Партыя БНФ » Сойм Партыі БНФ: “Уцягваць людзей ў выбарчае махлярства падчас пандэміі – падвойнае злачынства”
Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў


Сойм Партыі БНФ: “Уцягваць людзей ў выбарчае махлярства падчас пандэміі – падвойнае злачынства”

Дададзена 10.05.2020 4:55:42 | 1,435 праглядаў

10 траўня Сойм Партыі БНФ у фармаце анлайн-пасяджэньня разгледзіў палітычную сытуацыю у Беларусі, што склалася ва ўмовах прызначэньня выбараў падчас пандэміі COVID-19. Кіруючы орган партыі прыняў з гэтай нагоды палітычную заяву:

бнф logoУцягваць людзей ў выбарчае махлярства падчас пандэміі – падвойнае злачынства

Заява Сойму Партыі БНФ 10 траўня 2020г.

На 9 жніўня бягучага года прызначаныя выбары прэзыдэнта Беларусі. Улады праігнаравалі рэкамендацыі па зьмяненьні выбарчага заканадаўства, што былі прапанаваныя міжнароднымі назіральнікамі БДІПЧ АБСЭ і айчыннымі кампаніямі назіраньня. Але да гэтых выбараў дадаўся яшчэ адзін фактар небясьпекі для беларускага народу, а менавіта – правядзеньне кампаніі падчас пандэміі COVID-19.

Партыя БНФ з абурэньнем канстатуе, што цяперашняе кіраўніцтва Беларусі не здзейсьніла прапанаваных БНФ ды грамадзянскай супольнасьцю захадаў дзеля прадухіленьня пашырэньня каранавірусу ды належнага інфармаваньня грамадзянаў пра сапраўдны стан рэчаў, не ажыцьцявіла неабходнай падтрымкі беларускага бізнэсу ды хатніх гаспадарак, а з боку вышйэшага кіраўніцтва краіны былі зробленыя заявы пра адмаўленне небяспекі пандэміі і заклікі да шкодных для здароўя насельніцтва паводзінаў насуперак рэкамэндацыям медыкаў.

Дзеяньні уладаў падчас пандэміі, асабліва пасьля таго, як каранавірус зьявіўся ў Беларусі, абвастрылі і выразна прадэманстравалі ўсе найгоршыя заганы цяперашняга аўтарытарнага рэжыму: адарванасьць улады ад народу, грэбаваньне ўлады надзённымі клопатамі беларусаў, стаўленьне чыноўнікаў да грамадзянаў як да біямасы, чыя адзіная каштоўнасьць і прызначэньне – абслугоўваць патрэбы вузкай касты людзей наверсе ўладнай піраміды, хлусьня беларускаму народу, хамскае стаўленьне да людзей, безадказнасьць, карупцыя ды кругавая парука.

Найяскравейшым прыкладам усіх названых заганаў улады зьявілася правядзеньне масавых мерапрыемстваў 9 траўня, у тым ліку вайсковага параду і канцэрту. Дзеля задавальненьня ўласных амбіцыяў Аляксандр Лукашэнка сваім валюнтарыскім  рашэньнем паставіў пад сур’ёзную пагрозу здароўе і жыцьці тысячаў людзей, сярод іх – вэтэранаў ІІ сусветнай вайны ды пэнсыянэраў, якія належаць да асаблівай групы рызыкі. Улады прадманстравалі, што не зацікаўленыя ў належным, глыбокім і паўнавартасным міжнародным супрацоўніцтве, праігнараваўшы рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя і абвесьціўшы пра ўвядзеньне грашовага збору за аказаньне дабрачыннай дапамогі з-за мяжы, у тым ліку за ўвоз у краіну сродкаў барацьбы з  COVID-19.

Такі падыход ўладаў супярэчыць інтарэсам беларускага народу і здароваму сэнсу. Лягічным працягам гэтага падыходу ёсьць такое ж бязглуздае і безадказнае рашэньне пачаць выбарчую кампанію у сытуацыі імклівага росту колькасьці хворых на каранавірус беларусаў і правесьці самыя так званыя выбары 9 жніўня.

Правядзеньне выбарчай кампаніі ва ўмовах пандэміі зьяўляецца гранічна безадказным і небясьпечным. У той час, як іншыя краіны Эўропы прымаюць апраўданыя рашэньні ад пераносе выбараў нават пры значна меньшай колькасьці захварэлых, цяперашнія улады Беларусі, наадварот, яшчэ наблізілі правядзеньне кампаніі ў параўнаньні з папярэдне меркаваным часам.

Сойм Партыі БНФ заяўляе, што ва ўмовах пашырэннья каранавірусу ў Беларусі правядзеньне выбарчай кампаніі немагчымае. Перадусім, таму што кожны этап кампаніі патрабуе актыўный наўпроставай камунікацыі паміж тысячамі людзей, што ставіць іх здароўе і жыцьці, а таксама здароўе і жыцьці іх родных, пад пагрозу. Цяпер людзі заклапочаныя небясьпекай для здароўя, і зьвяртюць мінімальную ўвагу на пытаньні, што не зьвязаныя з іх фізычным здароўем ды станам іх дабрабыту ва ўмовах выкліканага пандэміяй эканамічнага крызісу, які ўжо цяпер ударыў па многіх беларусах, і значна больш моцна і па значна большай колькасьці нашых суайчыньнікаў ударыць у бліжэйшыя месяцы.

Ва ўмовах пандэміі падчас выбарчай кампаніі немагчыма таксама дасягнуць тых тактычных і стратэгічных мэтаў на будучыню, якія могуць апраўдваць удзел дэмакратычных кандыдатаў у недэмакратычных, несвабодных і несумленных выбарах, якімі яны зьяўляюцца ў Беларусі з 1995 году.

Грунтуючыся на пералічаных вышэй прычынах, Сойм Партыі БНФ прыняў рашэньне аб няўдзеле Партыі ў прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году. Партыя ня будзе вылучаць свайго кандыдата, а таксама ня будзе падтрымліваць ніякага іншага кандыдата. Больш за тое, мы зьвяртаемся да лідэраў і актывістаў усіх дэмакратычных арганізацыяў з заклікам не вылучаць сваіх кандыдатаў у прэзыдэнты і ня ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі ва ўмовах пандэміі. Удзел у выбарчай кампаніі у цяперашніх умовах любога з кандыдатаў або арганізацыяў будзе саўдзелам у разбурэньні пэрспэктываў беларускага народу ня толькі на вольную будучыню, але й на фізычнае выжываньне.

Партыя БНФ заклікае ўсе дэмакратычныя палітычныя сілы і ўсіх патэнцыйных кандыдатаў, якія лічаць сабе беларускімі патрыётамі, адмовіцца ад вылучэньня сваёй кандыдатуры на гэтыя выбары. Партыя БНФ заяўляе, што Аляксандр Лукашэнка цягам некалькіх кадэнцыяў з’яўляецца нелегітымным кіраўніком краіны і не мае права балятавацца на пасаду прэзыдэнта, ня толькі юрыдычна, але перадусім таму, што ягоны чарговы тэрмін будзе мець катастрафічныя наступствы для беларускай дзяржаўнасьці, эканомікі і грамадзтва, для здароў’я насельніцтва.

Калі беларускія палітыкі супольна праявяць палітычную сьпеласьць і адмовяцца ад удзелу ў небясьпечнай выбарчай кампаніі падчас пандэміі, выбарчая кампанія павінная быць спыненая і прызначаныя паўторныя выбары. Да правядзеньня паўторных выбараў Партыя БНФ прапануе правесьці Круглы стол нацыянальнай згоды дзеля абмеркаваньня шляхоў супрацьстаяньня каранавіруснай пандэміі і палітычных рэформаў у Беларусі.

Мы зьвяртаемся таксама да тых арганізацыяў, разам зь якімі Партыі БНФ заснавала і ажыцьцяўляе кампанію назіраньня “Права выбару”, з прапановай перафарматаваць яе ва ўмовах пандэміі з кампаніі назіраньня за выбарамі ў кампанію выяўленьня ды фіксаваньня злачынных дзеяньняў цяперашняй улады, якая будзе ў цені каранавіруса праводзіць маніпуляцыі, фальсіфікацыі і рэпрэсіі яшчэ больш нахабна, безсаромна, а цяпер і са сьмяротнай небяспекай для беларусаў. Мы цяпер бачым ня толькі парушэньні выбарчых правоў і свабодаў беларусаў, але й парушэньняў правоў на здароўе і жыцьцё як усіх грамадзянаў краіны, так і саміх арганізатараў выбарчага фарсу на месцах. Усе гэтыя парушэньні і злачынствы мусяць быць выяўленыя ды зафіксаваныя, а праўда пра іх данесеная да беларускага народу.

Гэтая выбарчая кампанія распачынаецца ў надзвычайных умовах, яна нясе надзвычайныя і абсалютна новыя пагрозы ня толькі правам і свабодам беларусаў, але і самім чалавечым жыцьцям. Пры такіх умовах ад дэмакратычных палітычных сілаў Беларусі патрабуецца новы ўзровень адказнасьці – мы папросту ня маем права дзейнічаць па-старому, ігнаруючы новыя, раней нечуваныя небясьпекі.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>

Жнівень 2020
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліп    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  
© 2011 - 2020 ПАРТЫЯ БНФ. Усе правы абароненыя. Перадрукоўка дазваляецца толькі пры выкарыстаньні гіпэрспасылкі на сайт ПАРТЫІ БНФ.