Партыя БНФ » Пётра Кузьняцоў: Парад 9 траўня Лукашэнка не адменіць: хоча падтрымкі расейскіх «патрыётаў»
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Пётра Кузьняцоў: Парад 9 траўня Лукашэнка не адменіць: хоча падтрымкі расейскіх «патрыётаў»

Дададзена 13.04.2020 12:26:04 | 591 праглядаў

Заснавальнік гомельскага парталу «Сильные новости», палітычны экспэрт Пётра Кузьняцоў аналізуе, як кіраўнік Беларусі актыўна разварочвае сваё стаўленьне да каранавірусу, і тлумачыць, зь якіх прычынаў Лукашэнку так неабходны парад 9 траўня.

Сьцісла:

  • Лукашэнка ставіцца да параду як да часткі сваёй агітацыйнай і палітычнай кампаніі, з улікам рэакцыі расейскіх патрыятычных колаў.
  • Разьлік на тое, каб гэтым парадам аслабіць тую прагматычную палітыку, якую Крэмль праводзіць да Беларусі.
  • На крайні выпадак яны могуць правесьці яго без гледачоў, у форме тэле- і онлайн-трансляцыі.
  • Цяпер, адчуваючы, што народ знаходзіцца на эмацыйнай мяжы, ён актыўна разварочвае сваю палітыку

Парад— У сваім стаўленьні да каранавірусу Аляксанар Лукашэнка апошнімі днямі даволі істотна скарэктаваў сваю пазыцыю, беларуская дзяржава дэ-факта прыняла варыянт «мяккага карантыну». Але адно засталося нязьменным — жаданьне правесьці 9 траўня вайсковы парад «любой цаной». Чаму?

— «Вялікая Айчынная вайна» — гэта ідэалягічны падмурак рэжыму Лукашэнкі. Усе спробы гэтай улады распрацаваць нейкую ідэалёгію беларускай дзяржавы фактычна не атрымаліся, нічога новага, унікальнага і цікавага яны не прыдумалі. Таму яны, як і сучасная Расея, эксплюатуюць чыньнік перамогі ў вайне.

Таму для Лукашэнкі гэта пытаньне перш за ўсё палітычнае, а ў сёньняшніх абставінах яшчэ і замежнапалітычнае. Парад Менску ва ўсім арэале «русского мира» стане адзіным. І для Лукашэнкі гэта можа стаць моцным інфармацыйным пасылам для адпаведных колаў у Беларусі і Расеі. Па-другое, тут будзе эксплюатавацца такі момант, што «мы не адступаем перад каранавірусам, мы, як у 1941-м, змагаемся і трымаемся». Думаю, Лукашэнка ставіцца да гэтага як да часткі сваёй агітацыйнай і палітычнай кампаніі з улікам рэакцыі расейскіх патрыятычных колаў.

— Вы лічыце, што парад у Менску можа выклікаць захапленьне і падтрымку ў расейскіх імперскіх колаў. Але навошта гэта Лукашэнку цяпер, што яму дасьць гэтая падтрымка? Як ён яе можа капіталізаваць?

— Гэтая падтрымка яму цяпер, магчыма, патрэбна нават больш, чым у 90-х. Пуцін праводзіць імпэрскую палітыку, але Расея сама ў даволі цяжкім эканамічным становішчы. Таму Крэмль заняў прыблізна такую пазыцыю — «Мы ня супраць вас далучыць, але траціцца на вас ня будзем». На гэтым фоне пазыцыя, што мы «гнілі ў адных акопах», ужо не працуе. Крэмль праз свае тэлеграм-каналы паказвае Лукашэнку ледзь ня здраднікам.

Але ў той жа час патрыятычная, шавіністычная публіка Расеі — гэта той электарат, на які абапіраецца ў значнай ступені і Пуцін у сваёй антызаходняй палітыцы, у канфлікце з Эўразьвязам і ЗША. І сымпатыі гэтай часткі для яго вельмі важныя. Сваёй прапагандай Крэмль хоча паказаць гэтай частцы электарату, што Лукашэнка зусім не такі прарасейскі, як ён сабе прэзэнтуе.

Таму парадам у Менску Лукашэнка хоча зноў даслаць мэсыдж, што Беларусь ледзь не апошні аплот нашай сумеснай савецкай перамогі, і такім чынам вярнуць сабе сымпатыю гэтай патрыятычнай публікі. І супрацьпаставіць гэтую сымпатыю крамлёўскім укідам наконт таго, што ён «здраднік». І калі гэта атрымаецца, то Пуціну будзе цяжэй праводзіць сваю «прагматычную» палітыку да Лукашэнкі. Разьлік на тое, каб гэтым парадам аслабіць тую прагматычную палітыку, якую Крэмль праводзіць да Беларусі.

— Нават Міністэрства аховы здароўя Беларусі прагназуе, што пік пашырэньня каранавірусу ў Беларусі адбудзецца ў канцы красавіка — пачатку траўня. Якраз у пачатку траўня і прызначаны гэты парад, на фоне, магчыма, дзясяткаў тысяч заражаных і сотняў сьмерцяў ад каранавірусу. Няўжо і ў такой атмасфэры Лукашэнка не адмовіцца ад параду?

— Мы ня можам нічога дакладна прагназаваць, бо мы ня ведаем, што ў чалавека ў галаве. Я ўпэўнены, што ўлады зараз пільна адсочваюць грамадзкую думку, рэакцыю на падзеі. Зыходзячы з гэтага і будуць прымаць рашэньні непасрэдна перад парадам.

Сам парад яны ўсё роўна не адменяць. Але мне здаецца, што на крайні выпадак яны могуць правесьці яго без гледачоў, у форме тэле- і онлайн-трансляцыі. Гэта будзе ў духу часу. Але мэсыдж застанецца той самы — патрыятычна-мілітарысцкі, на тую самую мэтавую групу. Проста будзе пэўная саступка грамадзкай думцы — маўляў, не турбуйцеся, мы ўсё праводзім бясьпечна.

Але, паўтаруся, зусім парад яны, як я думаю, не адменяць, бо да жыцьця і здароўя вайскоўцаў у нас ставяцца зусім ня так, як на Захадзе. Памятаеце, як краіны NATO, калі пандэмія толькі пачыналася, пачалі згортваць свае вялікія вучэньні каля межаў Беларусі? У нас іншае стаўленьне да вайскоўцаў, і мы бачым, што іх на рэпэтыцыях не прымушаюць выкарыстоўваць маскі. Так што парад — як палітычная, прапагандысцкая падзея — павінен адбыцца, нават калі без гледачоў.

— Але як гэтая прапагандысцкая падзея можа быць ацэненая большасьцю беларусаў, а не толькі апазыцыйна настроенымі заўсёднікамі «Фэйсбуку»? Ці можа гэта парад пасярод пандэміі камусьці спадабацца, выклікаць нейкія станоўчыя эмоцыі?

— Гэта спадабаецца шмат каму. Калі па шчырасьці казаць, то ў бальшыні наша грамадзтва даволі безадказна ставіцца да пандэміі. У нас у Гомлі яшчэ сёньня большасьць ня носіць масак і думае, што нічога сур’ёзнага не адбываецца. Тыя ж самыя людзі, якія ходзяць на гэтыя парады з «георгіеўскімі» стужкамі, а потым «бухаюць» у горадзе — ім гэта і сёлета будзе падабацца, нават калі парад пакажуць толькі па тэлевізары. Відовішчы ўвогуле ніколі людзям не перашкаджалі.

Адзінае, што можа выклікаць незадавальненьне — гэта матэрыяльны кошт параду. Але ён заўсёды шмат каштаваў, і ніколі гэта не было некім вырашальным фактарам. У нашым грамадзтве ўвогуле толькі меншасьць мае разуменьне таго, што такое рацыянальнае выкарыстаньне сродкаў, асабліва падчас крызісаў. І нярэдка нерацыянальная трата грошай дзяржавай не выклікае вялікага абурэньня — калі гэта не відавочны маразм, як гомельскія прыбіральні.

Парад кагосьці будзе абураць як непатрэбны, небясьпечны і дарагі — а хтосьці будзе адчуваць гонар за краіну, за мінулае, за дзядоў, якія ваявалі. Калі парад пройдзе без гледачоў, то бок ня будзе вялікай рызыкі распаўсюджу вірусу на прысутных — многія будуць на яго глядзець і адчуваць гонар і задавальненьне ад прыгожай карцінкі.

— Ці не бачыце вы ўвогуле ў стаўленьні Лукашэнкі да каранакрызісу нейкі містычны элемэнт, нейкую гульню зь лёсам? Маўляў, «мы не такія, як усе, мы такі крэмень, нас ніхто не сагне».

— Я лічу, што няма такога цяпер у сучаснага Лукашэнкі. Раней ён мог сказаць нешта ў стылі «Вы прасілі дождж? — Я даў вам дождж». Але мне здаецца, што з гадамі ён стаў вельмі прагматычным палітыкам.

Па-другое, ён робіць памылкі. Мы цяпер назіраем, як ён «пераабуваецца на хаду» ў стаўленьні да каранавірусу. Ён хоча заставацца ці выглядаць лідэрам, і таму падладжваецца пад настроі людзей. Адпачатку была памылка ў тым, што ён недаацаніў ступень пагрозы. І Лукашэнка вельмі не чакаў, што Расея ў аднабаковым парадку закрые межы, ён гэта ўспрыняў як нож у сьпіну. Зьнікла магчымасьць рост вірусу сьпісаць на адкрытыя межы, на Расею.

Цяпер, адчуваючы, што народ знаходзіцца на эмацыйнай мяжы, ён актыўна разварочвае сваю палітыку. І гэта вельмі прагматычная рэч — ён імкнецца быць наперадзе, на чале ўсіх працэсаў.

Таму і парад — нічога містычнага. Гэта прагматычны мэсыдж — як вы сказалі, «так, мы крэмень, нас нічога ня возьме». Лукашэнка так чакаў, што да параду вірус скончыцца, што да Вялікадня ўсё пойдзе на спад. Я думаю, перад самым парадам яны будуць прымаць рашэньні, у якім фармаце гэта рабіць.

— Дык ваш канчатковы прагноз — парад не адменяць ні пры якіх умовах?

— Хутчэй за ўсё, так. Лукашэнка бачыць, як увесь сьвет сёньня глядзіць на чэмпіянат Беларусі ў футболе. Усе сьмяюцца, але праз жарты, напрыклад, ствараюцца фан-клюбы каманды «Слуцак» і зьбіраюцца гэтаму клюбу грошы.

Так што ўсе патрыёты пэўнага сьветапогляду будуць глядзець гэты парад. Як яго можна адмяніць?

Паводле Радыё Свабода

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Чэрвень 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Тра    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.