У гадавіну аварыі на ЧАЭС жыхары Бярозаўкі зладзілі пікет супраць цэху шклаваты
Дададзена 26.04.2020 9:34:39 | 1,284 праглядаў
Пра гэта са спасылкай на паведамленні актывістаў Партыі БНФ ў сацыяльных сетках паведамляе сайт газэты “Новы Час”.
У дзень 34-й гадавіны трагедыі на Чарнобыльскай АЭС жыхары Беларусі ўзгадваюць не толькі гэтую катастрофу, але і працягваюць актыўна змагацца з мясцовымі экалагічнымі праблемамі і шкоднымі для здароўя людзей прадпрыемствамі. У Брэсце адбыўся традыцыйы нядзельны пратэст супраць акумулятарнага завода, а жыхары горада Бярозаўкі зладзілі пікет супраць цэху шклаваты бярозаўскага заводу «Нёман».
Пра пікет напісаў у Фэйсбуку актывіст Партыі БНФ Юрась Дзяшук: сябра сойму Партыі БНФ Вітольд Ашурак выйшаў да прахадной завода з плакатам «Шкловата наш Чарнобыль».
«У дзень 34-й гадавіны аварыі на ЧАЭС жыхары Бярозаўкі выйшлі з пратэстам супраць сваёй лакальнай экалагічнай трагедыі — пашырэння шкоднага і небяспечнага для нашага горада вытворчасці шклаваты», — напісаў Юрась Дзяшук.
Гэта не першая акцыя Вітольда Ашурка супраць вытворчасці шклаваты, у 2016 годзе актывіст атрымаў штраф у 20 базавых велічынь за аналагічны пікет.