Віншаваньне з Днём Волі ад старшыні Рады БНР Івонкі СурвіллыДададзена 25.03.2020 11:31:57 | 1,120 праглядаў Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла зьвярнулася да беларусаў з нагоды Дня Волі і 102-й гадавіны абвяшчэньня ІІІ Устаўной граматы Беларускай Народай Рэспублікі. Дарагiя Суродзiчы Беларусы!
У 2019 годзе мы ўсе перажылi вялiкае шчасьце, бачачы мора бел-чырвона-белых сьцягоў на вулiцах Вiльнi, падчас пахаваньня Кастуся Калiноўскага й ягоных паплечнiкаў-змагароў. Усiм вам, хто спрычынiўся да гэтага слаўнага дня, хочу сёньня яшчэ раз падзякаваць з глыбiнi душы. Ганарылася я вамi, як нiколi! Тады пераканалася, што мы пераможам! Нажаль, пасьля радасьцi прыйшлося перажыць вялiкую трывогу, калi Пуцiн намагаўся захапiць наш край. Дай Божа, каб гэта ўсё толькi было страшным кашмарам, якi мы мусiлi перажыць, каб усьведамiць сабе вартасьць для кожнага з нас незалежнасьцi нашай дзяржавы. Пакуль што бальшыня з нас супакоiлася. Усё ж цяжка верыць, што чалавек, якога народ называе сваiм прэзыдэнтам, зможа стацца ягоным найбольшым здраднiкам. Хочацца думаць, што людзi нашыя, а менавiта нашая моладзь, адчула, што незалежнасьць вартая таго, каб мы яе баранiлi ўсе, кожны як можа, шчыльнымi радамi. Памятайце, што вас будуць паважаць у сьвеце й з вамi лiчыцца, толькi калi нашая дзяржава зойме пачэснае месца ў сям’i вольных народаў сьвету. Дык трымайцеся, мае дарагiя Суродзiчы! Жыве Беларусь! Сакавік 2020 г. |
Навіны Моладзі БНФ
|
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|