Партыя БНФ » Зварот Сойму БНФ з нагоды “каранакрызысу” і дзеля падтрымкі эканомікі Беларусі
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Зварот Сойму БНФ з нагоды “каранакрызысу” і дзеля падтрымкі эканомікі Беларусі

Дададзена 29.03.2020 12:02:16 | 1,388 праглядаў

28 сакавіка Сойм Партыі БНФ прыняў зварот з нагоды пандэміі віруса COVID-19 i звязанага з ёй эканамічнага крызысу ў Беларусі.

Прэзэнтуючы праект зварота Сойму старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў выказаў надзвычайную заклапочанасць дзеяннямі і рыторыкай уладаў Беларусі з нагоды пагрозы эпідэміі і правёў паралелі з падзеямі больш чым трыццацігадовай даўніны: “Хто памятае дзеянні камуністычных уладаў пасля катастрофы на ЧАЭС – не можа не заўважыць падабенства падыходаў спадкаемцаў тагачаснай намэнклатуры ў цяперашняй сытуацыі, іх яднае памкненне схаваць ад людзей праўду” – сказаў лідэр Партыі БНФ.

Старшыня БНФ падкрэсліў, што праграма партыі прадугледжвае абавязковае надзейнае абсталяванне мяжы з Расеяй, што ў цяперашніх умовах будзе служыць гарантыяй дзеля прадухілення пранікнення ў Беларусь носьбітаў інфэкцыі з Усходу. Рыгор Кастусёў надзвычай крытычна ацаніў выказванні дзеючага прэзыдэнта Беларусі пра адсутнасць пагрозаў з боку COVID-19. У тым ліку старшыня БНФ адзначыў, што народная гаспадарка Беларусі ўжо цяпер церпіць ад наступстваў эпідэміі і заклікаў Савет Міністраў да неадкладных захадаў па выратаванні беларускага бізнэса, беларускіх працоўных, беларускіх сем’яў, якія апынуліся перад пагрозай.

Праект заявы Сойму, прэзэнтаваны намеснікам старшыні Партыі БНФ лекарам Зьміцерам Салошкіным, быў абмеркаваны ў межах анлайн-пасяджэння Сойму, і зацьверджаны рашэннем кіруючага органа партыі.

002-coronacrisis

Зварот Сойму Партыі БНФ

28 сакавіка 2020г.

Ва ўсім сьвеце, і асабліва на нашым кантыненце, імкліва распаўсюджваецца новы вірус. Абвешчаная пандэмія, большасьць Эўрапейскіх краінаў ужывае беспрэцэдэнтныя прэвэнтыўныя сродкі дзеля абароны сваіх грамадзянаў ад захворваньня. Усе краіны-суседзі Беларусі ўвялі абмежавальныя меры, скіраваныя на ізаляцыі або самаізаляцыю грамадзянаў, скарачэньне сацыяльных кантактаў, скасаваньне большасьці масавых мерапрыемстваў.

Беларускае грамадзтва, відавочна, моцна заклапочанае сітуацыяй з распаўсюдам вірусу ды з магчымым эканамічным крызісам як вынікам супадзеньня ў часе некалькіх нэгатыўных эканамічных чыньнікаў. Беларусы клапоцяцца пра сваё здароўе і здароўе сваіх родных, пра свае эканамічныя пэрспэктывы.

Пры гэтым улады краіны, замест прадастаўленьня поўнай і вычарпальнай інфармацыі аб стане рэчаў з распаўсюдам вірусу ў Беларусі, прыняцьця прэвэнтыўных карантынных мераў ды ажыцьцяўленьня крокаў па падтрымцы беларускага бізнэсу, няўдала ды непераканаўчы імкнуцца супакоіць грамадзкасьць ды проста адцягнуць увагу людзей ад праблемаў з вірусам ды з эканомікай. Такія дзеяньні, а па многіх неабходных накірунках — бяздзейнасьць беларускіх уладаў нясуць пагрозу пашырэньня хваробы ў краіне, зьяўленьня панікі сярод насельніцтва, банкрутаваньня большасьці малых ды сярэдніх бізнэсаў ды разбурэньня беларускай эканомікі.

У такой сітуацыі Сойм Партыі БНФ зьвяртаецца да Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь з заклікам прыняць наступныя рашэньні:

Дзеля прадухіленьня пашырэньня каранавірусу ў Беларусі ды належнага інфармаваньня грамадзянаў пра сапраўдны стан рэчаў:

  1. Зняць усе абмежаваньні на камунікацыю мэдыкаў усіх узроўняў з журналістамі, абавязаць іх прадастаўлюць вычарпальную інфармацыю адносна сітуацыі з каранавірусам журналістам усіх належным чынам зарэгістраваных у Беларусі СМІ, а таксама акрэдытаваным пры МЗС журналістам замежных СМІ. Народ Беларусі мае права і павінны ведаць праўду.
  2. Забясьпечыць установы аховы здароўя Беларусі належнымі сродкамі абароны персаналу, у прыватнасьці рэспіратарамі FFP3
  3. Адмяніць загад, па якім медыкі, якія з’яўляюцца кантактамі першага ўзроўню, павінны далей працаваць на сваім працоўным месцы.
  4. Абвесьціць карантын у навучальных установах, спыніць працу забаўляльных аб’ектаў, пачаць шырокую інфармацыйную кампанію па тлумачэньні неабходнасьці выкананьня грамадзянамі супроцьэпідэмічных захадаў. Сойм БНФ таксама заклікае работнікаў сістэмы адукацыі актыўна выкарыстоўваць магчымасьці дыстанцыйнага навучаньня з дапамогай анлайн-сэрвісаў.
  5. Забараніць правядзеньне ўсіх масавых мерапрыемстваў з удзелам больш за 30 чалавек да 10 красавіка з магчымасьцю працягу такой забароны.
  6. Адмяніць правядзеньне параду 9 траўня, зэканомленыя сродкі накіраваць на падтрымку людзей, якія пацярпелі падчас вайны.

Дзеля падтрымкі беларускага бізнэсу ды хатніх гаспадарак беларусаў:

  1. Увесьці “падаткавыя вакацыі” — адтэрміноўкі аплаты падаткаў на 6 месяцаў для малога і сярэдняга бізнэсу, а таксама ІП.
  2. Увесьці “крэдытныя вакацыі” — адтэрміноўкі выплатаў па банкаўскіх крэдытах для фізычных асобаў на 6 месяцаў.
  3. Увесьці “крэдытныя вакацыі” — адтэрміноўкі выплатаў па банкаўскіх крэдытах ды лізінгавых плацяжах для юрыдычных асобаў і ІП на 6 месяцаў.
  4. Увесьці мараторый на праверкі ды маніторынгі бізнэсу да канца 2020 году.
  5. Скасаваць штрафы ды пені за несвоечасовую выплату налогаў ды страхавых плацяжоў на 6 месяцаў.
  6. Увесьці адтэрміноўку на выплаты ў ФСАН на 4 месяцы і растэрміноўку такіх плацяжоў.
  7. Прадаставіць банкам адмысловыя умовы для працы дзеля стварэньня магчымасьцяў для іх для ільготнага крэдытаваньня бізнэсу на выплаты заработнай платы.
  8. Скасаваць на 4 месяцы аплату арэнды вытворчых, гандлёвых ды адміністратыўных памяшканьняў дзяржаўнай і камунальнай уласнасці для ўсіх катэгорый арандатараў, адначасова прывязаўшы памер гэтай аплаты да беларускага рубля (замест прывязкі да валюты альбо плаваючай базавай арэнднай велічыні); замарозіць памеры арэнднай платы за нежылыя памяшканні ўсіх формаў уласнасці, устанавіўшы растэрміноўку гэткай аплаты (і аплаты камунальных паслугаў) на тэрмін да 6 месяцаў без налічвання пені; на 4 месяцы скасаваць выплату падаткаў для арэндадаўцаў усіх формаў уласнасьці.
  9. Прадаставіць магчымасьць кампаніям не налічваць амартызацыю ў 2020 годзе.
  10. Прадаставіць малому ды сярэдняму бізнэсу, а таксама ІП магчымасьць атрыманьня ільготных крэдытаў на падтрыманьне бізнэсу ва ўмовах пандэміі.
  11. Распрацаваць сістэму выдачы дзяржаўных грантаў на адкрыцьцё малога ды сацыяльнага бізнэсу.
  12. Устанавіць адтэрміноўку выплаты падаходнага падатку з фізычных асобаў за 2019 год, вызначыўшы скрайнім тэрмінам сплаты падатку 1 кастрычніка 2020 году.
  13. Зняць бюракратычныя і адміністратыўныя бар’еры, якія перашкаджаюць беларускаму бізнэсу аказваць фінансавую падтрымку сацыяльнай, дабрачыннай і медычнай дапамозе ў зьвязку з пандэміяй, дзеля чаго неабходна тэрмінова скасаваць указ №300 “Аб бязвыплатнай (спонсарскай) дапамозе”

Сойм Партыі БНФ зьвяртаецца таксама з заклікам да ўсіх беларусаў захоўваць належную сацыяльную дыстанцыю ды выконваць рэкамэндацыі САЗ дзеля абмежаваньня распаўсюду каранавірусу, захоўваць спакой ды пазьбягаць панікі, не распаўсюджваць неправераную інфармацыю скандальнага або сэнсацыйнага характару, купляць беларускія тавары ды па магчымасьці падтрымліваць беларускі бізнэс.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Чэрвень 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Тра    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.