Выжыць любым коштам: як выглядае самаізаляцыя ў Беларусі? – распавядае Ўладзь ШульжыцкіДададзена 20.04.2020 10:36:19 | 1,361 праглядаў Як выглядае каранцін у Польшчы? Чым ён адрозніваецца ад каранцінных мераў у Беларусі? Як можна выжыць у беларускіх рэаліях на самаізаляцыі? Пра гэта журналісты тыднёвіка “Новы Час” паразмаўлялі з Уладзем Шульжыцкім, актывістам і сябрам Партыі БНФ, які працаваў у Польшчы, вярнуўся на радзіму і прайшоў адпаведную і неабходную самаізаляцыю. ![]() Уладзь Шульжыцкі на вымушанай самаізаляцыі на ўскрайку Беларусі. Фота УШ. У Польшчы ўзмоцненыя каранцінныя і самаізаляцыйныя меры. Выхад з дому строга абмежаваны крайняй неабходнасцю (крама, праца, аптэка), а парушэнне каранціна можа карацца вялікімі грашовымі штрафамі ў эквіваленце ад 500 да 1000 долараў. — Уладзь, колькі часу ты жыў у Польшчы да пандэміі? — Я жыў і працаваў у Польшчы паўгады — у Шчэціне зваршчыкам. Калі пачаўся каранцін, я працягнуў працу. Абмежаванняў спачатку не было: усе працавалі ў звычайным рэжыме. — Як пандэмія каронавіруса змяніла жыццё ў Польшчы? — Найперш людзі перасталі вітацца за руку, у грамадскіх месцах з’явіўся антысэптык. Прыкладна ў пяць разоў паменшылася колькасць людзей у грамадскім транспарце: штодзённа я назіраў 5-6 чалавек у трамваі. Але персанальна мяне ў Польшчы ніхто не ізаляваў. Працы стала менш, але пакуль невядома, ці праз каронавірус. Апошнія тыдні працы амаль не было. — Якія змены ў грамадстве ты назіраў? — Вялікіх зменаў я не назіраў. Быў указ аб тым, што больш за тры чалавекі нельга збірацца. Менш пасажыраў, людзі ходзяць у масках. Вялікія праблемы ўзніклі, калі закрыліся рэстарацыі, некаторыя крамы. Давялося ісці ў іншую, чым звычайна, краму. Ахоўнікі ў крамах раілі дэзінфікаваць рукі і надзяваць аднаразовыя пальчаткі. — Як сітуацыя з каранавірусам выглядае ў Беларусі? — Я з’ехаў з Польшчы 31 сакавіка. На мяжы мне ўручылі памятку, я запоўніў форму, у мяне ўзялі нумар тэлефона. Не было фінансавай кары за парушэнне ізаляцыі, але мяне кантралявалі. Кожны дзень мне тэлефанавалі і пыталіся пра стан здароўя. Гэтым займаўся ўчастковы тэрапеўт. Але я самаізаляваўся па сваёй ініцыятыве — на хутары. У мяне маці ў групе рызыкі па каранавірусу. — Наколькі самаізаляцыя можа быць эфектыўнай? — Яна можа дапамагчы. Людзі прыязджаюць здалёк з заражаных рэгіёнаў. Польшча з’яўлялася рэгіёнам, дзе каронавірус меў вялікі распаўсюд. На першых этапах эпідэміі самаізаляцыя была даволі патрэбная, каб не дапусціць перагрузкі сістэмы аховы здароўя. — Польшча была адной з краінаў з найменшай колькасцю заражэння. Беларусь жа з’яўляецца краінай Еўропы, дзе каранцін афіцыйна не аб’яўлены, уведзеныя толькі каранцінныя меры. Як на тваю думку, кіруючыся польскім досведам, павінны былі бы выглядаць каранцінныя меры? — Па тэлебачанні паказваюць пра даволі вялікую вытворчасць масак, але я бачу мала людзей у масках. Я хацеў бы, каб знакамітыя людзі, у тым ліку першыя асобы краіны і ў выглядзе сацыяльнай рэкламы нагадвалі людзям пра неабходнасць антыэпідэмічнай гігіены. «Калі ласка насіце маскі, працірайце рукі і твар, захоўвайце дыстанцыю» — так паўсюль павінны інфармаваць грамадзянаў. У Польшчы гэтым займаецца паліцыя. Гэтым мы бы выратавалі больш жыццяў, чым дэзінфекцыяй асфальтаў. — Як выглядала тваё жыццё ў самаізаляцыі на хутары? — Я сам быў вымушаны ізалявацца, каб не заразіць маці, якая знаходзіцца ў групе рызыкі. Сітуацыя ў вёсцы — не самая спрыяльная для каранціну. Як мне паведамлялі, можна было б замовіць санаторый за 60-70 рублёў, але я не пажадаў такога. Мой хутар знаходзіцца паміж Вілейскім і Смаргонскім раёнам. Спачатку мне патэлефанавалі з трох месцаў: цэнтральнай раённай бальніцы і паліклінікі. Таксама тэлефанавала тэрапеўт, да якой я быў прыпісаны. Я ўставаў вельмі рана раніцай. Ішоў мыць твар на дварэ халоднай вадой. Яшчэ напаўсонны ўглядаўся ў бясцонцыя абшары цудоўнай беларускай прыроды. Пазней спрабаваў нешта сабе разагрэць у печцы альбо на пліце. Ведаеце, такі краявід абуджае паэтычны настрой. У маладосці я захапляўся паэзіяй, сам пісаў вершы. Цяпер гэта стала ў нечым неабходнасцю. — Калі крыху абмінуць лірычнасць і вярнуцца да рэаліяў: як падавалася сітуацыя з каранавірусам і каранцінам па тэлебачанні? — Там распавядалася, што ў нас усё цудоўна. Галоўны вірусолаг апавядаў, што каранцінныя меры нам не патрэбныя. Адзінае, што мяне насцярожыла тое, што па дзяржаўным тэлебачанні апавядаецца тое, што ўсё добра. — Чым рэчаіснасць адрознівалася ад той карцінкі, якую стараліся паказаць афіцыйныя СМІ? — Кепская інфармаванасць. Я быў вымушаны самастойна хадзіць у краму, паколькі ніхто з блізкіх не меў такой магчымасці, ды і я сам бы не хацеў іх незнарок заразіць. Дазвол хадзіць у краму у мяне быў, як мне паведамілі. Я хадзіў у бліжэйшую краму па бездаражжы каля 3-5 кіламетраў. У самой краме прадавачка не насіла маску, многіх прадуктаў проста не было. — Зараз выходзіш ужо ў свет? — Урэшце я змог прыехаць да маці ў Смаргонь, дзе я жыў да таго, як паехаў у Польшчу. І, хаця я знаёмы з вясковым жыццём, мне страшна ўявіць, што ў нас у краіне людзі так жывуць дабраахвотна. Вельмі б хацелася, каб нашая дзяржава больш дбала пра людзей у групе рызыкі. Пра людзей сталага ўзросту, якія жывуць у вёсках і не маюць неабходных сродкаў для жыцця і дастатковай інфармаванасці. Паводле газэты “Новы Час“ |
Навіны Моладзі БНФ
|
© 2011 - 2023 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.
|