў. А пасля нядаўняга абясцэнення рубля абслугоўванне доўгу раптам стала надзвычай дарагім задавальненнем — уявіце сабе, што вы ўзялі валютны крэдыт на куплю машыны перад дэвальвацыяй, а вашу зарплату пасля гэтага замарозілі. Што адбудзецца? Правільна, прыйдзецца менш марнаваць на ўсё астатняе. Якія выдаткі будзе скарачаць беларускае Міністэрства фінансаў? Што лепш — замарозіць пенсіі, дапамогі і зарплаты бюджэтнікам, згарнуць і без таго невялікія інвестыцыйныя праграмы, зрэзаць дзяржпадтрымку прадпрыемстваў? На колькі нам хопіць назапашанай Мінфінам «на чорны дзень» падушкі бяспекі?

Падвядзем прамежкавы вынік. Перш за ўсё, давайце будзем шчырыя: адкрытасць забівае чуткі і паніку. Падобна на тое, што нас чакае цяжкі — будзем аптымістамі — год. Такога развіцця падзей у сусветнай эканоміцы, як цяпер, не чакалі нават закаранелыя песімісты, бо ў прыплылай да нас зграі ёсць яшчэ іншыя «гадкія качаняты» накшталт нафтавага канфлікту з Расіяй ці маючы быць пачатак выплат па крэдыце на будаўніцтва АЭС. Магло быць і горш, але за мінулы год Мінфін з Нацбанкам добра падрыхтаваліся, «пазбіваўшы» нядрэнныя рэзервы. Праблема ў тым, што яны падрыхтаваліся да 2020-га, а не да 2021 года. Ніхто не чакаў такога абвалу расійскага рубля і расійскага рынку і ўсіх тых праблем у сусветнай эканоміцы, якія ўжо пачынаюць «прылятаць» у беларускія галіны — турызм, транспарт, аптовы гандаль, прамысловасць, фінансы, на чарзе будаўніцтва, раздробны гандаль…

На гэты раз, падобна, крызіс не абміне нават IT-сектар. У лепшым выпадку бізнес замарозіць зарплаты, у горшым — пачнуцца звальненні, а нашы працоўныя мігранты пачнуць вяртацца з Расіі. Які мае быць нам «каранакрызіс» — гэта не паўтарэнне 2009 года і не аналаг 2015 года, гэта нешта горай. Не ведаю, можа, я памыляюся. Я б вельмі хацеў памыляцца.

Як бы там ні было, да бягучых задачаў, якія ніхто не адмяняў і якія з кожным днём становяцца ўсё больш складанымі, дадаецца яшчэ адна: падрыхтоўка да 2021 года. Калі мы хочам і далей добрасумленна выконваць нашы даўгавыя абавязацельствы, то нам патрэбная па-сапраўднаму буйная крыніца фінансавання.

Такая крыніца толькі адна — Міжнародны валютны фонд. Для любога ўрада пасля прэзідэнцкіх выбараў пошук крыніц фінансавання стане ключавой задачай. Таму пачынаць працу над дызайнам праграмы з МВФ трэба прама зараз, каб адным з першых дакументаў, які падпіша абраны прэзідэнт, стаў ліст аб намерах, з якога пачынаецца працэдура разгляду заяўкі на выдзяленне сродкаў Фонду краіне. Нават калі ўсё будзе добра, гэтыя грошы і гэтыя рэформы нам спатрэбяцца, каб ў 2025-м ці 2035-м мы сапраўды жылі добра і радаваліся, што жывем у Беларусі.

Паводле TUT.by

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Ліпень 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Чэр    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.